Нічые
Шрифт:
Савецкая Вызна не бачыла такога і пры паляках.
Уварваліся ў мястэчка на поўным хаду. З двух дазорных на ўездзе - шчупленькіх матросікаў-украінцаў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у чорных бушлаціках - аднаго засеклі адразу, і не пікнуў, другому, гаду, перш чым і яму раскроіла сталь чэрап, удалося выстраліць. Але гэта ўжо не мела ніякага значэння. Самі, гарцуючы на конях, смалілі ўгару з вінтовак, абрэзаў і пісталетаў.
– Патроны, чэрці вы, не расходуйце!
– крычаў злосна малады Мірончык; асадзіў каня, і той, як на карціне, прысеў на заднія ногі, паспеўшы ў паветры перабраць пярэднімі.
Гучалі стрэлы і каля рэўкама. Адсталыя толькі пад'язджалі на
– Чуб, цяпер не будзеш ужо з сабой забіраць?!
– гарлапаніў, душачыся істэрычным смехам, хтосьці.
Звінела, сыпалася шкло, трашчалі рамы, праз расчыненыя насцеж і павыбіватыя вокны ляцела рэўкамаўскае дабро: паперы, зламанае крэсла, пішучая машынка, якую тыя, хто быў на вуліцы, зараз жа патрушчылі нагамі. Звярнулі ўвагу, што на вільчыку вісіць чырвоны сцяг. Нехта спрытнейшы ўжо валок «пазычаную» ў бліжняй хаце доўгую драбіну. Прыставіў, ахвотныя падтрымалі знізу, той уміг, што малпа, ускараскаўся на дах. Падпоўз па вільчыку, даў раз-другі нагою - сцяг, кружачыся, упаў уніз, дзе пад рогат і радаснае ўлюлюканне быў абліты самагонкай і запалены. Але як бы не так! Самагон гарэў сабе сінім полымем, а палатну хоць бы што.
– Канчай прадукт пераводзіць!
– Газы трэба!
– Валодзька! Дзе наш «канакрад»? Збегай газы ў каго раздабудзь!..
Наверсе тым часам спрытняка выцягнуў з кішэні бел-чырвона-белую латку, сяк-так прыляпіў да абламанага дрэўка.
– Гура!
– Тут яму вісець навекі!
Спусціцца, аднак, аказалася цяжэй, чым ускараскацца. Калі вайсковец нязграбна, задам-задам, падбіраўся па слізкай дранцы да драбіны, знайшоў-такі адзін вытыркнуты цвік; пачаў злазіць, нагамі перабіраючы, - толькі белая скура замільгала праз раздзёртае галіфэ!.. І смех і грэх...
Валодзька Піліпчук нават брывом не павёў на просьбу збегаць газы раздабыць. Ён стаяў у натоўпе, трымаючы за повад каня, разам з усімі смяяўся з голай задніцы, пазіраў, як сцяг гарэць не хоча... А конь тым часам вёў сябе неяк вельмі неспакойна. Справа ў тым, што ён нарэшце быў у сябе дома. Побач, праз плошчу, усяго за якіх сто крокаў ён бачыў доўгую адрыну з маленькімі сляпымі акенцамі - родную канюшню. Натуральна, што пасля столькіх прыгод яму хацелася «дахаты», у звыклы загон, да сяброў і да свайго конюха, хацелася цёплага пойла, прыпраўленага лагодным расейскім матам...
Чуб у разгромленым кабінеце старшыні рэўкама размаўляў па тэлефоне:
– Паведамляю, што я ўварваўся з конным эскадронам у Вызну, застрэліў вашых халуёў і разграміў рэўкам! Так будзе з кожным, хто падыме руку на нашых сялян! Хто гаворыць? Гавару я, беларус Чуб!
– Затым стрэліў каля трубкі з пісталета.
– А вось мой подпіс!
– ухапіў апарат і ляснуў ім аб падлогу.
У гэты момант на двары таксама пачуўся стрэл, потым яшчэ і яшчэ... Тады закрычалі там трывожна і голасна. Чуб выбег на двор. Перад рэўкамам нікога не было, а ўсе спяшаліся цераз плошчу, туды, да чырвонаармейскай канюшні, і згруджваліся там, нагіналіся, разглядалі штосьці.
– Конь жа вызнянскі!..
– чулася разгубленае.
– Вот падла савецкая!
– Як жа ён так...
Чуб падбег. Людзі расступіліся. Валодзька Піліпчук ляжаў на світцы ўжо нежывы. Побач стаяў і муляў вуснамі конь.
– Расказвайце, - прашаптаў Чуб, апускаючыся на коленцы.
А што расказваць? Так проста і так па-дурному адбылося ўсё. Пакуль Піліпчук стаяў, конь сабе памалу тузаў і тузаў за
– убачыўшы чалавека ў форме, са зброяю, адразу пачалі смаліць па ім і з вінтовак, і з рэвальвераў. Чырвонаармейца хоць бы паранілі, ніводнай драпінкі, а Валодзька...
Каля канюшні Мірончык і яшчэ пару чалавек моўчкі, нагамі білі ляжачага чырвонаармейца; чуліся толькі глухія, як па мяху з мукою, удары.
– Хто страляў?
– падняўся Чуб.
– Хто страляў, блядзі, я ў вас пытаю?!
– Хто страляў, хто страляў... Усе стралялі, Чуб, гэта ж вайна!
Раптам апусціліся магутныя, шырокія плечы ў бравага разведчыка... Чуб плакаў. Ці то свайго такога ўспомніўшы, ці ад таго, што мог бы ў яго быць такі... Ці проста так, адкрылася яму, што вось перажыў ён чалавека, з яго такім кароткім, няшчасным жыццём і з такой жа несуразнай, неўрачыстай смерцю... Мала таго - гэта ж ён, Чуб, разам з канём на самай справе гэтую смерць яму і падараваў!..
XXI
Пара была выпушчана. У Семежава вярталіся героямі, з першай ахвярай - мёртвага Валодзьку Піліпчука прывезлі на калёсах.
Тыя, хто ў рэйдзе-набегу не ўдзельнічалі, ганарыліся за смелых сваіх таварышаў і зайздросцілі ім.
І ўсё ж гэтая першая смерць крыху астудзіла людзей. Ужо ніхто не заклікаў да расправы з камандзірамі-«бээнэраўцамі». Спакайней трохі стала. Балахоўцы замкнуліся ў штабе, і невядома было, што яны там робяць. П'яныя мяцежнікі разгульвалі па мястэчку. Пад вечар на плошчы, як звычайна, загарэліся кастры.
Уся сітуацыя вельмі жыва нагадвала «германскія» падзеі, калі модна было, наслухаўшыся бальшавікоў, не падпарадкоўвацца «царскім» камандзірам. Усё паўтаралася - тая ж разгуляйская, адчайная рызыковасць, той жа патаемны ў душы страх, што, калі ўтрасецца ўсё, з кожнага папытаюць і кожны, галаву ўнурыўшы, рукі развёўшы, будзе тлумачыць праз глыбокія конскія ўздыхі: «Бес паблытаў...»
Але пакуль што паміж трыма сіламі ўсталявалася хісткая раўнавага, мёртвы час зацішша перад бураю.
Ніхто з бээнэраўцаў так і не з'явіўся на плошчы. Усе ведалі, дзе яны цяпер знаходзяцца - непадалёку, на Чайкавай кватэры, пад аховай узвода адданага Радзе Капца. Мяцежнікі групкамі па чатыры-пяць чалавек, дзеля цікавасці, хадзілі глядзець. У хаце жоўтымі плямамі свяціліся ўсе вокны. «Засядаюць!» - падштурхоўвалі адзін аднаго, падхіхіквалі бунтаўшчыкі. Калі наблізіцца да веснічак, то чулася толькі клацанне дзесятка затвораў, а так стаяла глухая цішыня, нават сабакі маўчалі чамусьці.
Затое ў хаце гамана не сціхала. «Савет у Філях», як назваў Мірановіч, быў у поўным разгары. Гаварыць, праўда, усё адно стараліся цішэй - хоць і ачэплены быў двор надзейнымі салдатамі, сама канспіратыўніцкая атмасфера таго вымагала. Сляпы дзед сядзеў на сваім тапчанчыку і ўважліва слухаў, уставіўшыся ў столь, пакручваючы ў руках палку. Удава-маладзіца (з разлікам на яе і падшуквалася кватэра камандзіру палка) таксама была ў хаце; з маўклівым жахам яна пазірала, колькі гразі сюды нанесена, колькі накурана тут, і думкі яе былі толькі аб тым, як жа ўсё гэта прыбярэцца, як выветрыцца?..