На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Потым забухалі нашы батарэі з усіх бакоў, паляцелі цераз нас першыя нямецкія снарады і крышылі той лясок, за якім стаяў наш абоз першага разраду і куды я хадзіў у канцылярыю. Там жа, дзесь недалёчка, былі і нашы черадкі. Потым перадкі пад'ехалі бліжэй. Далёка спераду ў нас затрашчэлі кулямёты, зашпокалі вінтоўкі, усё часцей, часцей — і загудзела ўсё, як 7-га жніўня.
Ужо нам было брыдка і цяжка чакаць і не страляць. Нарэшце прамчаўся верхам наш камандзір, знедкуль з поля, на макрусенькім кані, кінуў каня на батарэі, каб вялі яго да перадкоў, пашаптаўся з капітанам Смірновым і шыбка пабег на наглядальны пункт. Цераз мінутку мы палілі і ўжо палілі да вечару. Не было ўжо ні цікавасці, ні захаплення, а толькі —
Снарады засыпалі батарэю, цяжкія, незвычайнай, нябачнай сілы…
Асколкі шмат разоў перабівалі нам кабель. Хадзілі злучаць па чароду — усе пабылі на валасіначку ад смерці, бо звязваць прыходзілася на гладкім полі пад страшэнным абстрэлам. З Беленькім пасля пятага бегання злучаць парваны провад была істэрыка. Прыбегшы, ён кінуўся ў акоп на дно, ёрзаў на спіне і як 6ы хацеў урыцца ў зямлю, галасіў, крычаў, лаяўся. У гэты час аглушаючы ўдар цяжкага снараду за два метры ад уваходу ў наш акоп адабраў нам прытомнасць… Зямля здрыганулася, як жывая. Тэлефон змоўк, трубка выкацілася з маіх рук. Пасыпаліся камкі зямлі, нас абняло курам і густым, чорным смярдзючым дымам. Батарэйцы 1-га аруддзя беглі цягнуць нашы трупы з ямы. Аж мы патроху выпаўзаем самі… Яны засмяяліся і павярнуліся назад. На гэты раз быў мой чарод шукаць, дзе парваўся кабель. Я пабрыў, паглядаючы на дрот, як абрэчаны. Ізноў бухнуў снарад — адзін спераду ў мяне, другі — ззаду, у 1-е аруддзе. Людзей размяло каго куды. Я таксама заваліўся, але чаго — не ведаю. I балазе так зрабіў: асколкі зазвінелі вышэй, над галавою, а два канцы дроту я ўбачыў перад самым маім носам. Атупеўшы ад страху і быццам трошачку зрадзеўшы, неслухмянымі пальцамі шыбка, збольшага — скруціў, скруціў… бо вузел не вязаўся. Пайшоў назад. Хачу шыбчэй — ногі як калоды. Пашын радасна махае рукою: тэлефон загаварыў! Няведамая сіла падхапіла маё цела, і ногі, як на спружынах, кідалі мяне бліжэй і бліжэй да ратунку-акопу. Батарэя пачула каманду — страляе. Толькі я ўкінуўся ў уваход акопчыка, як — гкрэх!!! — там, дзе я толькі што вязаў кабель, аграмадны стоўп чорнага дыму і камы дзірвану ляцяць высака ўгару… Флегматычны Пашын збялеў, як палатно. Без слоў перадае мне трубку і паважна сягае спаўняць сваю павіннасць па чароду. «Божа, ратуй яго! Божа, вярні яго!» — незвычайна напружаемся мы ў адным жаданні, не разважаючы, ёсць такая сіла ці няма такой сілы, што магла б уратаваць яго.
— Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны! — шалёным голасам, над вухам, крычыць мне Беленькі і перадае з трубкі камандзірскую каманду: — Два патроны, беглы агонь… Агонь!
— Агонь!! — праразлівым, нялепым, дзікім матам крычу я каманду на батарэю.
— Агонь! — спакойна камандуе капітан Смірноў, вымаючы папяроску з зубоў.
Батарэя грукоча. Увушшу звініць, галава баліць.
— Вальнапісаны! Не крычыце так каманду, бо самі заглушаеце свае словы, — спакойна асаджвае мяне капітан.
Нервы супакойваюцца. Пашын вярнуўся. Але ў яго на вачах слёзы: ездавому (не ведаю прозвішча), яго блізкаму земляку, паднасіўшаму на батарэю снарады, вялікі асколак распароў жывот, і выпалі кішкі.
— Дзе ж ён, твой зямляк? — па-дурному пытаюся.
— Ці ж не бачыш?
Ай-ай, ля самага ж акопу фельчар з чырвоным крыжам на рукаве і сам той паранены піхаюць сінія брудныя кішкі назад пад гімнасцёрку. Пашын з сілаю швіргае ў акоп жоўтую скураную торбачку з прыладамі для звязвання кабеля — і хапаецца туды, дзе ў яго земляка вывальваюцца кішкі. Але няшчасны ўжо скаручыў нямытыя рукі на грудзях і відзіма-відзіма сінее, чарнее… Фельчар хрысціцца, Пашын таксама і абцірае слёзы рукавом наодмах, як адганяючы мух. Мне на гэты раз
Увечары старшы сказаў нам, камандзе тэлефаністаў, пастроіцца. Пастроіліся, чакаем. Прыйшоў камандзір, паздароўкаўся, падзякаваў за «маладзецкую работу» і, пад канец, асабліва ўрачыстым голасам абвясціў:
— Віншую, братцы! Усе будзеце прадстаўлены к Георгіеўскім крыжам.
Старшы пасля паясніў, што мне, Пашыну і другім тэлефаністам будзе крыж 4[-й] сцепені, а яму, старшаму, і Беленькаму, прадстаўленым ужо к 4[-й] сц[епені] за 7-е жніўня, будзе 3-я сцепень.
Потым камандзір пайшоў рабіць тую самую цырымонію з выбранымі з усяе батарэі (мы строіліся асобна на наглядальным пункце).
А я сядзеў і горка разважаў: «Якія ж мы героі… Георгіеўскія кавалеры? Каб не баяліся кары, каб не вайсковая дысцыпліна, ніводзін бы з нас, ні я, ні Пашын, ні Беленькі, пэўна, з месца не зрушыліся б. Дый хадзілі па чароду, часам войстра спіраючыся, каму ісці…»
А Беленькі ўжо пабрыкваў, як дзіця, і лез цалавацца. Пашын, як сціплы мужычок, ззяў нутраною радасцю, што ён цяпер будзе георгіеўскі кавалер і такім прыедзе ў сваю вёску ў Кастрамской губерні; толькі часам хмарнеў ён, адвярнуўшыся, хрысціўся і ўздыхаў: «А-ах… царства нябеснае!» I клапаціўся, каб на магілцы сябра паставіць канечне бярозавы, з сырога дрэва, добры крыж: «А вы напішаце на ім», — прасіў мяне. «Добра».
Уцёкі
29 жніўня.
Не давялося нам — ні яму ставіць, ні мне надпісваць… 27 жніўня, аб 11–12 гадзіне ўночы, толькі я сцёпліўся на сон градушчы — трывога: знімаемся з пазіцыі. Ехалі ноч, учорашні цэлы дзень, едзем сёння… Па маім компасу выходзіць: поўнач-усход, паўдзён-усход, але ўсход і ўсход… Што? Чаму?
Едзем хутка, спыняемся мала, не болей як на хвіліны тры, часам пяць — і зноў едзем, едзем і едзем…
Няўжо адступаем? Едзем, а ззаду ў нас, дзесь далёка, не сціхаючы грыміць кананада.
31 жніўня.
Адступаем… Едзем дзень і ноч, з рэдкімі, невялічкімі прываламі. Ай, як жа хочацца спаць. Сіл няма. Хай дагоняць, заб'юць, толькі б легчы і задрамаць на траўцы пад дрэвам… Сіл няма ісці, а садзіцца нам, тэлефаністам, забаронена. Адзін ездавы зваліўся, задрамаўшы, і трапіў пад колы гарматы. Шчаслівы! паклалі ў санітарны фургон, — там выспіцца ўсмак. Мой добры геній — Яхімчык. Калі старшага блізка няма, дазваляе мне праехаць трошку на яго двухколцы, а сам злязае, быццам дзеля фізіялагічнае патрэбы. На прывалах пішу, каб не заснуць. Але рука і мазгі не слухаюць мяне.
Начою свецяць пражэктары з усіх бакоў. Часцей і часцей палыхаюць зарывы.
Глуха гудзіць кананада, але дзе — няможна ўлавіць.
Даганяем якіясь даўжэнныя абозы. Разы тры мы ўжо мусілі абхадзіць іх па полі, па раллі, па канавах. Яны загарадзілі дарогу і цягнуцца, як чарапахі.
З'явілася пяхота. Сыпле ў беспарадку…
Гавораць аб разбітых немцамі абозах, аб кінутых фурманках, зарадных скрынках — і ўратаваных дамскіх шаўковых нагавічках, блюзках, сярэбраных нажах і відэльцах, награбленых марадзёрамі, галоўным чынам, абознікамі.
Занялі былі пазіцыю. Цераз паўгадзіны кінулі і паехалі яшчэ шыбчэй… Мы ўцякаем, мы бяжым… А дзе ж вораг? Яго няма…
Вось і Вержбалова! Граніца. Эх!
З'явіліся масы пехацінцаў-«шатуноў», што згубілі або кінулі свае часці. «Ратуйся, хто можа!» — цынічна кажуць яны і бягуць, бягуць на ўсход. Не армія, а зброд. Камандзір наш то маўчыць, сцяўшы зубы, то кідаецца на «шатуноў» з бізуном. Іх ловяць, збіраюць дзесяткамі, ставяць ім начальніка і гоняць пад даглядам. Яны ўсё роўна разбягаюцца, каб дзе «зарваць» што з'есці.