Нічые
Шрифт:
– Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі... Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.
– Во-во! Такіх ён і ведае, - усміхнуўся Гнат.
– Пачакай, - сказаў Чуб, - да Чайкі дык да Чайкі. Можна і да Чайкі... А пакуль - тварам да сцяны, як і ўсе!
І калі Кецка-рэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха...
Гнат ашчэрыўся ва ўсмешцы:
– Хіба што так!
На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы, што зараз
– Вы гэта... дзядзька Карпа, - сказаў Чуб і закашляўся, пачаў мацаць па кішэнях, шукаючы кісет з курывам, - вы адно кроў сашкрабеце пасля... А там ужо за ноч снегам засыпле, і следу не застанецца...
– Ды ўжо ж, сашкрабу!..
Карпа адвярнуўся, забегаў вачыма па двары, ізноў акурат бы сын, таксама шукаючы хоць якога сабе занятку... Пачуў, што сабака шкрабецца ў пуні, туды памкнуўся:
– Ото выпусціць трэба!..
– Я сам.
– Дзяніс кінуў вобземлю заступ, венік, пабег.
Карпа сярдзіта зірнуў яму ўслед, пашкадаваў, мабыць, што выграбся з хаты, - сядзеў бы сабе, пакуль не скончыцца ўсё...
– А крывянкі - Божа ж мілы!..
– міжволі ізноў злавіў краем вока нябожчыка і зноў перахрысціўся.
– Даходзіў доўга, - патлумачыў Чуб, як пра кабана сказаў, а не пра чалавека.
– Камуністы, яны жывучыя, што ты!
Ён адвярнуўся ад ветру, чыркнуў сярніцаю (агеньчыка зусім не было відаць у вялізных далонях), прыкурыў тоўстую самакрутку.
Дзяніс расчыніў дзверы пуні, выпусціў сабаку. Той выскачыў - злы і нацяты, ашалелы пасля цемры ад зыркага святла, ад пахаў, ад чужых людзей, якіх трэба кусаць, ірваць, гнаць адсюль, са сваіх уладанняў... Аж раптам застыў, пацягнуўся мусаю туды, да сцяны, дзе ляжаў мёртвы, пачаў прынюхвацца, затым уздыбіў поўсць на шкірцы, разгублена азірнуўся на пуню, падціснуў хвост і заскуголіў жаласна, аж да мутарнасці, нібы прадчуваючы, што гэтым не скончыцца, нібы новую смерць наклікаючы.
– Бач, не йдзе! Крывянку чуе... Ды замаўчы ты, падла!
– не вытрымаў Карпа, шукаючы што пад нагамі, каб запусціць у сабаку.
Мікола рагатнуў.
– Ну, дзядзьку... Крывянку чуе... А ты хацеў, каб і красных біць і каб кроў не йшла? То так не бывае - дзе б'юць, там і льюць!
– задаволены, што так дасціпна перавярнуў прыказку, падышоў да Чуба.
– Пакінь пару цягаў.
Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:
– Лапы давай, калека... Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся - рэгулярнай арміі!
– сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самому рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма,
Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.
– Назад!
– Стаяць, курва!!
– паляцела яму ўслед.
– Пільнуйце гэтых!
– Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лямантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не па-бабску: - Гнат, давай хутчэй-чэй-чэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб'е!
– і ў гэтым ляманце-галашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.
Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тыну.
Чуб бухнуўся на калені:
– Кладзі!
Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца...
– Не патрапіш - самога заб'ю, - сур'ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.
Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.
Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся.
– Я цябе навучу!..
– адно прамовіў.
Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю - тварам уніз...
Чуб устаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.
III
Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонаармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.
Забітага чалавека!
– і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота, двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, заткнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў - проста ўцёк, схаваўся па другі бок хаты, стаіўся ў зацішку паміж хлявом і прыбіральняю.
Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку... Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач... Хай!
Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу - шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў з-за прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы... Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі гразі, абмотка з аднае нагі развязалася і цягнулася ззаду брудным доўгім бінтам... І кроў, зноў кроў, праклятыя чырвоныя кропелькі на снезе, як рассыпаныя брусніцы!..