Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Дзіця маё, — усхвалявана сказаў Генрых. — Бог вырваў цябе з крывавых лап язычнікаў. Маліся богу. Маліся нашай усясільнай царкве.
Ён лёгенька націснуў на худзенькія плечы князёўны, і яна паслухмяна апусцілася на калені, ломкім ад хвалявання галаском пачала маліцца. «Адно маё дзіця, імерская царква, згарэла, ператварылася ў попел, — думаў Генрых, гледзячы на схіленую да зямлі светлавалосую галоўку, — але ў мяне засталося яшчэ адно дзіця, духоўнае, вось гэта кукейноская князёўна. Яна вырасце сапраўднай тэўтонкай, вернай дачкой рымскай царквы. Я вырву куколь з гэтай юнай даверлівай душы
Мечаносцы, падпаліўшы ўсе навакольныя лэцкія селішчы, сагнаўшы ў вялізны гурт палонных людзей і жывёлу, рушылі са сваёй багатай здабычай у Вендэн. Генрых у апошні раз глянуў на папялішча царквы, на бераг возера, дзе тырчаў пень ад ссечанага свяшчэннага ясеня, і сэрца затрапятала ад смутку. Тут прайшла часцінка ягонага жыцця, якая ўжо ніколі не вернецца. Ён успамінаў навальнічную ноч, буру на возеры, агні ў цемры, лёгкую белую постаць і крык-плач: «Пайке! Пайке!» Няўжо гэта было з ім? Няўжо гэта ён, а не хтосьці іншы, стаяў у глухім змроку, прытуліўшыся да ясеня, сціскаючы меч, а белая постаць падплывала ўсё бліжэй?
Яшчэ ён успомніў невялічкія травяністыя грудкі на могільніку лэтаў, магілы сваіх бацькоў. Якой была з твару ягоная маці? Шэрыя ці сінія вочы былі ў яе? Няўжо яна любіла спяваць лэцкія песні?
Сутарга прабегла па ягоным твары, вочы заблішчэлі. Ён раптам глуха ускрыкнуў і… укусіў сябе за руку, аж сляды зубоў засталіся на белай скуры. Манахіня Эльза, што сядзела побач у павозцы, спалохана запыталася:
— Што з табой, святы ойча?
— Прывідаў, злых духаў адганяю, — паспрабаваў усміхнуцца Генрых, але ўсмешка атрымалася разгубленая, журботная і няшчырая.
Між тым комтур загадаў зрабіць прывал і не дзеля рыцараў — яны ехалі на конях, — а дзеля палонных лэцкіх жанчын з дзецьмі, якія ішлі пешшу і некаторыя падалі ад страшэннай стомленасці. Комтур шкадаваў не іх, а шкадаваў тавар, якім яны былі.
Натрапілі на прыдатнае, зручнае месца для паходнага лагера — па шырокім зялёным лузе цёк чысты булькатлівы ручай, побач быў невялікі лясок, дзе можна было нарыхтаваць дроў для вогнішчаў. У першую чаргу абгарадзілі вяроўкамі месца для малельні, потым паставілі палатку для комтура і палатку для трапез. Калі гэта было зроблена, пачуўся кліч комтура:
— Размяшчайцеся, брацці, у імя гасподняе!
Рыцары з кнехтамі і зброяносцамі пачалі ставіць палаткі для сябе. Ніхто не меў права адыходзіць ад лагера на такую адлегласць, адкуль не чуваць ягоны голас. З двух зброяносцаў, якіх меў кожны рыцар, адзін павінен быў заўсёды знаходзіцца побач з рыцарам, у той час як другі абавязаны быў шукаць паліва і фураж для коней.
У час далёках паходаў рыцары прытрымліваліся строгай дысцыпліны. Ніхто не меў права мець пры сабе жанчын. У парушальніка адбіралі паходную амуніцыю. Жанчын жа наогул не шкадавалі — адразалі ім насы.
Зброяносцы і кнехты, здаралася, біліся між сабою за лепшыя месцы для палатак. Рыцары, убачыўшы такую бойку, абавязаны былі надзець латы і разагнаць задзіракаў, але не мячамі, а доўгімі кіямі.
Капелан адправіў вячэрнюю месу. Паходны звон, які вісеў на шасце побач з палаткай комтура, даў сігнал — тры кароткія ўдары, — каб брацці-рыцары разам з усім войскам клаліся спаць. Лагер заціхаў. Ціха было і там,
Комтур выдзяліў для Генрыха і ягоных людзей дзве палаткі. У адной палатцы атабарыўся Генрых з трыма царкоўнымі служкамі, у другой ляглі манахіня Эльза з князёўнай Соф'яй.
Генрых ніяк не мог супакоіцца пасля ўсіх жахаў мінулай ночы, пасля лэцкага могільніку, на якім ён ледзь не развітаўся з жыццём. Ва ўсім целе ён адчуваў абрыдлівую нервовую дрыготку. Трапяталі пальцы рук і нават ног. «Не дай бог — пачнуцца Вітавы скокі 91 », — палохаўся Генрых.
Служкі, заўважыўшы, што малады свяшчэннік счарнеў, як зямля, пабеглі ў лагер да рыцараў шукаць лекара. Знайсці лекара ім не ўдалося, але разам з імі прыйшоў рыцар Вікберт. Ён сеў на край мядзведжай шкуры, на якой ляжаў Генрых, загадаў служкам:
91
Вітавы скокі — псіхічнае расстройства, хвароба.
— Ідзіце на вуліцу, паглядзіце на зоркі. Абражаныя служкі хацелі запярэчыць, але Вікберт сціснуў кулак, рыкнуў:
— Прэч адсюль, чарвякі!
Тых як ветрам выдзьмула з палаткі. Генрых закашляўся, хацеў абараніць служак, ды не было сіл на спрэчку, і ён ляжаў моўчкі, глядзеў на Вікберта, на ягоную магутную абсівераную шыю. Яшчэ зусім нядаўна ў трапезнай мечаносцаў бачыў Генрых зняважанага, нікчэмнага, слабога Вікберта. Той Вікберт сядзеў у чорным плашчы на ахапку бруднай саломы і еў драўлянай лыжкай з драўлянай міскі гарохавую нішчымную кашу — ежу палахліўцаў. Сённяшні Вікберт адрозніваўся ад таго, што туліўся на саломе, як неба ад зямлі. На Вікберту быў цудоўны, з сіняга сукна камзол з фестонным каўняром і манжэтамі. На галаве была заломленая набакір аксамітавая шапачка з шэрым жураўліным пяром. Чорныя вочы Вікберта глядзелі цвёрда і рашуча.
— Не хацеў гросмайстар Венна пасылаць рыцараў на Імеру, — не надта прыцішваючы голас, змрочна ўсміхнуўся, сказаў Вікберт. — Але брацці-рыцары запярэчылі. І я запярэчыў. І тады ён паслаў комтура Бертольда, а сам усё роўна не пайшоў у паход.
Вікберт памаўчаў, пэўна, чакаў, што адкажа Генрых. Ды той бяссільна ляжаў на старой мядзвежай шкуры, і тады Вікберт парывіста схапіў яго за руку, загаварыў, забубніў яму ў вуха:
— Падтрымае мяне рыжская царква, калі я заб'ю шалудзівага пса Венна? Скажы — падтрымае?
— Наша царква заўсёды падтрымлівае чалавечыя справы, якія ідуць на карысць госпаду, — ухіляючыся ад прамога адказу, ціха пармовіў Генрых. Жыццё навучыла яго ніколі не спяшацца ў словах. «Апярэджвай ворага ў справах, а не ў словах», — успомніў ён павучанне епіскапа Альберта.
— У мяне ёсць людзі,— рашуча працягваў Вікберт. — Шмат людзей. — Ён моцна сціснуў баявую сякеру, якую заўсёды насіў на поясе.
— Цярпенне, сын мой, і асцярожнасць — вось што заўсёды куе перамогу, — мяккім голасам сказаў Генрых. — А зараз ідзі спаць. І я лягу, бо кепска сябе адчуваю.