На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Радасць маю зняважыў старшы пісар Лебедзеў, калі камандзір выйшаў:
— Ахвота ж пісаць газеты на такой свінячай мове. Ведь по-русски так легко научиться.
Задрыжэла ў мяне ўсё ад гневу, але што я магу сказаць гэтаму чарнасоценцу, калі ён гаворыць так не ад цемнаты, а свядома і наўмысля. Пашын так не скажа.
Добра ў хаце, у канцылярыі. А на дворы сцюдзёна. Вецер, як узімку. Ішоў на батарэю і па дарозе думаў: ці прыйдзе той час, што не будзе імперыялізму, нацыянальнага ўціску, багатых і бедных, сытых і галодных, цёплых і сцюдзёных, не будзе салдат, вайсковай службы, вайны? Калі
А ўсё ж я рад, што родныя мае ўсе здаровы, што ў дварэ ўсё добра! I недарма ж мы тут ваюемся, — да нечага ж даваюемся. I калі тут не заб'юць, прыйдзе пара паваюем і за што другое…
Паварот
16 верасня.
Удосвецця выехалі за Нёман. «Цяпер ідзём наступаць», — чамусь думаюць усе. Цёмна, з поля гудзе сцюдзёны восенны вецер. У лесе зацішней. Там пахне дымам. Між соснаў мітусяцца постаці пехацінцаў.
Дождж. З левага флангу далятае далёкая кананада. Дождж яшчэ буйнейшы. Стаім. Схаваўся пад сасну. Пад ёю было некалькі пехацінцаў і між імі адзін пехацінец — вальнапісаны. Ён сказаў дзіўную навіну: «З левага боку кавалак нашага фронту займае японскі корпус». Зусім нядаўнія ворагі — японцы? Дзіўна!
17 верасня.
Цэлы дзень залівае нас дождж, а мы едзем, едзем і едзем. На ганках пустой, кінутай хаткі стаяў вайсковы поп і бласлаўляў нас крыжам, і так бласлаўляў усю калону, як цягнулася міма яго. Іншыя, старанныя, падходзілі, і ён даваў цалаваць крыж і руку.
Значыцца — ідзём наступаць…
18 верасня.
Страшная ноч! Растаропіца непралажая, вецер ёдкі, праразлівы. То адно, то другое аруддзе топіцца. Цягнуць, крычаць, лаюцца. Трэба ўсім доўга стаяць і чакаць, покуль яго выцягнуць. Я азыз і трасуся.
— Злайся, братка, па-мацернаму, — пацяплеець, — дае мне раду старшы.
19 верасня.
У нас ёсць ужо новы прапаршчык, маладзенькі, толькі са школы, на прозвішча Кульгацкі. Ён загаманіў са мною па-сяброўску. На маё пытанне сказаў, што ніякіх японцаў на нашым фронце няма, — наіўна было б думаць… Ад яго ж даведаўся, што ішлі мы спачатку на м. Сімна, потым падаліся на Марыямпаль і стаім ад яго за колькі вёрст. Немцаў абходзяць, і яны сёння ў 1 гадзіну дня пакінулі Марыямпаль без бою.
Цэлы дзень ехалі па глыбокай гразі пад дажджом. Сухой ніткі не было на мне.
Праязджалі вялікі панскі двор, дзе памешчык — паляк, арандатар — яўрэй, батракі — жмудзіны. Зусім як бывае і ў нас на Беларусі. Не дзіва, што ні польскія паны, ні яўрэйскія эксплуататары не спагадаюць ні літоўскаму, ні нашаму адраджэнню. Прабудзіцца народ — і зверне ім карак… Толькі ці дажывуся я да гэтае пары, цягаючыся так, як учора? Кашаль мяне душыць, левы локаць балюча ные. I што б мне захварэць як мае
У-у! На каго сціскаюцца мае кулакі.
20 верасня.
Стары салдат-пехацінец разважае:
— У японскую вайну было лепей. Сібірскае начальства рупілася, каб салдат быў сыты. Прывал 10 мінут: тут табе, заехаўшы наперад, кашавары гарачую гарбату даюць, кансервы… А тут цэлы тыдзень не еўшы ідзі-ідзі, а заблудзіў у сад гнілы яблык падняць, — афіцэр цябе хлабасцінаю па галаве… гоніць, як свінню. Не даражаць здароўем салдата: як толькі дождж, дык канешне і паход. Ды ўстураць гадзін на пяць раней, чымся прыйдзецца выступіць у дарогу — стой, калей, мучайся, няведама нашто… Ці паверыце: на мне «звяры» шаволяцца, вытрываць няможна…
Веру, бо і ў мяне таксама. Ды і ўва ўсіх чыста.
Сёння праязджалі мясцовасці, дзе ўжо ляжыць след гаспадарання немцаў. Мірныя жыхары страшэнна жаляцца на іхныя здзекі і грабежніцтва.
— Усё забралі, пакралі. Гусіну тваю зарэжа, і яшчэ пух ім абдзірай. Бульбы, як нашы, не капаюць: падавай ім чагось далікатнейшага — масла, яек, малака… Рылы — во! Відаць, на добрым хлебе гадаваліся, не то што мы. Усю лепшую вопратку забралі, коні забралі, кароў або парэзалі, або з сабою пагналі. Дзяўчат крыўдзілі…
— Ну, а што вы рабілі, як быў бой?
— Што? Дужа баяліся. У ямах сядзелі.
— Як пачаўся бой, — кажа стары жмогус, — пабег я цераз сад у бліндаж, што немцы нам параілі зрабіць. Бягу, а дрэвы ад трасяніны паветра так і хістаюцца. Сабачку майго забіла… Такі слаўны быў сабачка, цікавы…
— З ружжаў мала стралялі, а ўсё: бу-бу-бу! Ад раніцы да вечара бухалі, а мы сядзелі ці поўзалі, як здохлыя, не еўшы…
— Калі бог вам дасць зайсці ў іхную зямлю, вы там так рабіце, — гаворыць з горкай злосцю нейкая маладзіца-жмудзінка, змучаная, з мутнымі вачыма. Гаворыць добра па-расійску: відаць, служыла ў горадзе.
Другая маладзіца слухае нашу польска-расійскую размову, нічога не разумее і заліваецца гаручымі слязьмі. Потым нешта з адчаем гаворыць па-жмудзінску.
— Што яна кажа? — пытаемся.
— Кажа: ізноў прыйдуць немцы. Дурная баба! — тлумачыць старэнькі жмогус з голенымі вусамі.
22 верасня.
Учора выехалі ў першай гадзіне ночы. Ехалі па вялікай гразі, пад дажджом, на перанізваючым ветры.
Потым дзень зрабіўся ясны, сонечны, але не пацяплела, — сцюдзёна. Ля касцёлу стаялі… грымнулі стрэлы з гармат і вінтовак! Нашы ці нямецкія, — не ведаю, але нешта дужа блізка. Слабасць духа, страх смерці апанавалі мяне.
З паўдня адкрылі бой за сялом. Страляніна на ўсім фронце. Відаць, дайшлі да нямецкіх пазіцый. Наглядальнік 1-е батарэі казаў, што ў трубу Цэйса відаць, як на далёкім-далёкім узгорку пагульваюць немцы, але нашы гарматы там не дастаюць. Трашчэлі і кулямёты, але найболей біла артылерыя.
23 верасня.
Бой як пачаўся ўчора, так ішоў усю ноч і сёння ідзе. Гэта першы раз, каб уначы так палілі з кулямётаў і вінтовак.
— Пажар! Пажар! — закрычалі нашы тэлефаністы блізка поўначы.