Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Я сам навучу яе латыні,— паабяцаў ён. Вячка глянуў на Генрыха, суха запытаўся:
— А хіба наша вера не ісцінная? А хіба мова крывічоў не ісцінная?
Генрых адказаў упэўнена і бадзёра:
— На зямлі павінен быць адзін бог-уладар, адзін божы намеснік, адзін гнеў і адна ласка, адна мова. Усё іншае — ад д'ябла.
Кукейноскі князь нічога не адказаў яму, адвярнуўся. Гэта пакрыўдзіла Генрыха. Ён лічыў, што ўмее знаходзіць у кожнай чалавечай душы, нават самай цёмнай, акенца, шчылінку, праз якія можна зазірнуць у чужую душу. Ён і ў святары пайшоў з упэўненасцю, што мае права навучаць людзей, што ёсць у ім нейкі праменьчык божага святла, які заўсёды неадольна прываблівае
Вера, як быў цвёрда перакананы Генрых, прыходзіць у чалавечую душу адразу і назаўсёды. Гэта падобна на ўдар грому. Рымскі военачальнік Еўстафій Плакіда, упарты, цвёрды, як крэмень, паганец, які са смехам кідаў першых хрысціян у клеткі з ільвамі, убачыў на паляванні аленя з іскрыстым залатым крыжам паміж рагоў і ў той жа міг зрабіўся хрысціянінам.
«Звядзі мяне, божа, з гэтым кукейноскім каралём, і я зраблю так, што ягоны меч будзе служыць табе, толькі табе, — у думках звяртаўся да Хрыста Генрых. — І я апішу гэта ў сваёй хроніцы, каб уславіць тваю ўсемагутнасць і сілу».
Яны ішлі побач, маўчалі. Князь Вячка дастаў з-за пазухі малюсенькі, тканы са срэбных нітак мяшэчак, выцягнуў з яго светлую пасму даччыных валасоў, сплёў з тых валасоў пярсцёнак, надзеў пярсцёнак на палец, ускочыў у сядло і разам са сваім старшым дружыннікам Халадком, ні разу не азірнуўшыся на Рыгу, памчаўся ў Кукейнос.
II
Нарэшце Генрыху споўніўся дваццаць адзін год. З вялікім поспехам закончыў ён курс багаслоўскіх навук, бліскуча вытрымаў публічны дыспут, і епіскап Альберт, радуючыся за свайго любімага вучня, рукапаклаў яго ў сан свяшчэнніка і ў бенефіцый 84 яму прызначыў парафію ў землях імерскіх латгалаў. Прыход быў далёка ад Рыгі, але Генрыха гэта ніколькі не турбавала — ён даўно рваўся туды, дзе толькі ўзыходзіла святло хрысціянскай веры, дзе ў самай гушчы язычнікаў можна было ўласнымі рукамі пасадзіць пладаносны сад Хрыста.
84
Бенефіцый — царкоўная пасада і звязаныя з ёю прыбыткі.
Са старым клірыкам Алебрандам, які яшчэ помніў епіскапа Мейнарда, у павозцы з палатняным верхам ехаў малады пастыр Генрых на раку Імеру, на радзіму сваіх продкаў. Везлі з сабой дараносіцу, святую ваду і святыя кнігі, пастырскую рызу, распяцце.
Генрых, шчыра верачы ў неадольную сілу Хрыста, хацеў ехаць без аховы, ды стары Алебранд, якому язычнікі добра палічылі рэбры яшчэ пры Мейнардзе, нават і слухаць пра гэта не захацеў.
— Нас утопяць у першым жа балоце або падсмажаць, як рыбу, на вогнішчы, — сказаў ён Генрыху.
Епіскап Альберт, ведаючы, як неспакойна на дарогах, выдзеліў для эскорта дваццаць сваіх конных латнікаў, сказаўшы на развітанне Генрыху:
— Не адпускай, сын мой, ахову. Заўсёды няхай яна будзе з табою, інакш не пазбегнуць табе магільнага чарвяка, — і ўжо звяртаючыся адначасова да Генрыха і старога Алебранда, даў такі наказ: — Любіце ворагаў сваіх, благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас.
Спачатку ехалі ўздоўж мора, бо баяліся турайдскіх ліваў, якія жылі над ракой Гаўяй.
На трэці дзень пераправіліся на правы бераг ракі Гаўі, прычым Генрых нечакана для сябе зваліўся з павозкі ў ваду і ледзь не ўтапіў Біблію, якую трымаў у руках. «Дрэнны знак», — падумаў Генрых.
Заехаўшы ў лес, расклалі вогнішча. Генрых з дапамогаю старога Алебранда сцягнуў з сябе мокрае адзенне, павесіў сушыцца на рагульках над агнём. Сам сядзеў, захінуўшыся ў цёмную сутану, падкурчыўшы босыя ногі.
Алебранд, як высветлілася, ужо некалькі разоў ездзіў гэтай дарогаю, што вяла правым берагам ракі Гаўі на раку Імеру, якая ўпадае ў возера Асцігервэ.
— Там жывуць імерскія латгалы. І там мы заўсёды сустракаліся пасля паходаў на язычнікаў эстаў, каб памаліцца і падзяліць здабычу, — сказаў Алебранд, нахмурваючы ад гарачыні, ад вёрткіх іскраў сівыя бровы.
«Там мая радзіма, — думаў Генрых, слухаючы роўны глухаваты шум лесу, узіраючыся ў чырвоныя грабяні вогнішча. — Падумаць толькі — я там нарадзіўся. Не ў Тэўтоніі, не ў Рыме і не ў Брэмене, а там, на беразе возера, якога не помню, паміж людзей, якіх таксама не помню. Які я быў, калі мне было чатыры-пяць гадоў? Напэўна, бегаў басанож, як і ўсе дзеці ліваў і лэтаў, якіх мы сустракалі дагэтуль… На носе ў мяне былі вяснушкі… Я маліўся багам, якім маліліся мае бацькі… А якія былі мае бацькі? Я іх таксама не помню… Я нарадзіўся між язычнікаў, у цемры, у брудзе… Што ж, Хрыстос таксама нарадзіўся не ў залатых палатах, а ў стойле, на сене».
— Ты што замоўк, Генрых? — спытаўся Алебранд. — У доўгай дарозе трэба часцей гаварыць між сабой, бо можна звар'яцець ад маўчання. Я паездзіў на сваім вяку, — ён шырока пазяхнуў і адразу ж перахрысціўся, каб не ўляцела ў рот д'ябальская сіла. — Першы раз, помню, паехаў да эстаў у іхнюю зямлю Унгаўнію, каб узяць назад дабро, якое яны захапілі ў нашых купцоў. Ішлі купцы санным абозам з Рыгі да Пскова, а эсты разам з лівамі напалі на іх, узялі тавараў аж да дзевяцьсот марак. Не аддалі язычнікі дабро, ледзь мяне самога не забілі. Дзікуны што эсты, што лэты, — ён злосна плюнуў у агонь.
«Я нарадзіўся ад дзікуноў,— думаў Генрых, — на зямлі, якая забыта богам, якая спіць мёртвым сном, не чуючы святых псалмоў, не ведаючы ўсемагутнай чароўнай латыні. Няўжо я мог не ведаць латынь, гэту мову багоў, музыку нябёсаў? Яна — сама гармонія, сама дасканаласць. Няўжо я мог размаўляць на нейкай іншай мове і ў мяне не прысох да гартані язык? Як ёсць адно сонца ў небе, так павінна быць адна мова. Адна! Святая латынь! Усе іншыя мовы — смецце, пыл пад нагамі. Хіба гэта мовы?»
Ён узняўся на ногі, стаяў ля вогнішча, захутаўшыся ў сутану, якая зрабілася гарачай. Але ён не адчуваў гарачыні скураю, целам, бо пякуча гарэла душа.
— А назад ад эстаў вяртаўся, — працягваў між тым свае бясконцыя ўспаміны Алебранд, — і патрапіў на раку Імеру да лэтаў. Слова божае яны сустрэлі з радасцю, але кінулі жэрабя — прыняць хрышчэнне ад Пскова, ад рускай царквы, як зрабілі гэта талаўскія лэты, або хрысціцца ад лацінян. Пашанцавала нам, лацінянам.
«Мае бацькі, мае родзічы па жэрабю выбіралі сабе веру, — ледзь не плачучы ад крыўды і злосці, думаў Генрых. — Быццам вера — новая кашуля або новая карова. Быццам ёсць на свеце што-небудзь мудрэйшае і святлейшае, чым рымская вера. І я нарадзіўся ад такіх людзей».