Меч князя Вячкі
Шрифт:
Захісталася Рыга, але зноў устаяла. Капейшчыкаў і балістарыяў 79 кінуў Альберт насустрач няверным лівам. На невялікім караблі яны падышлі да таго месца, дзе натоўпы раз'юшаных бунтаўшчыкоў ужо чакалі іх. Пад градам камянёў і коп'яў, па горла ў дзвінскай вадзе яны пачалі высадку на бераг. Рачная вада зачырванелася ад тэўтонскай крыві. Але бог, як і заўсёды, абараніў сваіх. Балістарыі няспынна білі са смертаносных арбалетаў, а ў ліваў не было ні шчытоў, ні панцыраў, і яны не вытрымалі, пабеглі. І пакаштавалі тэўтоны нектар перамогі, зведалі вясновую радасць мячоў.
79
Балістарыі —
Адслужыўшы з клірыкам месу, епіскап у вялікай трывозе чакаў ганцоў. Ужо распраўляў ветразі карабель у вусці Дзвіны. Няўжо будзе вырваны з коранем тэўтонскі дуб і вераломныя лівы пашчапаюць яго для сваіх вогнішчаў? Удалечыні, на шэрай Дзвіне, паказаўся човен. Епіскап і клірыкі перасталі дыхаць. Нешта набліжалася да іх — жыццё або смерць. Маладзенькі клірык войкнуў, пабляднеў, асунуўся ля ног епіскапа — страх разарваў сэрца. І тут паранены балістарый высока ўзняўся ў чоўне, і човен хіснуўся пад ім. Балістарый, трымаючы за доўгія скрываўленыя валасы, паказаў галаву Ако. Клірыкі заспявалі.
— Давід забіў Галіяфа, — радасна сказаў тады епіскап.
І сёння пры ўспаміне аб тым дні ў яго ўсхвалявана забілася сэрца. Ён нетаропка пайшоў па залітай сонечнымі промнямі плошчы да свайго дома. Ззаду пачціва крочылі маўклівыя клірыкі. Ён ішоў па горадзе, які сам стварыў, збудаваў. Ён страсна верыў, што з божай дапамогаю гэты горад тысячу гадоў будзе стаяць над Дзвіной, падстаўляючы грудзі марскому трывожнаму ветру, і пакаленні тэўтонаў з вялікай удзячнасцю будуць успамінаць яго, епіскапа Альберта.
— Бог выпрабоўвае сваіх абраннікаў, як золата ў агні,— весела сказаў ён клірыкам. Яны зразумелі, што ў мансіньёра добры настрой, бо заўсёды пры такім настроі епіскап пачынаў гаварыць цытатамі з Бібліі.
Альберт жыў непадалёку ад царквы Іаана, на другім паверсе прасторнага каменнага дома, які готландскія дойліды збудавалі па ягоных уласных чарцяжах. Прыслужваў яму нямы бязвухі манах з Дзінамюндскага манастыра Імануіл. Гэты Імануіл удзельнічаў у чацвёртым крыжовым паходзе, калі пад ударамі еўрапейскіх рыцараў рухнуў золатагаловы багаты Канстанцінопаль. Тыя незабыўныя дні былі напоўнены дымам, агнём і золатам. Золата ляжала ўсюды: на плошчах, на вуліцах, на невялікіх цяністых дворыках, на гарадскім іпадроме. Ім набівалі сядзельныя сумкі. Рыцары, перамогшы Канстанцінопаль, адчувалі сябе ўладарамі ўсяго свету і стварылі, абраўшы імператарам Балдуіна Фландрскага, Лацінскую імперыю. Потым, калі пайшлі на поўдзень да Іерусаліма вызваляць труну гасподнюю, Імануілу і яго сябрам не пашанцавала. Сарацыны 80 , як злыя духі пустыні, наляцелі з усіх бакоў, секлі бледнаскурых лацінян крывымі шаблямі. Імануіл трапіў у палон. Многіх ягоных сяброў, насільна абрэзаўшы ім крайнюю плоць, зрабілі мусульманамі. Ад страху ён на ўсё жыццё стаў нямым. Потым уцёк, ішоў і поўз па пустыні, бачыў напаўзасыпаныя рыжым пяском шкілеты рыцараў, у якіх хаваліся ад спёкі яшчаркі, чуў гнеўны голас пустыні, калі яна пачынае спяваць пад парывамі распаленага ветру. Ад голаду ледзь не звар'яцеў, адрэзаў свае вушы і з'еў іх…
80
Сарацыны — арабы-мусульмане.
Альберт узняўся па вінтавой лесвіцы на другі паверх, зайшоў у сваю чытальню, якая была адначасова і хатняй малельняй. Імануіл зняў з епіскапа плашч, мітру 81 , прынёс медны сасуд з вадой. Палошчучы ў вадзе пальцы, асцярожна праціраючы халоднай вадой лоб і шчокі, Альберт з лёгкай усмешкаю спытаўся ў нямога:
— Імануіл, табе сёння не сніліся сарацыны? Паглядзі ўважлівей — можа, у цябе яшчэ што-небудзь акрамя вушэй абрэзана?
Так епіскап жартаваў. Бываючы на працягу амаль усяго дня на людзях, пад пільнымі позіркамі, ён стамляўся, камянеў душою, і гэтыя грубыя жарты над маўклівым слугой зрабіліся неабходнымі — яны хоць трохі здымалі цяжар няспынных жыццёвых клопатаў.
81
Мітра — пазалочаны галаўны ўбор епіскапаў і архіепіскапаў.
Імануіл прывык да такіх пытанняў, і яны яго не бянтэжылі, як напачатку. Ён спакойна трымаў у загарэлых руках медны сасуд, чакаў, пакуль епіскап змые з сябе тленны пыл мітуслівых жыццёвых дарог. Ён адчуваў асалоду ад такога цярплівага чакання. «Гэты нямы манах сваім высакамерным спакоем напамінае аравійскага вярблюда, — думаў, выціраючы мяккім ільняным ручніком твар і рукі, Альберт. — Не кожны ўмее сябе так трымаць, нават я».
Імануіл з ручніком, сасудам і плашчом выйшаў. Зараз у сваім пакойчыку ён пачне чысціць епіскапскі плашч.
Альберт сеў на мяккі, фландрскай работы пуф, заплюшчыў вочы, расслабіў рукі і ногі. Цяжка быць багата прыбранай лялькай, якая павінна кожны дзень паказвацца народу. Хто скажа, што ў епіскапа лёгкі хлеб?
Ён сядзеў у абсалютнай цішыні. Злятала стомленасць з душы. Душа напаўнялася мяккім святлом, нябесная музыка, срэбная, цнатлівая, пачынала гучаць у ёй. Гэта былі, бадай, самыя прыемныя імгненні ў ягоным штодзённым клапатлівым, нервовым жыцці. Ціха звінела нябесная музыка, быццам жаўранак спяваў. Бог уваходзіў у душу.
Епіскап расплюшчыў вочы. Праз вузка прарэзаныя вокны, якія былі зашклёны каляровым венецыянскім шклом, мякка прабівалася вечаровае сонца. У пакоі быў алтар, дзе ляжала Біблія з пергамену, перапісаная рукой святога папы Грыгорыя. Было мноства срэбных падсвечнікаў з цяжкімі і доўгімі васковымі свечкамі. На глухой сцяне вісела чорнае распяцце Хрыста ў цярновым вянку. На сцяне насупроць зіхцелі кап'ё, меч і шчыт з каталіцкім крыжам — зброя епіскапа.
Альберт падышоў да алтара, асцярожна, пачціва ўзяў Біблію, стоячы пачаў чытаць, нібы маленькімі глыткамі піў мёд. Жыццё рабілася ясным і зразумелым. Кроў, пот, слабасць, нявер'е — усё заставалася ззаду. Ён быццам бачыў агромністы залаты прастол Хрыста, які лунаў у нябесным блакіце, сляпіў вочы іскрыстымі праменнямі, як сонца. «Хто я? — млеючы ад асалоды, думаў епіскап. — Нікчэмны раб веры. Пясчынка. Але мне добра, мне прыемна быць рабом і пясчынкай».
Ён падышоў да акна, глянуў на вуліцу. Толькі маленечкі акрайчык зямлі ўбачыў ён, лужок, які не вытапталі і не скасілі, бо ён, епіскап, забараніў. Дзіцячыя галоўкі дзьмухаўцоў бялеліся пад сонцам. Мір, ціша і лагода былі там, дзе раслі дзьмухаўцы.
Ён зноў заглыбіўся ў Біблію, зноў паплыў па шырокай бяздоннай рацэ, якая цячэ праз вечнасць. Добра было нетаропка чытаць, смакуючы словы і сказы, прымерваючы ўсё напісанае ў святой кнізе да сябе, да сваёй асобы.
«Ты — скала, на якой я пабудую сваю царкву», — сказаў Ісус Хрыстос апосталу Пятру. Калі Хрыстос пакліча яго, епіскапа Альберта фон Буксвагена, да сябе, то скажа, абавязкова скажа, што ён, епіскап, скала, на якой пабудавана рыжская царква.
Не, ён, епіскап Альберт, не пясчынка. Ён толькі перад богам пясчынка, а для ўсіх астатніх, для тых, хто глядзіць на яго знізу ўверх, хто гатоў пацалаваць ягоную сандалю, ён — скала, само сонца. Як добра быць пясчынкай і адчуваць кожны міг, што ты — сонца.
Увайшоў Імануіл, знакамі, якія разумеў толькі епіскап, далажыў, што аўдыенцыі чакае клірык Генрых.
— Пусці яго, — загадаў Альберт. Вось з кім яму абавязкова трэба было пагутарыць сёння.
Генрых, схіліўшы прыгожую светлавалосую галаву, пацалаваў епіскапа ў плячо, ціхмяна, пакорліва спыніўся на парозе.