Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Ды сядай ты, Генрых, — лагодна прапанаваў стары Алебранд. — Сядай вось сюды, каля мяне… Дарога яшчэ доўгая, і трэба берагчы ногі. Давай налью табе віна. Я віно заўсёды ў дарогу бяру. Не п'еш? Зусім не п'еш? Святы. Я без віна не магу.
Алебранд, задраўшы бела-жоўтую пярэстую бараду, піў віно з меднага кубка. Піў доўга, са смакам, потым выцер кулаком губы, сказаў:
— Ты на мяне, старога, не зважай. Я сваё ад'ездзіў і адслужыў. Чалавек я бяскрыўдны. Шукаю, дзе цёпла, сытна і кацёл не пусты. Вось завязу цябе на Імеру, дапамагу царкву абжыць і вярнуся ў Рыгу. Там і паміраць буду.
«Без
Яму ўспаміналіся доўгія гады навучання ў Брэмене, у Рыме, а потым і ў Рызе. Ён заўсёды быў адным з лепшых студыёзусаў 85 . Ягоныя сябры па багаслоўскай семінарыі тайна заляцаліся да дзяўчат, пілі віно і піва, лайдачылі і апраўдвалі ўсё гэта тым, што сам Хрыстос, калі быў малы і вучыўся ў школе, у час урокаў ляпіў з мокрай зямлі птушак, ажыўляў іх, і тыя птушкі лёталі па класе.
85
Студыёзус — студэнт, семінарыст.
Ён заўсёды лічыў сябе тэўтонам, сынам таго магутнага народа, які некалі скрышыў, паставіў на калені Рымскую імперыю, які на баявых замыленых конях уварваўся ў мармуровыя палацы, у велізарныя шыкоўныя лазні, дзе ў дзікіх фантастычных оргіях, у непасільных для слабай чалавечай душы мроях дажывала апошнія дні змарнелае худасочнае племя пігмеяў, якія калісьці былі гігантамі. Але яго бацькі былі лэтамі, значыць, і ён быў лэт.
Аднойчы семінарыст, які спаў з ім побач, здзіўлена сказаў раніцой:
— Генрых, я не ведаў, што ты такі Цыцэрон — размаўляеш нават ува сне.
— Я размаўляю ўва сне? — здзівіўся Генрых.
— Так. Але гэта яшчэ не ўсё. Ты размаўляеш не на латыні, не па-тэўтонску, і не па-свейску, а на нейкай дзіўнай незразумелай мове.
Кроў ударыла ў скроні. Генрых пачырванеў, як вараны рак, з якімі студыёзусы любілі піць піва. Аказваецца, ува сне ён размаўляе па-лэцку! Не высакародныя ружы святой латыні расцвітаюць у ягонай душы, а востра колецца балотная асака мовы, якую ніхто ніколі не чуў і, пэўна ж, не пачуе на берагах Рэйна. Ён вырываў, карчаваў яе з сябе, але карэньчыкі, аказваецца, засталіся.
У наступны вечар, перад сном, ён доўга і шчыра маліўся, прасіў:
— Божа, зрабі, каб ніколі болей не вярталіся да мяне гэтыя непатрэбныя, гэтыя мёртвыя словы. Я — сын тваёй латыні. Божа, я верны раб тваёй святой латыні.
А каб быць абсалютна ўпэўненым у тым, што лэцкая мова не вернецца да яго ўначы, завязаў сабе рот шаўковай хусцінкай і так заснуў — дыхаць дыхалася, але заместа слоў з грудзей вырывалася нейкае мармытанне.
Ён выганяў з сябе мову продкаў, як са святога, убранага золатам храма выганяюць шумлівых, вечна галодных вераб'ёў. Мова памірала. Яна болей не вярталася ў сны. Ува сне ён гаварыў зараз на латыні.
Яна б зусім памерла, але ў Рызе, на споведзі, Генрых расказаў епіскапу Альберту, свайму любімаму настаўніку, аб усім, што трывожыла яго.
— Што ты робіш, сын мой? — усклікнуў Альберт. — Латынь — божая мова, мова моў.
Так зноў ажыла ў душы Генрыха мова продкаў.
Абсушыліся, адпачылі, і невялічкі абоз рушыў далей. Пасля вымушанага купання ў халоднай вадзе настрой у Генрыха ўзняўся, не так змрочна глядзеў ён зараз на ўсё, што адбывалася вакол. Лівы і лэты цэлымі сем'ямі ўцякаюць з хат, зашываюцца ў лясы пры іхнім з'яўленні? Бо неразумныя язычнікі. Не азарыла іх яшчэ святло гасподняе? У іх дужа бедныя хаты, сядзібы? Бо лянуюцца працаваць.
Шмат рэчак і рэчачак цякло па гэтай зямлі. І ўсе цяклі з усходу на захад сонца. Мора іх вабіла, прыцягвала да сябе.
Пры пераправе праз адну з такіх рэчачак з лесу, што рос на самым беразе, выскачыла каля трыццаці коннікаў, у белых доўгіх плашчах з нашытымі на іх чырвонымі крыжамі і мячамі, у гаршкападобных шлемах. Наставіўшы коп'і, яны рынуліся на абоз.
— Вендэнскія рыцары, — сказаў стары Алебранд, — мечаносцы. — І закрычаў коннікам, што гатовы былі змяць, растаптаць іх абоз.
— Імем Хрыста — спыніцеся! Мы з Рыгі! Людзі епіскапа Альберта!
Але стальная конная лава неслася, не зважаючы на адчайны крык старога клірыка, і тады Генрых схапіў святое распяцце, высока ўзняў над галавой, на ўсю моц сваіх грудзей сказаў:
— Спыніцеся, вы, што пахавалі твары за жалеза! Рыцары ўзвілі на дыбкі коней каля самай павозкі, у якой сядзелі Генрых і Алебранд. На конях былі металічныя папоны і нагруднікі. Галовы пакрывала кальчужная сетка. Генрых убачыў проста перад сабой бліскучыя ад вады цяжкія конскія капыты.
— Стой! — шырока махнуў рукой у металічнай пальчатцы комтур 86 , у якога на доўгім кап'і трапятаўся белы сцяжок з чырвоным крыжам. Каманду гэтую ён аддаў і сваім разгарачаным рыцарам і спалоханаму царкоўнаму абозу.
Комтур, шыракаплечы, смуглатвары, пад'ехаў да Генрыха і Алебранда. На комтуру былі перавязь, рыцарскі пояс, залатыя шпоры — усё, што належыць мець высакароднаму адважнаму воіну.
— Мы думалі, што вы эсты, — сказаў комтур, глянуўшы на Генрыха суровымі вачамі.
86
Комтур — выбраная пасада ў рыцарскім ордэне.
— А калі б мы аказаліся лэтамі? — запытаўся Генрых, у якога ўсё яшчэ бухала ў грудзях сэрца.
— Лэты — падданыя нашага ордэна, — скупа ўсміхнуўся закаваны ў жалеза комтур. — Які сэнс забіваць рабоў, што пояць і кормяць нас? Праўда, здараецца, што мы сячэм, топчам коньмі і лэтаў, палічыўшы іх за эстаў. Гэтыя тубыльцы — усе на адзін твар.
— Я са сваімі людзьмі еду на раку Імеру, каб збудаваць там царкву і пачаць справу святога хрышчэння, — сказаў комтуру Генрых. Ягоны абоз усё яшчэ стаяў у рацэ, там, дзе напалі на яго мечаносцы. Коні. пакуль ішла гаворка, пілі рачную ваду. Авадні адразу ж абляпілі потныя конскія спіны. Генрых убачыў гэтых крылатых шэрых крывасмокаў, і злосць успыхнула ў душы. Ён гнеўна загадаў вазнічаму: