На сьвятой зямлі
Шрифт:
І знянацку вынырнуў з-за гораў вялізарны аазіс, увесь у пышнай зеляніне Іерыхон. Гэта той самы Іерыхон, які першым быў забраны ізраільцянамі пры ўваходзе ў зямлю Абяцаную. Ягоныя магутныя сьцены разваліліся ад аднаго гуку трубаў. Адгэтуль вышлі такія прарокі, як Ільля і Елісей. Тут бываў Збавіцель, наведваючы Закхея і вылечваючы Іерыхонскіх сьляпых. Цяпер на ягоным месцы арабская вёска Эр-Рыха дзякуючы арашэньню з крыніцы Елісея ўся ў фінікавых пальмах, бананавых і смакоўнічных садох. Багата цытрусавых дрэваў вакол кажнае хаты. Тут бывае цёпла цэлы год, нават узімку.
Недалёка ад Іерыхона ёсьць Соракадзённая гара, дзе Ісус Хрыстос правёў 40 дзён свайго паста пасьля хрышчэньня і жыў з звярыма. За стагодзьдзі там пражыло жыцьцём праведнікаў шмат пустэльнікаў. Па іх засталося багата пячораў. Прэпадобны Харытон заснаваў там манастыр з царквою, кельямі на стромай скале
А яшчэ вышэй, на самай верхавіне гары, дзе спакусіцель паказваў Госпаду ўсе царствы сьвету ў момант часу, некалі таксама быў Храм. Зараз засталася адно алтарная абсіда пасярод каменнае агарожы.
Манахі сустракаюць паломнікаў звонам званоў. Але яны там нагары нагэтулькі бедныя, што наагул прыходзіцца дзівіцца, чым яны жывуць. І калі глядзіш на манаха, убеленага сівою даўгою барадою, які ўжо даўно страціў лічбу гадоў і жыве абапёрты думкаю аб вечнасьці, калі ён сядзіць на выступе скалы над безданьню і думае пра Бога, пачынаеш разумець, што можа вось якраз такімі ідэалістамі-падзьвіжнікамі ды пустэльнікамі і сьвет яшчэ трымаецца. Бо менавіта яны зьяўляюцца жывым дакорам нашаму разбэшчанаму жыцьцю і служаць узбуджальнікамі нашага сумленьня. Сардэчнае дзякуй ім за гэты чын і за добры ўзор жыцьця ў Бозе, варты насьлядаваньня.
XI.
У гасьцях сьведкі біблейскіх часоў
«І зьявіўся Аўрааму Госпадзь каля дубровы, Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў шацёр свой у часе дзённай гарачыні. Аўраам узьняў вочы свае і глянуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго... Ён пабег наспатканьне ім і... пакланіўся да зямлі і сказаў: Уладыка! Калі я набыў Тваю ласку, не прайдзі міма раба Твайго».
З Бібліі
Аб зьяўленьні трох Божых мужоў Аўрааму згадваецца, калі паломнікі апынуцца каля славутага Мамврыйскага Дуба. Гэта на поўдзень ад Ерусаліму сярод велічных Юдэйскіх гораў на месцы колішніх дуброваў Мамрэ. Тады, калі Бог караў за распусту Садом і Гамору, за сорак кілёмэтраў ад Ерусаліму, недалёка ад Мёртвага мора пад засеньню лістоўніка таполі і дубоў, у шатрох жыў спакойна і аддаваў сябе малітве богашукальнік Аўраам. Гэта яму зьявіўся Госпадзь у выглядзе трох вандроўнікаў. А недалёка дубровы Мамрэ ад даўнейшых часоў быў і ёсьць цяпер слаўны і сьвяты для ўсіх трох веравызнаняў - мусульман, жыдоў і хрысьціянаў, - гарад Хэўрон, месца пакланеньня кажнага прававернага хаджы. Тут сем гадоў жыў і кіраваў дзяржаваю Давід. Тут над пячорай пахаваньня Аўраама, Інаака, Іякава і іхніх жонкаў узвышаецца цяпер велічная мячэць у 70 мэтраў удаўжыню і 38 ушыркі з мінарэтамі на кажным рагу моцных сьценаў. Калісьці гэта была вялікая царква сьв. царыцы Алены. Уніз, у пахавальную пячору Махпел, што была купленая Аўраамам за 400 сіклей срэбра ў Эфрона Хэттэяніна, цяпер пушчаюць адно магамэтанскіх сьвятараў - імамаў. Але надмагільныя падпісы і пліты пахаваных патрыярхаў можна добра бачыць з паверху, даступнага ўсім. Агромністыя каменныя саркафагі пад дарагой шаўковай матэрыяй, зялёнай для мужчынаў і чырвонай для жонак, робяць вялікае ўражаньне на ўсіх. Места Хэўрон шануецца магамэтамі ня меньш сьвятых для іх Мэккі і Мэдыны.
Таму і месца колішняй дубровы Мамрэ на адхонных лажбінах, што цягнуцца аж да Міжземнага мора на захад ад Хэўрону, шануецца ўсімі вернікамі. Цяпер заместа дуброваў - найбольш ўзараных палёў. Час, дажджы і ветры здзьмухваюць глебу, агаляюць вапняковыя каменьні. Дзе-нідзе сярод пустынных узгоркаў відаць рэшткі былое раскошы - невялікія сады масліны і вінаграднікі. І вось тут, на паўночным сьхіле аднаго з узвышшаў цудам уцалеў да нашага часу адзін дуб з часоў... якіх бы Вы падумалі?... з часоў Аўраама! Так, гэта не памылка друку, дарагі чытач! Менавіта, з ЧАСОЎ АЎРААМА... З тых незапамятных біблейскіх часоў, калі перад сваім шатром Аўраам пабачыў трох дзівосных вандроўнікаў. Можа гэта якраз і ёсьць той Дуб, які даваў засень Аўрааму ў той цудоўны момант, бо, паводле Сьвятога Пісьма, ён сядзеў у гарачы дзень каля
Многія хрысьціянскія пісьменьнікі ІV стагодзьдзя прыгадваюць аб Дубе Аўраама і паказваюць ягонае месца якраз там, дзе ён цяпер і знаходзіцца. Наш паломнік - суродзіч з ХІІ-га стагодзьдзя, ігумен Даніла, пісаў: «Ёсьць жа Дуб Сьвяты побліз дарогі... направа стаіць на высокім узвышшы. Дуб ні надта высокі, шурпаты вельмі; галіны яго нахіленыя да зямлі... Ад тога Дуба да Хэўрона - дзьве вярсты».
Тое, што Мамврыйскі Дуб ня выдаўся Данілу вельмі прыгожым, зусім зразумела. Палестынскія Дубы вельмі адрозьніваюцца ад нашых беларускіх. Хэўронскі дуб належыць да асаблівага, г.зв. каменнага дубу. Ён мае маленькія лісточкі, жорсткія, выцягнутыя накшталт яйца, з безлічай, як у піле, зубчыкаў. Палестынскі дуб зялёны круглы год. Але ягоныя невялічкія жалуды сьведчаць, што гэта сапраўдны дуб. Яны бадай што нічым не адрозьніваюцца ад эўрапейскіх жалудоў.
Такім чынам, Мамврыйскі Дуб - гэта адзіны цяпер жывы сьведка Богазьяўленьня прабацьку Аўрааму. Таемныя Падарожныя спушчаліся ў Хэўронскую Даліну. Аўраам, седзячы ў засені пад дубам у дзённую гарачыню, пабачыў іх на сьхіле гары, дзе цяпер выбудаваны расейскі сабор і манастыр. Архімандрыд Антанін купіў тую дзялянку з дубам ад Хэўронскага жыхара Ібрагіма Шалудзі за тры тысячы франкаў 1 лістапада 1868 году і замацаваў яго за Рускай Праваслаўнай Духовай Місыяй. Адразу тая дзялянка зямлі была абнесеная сьцяной, каб зберагчы сьвятое дрэва ад фанатыкаў-мусульманаў, якія маглі помсьціцца падпалам, і распачата будаўніцтва Дому Паломнікаў на паўночным сьхіле гары, крыху вышэй Сьвяшчэннага Дуба. У 1874 годзе Дом той адчыніўся для прыйма паломнікаў. З таго Дому добра відаць Хэўронская Даліна, частка гораду Хэўрону, мячэць над пячорай Махпел з грабніцамі прабацькаў. На далёкім Захадзе ледзь сінее ў шэрым тумане Міжземнае мора, да якога яшчэ сотня кілямэтраў.
Праваслаўная Духовая Місыя і далей купляла суседнія дзялянкі ад арабаў аж да самай рэвалюцыі 1917 году. Такім чынам, ейныя ўладаньні разрасліся аж да 72 тысяч і 355 квадратовых мэтраў. На тэй зямлі цяпер цьвітуць вялікія вінаграднікі і агароды для манашаскай браціі. У 1906 годзе распачалі будаваць вялікую царкву, якую і закончылі ў 1925 годзе. Сам Патрыярх Ерусалімскі Даміан асьвяціў яе ў імя сьв. Прабацькаў, а ейныя бакавыя алтары - у імя Сьвятой Тройцы (правы) і ў імя Сьв. Міколы (левы).
Цяпер там жыве колькі манахаў, што ахоўваюць месца і служаць у Царкве сьв. Праайцоў. На трэйці дзень сьвята Пяцідзесятніцы каля Мамврыйскага Дубу адбываецца Божая служба ў гонар зьяўленьня Прэсьвятой Тройцы.
Сам жа Дуб абнесены ўздоўж падножжа каменай сьцяною. Вакол яго зроблены жалезны навес, пад якім адбываюцца маленьні. Да ствала прымацаваная ікона Прэсьвятой Тройцы. Уся пляцоўка вакол Дубу агароджаная жалезнымі кратамі.
Каржакаваты Ствол тога Дубу за колькі тысячагодзьдзяў стаўся такім грубым, што разьдзяліўся на колькі ствалоў. Некаторыя зь іх ужо памерлі або былі зламаныя бурай. Але колькі сукоў асяродкавага ствала яшчэ ўсё жывуць, пакрытыя густымі лісьцямі, і даюць штогоду багаты ўраджай жалудоў.
Усевалад Ціхановіч колькі разоў абыйшоў агароджаную пляцоўку, над якой горда ўзвышае сваю зялёную галаву Сьвяты Дуб. Ён пільна ўглядаўся ў зялёна-рудую карону над галавой. Праз лісьцевую сетку сьвяцілася блакітна-чыстае неба. Таполі па той бок агарожы стаялі ціхімі сьвечкамі, ня кратаючы анічуць лісьцем. Усё вакол выглядала нібыта заварожаным Божай цішынёй. Сама вечнасьць, здавалася, запанавала тут, а над ёю жывым выяўленьнем тога дыханьня адвечнасьці ўздымаўся ўгору сваім жывым, так жывым, як і тысячы гадоў таму назад, зялёным лісьцем. Усевалад доўга ня мог запыніць свайго ўзрушаньня - магчымасьцяй адчуць пульсаваньне жывога жыцьця з глыбіні вякоў і тысячагодзьдзяў. Яму здавалася, што ён чуе, як грукочуць па карэньнях тога дрэва сокі зямлі, што ішлі з самых нетраў старога часу і паілі ім прабацьку ўсіх дрэваў, што аздаблялі тое ўзвышша. Усевалад беражліва клаў на руку леташнія пажаўцелыя ад часу і дажджу жалудкі. Ягонае сэрца сьціскалася жалем да тых сьвятых дароў, якіх гэтак шчодра раськідаў па зямлі сьвяты Дуб. І ён рупліва пачаў зьбіраць іх у мяшэчак, каб завесьці на той бок Акіяну, дзе яны яму будуць заўсёды соладка прыгадваць тыя часіны, калі стаяў беспасярэдня каля тога Дубу.