Нічые
Шрифт:
– Штабс-капітан Чайка, - спіною да яго стоячы, прамовіў контрразведчык, - вы арыштаваны па падазрэнні ў здрадзе. Здайце зброю.
– Ты жартуеш?
– Я толькі прашу не задаваць лішніх пытанняў.
Мірановіч закурыў новую папяросу (ага, не такая і простая, аказваецца, падобная работка).
– Дзед твой сляпы... перахапілі яго. З тваёй да чырвоных запіскай. І табе таксама тут нештачкі перадалі...
– працягнуў Чайку замусоленую Кецкаву цыдулку.
Чайка ўпіўся вачыма ў сапраўды знаёмыя каракулі... Хацеў штось сказаць. Зірнуў на Мірановіча, тады перачытаў тэкст ізноў, больш уважліва.
– Вы нічога лепшага не маглі прыдумаць?
– сказаў, вяртаючы запіску.
– Хіба ж чырвоныя так сваіх агентаў падстаўляюць? Ды яны бераглі б мяне, як вока, насіліся б са мной, як курыца з залатым яйкам... Ды і я,
– узарваўся ён раптам, перайшоў на крык: - Якая ў нас можа быць інфармацыя?! Што ў нас за «сакрэты», што за «ваенныя тайны», аб якіх яны не ведаюць?! У нас што, ёсць планы «ваенных дзеянняў»? Ці, можа, у нас артылерыя, авіяцыя? Дык пакажы мне іх!
Мірановіч моўчкі пыхкаў дымам.
– Мірановіч, не дуры мне галавы! Калі я што паспеў напісаць?
– давай так. Я ж усе гэтыя дні быў у Баранавічах!
– Раней. Ты яшчэ перад Баранавічамі напісаў.
– Тады пакажы мне!
Мірановіч марудна выцягнуў з-за пазухі складзены ў чатыры аркушык.
– Вось, - як паштальён чаканае пісьмо, падняў над галавою, нібы прапаноўваючы Чайку патанцаваць. Калі ж той працягнуў руку, Мірановіч не даў, схаваў аркушык назад за пазуху.
– Добра. Бяры зброю.
– Чайка падабраў шынель і сеў на салому.
– Я ўсё разумею... Зрабіўся няўгодны вам? Дык проста разжалуйце мяне, адпусціце, і ўсё!
– А Беларусі хто паслужыць напаследак? Жыцці аддаць дык мы ўсе гатовы, тут вялікага розуму не трэба, а вось чым іншым ахвяраваць, ды каб з большай карысцю... Тым жа добрым іменем...
– Перастань! Давай сур'ёзна. Навошта вам гэты цырк?
– Сур'ёзнасці хочаш? Вось у тым, Павал, і ўся справа. Усё табе хочацца, каб было сур'ёзна, ды спаважна, ды па справядлівасці... А не будзе сур'ёзна! Чуеш? Усё правільна - цырк! Дэфіліцыя, бутафорыя - дык так і было задумана ад пачатку! Пакуражыцца, пакуралесіць, колькі дадуць нам, колькі магчыма, шуму, чутак пра сябе нарабіць, прымусіць, нарэшце, каб загаварылі пра Беларусь і беларусаў, - а там вольнаму воля, там хоць тым жа палякам здацца! А пакуль трэба сваіх у чорным целе трымаць, а ты не здатны на гэта! Усё! Чуеш?
Але Чайка да другога прыслухоўваўся - да крокаў з двара. Мірановіч змоўк. Крокі наблізіліся, рыпнулі дзверы. Увайшлі Пракулевіч з Жаўрыдам. Пракулевіч кінуў на контрразведчыка трывожна-запытальны пагляд.
– Усё ў парадку, - буркнуў Мірановіч, яшчэ не астылы ад маналога.
– Ну что, Жаврид, спасай меня!
– па-расейску, пасміхаючыся, сказаў Чайка, седзячы на саломе.
Цёзка адвярнуўся...
Усё далейшае пайшло як па пісаным.
Куля, адлітая начальнікам контрразведкі, пацэліла ў дзесятку; навіна, што любімы герой-камандзір - здраднік, маскоўскі шпіён, сваёй поўнай нечаканасцю перавысіла, засланіла ўсе іншыя, менш важныя падзеі, такія, як арышт пад раніцу салдатамі Капца, што ўварваліся, зламаўшы дзверы, у штаб, Мацэлі, Анцыповіча, Паўлюкевіча («паплечнікаў» Чайкі). Арышт іх нікога не здзівіў, ніхто за іх не заступіўся - ніхто й слова не сказаў: калі ўжо нячысты сам Чайка, дык астатнія толькі бледныя цені яго, і чакаць ад іх можна ўсяго!..
Зачыншчыкі былі абясшкоджаны, бунт скончыўся.
Толькі пра свайго камандзіра і гаварылі цяпер байцы на прыцішэлай плошчы. Выплывалі падрабязнасці. Глухой цёмнай ноччу, далёка за Семежавам, бяссонныя брыгадныя контрразведчыкі на чале з Мірановічам перахапілі сляпога дзеда, у якога камандзір палка быў на кватэры і які служыў за сувязнога - стары і сляпы, што з такога ўзяць, у каго такі выкліча падазронасць... Пры сляпым адшукаўся ліст (вельмі хутка выраслы ў фантазіях у «пакет з найважнымі дакументамі»), адрасаваны вызнянскаму рэўкамаўцу Кастусю Кецку, той самай гадзюцы, што навяла бальшавікоў на вёску, з-за каго «столькі бязьвінных людзей палегла!»...
Знаходзіліся, канечне, паміж салдатаў і разумнейшыя, больш уніклівыя - гэтыя ўсё дапытваліся, што ж там за такі пакет, хто яго бачыў ці чытаў і што за «сакрэты» мог перадаваць Чайка? [11] Але іх не слухалі. Сам факт, што вось і ў нас усё як у людзей, а цяпер ужо і свой здраднік, - прывабнасць гэтага факту была мацней за жаданне «праўды дабіцца»; цяпер калі б хто і аб'явіў вось зараз, што Чайка невінаваты, што ніякі ён не шпіён, дык не захацелі б і
11
Гэтая гісторыя з запіскай, паступова ператворанай у «пакет з сакрэтнымі дакументамі» - увогуле самы цёмны эпізод ва ўсёй Слуцкай акцыі. Адчуванне такое, што ніхто яе ў руках не трымаў і ў вочы не бачыў. А між тым дакладны змест яе, калі яна існавала, павінны былі б ведаць проста на памяць усе: ад Жаўрыда да апошняга непісьменнага салдата. У.Пракулевіч, якога як старшыню Рады з такімі рэчамі павінны былі азнаёмліваць самага першага, успамінае так: «Было задержано его (Чайкі) письмо к известному в Слуцке комиссару Лебедю, в котором он, указывая на свое разочарование Слуцким восстанием... всё же предлагал ему не выступать против повстанцев. По другой версии, он даже предлагал Лебедю перейти на сторону повстанцев. Так говорили у нас об этом письме, но за достоверность не ручаюсь, ибо проверить не смог». У М.Бусла ўжо можна прасачыць зародак легенды: «Тут неўзабаве ловяць пасланца Чайкі, адбіраюць у яго пісьмо да Кецкі (заўважым блытаніну з адрасатамі). Сам пісьма гэтага не чытаў, але чуў, што Чайка пісаў пісьмо такога зьместу: «Я знаходжуся ў беларускай паўстанчаскай арміі і многа раблю карысці дзеля нашай ідэі. Белагвардзейскай сволачы не пазваляю займацца мордабіццем і аслабаняю палонных...» (вось такія ваенныя «тайны!»). Толькі ўсмешку можа выклікаць наіўны Ю.Лістапад: «Ён (Чайка) знайшоў аднаго дзядка гадоў семдзесят, даў яму ліст да маскоўцаў, каб той занёс у іхны штаб. Але гэтаму дзядку не ўдалося прайсьці, яго на фронце(!) затрымалі патрулі(!!)...» У 1950-я гады ў Ю.Харытончыка ўжо адназначна: «Гэтым часам высьветлілася таксама, што палкоўнік Чайка выслаў бальшавікам пакет й апісаў усю нашую сілу і род зброі» (два кулямёты). У А.Латышонка (пераклад з польскай): «Начальнік контрразведкі А.Мірановіч перахапіў яго (Чайкі) ліст да бальшавіцкага ваеннага камісара рэўкама Вызны Канстанціна Кецкі. Эсэравец К.Кецка быў сябрам і таварышам па службе П.Чайкі. Згаданы ліст загінуў, а рэляцыі на тэму таго, што ў ім было, вельмі значна розняцца...» А вось з тае завязі паспелы ў нашыя часы плод: «Ён (Чайка), былы савецкі работнік Слуцкага ваенкамата, спрабаваў перадаць пакет з таемнымі (так!) дакументамі на савецкі бок, але старога дзеда, якога П.Чайка паслаў у Слуцак з гэтымі дакументамі, затрымалі...» (Выдзяленні і каментарыі ў дужках мае.
– А.Ф.)
А так усё ясна. Усё растлумачылася, усё ўлеглася, як більярдныя шары ў лузы, у галовах. Шпіёны, здраднікі кругом - вось чаму няма ладу! Але разбяруцца, навядуць парадак, каму трэба, хто за гэтым сачыць прыстаўлены...
– ...І вінаватыя будуць строга пакараны!
– ужо раніцай выступаў каля штаба Жаўрыд, як у казцы ператварыўшыся ў сябе ранейшага: «жалезнага», валявога, мудрага і непахіснага.
– Па нашых звестках бальшавікі рыхтуюць на нас поўнамаштабную аблаву, палякі далі дазвол на ўваход у нейтральную зону... Так што пра вольніцу і разгільдзяйства з гэтага моманту забудзьце - вольніцы канец! У вас будзе новы камандзір, Антон Сокал-Кутылоўскі, герой германскай вайны, ваяваў разам з Дзянікіным...
– Гу-у-ура!
– прывычна рэагавалі паслухмяныя цяпер бунтаўшчыкі.
Так малой крывёю была атрымана першая сур'ёзная перамога - над сваімі, пры дапамозе першай ахвяры - ад рук сваіх, і дзякуючы здрадніку, зноў жа ўласнымі рукамі і злепленаму.
Вельмі дарэчы прыйшлася, дапасавалася да ўсяго смерць Піліпчука. Урачыстае адпяванне яго павінна было паставіць у гісторыі бунту апошнюю кропку, стаць актам прымірэння, замацаваць гэтую перамогу на ўнутраным фронце, засведчыць, што ў брыгадзе навек цяпер настаюць мір, згода і дысцыпліна.
Пасля адпявання труну з целам яго, пакрытым бел-чырвона-белым сцягам, вынеслі з царквы. Было ветрана, пахмурна, вецер кружыў сухія лёгкія сняжынкі, якія падалі на твар нябожчыка і не раставалі. Цягнуў «са святымі ўпакой» бацюшка. Сярод іншых узвышалася постаць Чуба. У руцэ ён трымаў тоўстую свечку, аплаўлены воск з якой капаў яму на бот, другой хрысціўся размашыста і строга. Тая ж урачыстая, спакойная заміранасць была на яго твары, як і на нядаўнім асвячэнні зброі, тая ж упэўненасць, што ўсё вакол правільна, як і належыць, што займаюцца вось людзі пільнай, патрэбнай справаю: асвячаюць, адпяваюць...