Меч князя Вячкі
Шрифт:
Ён прачнуўся ў няяснай трывозе, як ад штуршка. Смяшлівы твар Убеле свяціўся ўваччу. Ён працёр далонямі вочы, як бы сцёр з вачэй гэты твар, ды яна, Убеле, жарынкай прапякла душу, уладарнічала ў самай глыбіні сэрца. І з вялікім жахам, з дрогкасцю ў кожнай жылцы Генрых раптам зразумеў, што гэта памяць лэтаў кліча яго да сябе. Ён думаў, што яна пакінула яго навекі, згарэла да апошняга каліва ў ім, як згарае ў тоўшчы балот сухі, прапечаны сонцам торф.
Генрых рыўком расчыніў дзверы малітоўні, выскачыў пад сіняе неба, пад шум старога ясеня. «Вецер, вазьмі ў халодныя далоні мой твар, астудзі мой мозг, —
Кветкамі былі засыпаны азёрныя берагі, сінімі, зялёнымі, шэра-жоўтымі, як мёд… «Вочы лэтаў», — быццам шапнуў яму нехта.
Пчала, нагружаная салодкім цягучым нектарам, перапэцканая мяккім аранжавым пылком, варушылася, поўзала, жыла ў самай зрэнцы кветкі. «Пчала памяці», — зашалясцеў над самым вухам стары цемнакоры ясень, які лэты называлі святым дрэвам. Генрых у нейкай гарачцы, у кіпучым шаленстве хацеў наступіць на пчалу нагою, расплюшчыць яе, але паслізнуўся на мокрых ад ранішняга туману кветках, упаў і страціў прытомнасць.
— Ну й напалохаў ты мяне, Генрых, — пачуўся дужа знаёмы, цёплы, усхваляваны голас. Да гэтага голасу, да гэтых слоў праплыла над зямлёй, як здавалася Генрыху, цэлая вечнасць маўчання. Ён асцярожна расплюшчыў вочы і з найвялікшай радасцю ўбачыў старога Алебранда, які нізка нахіліўся над ім.
— Алебранд! — ускочыў на ногі, моцна сціснуў старому клірыку плечы Генрых. — Цябе сам бог паслаў.
— Мяне паслаў епіскап Альберт, — задаволена, як заўсёды, лагодна адказаў Алебранд. — Паглядзі, Генрых, каго я прывёз.
З павозкі, той самай павозкі, у якой яны з Генрыхам калісьці прыехалі сюды, Алебранд вывеў за руку прыгожую, сумную дзяўчынку, спытаўся:
— Угадаеш, хто гэта?
Дзяўчынка шырокімі сінімі вачамі пазірала на Генрыха, на царкву, на возера.
— Калі не памыляюся, гэта дачка кукейноскага князя Вячкі,— пасля некаторага маўчання няўпэўнена сказаў Генрых.
— Правільна, — засмяяўся Алебранд, і тоўсты ягоны жывот закалыхаўся. — Гэта Соф'я, наследніца з Кукейноса. Вельмі цудоўная дзяўчынка, анёл… Вязі яе на Імеру, да Генрыха, загадаў мне епіскап, і хай Генрых з гэтага духмянага мяккага воску, з гэтага пшанічнага, белага і цёплага хлеба вылепіць тэўтонскую душу. Зразумеў? Тэўтонскую душу. Ён умее, сказаў пра цябе Альберт. З ёй я прывёз і манахіню Эльзу.
З павозкі цяжка вылазіла тоўстая чырванатварая жанчына, уся ў чорным.
— Мог бы епіскап, вядома, падабраць і больш гожую маладзіцу, — з хітрай усмешкай шапнуў Генрыху Алебранд.
Але не да ягоных жартаў было Генрыху. «Вось — маё выратаванне, — адразу зразумеў ён, убачыўшы кукейноскую князёўну. — Я буду ляпіць яе душу, як загадаў епіскап Альберт, і сам ачышчуся ад бруду язычніцтва, што ліпне з усіх бакоў, цягне назад, у балота і цемру. Я ведаю, з чаго пачынаць. Напачатку трэба забіць у душы князёўны мову крывічоў, якую яна чула з самага маленства».
Генрых з вялікім стараннем узяўся за справу. Манахіня Эльза, царкоўныя служкі і ён размаўлялі з Соф'яй толькі па-тэўтонску. Ад раніцы да вечара, ад месы да месы, у час богаслужэнняў, за сталом у трапезнай, на прагулцы перад сном юная князёўна чула толькі тэўтонскую мову і святую латынь.
Алебранд прывёз з Рыгі акрамя Соф'і
Яшчэ адну навіну паведамляю табе. Да мяне з Вендэна прыязджаў рыцар Вікберт са сваімі зброяносцамі і конюхамі, прыязджаў пад вялікім сакрэтам. Гэты Вікберт, як я зразумеў, недурны чалавек, адважны рыцар і, самае галоўнае для нас, люта ненавідзіць гросмайстра мечаносцаў Венна. Яны, сын мой, падобны на павукоў, якім не месца ў адной і той жа шклянцы — абавязкова нехта некага павінен зжэрці. Ты ведаеш, колькі зла прычыніў рыжскай царкве гросмайстар Венна, гэты нікчэмны палахлівы чалавечак, гэты падвальны пацук. Толькі сляпы выпадак даў яму ў рукі вялікі крыж і вялікі меч магістра.
Вучыць нас бог: «Каб узысці да святой вяршыні, спіхнем нязграбных і няўклюдных у бяздонне». Вікберт прызнаўся мне, што хоча спіхнуць Венна і стаць гросмайстрам мечаносцаў. Што ж, гэта было б даспадобы нашай царкве, бо здраднік Венна дамаўляецца за нашай спінай з папам Інакенціем, з датчанамі, са шведамі, адным словам, з усімі тымі, хто нейкім чынам жадае нашкодзіць нам. Я сказаў Вікберту, што рыжская царква гатова благаславіць ягоны меч, меч, які знішчыць нягодніка Венна. Да цябе, сын мой, могуць у любы час дня і ночы звярнуцца людзі Вікберта. Мая да цябе просьба і загад: ласкава сустрэнь іх, дапамажы божым словам і справай.
На гэтым канчаю сваё пасланне. Пергамен, прачытаўшы, адразу спалі. Благаслаўляю цябе, сын мой. З намі бог!»
Генрых на язычку свечкі доўга паліў пергамен, глядзеў, як чарнее ён, скручваецца, рассыпаецца попелам. Потым шчыпцамі, якімі трымаў пергамен, растоўк, расцёр гэты попел, здзьмуў са стала.
Алебранд, уволю папіўшы імерскага віна, неўзабаве паехаў у Рыгу, і Генрых зноў застаўся адзін, калі не лічыць манахіню Эльзу, князёўну Соф'ю і двух царкоўных служкаў. Восень запальвала над прыціхлым возерам журботныя чырвоныя кастры лясоў.
Аднойчы прыплыў на чоўне стары лэт Вардэке, хуценька пашыбаваў да царквы, усхвалявана, спалохана закрычаў Генрыху:
— Марана ідзе!
Вардэке, часта, шумна дыхаючы, як мог, растлумачыў маладому свяшчэнніку, што ўчора непадалёку адсюль на балотах імерскія лэты ўбачылі Марану, або Мору, жанчыну велізарнага росту, якая трымала ў адной руцэ чалавечы чэрап, у другой — востры серп з чырвоным лязом і махала скрываўленай хусткай. Заўсёды перад вайной, перад вялікай бядой з'яўляецца аднекуль гэтая жахлівая Марана, ідзе па дарогах, па нівах, па лэцкіх селішчах, распырскваючы з сярпа кроў, разганяючы людзей, як нікчэмных, смяртэльна перапалоханых казюрак. Нічога з ёй не зробіш, нікуды не схаваешся ад яе гневу.