На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Я загледзеўся на прыгожы абраз: ад снараду загарэўся дом ці стог хлеба, дым палавы, а потым чорны, густы, з языкамі полымя, прэцца ўгару к цёмнаму небу. А гэтым часам па ўсім фронце гудзіць, шуміць, бэхае, свішча, трашчыць. Кулямёты, без ліку іх з усіх бакоў: тр-тр-тр!.. Цяжкімі: гкрэх! гкрэх! — са страшнай сілаю «крые» немец нашы пяхотныя акопы і «шчупае», дзе батарэі.
Надвор'е пацішэла, устоілася; ветру няма, толькі халодна-ядрана; нагам сцюдзёна, няможна сагрэць.
Ноч я перабыў у ямцы, што падкапаў у беразе сухой
Як ішоў на хутар, троху немаведама чаго баяўся, бо цёмна і пуста. Каб супакоіцца, даў волю фантазіі. Уявіў сабе, між іншым, што гэтае жмудскае поле яшчэ так нядаўна агалашалася мірнай песняй дзяўчыны-пастушкі, хлопчыкі-канюшкі клалі цяпло, грэліся, смажылі сала на важашках, казалі казкі… А цяпер?
У канцылярыі красіну не знайшоў і адабраў астатні запас у бедных хутаранаў. Гаспадыня аж плакала, але як я мог вярнуцца без красіну? Я прасіў, упрашваў, умаўляў, сварыўся, пагражаў. Самому было сумна і смешна ад свае ролі гэткага рашучага салдата.
Пераязджаем на новую пазіцыю, трошку наперад.
24 верасня.
Уначы было надта халодна. На фронце заціш, мы стаялі як бы на прывале, толькі гарматы былі пастаўлены гатовыя к бою, а я тым часам не мог выспацца. Спаў на зямлі пад брызентам, і хоць сябры мае добрыя пусцілі мяне легчы пасярод, я прост дубеў ад холаду. Калі яны спалі, я колькі разоў усхопліваўся і бегаў па полі, як конь-стаеннік, пад маркотным начавым бліскам месяца. Вартаўнік здзіўлена і трошку пужліва ўглядаўся на мяне: ці не здурнеў часам вальнапісаны? Вучоныя, яны… часта дурнеюць.
— Чаго вы? — не ўцерпеў, спытаўся, і сказаў не ты, а вы, што было знакам трывогі ў яго простай салдацкай душы.
А я — гоц, гоц, гоц! і крычу:
— Га? Блохі кусаюць…
— Гі-гі-гі! — супакойна засмяяўся вартаўнік, пачуўшы мой жартаўлівы голас. I сам пажартаваў са мною: — Гі-гі-гі… Даўно яны са страху паздыхалі. Хіба белыя? Гі-гі-гі…
А я, запыханы, юркнуў пад брызент і прытуліўся да Беленькага.
Раніцаю хацеў пагаманіць з прапаршчыкам Кульгацкім.
— Ваша благародзіе!.. — А ён з перапуду кашляўся (мусіць, што я да яго так звярнуўся) — і:
— Андрэй! Андрэй! — гукнуў свайго дзеншчыка (майго цёзку), — пачастуй вальнапісанага чашкаю чаю. — I сам пайшоў зараз у хату, нейкую, мусіць, карчму пры заезным двары, бо толькі адна яна тут і ёсць пры дарозе. А белага хлеба ў Марыямпалі мне так і не купіў, хоць сам запрапанаваў купіць, калі ехалі сюды з-пад Нёмну. «Гаспада афіцэры ўсё разабралі», — сонна сказаў мне Андрэй на маё пытанне. Цяпер я падумаў: мусіць, прапаршчык закашляўся таму, што не купіў мне хлеба… Ці якая можа быць яшчэ прычына?
Удзень ляталі два
— Колькі выпусцілі снарадаў? 317 гранат і 39 шрапнеляў? Нічога… маё аруддзе чалавек дваццаць забіла, хопіць на гэтай пазіцыі…
Аднак жа мы паспелі выкапаць акопы, і пакідаць іх нікому не хочацца.
Ногі мае дужа зяблі ўчора цэлы дзень і сёння зябнуць — няма куды дзецца, хоць ты плач.
Хлеба няма ўжо трэці дзень. I няма дзе купіць нават за грошы, чыстая бяда прыйшла. Аб чым думае наш тыл? А сухары свае мы пагрызлі раней без дазволу.
— Вось цяпер і сядзіце на бабох, сказаў капітан Фядотаў.
— Дзе ж той боб? Дайце нам, мы яго з'ядзём!
Абеды нашы дужа дрэнныя, адна вада, і тая чорная ад гнілых капусцінак ці то ад сушанай гародніны, што рэдка-рэдка дзе баўтаецца. Ядзім два разы ў дзень, уранні і ўвечары. Адзін раз даецца порцыйка мяса, але такая малая, што і есці няма чаго. Порцыйка — закачаная ў пясок бруднымі пальцамі кашавара і арцельшчыка. Ох, гэтыя пальцы:
імі раздзіраюць мяса на порцыі, імі тут жа і смаркаюцца «ў кулак». Звараныя порцыі раскладваюць на падсцелены мяшок, а часам нават на шынялі. Як быццам так трудна прыстарацца якой чыстай дошкі.
25 верасня.
Рукі трэскаюцца ад сіверкі, пісаць холадна. А ноч блізу што і не спаў так пазяб. Ляжаў каля тэлефоннага апарату з трубкаю ў руцэ ля вуха. Ляжаў — як можна, закрыўшыся сенам, каб было цяплей. Усё роўна праварочаўся да рання з боку на бок у халоднай трасцы.
Сёння не мыўся (другі дзень). Хлеба прывязлі фунты па два (ці меней) на чалавека. Хадзіў «у тыл», шукаць хлеба, яблыкаў. Нідзе нічога… У касцёл зайшоў, бачыў там груд розных лахманоў, знесеных сялянамі на сховы. Салдаты хацелі расцягнуць, але ім не далі сваім гвалтам бабы.
Пры касцёле сярод кучкі старых жмогусаў і салдатаў чуў жудасную гісторыю, як немцы гвалцілі дзяўчат-жмудзінак… Аж не ймецца веры. Нейкі вайсковы пісар, відаць, свежанькі на фронце і чалавек кніжны, з вялікім абурэннем і ўзварушлівасцю лаяў, лаяў немцаў: «Гэтак яны прышчэпліваюць сваю культуру… ах, сволачы!» Потым яго размова перайшла на дужа патрыятычную маскоўскую ноту і нагнала на жмогусаў таскнату, а на мяне прыкрасць. «Ну што: дрэнна вам пад Расіяй? Пад немцамі лепей? Скаштавалі? Вы каталікі, а ў нас вы маеце ўсякае права, а вось вам нямецкая культура… скаштавалі!»