На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Хлеба другі дзень няма. Купіў у жмогуса гнілых дулек на 15 к. Папсаваў бруха. Не хочацца пісаць.
7 кастрычніка.
За дзень батарэяй выпушчана З7 гранат і 9З шрапнелі.
Усё на свеце дрэнна.
8 кастрычніка.
Сённяшняй начою на дрэве ля пажарышча (дзе быў раней хутарок і мы хадзілі абагравацца) задавіўся на рамні ад карабіна яўрэй, дабраволец з пяхотнага прыкрыцця нашае батарэі. Ува ўсіх цяжка і брыдка на душы. У прыкрыцці чалавек пяцьдзесят, і я гэтага дабравольца раней, на жаль, не заўважыў. Ды яны ж там і мяняюцца часта. Салдаты наогул страшэнна не любяць дабравольцаў. Заўсёды дражняць: «Дабраволец… за дзень да прызыву запісаўся».
Ужо 17 дзён стаім тут.
I абрыдла мне гэтая пазіцыя страшэнна.
9 кастрычніка.
18-ты дзень тут… Учора ўсё гаманілі, што замірэнне скора будзе, не пазней 25-га гэтага месяца. Ну і даў немец замірэнне, што і языкі ў гаманіўшых сцяла… Змрокам, калі наш камандзір раз'юшыўся і стаў пускаць «два патроны, беглы агонь», немец падгледзеў, мабыць, бліск ад стрэлаў і схапіў кірунак на батарэю; або раней, удзень, са змяйковага аэрастату прымеціў, што людзі тут ходзяць, бо хадзілі пехацінцы з батарэйнага прыкрыцця і нашы батарэйцы насілі салому ў зямлянку «гарохам». Раптоўна, ані з тога, ані з сёга, толькі канчаўся дзень, толькі ўжо цямнела — бухнула па нас першая граната… Блізюхтанька ад батарэі, у самае балота. Зараз яшчэ, яшчэ, пералёт, недалёт, узяў «у вілку», засмаліў…
— Намяры ў равочкі!! — крычыць першы раз такім аглашоным голасам капітан Фядотаў.
Намярамі завуцца салдаты пры аруддзі, бо праца іхная размяркована па нумарах. I я заўважыў адным вокам, збоку і знізу, бо ўжо ўкінуўся ў акоп, як і капітанавы ногі беглі хавацца. Мусіць, усе тым часам пахаваліся, бо капітан Фядотаў заўсёды хаваецца апошні. На батарэі стала мёртвая ціша, свая, наша, а ў ёй гкрэхала чужое…
Мы сядзелі ў акопе, — я і Беленькі, а Пашын не паспеў і ўкаціўся недзе ў акоп першага ці другога аруддзя, бліжэйшага да нас, — сядзелі і са страхам прыслухваліся, як дрыжыць пад намі зямля ад удараў. Ізноў чуем, як некалькі снарадаў лягло перад батарэяй, некалькі адзаду ў яе. «Папраўляе вілку», — варушыцца прыгнечаная думка. Потым страшэнныя разрывы абы-дзе, а ўсё на батарэі. Грукат жудасны і безупынны. «Беленькі, што ты цяпер думаеш?» — неўспадзеўкі для сябе самога пытаюся, каб хоць трохі развеяць страх. «Думаю: сюды, сюды, у нас кахнець», — адказвае Беленькі, і вусны яго варочаюцца не так, як заўсёды. «I я таксама думаю». — «Ггэта… уссе ттак». Няма слоў і вобразных параўнанняў, каб выказаць усё гнятучае чуцце чакання смерці ад кожнага гудзячага снараду.
Перастала-ткі… Ох, уздыхаем, як пасля хваробы.
— Ці ёсць раненыя і забітыя на батарэі? — пытаецца камандзір па тэлефону.
Забегалі, засуяціліся.
— Ёсць ці не? — выпаўзаюць з акопаў, азіраюцца.
— Здаецца, усе жывы-здаровы, — разводзіць ува ўсе бакі рукамі асабліва ласкавы цяпер капітан Фядотаў.
— Вот смаліў, дык смаліў!
— У душу б яго так смаліла! — хрысцяцца, і лаюцца, і смяюцца салдаты.
А кругом нас паразварачваны ў зямлі страшэнныя ямы, на дне якіх зямля як бы абпалена, як бы пабялела. Аглядаюць гэтыя ямы, супакойваюцца, жартуюць. Гэтак шчасліва абышлося: праўдзівае пекла было, а ніхто ні ранен, ні забіт, і ўсе акопы, і ўсе аруддзі цэлы.
Раптам бяжыць ад сваіх убогіх акопчыкаў пехацінец з нашага батарэйнага прыкрыцця [4] . Хрыпіць спуджана і дзіка:
— Хвэльчара! Насілкі! Двох параніла… Кісяля забіла… Можа, і яшчэ ёсць: развярнула ўвесь акоп.
Падпаручнік Іваноў пайшоў з санітарамі туды. Аднаго раніла ў шчаку, адарвала палову языка, другога — у патыліцу, а трэці, той самы нешчаслівы Кісель, якому я чытаў «Летапісцаў» З. Бядулі і які баяўся жыдоў, яшчэ каўкнуў ротам разы два, як мы прыйшлі з санітарамі, і быў гатоў. Усе гэтыя людзі — з запасу, немаладыя.
4
Чалавек
Стаім тут 18 дзён…
Колькі ж яшчэ будзем стаяць?
Абрыдла! Усё мне тут абрыдла!
10 кастрычніка.
Раней некалі салдаты прарочылі замірэнне на сённяшні дзень. Цяпер адкладзена да 25-га гэтага месяца. Хто ведае, што будзе гэтага 25-га? Ці дажывём мы да яго? А калі дажывём і міру не будзе, салдаты яшчэ далей адкладуць, — «пакуль збярэцца музыканцкая каманда ў пехацінцаў, а то няма каму іграць адбой». Так у нас тут жартуюць.
Сёння — сцюдзёны вецер, дробненькая мрось, хмары са ўсіх бакоў. Усё нешта прымоўкла, не страляюць. Салдаты найболей сядзяць у акопах. Што ім рабіць? Узводны выйграў у карты некалькі рублёў і паслаў нумара на хутары па гусіну (купіць, а калі ўдасца — украсці), і будзе частаваць сваіх. А што будзем есці, калі тут доўга пастаім — і ўсё купім, і ўсё тут пакрадзем? Сёння мы елі нішчымную бульбу, «і то балазе».
Учора ўвечары адзін снарад нямецкі трапіў у штаб палка, узарваў ракеты і спаліў хату. Надта хораша выглядала, як сноп ракетаў рассыпаўся па цёмным небе!
Ах, каб нам гэткая цяжкая артылерыя, якую маюць немцы. Добра хаця, што немцы горш за нас страляюць, а то была б нам лазня.
Пехацінцы з прыкрыцця астатнімі падзеямі тэрарызаваны. Ува ўчорашнім няшчасці бачаць кару боскую за смерць жыда-дабравольца. Сваімі вечнымі прычэпкамі: «Дабраволец… казённая шкура… запісаўся за дзень да прызыву» і да таго падобнымі — давялі да самагубства. Я думаю, што каб і наш Беленькі чуў сто разоў на дзень: «Жыд, жыд-балавід, табе зад, а мне від», дык і не чуючы знявагі, а толькі ад аднаго ідыёцкага паўторвання кінуўся б у пятлю.
Па абедзе мы выкапалі сабе талакою (за табаку Беленькага) новенькі тэлефонны акоп, дужа добры, з акенцам, ну — як бы зямлянку. Стаіць на сухім грудку, і вада пад нагамі, як у старым, не чвякае.
Змрокам наклікаў мяне ў сваю хату камандзір. Я пайшоў з яго пасланцом ардынарцам. Толькі падышлі да хутара, як страшэнна «цяжкі» (вялікі дужа, мяркуючы па сіле ўзрыву, «чамадан») бабухнуў у дрэва ля пуні… Гкрэхнула так, што затраслося ўсё. Мы ўскочылі ў сенцы і адтуль, калі чаропкі разляцеліся, убачылі вялізны куль дыму, зямлі — месца ўзрыву. А ў сенцах Дзікан (беларус з Міншчыны, які некалі спрачаўся з другім дзеншчыком у справе піцця «хахламі» гарбаты), памыўшы талеркі ад афіцэрскага абеду, іграў на скрыпцы сваю вечную кадрылю. Ён так «злякаўся», што аж скрыпку ўпусціў з рук. Засаромеўся нас, падняў скрыпку і аглядаў яе з усіх бакоў, і да вуха прыкладаў: ці не пабілася, бо «ўраніў неяк няўмысля…». Выбег спуджаны камандзір: «Дзе? Дзе?» Але болей немец не страляў. I чаму быў пушчаны гэты адзін, такі вялізны і такі дарагі «чамадан»? Я не разумею. Калі сціхла і камандзір гукнуў мяне ў хату, я першы раз убачыў на яго грудзях нашытую георгіеўскую стужачку. Ужо не раз я чуў, як салдаты казалі, што, убачыўшы камандзіра з тою стужачкаю, трэба яго віншаваць, і казалі, як трэба віншаваць. I я сказаў цяпер:
— Маю гонар радавацца, ваша высокаблагародзіе, бачачы на грудзях…
— Дзякуй! — перабунтаваў ён мяне.
— …доблеснага начальніка заслужоную награду!
— Вось, значыцца… — пачаў ён даваць мне працу, быццам хацеў, каб я перастаў казаць сваю рацэю.
— Дай божа другі! — разышоўся я і раптам спужаўся: мая рука нялёгкая, што, як на маё жаданне будзе яму другі крыж… драўляны? Ах, навошта я сказаў астатнія словы!
Камандзір заказаў мне работу: з 2-вярстовае карты зрабіць 1-вёрстку і, апроч таго, нарысаваць пазіцыю батарэі ў маштабе 1/8400.
Я пайшоў працаваць у канцылярыю, за вярсту адгэтуль, і па дарозе, восеннай, цёмнай, бязлюднай, думаў: каб цяпер ляцеў снарад і адарваў бы мне палец на левай руцэ, — я чарціў бы праваю і паказаў бы рану толькі скончыўшы заказаную мне камандзірам працу. Хай бы ведалі, які я… Зразумела, што я зараз і лаяў сам сябе за падобныя разважанні і дзівіўся, чаму падобнае глупства лезе ў галаву: ці то пад уплывам чытанай мною раней расійскай літаратуры, ці то яшчэ з якіх прычын…