На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
11 кастрычніка.
Учора, ішоўшы з канцылярыі назад на батарэю, я заблудзіўся, узапрэў ад хады і ад боязні, што не знайду батарэю. Пасля маіх высокіх разважанняў — самая камічная прыгода. А карту я так і не паспеў начарціць, балазе ўзяўся за гэта падпаручнік Сізоў. Спаў я ў хаце, вошы шукаў, раздзеўся, добра спаў. Хто можа адчуць гэтую радасць і прыемнасць: спаць раздзеўшыся? Толькі той, хто блізу месяц спаў у ботах і ў шынялі… А начаваў гэта я на тым хутары, дзе афіцэры начуюць, толькі ў другой палавіне. Цяпер сяджу ў акопе і ў рукавічках пішу.
12 кастрычніка.
Не пішацца. Не ведаю, які сёння дзень, і лянуюся вылічаць. На левым фланзе вялікі бой, а ў нас — толькі з паразітамі бой. Ціха, нудна і цяжка.
13
Жонка плача, што раса падзе; сястра плача, што ручай цячэ; матка плача, што рака плыве…
Сёння раніца марозлівая. Лог белы ад парошы. У паветры не туман, а густая, цёплая пара. Ногі шыбка ідуць па скрыпучай траўцы.
За кустом выкінуў з дзесятак белых, чарнаватых пасярод, буйных вошын. Палягчэла на душы.
Па абедзе разбіраў і чысціў карабін. Трэба памазаць, а няма чым. Пашын пажартаваў: даў раду чым памазаць, але і гэтага ў нас мала, бо кормяць толькі ўвечары адною бурдою.
Пад вечар прост замучыла пякотка. Мусіць, ад хлеба. Трымаемся хлебам.
Апроч таго, меў другую прыкрасць. Праходзячы міма камандзіра, не аддаў чэсці, бо думаў, што не дваццаць жа разоў на дзень аддаваць. Аказваецца, яшчэ няважны я салдат: хоць сто разоў праходзіш міма, трэба казыраць і казыраць. Дастаў добрую праборку ад камандзіра, потым ад старшага. Старшаму за мяне было ад камандзіра вымова. Ану вас усіх к чорту!
Пераезд
15 кастрычніка, 5-я гадзіна раніцы.
Сёння апаўночы з'ехалі з пазіцыі, на якой стаялі аж 2З даўгіх-даўгіх і нудных-нудных дні. Яе пасля нас заняла N-ская брыгада.
Куды едзем — не ведаю. Кіруемся на левы фланг.
У дарозе пакалелі. Ноч — як год.
Цяпер затое ем бліны ў цёплай хатцы добрага жмогуса (стаім на біваку). Гаспадар з жалем пазірае на маю прагавітасць і шкадуе салдата: «Салдотус — як сабак…» — «Так, ацец! Салдацкая доля — сабацкая».
Цягнемся далей.
Балота пад нагамі. Скрозь — туман; часам нешта сыплецца мокранькае і драбнюсенькае, туман не туман, дождж не дождж; дзесь варона: кра-кра кра! Мокрае лісце пад дрэвамі, дым з коміна ў хутарцоў, сабачка: гаў-гаў гаў!
Куды мы едзем?
16 кастрычніка.
На бівак прыехалі ўчора позным вечарам. Некалькі снарадных скрынак асталося ў дарозе, утапіўшыся ў гразі, і прыехалі ўночы. Коні нашы выбіліся з духу, пара ад іх ідзе, як белы дым. Людзі замардаваліся, цягнучы з балота гарматы, фурманкі і коней.
Начуем паміж гор.
Сёння дарога сушэй, і туману няма.
Навакол — горы, лагчыны, балотцы. Нямецкі аэрастат, як таўстая кішка ў небе, вісіць і вісіць. Здаваўся далёка справа, цяпер мы едзем проста на яго.
Прывал. Пяхота збірае трэсачкі грэць ваду ў сваіх кацялках і «апраўляецца», дзесяць раз ступіць адтуль, дзе п'юць гарбату і ядуць хлеб. Наш камандзір даў аднаму бізуна па спіне і шалёна крыкнуў: «Свінні!!»
Я надумаўся бегчы на бліжэйшы хутар, спадзяваўся купіць там хоць трошку хлеба. Хлеба я не дастаў, бо там ужо поўны двор салдатаў, але затое ўбачыў незвычайна прыгожых дзяўчат-жмудзінак. Іх было тры сястры. Прыгожая старэйшая, а яшчэ болей — меншанькая. Стройная, лоб высокі і белы, вусначкі крыху ўзнятыя, вочы доўгія і галубыя, дзве пушыстыя касы ззаду — светлыя і трошку кудравяцца, а форма рукі — ну прост класічная, асабліва ў сялянскай дзяўчынкі. Кожны рух, погляд, шаволяцца вусны — з нейкай простай, але харошай дзявочай грацыяй. Салодка было глядзець на яе мілае жмудзінскае і агульна-людское хараство. А сярэдняя — нецікаўная… «I чаму пакрыўдзіла прырода побач з гэткімі сёстрамі?» — думаў я. Меншанькая дужа падобна да старэйшай, але ў старэйшай усё ў пышным, сталым красаванні. Стаіць яна змычкаю лёну, не апрануўшыся, толькі накінуўшы на плечы цёпленькую хустку (косы выпушчаны поверх), стаіць і з пытліва-сумным чаканнем углядаецца, як салдаты ламаюць палкі ў плоце, крышаць дзіравую карзінку — на цяпло гатаваць у кацялках гарбату. Мне так захацелася пачуць яе голас, што аж сэрца застукала.
Я папрасіў:
— Прашам донас (хлеб), сурыс (сыр), пена (малако), кяўшыне (яйкі), яблыкас (гэтае слова стварыў «па-жмудзінску» сам)… Пінегу, пінегу (грошы)! — закрычаў я, каб не падумала, што дарма хачу. Болей не меў запасу слоў.
— Нека нейра… нека нейра (нічога няма)! — адказала яна ветліва, крышку засмучона ціхім, але прыемным
I я туды падышоў. Там «гаспадаріс» (так тут кажуць) з хлапцом, падобным да сярэдняе сястры, бегалі паміж яблыняк, хапаліся то за куфры, вынесеныя сюды з хаты, то за кубел, то за груд убогага рыззя, і клапатліва, трывожна гаманілі і крычалі ў сваёй мове.
Я маркотны пацягнуўся з горкі, ад хутара, уніз к ручаю, дзе стаяла батарэя.
Ззіў-ж-ж — цю-юў! — злавешча прапяяла раптам неспадзяваная шрапнель і шпокнула на горцы над хутарам. Абстрэл быў гэткі нечаканы, што я ўталопіўся там, дзе стаяў…
Гляджу: пяхота сыпле ўніз, як бульба, бразгае кацялкамі, куляецца з вінтоўкамі ў адстаўленай руцэ — скок! скок! — хто куды, цераз плот, цераз канаву і навакол усяго хутара. З другой хаты хапаюцца ўцячы пяхотныя афіцэры, між іх знедкуль заблукаўся з сваёю скрыпкаю ў руках наш Дзікан. Бяжыць прытка, перагнаў усіх.
— Трывога!
Жжу-жшу-гру укх! — вагам, з растучымі націскамі ў гуках, як 6ы вал за валам, яшчэ болей злавешча прагудзела і, раптоўна змоўкнуўшы, а потым глушачы ўсё ў адзін жудасны момант, грокнулася троху воддаль ад хутара першая граната.
Сярод пяхоты ўзнялася невыражоная паніка, закапашыліся, як здзічэлы раскопаны мурашнік, бразгаталі кацялкамі, лапаткамі, цягнулі вінтоўкі за штык і беглі безвач ува ўсе бакі. Спакойны выгляд батарэі і крыкі афіцэраў абразумілі іх. Паваліліся пад узмежкі, прытуліліся пад бераг рэчкі, але бегчы перасталі, зніклі…
— Па конях!! — горда скамандаваў наш камандзір, батарэя рванулася, камандзір паехаў шыбка, а за ім стужкаю-вужакаю, не астаючыся, шыбка папаўзла батарэя наперад па дарозе.
17 кастрычніка.
Усяго я ўчора не дапісаў.
Як мы ад'ехалі ад таго хутара, абстрэл перастаў. Але перад самай ужо пазіцыяй трэба было пераехаць высокае голае месца. Мы пра гэта не ведалі, афіцэры нам не сказалі. А можа, і ведаў толькі камандзір. Выйшла нам гэта новаю неспадзяванкаю. Вораг з свайго проклятага аэрастату ўгледзеў. Толькі галава калоны ўзабралася на горку — гранаты, шрапнелі, гкрах-бух… Батарэя рынулася наўперад шалёным галопам. Потым я бачыў толькі тое, што было перад самымі вачмі. Я ішоў, а калі ўсё паняслося на злом карку, я ўчарэпіўся адзаду за тэлефонную двухколку, адарваўся, адкаціўся. Усхапіўся, пабег… Снарадная скрынка перакулілася, і коні цягнулі яе нейкі час дагары каткамі, кінуліся на дыбкі, убок, зблыталіся, заваліліся. Дзве пары вынасаў (коні), не ведаю, ад каторых аруддзяў, вырваліся з запрэжкі, праляцелі міма мяне па полі, пад свістам асколкаў і грукатам узрываў, цягнучы абарваныя пастромкі, кінуліся на лог, у балота і адразу ўскочылі па шыю. Потым я прысеў на адзін момант пад прыдарожнаю канаўкаю, бачыў, што на дарозе ляжыць шапка, нехта згубіў, мяшок аўса і нашы батарэйныя лапаты адвязаліся і паскідаліся. Батарэйцы і нейкія пехацінцы скакалі па полі, як вераб'і, быццам гуляючы з асколкамі ў хаванкі. Было гэта адзін момант. Пехацінец бег, хаваўся пад быльнік, ізноў выбег, страціўшы ад страху розум, махнуў рукамі і перакуліўся, — ранены… I я сарваўся і паляцеў наўперад, бо тут хавацца — смерць… Самая задняя гармата грыміць міма на адным коле, а другое задралася ўгару. У коней грывы задраліся, а людзі абшчапілі іх за шыі — і так шыбка-шыбка едуць. Я ўбачыў, што арудзійныя нумары ўзляпіліся на дула, на ўсю гармату, што зазвычай забараняецца. I я, не ведаю, якімі сіламі, кінуўся да іх і ўскочыў верхам на самы задраны кончык дула. Ніхто мяне не спіхнуў, нехта ж (дагэтуль не ведаю хто) схапіў спераду за гімнасцёрку і цягнуў, каб я не адваліўся набак, так я і ўседзеў. Зараз батарэя паехала з гары, і тут было зацішней, але ўвесь строй збунтаваўся, каб не наехаць на другіх, кідаліся міма, у бакі. I тут ізноў невялічкі пад'ём, на вышэйшым месцы хутар, і на хутар таксама б'юць снарады. Што было, пераказаць і нават уздумаць і разабрацца — трудна. Пярэднія зрабіліся заднімі. Нумары разбегліся, як спуджанае стада курапатак; непрыгожа прысядаюць да зямлі, калі рвецца снарад. Кожнае аруддзе, кожная запрэжка, кожны чалавек ірваўся і пёр наперад сам па сабе — галопам, скокам, наўскачка, рассыпаўшыся хто куды. Чорным дымам засцілалі іх гранаты. Свістала і сыпала смяротным гарохам з сівога клубочка-хмаркі шрапнель. Смерць таму, у каго яна клубіцца над самаю галавою. Бягу, бягу — у горле суха, горача, хрыпата. Вось наша тэлефонка — перакульнулася, конь заваліўся, ляжыць: ці жывы, ці забіты? Міма, міма!