Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Настрой ува ўсіх дрэнны. Немцы не адступаюць. Па дарозе пляцецца шмат нашых раненых пехацінцаў; трасуцца ад холаду. Яны невясёла пераказваюць, што немцы падманяюць нашых то нібы кінутымі перадкамі разбітае батарэі, то белым флагам, а потым косяць кулямётам «як капусту». Акопы яны сабе нарабілі з таўсценнага сасновага бярвення і рэек з жалезнае дарогі. Ім там цёпла: паставілі печачкі, нацягнулі пярын ад мірных жыхароў, кажухоў, нават сталоў і крэслаў.

Жывуць, як паны, у сваёй хаце. «Ім хоць бы што… Выбі іх адтуль нашымі свісцёлкамі! [3] »

3

Лёгкай палявой артылерыяй. Шпорамі.

Чуецца

з усіх бакоў нараканне, што ў нас няма цяжкай артылерыі… і наогул парадку.

Раніцаю троху спаў (на восенным сонейку). Прачнуўся; на зямлі ў лагчынах шараватая пароша — вястуння недалёчкае зімы. Толькі чаму яна не весяліць, як у сваёй роднай вёсачцы, дзе з яе прыходам вяжуцца ў успамінах бліны, скваркі, драная бульба з салам, малацьба ўдосвецце, капанне буракоў, дабіранне канапелек, сечка капусты?..

Ух, капуста нагадала кулямётную «капусту»!

Я пачынаю бунтаваць супроць начальства, што на зямлі і што на небе.

Навіны за дзень:

Елі нясмачную нішчымную бульбу, накрадзеную з поля хутаран.

Пілі цагляны («кірпічны») чай з хлебам.

Прыйшла мне тэлеграма; яна мяне спалохала была страшна і здзівіла. «Вам тэлеграма!» — «Дзе? Якая? Што такое?» — «Сцяпана забралі. Паведамі здароўе…» Аж яна ішла даўжэй за ліст! А я быў падумаў: няўжо каго забілі?

На гэтай пазіцыі маем ужо 4 забітых, 8 раненых і адну папсаваную гармату. I гэта ў батарэі, а што ж у пяхоце?

Кажуць, быццам 10-я армія (ген.[ерала] Мішчанкі) абышла немцаў і пагнала. Яны павінны і тут уцячы, і гэтага ўсім нам дужа хочацца, бо чацвёрты дзень стаім у нейкім напружаным чаканні і калеем у дрэнненькіх акопах.

Камандзір N-скае батарэі ехаў ля нас п'яны, чырвоны, з заліхвацкімі бураватымі вусікамі і крычаў:

— Хлопцы! Камандзір корпусу загадаў узяць пазіцыю ўва што б тое ні стала.

Першая батарэя некуды паехала; уначы, мабыць, і мы пераедзем.

Прыехаў у нашу батарэю новы афіцэр, толькі што прайзведзены падпаручнік Сізоў. Маладзенькі, далікатны і сарамлівы, як дзяўчына. Але стройны, высокі, прыгожы. Усё ў яго новенькае. Жоўтае сядло скрыпіць і пахне фабрыкаю. Новенькая шэрая шынель — да пят, з дзявочым станам і выстаўляецца на грудзях кругла і выпукла. Пазнаёміўся са мною — як з роўным. Сядзеў у нашым, тэлефонным, акопе і шмат чаго казаў нам і частаваў нас цукеркамі і шакаладам. Ён хоча быць для ўсіх добры і даступны. Гаварылі з ім пра дрэнныя салдацкія абеды (ён вінавата зганіў і афіцэрскія), пра нуднае жыццё на пазіцыі, пра лёгкую магчымасць смерці, пра вайну («пасля вайны, і яна скора скончыцца, нас, вайсковых, на руках будуць насіць»), пра 2014 год («рай будзе на зямлі»), пра чалавека, што «як кропля ў моры», і г. д. Калі мы засталіся толькі ўдваіх у акопе (Беленькі пайшоў па абед), гутарка ізноў узбілася на лёгка магчымую смерць, і падпаручнік Сізоў удаўся ў містыцызм. З не спадзяванай блізкасцю прызнаўся ён мне, што ў яго ёсць «маленькі святы абразок ад слаўнай дзяўчыны», з якою ён пазнаёміўся «нядаўна і даволі арыгінальным спосабам». Нядаўна пазнаёміўшыся, яна дакляравала прыйсці на вакзал праваджаць яго на фронт, «прыйшла і прынясла абразок». «Абразок майго ангела», — з пачуццём і маладою сарамлівасцю адзначыў Сізоў. Ён з любасцю намаляваў мне «сімпатычны тып рускай дзяўчыны». «Яна казала, — раздумана спамінаў ён, — калі мне будзе пагражаць небяспека, смерць ці што, каб памаліўся святому, што на абразку, і ўспомніў на яе…» Цяпер падпаручнік піша ёй лісты і з нецярплівасцю чакае водпуску. «Але спачатку трэба зрабіць што-небудзь і на фронце, — канчаў ён размову. — Вось вы ўжо прадстаўлены к крыжу, як я вам зайздрую!»

Стралялі сёння «па непрыяцельскіх акопах» (такая была каманда). Выпусцілі, паводле маіх запісаў, 9 гранат і 381 шрапнель. Увечары паедзем на другую пазіцыю.

Стаім

26 верасня.

Стаім на той самай пазіцыі, не пераехалі. На падмогу нам прыслалі, кажуць, чатыры цяжкіх аруддзі і марціры. Пад'ехалі нібыта к нам начою.

Грымела ўсю ноч. Немцы стаяць. Абстралялі наш наглядальны пункт цяжкімі снарадамі. Разарвалася болей за трыста снарадаў на адной маленечкай горцы, дзе быў гэты пункт. Дрэва пашчапана там на трэскі. Зямлю развярнула —

не апісаць. Камандзір і тэлефаністы, балазеткі, у пярэрве абстрэлу ўцяклі. Абстрэл гэты няма што і раўнаваць да ранейшых баёў: гэта была жудасць неапісальная… Зямля стагнала, і ўсе мы, седзячы збоку, стагна лі або нямелі, закрыўшыся далонямі. Батарэя тэрарызавана, Няма ў мяне жадання апісваць, бо думкі і словы спаралізаваны гэтым дзікім, страшным гулам, што звініць яшчэ ў вушах.

На адну рэч хапае слоў: «звяры», «звяры», «звяры» ці, каб не траціць фігуральных выразаў на паскудства, проста — буйныя белыя вошы. На нагах, на спіне, усюды. Поўзаюць, варушацца. Можна здурнець.

27 верасня.

Стаім на той жа пазіцыі. На фронце заціш, вайна з вашмі.

Сніў, што чытаю газеты. Ах, каб спраўдзілася.

28 верасня.

Цалютку ноч, пазменна, капалі акопы недалёчка ад старой пазіцыі, з якой яшчэ не зняліся. Зрабілі добрыя бліндажы, хоць і дужа пакрыўдзілі будынкі хутарца жмогуса.

29 верасня.

Забіты чалавек, забіты чалавек… Што тут асаблівага? Здаецца, нічога. А як уяўляю сабе тыя страшныя, мутныя, мёртвыя вочы, вывернутыя мазгі, кроў, сцягнутыя сутаргай і пастаўленыя ўгору адубеўшыя рукі са сціснутымі кулакамі, — тады толькі чую значэнне слоў «забіты чалавек». Духовага ж безабраззя ўва ўсёй глыбіні адчуць не магу. Атупеў.

Я лічу па сваіх запісах каманды, колькі патронаў за дзень выпусціла батарэя, раўнадушна дакладваю аб тым капітану Смірнову, перадаю ад тэлефона дужым голасам каманду: «Адзін патрон — беглы агонь!» — і мяне гэта не чапае. А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля…

— Значок, каторым адзначаюць праўдзівых герояў, — сказана было, як раздавалі Георгіеўскія крыжы. А тым часам…

Седзячы цэлы дзень у акопах, пад страшэнным абстрэлам, 4-га жніўня «праўдзівыя героі» — падпрапаршчык X. і старшы феерверкер Z. — пасылалі па розных справах пад кулі ніжніх чыноў, а самі «рабілі» ў акопе і закапвалі лапатачкамі.

7-га жніўня, у другім баі, падпрапаршчык Ф. С., што яму даюць крыжы 4-й, З-й і ўжо 2-й ступені і што быў у той дзень арудзійным феерверкам, рабіў тое самае, тое не закапваў, а выкідаў з акопу на лапатачцы. Што ж, з разумнага погляду так і трэба, калі можна ўратаваць жыццё, не робячы непатрэбнай рызыкі. Але чаму ж не далі крыжоў тым ніжнім чынам, што павінны былі дзеля службы вылязаць з акопу і бегаць пад кулямі? «На ўсіх не хопіць». Значыцца, усе — падобныя «героі», а злашча ў пяхоце, дзе непараўнана болей рызыкі. А ці там гэтак шчодра даюць крыжы?

Мы, тэлефаністы, дасталі іх за той бой, калі зазвычай далёка не па-геройску спіраліся: «Ты ідзі злучаць провад!» — «А сам?» — «А ты?» — «А чарод чый?» — «А я за цябе старшы: мусіш слухаць».

Дык у чым жа праўдзівае геройства і ці шмат пад гэтымі крыжамі герояў? Ці я, можа, нядобра разумею слова «геройства»? На сучаснай вайне — усе героі ці, лепей кажучы, няма герояў, а ёсць болей ці меней дысцыплінаванае быдла.

Можна да крыві грудзі раздрапаць ад паразітаў. Сядзеў у гімнасцёрцы на голае цела і мыў сарочку ў сцюдзёнай вадзе без мыла.

— Пустое, брат, дзела! — сказаў Пашын. — Без вару рады не дасі.

Напісаў тату пісьмо, каб нічога не прысылалі, а толькі — парашку «Арагац» труціць гэтых белых бандытаў, і як найскарэй.

З0 верасня.

Жывеш тут нямыцькай, ваюючы з вашмі і хцівым сабакам кідаючыся на вядро з казённаю бурдою.

Грымяць гарматы, нягледзячы ні на дождж, ні на холад, ні на гразь, ні на цямноту начы. Грымяць…

Нашто і за што?

Тыя сацыялісты, штоадразу заявіліся «паражэнцамі», за сваю цвёрдасць духу маюць будучыню. Не баюся ў гэты момант саглядатаяў, — хай прачытаюць маю кніжачку і расстраляюць палявым судом. Толькі… ці надоўга ў мяне гэткай смеласці?

Поделиться:
Популярные книги

Изгой. Трилогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
8.45
рейтинг книги
Изгой. Трилогия

Старатель 2

Лей Влад
2. Старатели
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Старатель 2

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Кодекс Охотника. Книга IX

Винокуров Юрий
9. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IX

Школа Семи Камней

Жгулёв Пётр Николаевич
10. Real-Rpg
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Школа Семи Камней

Тайны ордена

Каменистый Артем
6. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.48
рейтинг книги
Тайны ордена

Убивать чтобы жить 9

Бор Жорж
9. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 9

Мимик нового Мира 11

Северный Лис
10. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 11

Пришествие бога смерти. Том 5

Дорничев Дмитрий
5. Ленивое божество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Пришествие бога смерти. Том 5

Аномальный наследник. Том 3

Тарс Элиан
2. Аномальный наследник
Фантастика:
фэнтези
7.74
рейтинг книги
Аномальный наследник. Том 3

Опер. Девочка на спор

Бигси Анна
5. Опасная работа
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Опер. Девочка на спор

Имя нам Легион. Том 4

Дорничев Дмитрий
4. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 4

Приручитель женщин-монстров. Том 8

Дорничев Дмитрий
8. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 8

Личник

Валериев Игорь
3. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
6.33
рейтинг книги
Личник