На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Пачуўшы аб панадворку, фельчар кінуў недакураную цыгару (усе нашы салдаты шмат набралі іх у разбітых крамах у мястэчку) і пабег з хаты. За ім пайшоў і я. О, колькі ж там было раненых!.. Стагнанні, кроў… Гляджу, ля самае сценкі ляжыць нехта з жоўтымі зубамі, скалячы іх ад мукі. Я адразу не пазнаў, і мне зрабілася так цяжка, што гэта быў слаўны, вясёлы наш Талстоў. Я хацеў сказаць яму што-небудзь, чуў, што трэба нешта сказаць, звычайнае, паўсёднае і таварыскае, але ніводнага гуку не выдавалі мае вусны. Талстоў паглядзеў на мяне… У галаве ў мяне праляцела, як аднаго разу, гуляючы па валу за горадам, я пачуў нейкі хрып у канаве, за кустамі акацыі, злез туды і ўбачыў здыхаўшага сабаку. Вочы
Гляджу: гадзіннік стаіць на 11 1/2 — Шкло пабіта, стрэлкі пагнуты. Калі і дзе ўдарыў — не ведаю. «Ах, каб ужо барзджэй скончылася гэтае пекла!» — прашу я няведамую сілу. Сві-і-ж-ссь! — куля праляцела над самым вухам. Хаваюся за сценку. «Дзе ж нашы галоўныя сілы?» — стогнуць там запаснікі. Усе яны хочуць жыць, каб вярнуцца карміць свае сем'і і даглядаць гаспадарку. А я атупеў, страціў яснасць думкі і чуццё вайсковае павіннасці. Плятуся, як хворы або п'яны, у хату. Батарэя паліць адзіночнымі стрэламі. Няхватка снарадаў; чакаюць з рэзерваў. У хаце ўсе нервуюцца. Прынеслі яшчэ аднаго раненага.
— Шалапутаў! Уцякай, тут раненага пакласці трэба, — кажуць там.
Шалапутаў ляжыць, як калода.
— Ведаеце, я жаліцца на санітараў буду, — панура пагражае фельчар.
— Ну? На каго? — пытаюся, як бы мне дужа цікаўна.
— Фельдман… зусім не слухаюць мяне. У Лабкова жывот баліць. Лабкоў, — паварочваецца фельчар на Лабкова, — я на вас камандзіру далажу.
— Каллі лласка… — крывіць той грымасаю свой дзяціны, бязвусы твар. Боязнь смерці сцяла яго сваімі балючымі кіпцямі.
Прыйшоў ездавы Марчук, здаравенны мужычынішча з прыгожаю, але грубаватаю беларускаю гутаркаю. Ён кажа:
— Кудой плывець ераплант, тудой ён і шпокае. А ераплант круціцца над намі, як каршун над падлаю.
Ранены Грыгар'янц толькі нешта мармыча па-армянску.
Прыйшоў феерверкер Ціхаміраў і з сваёю кастрамокою грунтоўнасцю ўва ўсякай справе намякае нешта аб палоне. Няўжо палон?
— О, Вільгельма, Вільгельма! Бог цябе пакарае, калі ты вінават у гэтай жудаснай вайне, — уголас разважае Ці хаміраў. — Бедныя людзі…
Ад Ціхамірава я даведаўся, што камандзір сядзіць на страсе аднаго дому, надалёчка ад батарэі, і адтуль па тэлефону камандуе. Усе мы змоўклі, пераможаныя тым яго геройствам, і думалі, каб доля бараніла яго ад смерці. I ўжо хочацца верыць у дзівы. На маіх жа вачах адзін запаснік-пехацінец, стоячы ў садзе, дастаў з шапкі кулю. «Як жалудом з дуба шчоўкнула», — сказаў ён з усмешкаю. Магчыма, што кулю хто-небудзь
Так цягнуўся гэты бясконца доўгі дзень. Ізноў і ізноў лётаў над намі аэраплан. Пяхота наша, нявідная нам, заядла па ім траскатала з вінтовак, а ён сабе знай плыве і кідае нейкія гаручыя стужкі над саменькай батарэяй.
Падпаручніка Іванова раніла, і ен прыйшоў у хату на перавязку.
— Запісаць у кнігу прыкажаце, вашродзь? — пытаецца фельчар.
— Нашто ж?.. Я лёгка. А калі трэба, ну-ну, запішы. — I засаромеўся, і «вярнуўся ў строй» з нейкаю ўрачыстасцю, хоць не без трывогі.
Бой сціх увечары. Кажуць, на падмогу нам падышла з левага боку нейкая дывізія.
Арудзійная прыслуга так запрацавалася за дзень ля гармат, што некаторыя нумары з трудам паднімалі рукі і разлівалі страву з дрыжачых лыжак. Працавалі ад 7 раніцы да 9 вечара, без абеду, то зараджаючы гарматы, то падкапваючы хабаты, то што.
Пасля вячэры прыехалі пяхотныя санітары, і пачалося падбіранне трупаў і раненых па ўсім полі.
Наш камандзір прыйшоў на падворак, стаў ля хаты, дзе ляжалі забітыя на саломе, пераксціў Талстова і сказаў: «Царства нябеснае!»
У хаце ён пацалаваўся з кожным раненым, кажучы: «Поздравляю, брат, что удостоился пострадать за веру, царя и отечество!»
Пры гэтым панавала ўрачыстая ціша, у некаторых на ваччу стаялі слёзы. Нават мне было цяжка за сваю варожасць да ўсяго гэтага прыгожага самаашуканства.
Потым здарыўся нягожы выпадак з Шалапутавым. Выходзячы на двор, камандзір убачыў яго, ляжачага ў куце, у сенцах, прымасціўшыся на нейкіх дошках, на пасцеленым шынялі.
— Ранены, Шалапутаў?! Шалапутаў! — гукнуў яго камандзір.
— Гм-му-у…
— Ты ранен, Шалапутаў?
— Нікак нет… у мяне нага…
— Што нага-а? — і схапіў яго цягнуць.
— Баліць дужа… Ударыў неяк.
— Вот яшчэ, задрыпанец, — з глыбокай і сарамлівай пагардаю сказаў герой-камандзір і шыбка, як ад чагось брыдкага, выйшаў.
3 афіцэраў у нас ранены яшчэ штабс-капітан Дамброўскі, але астаўся ў страі. А ў трэцяй батарэі забіты камандзір. Здаецца, я яго бачыў; гэта здаровы, дабрадушны мужчына-русак, з вялікімі рыжымі вусамі, на прозвішча Шылаў. Кажуць, канаючы, перад вечарам, ён пажартаваў з сваімі афіцэрамі, абступіўшымі яго: «Вот табе і Георгіеўскі крыж… Пастаўце хоць драўляны…» Трэба паясніць, што ён сваёй батарэяй нарабіў немцам такой шкоды, што яшчэ ў часе бою генерал па тэлефону сказаў яму: «Віншую вас, палкоўнік, з Георгіеўскім крыжам». Калі памёр, адзін салдат кінуўся яму на грудзі, цалаваў і плакаў. Ніводзін з бачыўшых гэта таксама не мог утрымацца ад слёз. А забіла яго куля скрозь акно на вышках, калі ён схапіў нейкія дзверы і загараджваў акно, робячы сабе наглядальны пункт. Забіты быў пад вечар, у канцы бою.
Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы.
Не маю болей часу пісаць, і галава баліць ад учарашняга грукату і яшчэ болей ад маёй уласнай нервацыі.
Пішу па абедзе, паправіўшы акопчык. Ціха, спакойна. Сядзім удваіх з Воранавым на тым самым наглядальным пункце пад дрэвам, ля згарэўшага дому. Смярдзіць ад пажарышча, вецер узнімае залу і пясок і сыпле на нас. Спаць хочацца, бо цэлую блізка таго ноч, пасля ўчорашняга бою, сядзеў я з Воранавым на гэтым пажарышчы. Ах, як холадна было нам. I скрозь цэлую ноч нямецкія пражэктары свяцілі на нас і сеялі неспакой.