Нязніклыя
Шрифт:
Мікалаю хацелася спадабацца дзяўчыне, таму ён гатовы быў дзяліцца з ёй усім і ісці на рызыкоўныя подзвігі.
Паліна трывожна паглядзела на сабаку, затым падняла вочы на хлопца і сказала:
– Асцярожна…
Мікалай быў ужо ў чорнай вопратцы. Ён схаваў сваю лёгкую ўсмешку пад маскай, абараніў вочы будаўнічымі шырокімі акулярамі. Хлопец кіўнуў і хутка выйшаў з памяшкання.
Яша ў той жа момант ускочыў, падбег да дзвярэй, сеў насупраць іх і стаў чакаць гаспадара.
– Спадзяюся, ён вернецца. Тут жа недалёка… – спакойна сказала Паліна гледзячы на адданага сабаку, нібы казала гэта яму.
Яша сядзеў смірна, ён не паварочваўся на звонкі голас, толькі злёгку паварушыў левым чорным вухам.
IV
У гэтую гадзіну сонца толькі злёгку кранала сваімі прамымі прамянямі галаву Мікалая, усё больш цёплае святло растваралася ў цяжкім паветры, у прахалодным парыве шкоднага ветру, які быў змрочным і непрадказальным. Да сярэдзіны дня летні цёплы вецер яшчэ больш узмацніўся.
Шэры сухі пясок, мяккі, як бавоўна, хутка абхапіў і схаваў у сабе чаравікі Мікалая. Выйшаўшы з хованкі, хлопец усім сваім целам прыняў на сябе бушуючую гарадскую буру. Адчуў, як адзенне ўшчыльную прыціснулася да цела. Моцная дробязь, нібы ўраган пустэльні, атакавала яго. «Хутка ж памянялася надвор'е», – нядобра падумаў Мікола і паглядзеў налева. У ахоўныя празрыстыя акуляры жвава паляцеў ледзь прыкметны пыл. Рот і нос пры гэтым быў прыкрыты чорнай тканінай, якая чысціла, не прапускала змешаны кісларод, давала беспраблемна дыхаць хлопцу. Пры такім надвор'і, трэба было значна часцей замяняць тканіну на новую, чым раніцай ці ж у вечар. Усе астатнія часткі цела, ад плячэй і да пятак, адчувалі больш густое зборышча шэрага парашка, які быццам штурхаў хлопца на першы крок. Мікалай спачатку пільна разгледзеў вуліцу, а затым пайшоў у бок вакзала. Ён дастаў пісталет і ўпэўнена ішоў наперад. Справа не заканчваліся легкавыя аўтамабілі, якія мільгалі, хаваліся ў лятучых пясках. Спачатку, злева, моцна дзьмуў вецер, ён імчаўся з боку пустой прасторы і перашкаджаў Мікалаю. Але як толькі хлопец дайшоў да першага пяціпавярховага будынка, які страціў толькі шэры дах і частку сцен верхняга паверха – стала спакайней, але ненадоўга. Хлопец спяшаўся, хуткімі крокамі кароціў цяжкі шлях. Абышоўшы паркоўку, дзе спалі аблезлыя жоўта-белыя кузава маршрутных таксі, ён павярнуў да палаца культуры і тут жа, праз дарогу, замільгаў чыгуначны вакзал.
Мікалай падняўся на ганак палаца. Прыціснуўся да белай сцяны, каля ўваходных зачыненых цёмных дзвярэй. Стаяў пад белым маленькім балконам і нервова глядзеў, ці няма за светлымі, высокімі, архітэктурнымі калонамі бадзяжных жывёл. Прыслухоўваўся да шуму ветру, выяўляў староннія гукі. Але крыкі і выццё не рэзалі голас пясчанай завеі, хлопец выдыхнуў. Сэрца стала стукаць ледзь цішэй і павольней. Акрамя шэрай гуляючай буры няма нічога і нікога. Мікалай думаў пра тое, як за адну раніцу змянілася яго жыццё пасля сустрэчы з Палінай. Яшчэ ўчора ён баяўся адзіноты, песімістычна думаў пра паход у далёкі горад, думаў, што ў горадзе больш не засталося нармальных людзей. А ўжо сёння, у яго ёсць Паліна, а з ёй: з'явілася матывацыя, адвага, няма чалавечай адзіноты, няма ляноты і апатыі. Яму хацелася хутчэй адправіцца ў падарожжа, пакінуць гэты апакаліптычны горад і пакінуць усе перажыванні. Ён спадзяваўся, што на фінішы іх чакае лепшае жыццё. Ну а пакуль, гэта не зусім засланяла яго хвалюючы стан душы. Бо зараз яго больш турбавала дрэнная бачнасць. Ён не быў упэўнены ў бяспецы. Не хацелася сустрэць наперадзе свайго шляху або на зваротнай дарозе нядобрую істоту, а потым змагацца з ёй у пясчанай ценявой буры. Хлопец працёр акуляры, збіраўся ўжо сыходзіць з-пад балкона, падумваў зрабіць некалькі павольных крокаў, як затрашчала высокая цыліндрычная калона перад ім – Мікалай зараз жа выбег на ходнік, як баязлівы кот. Яго цяжкія чаравікі прыціскалі, рассыпалі і ўздымалі яшчэ больш сыпкага пяску. Вецер заўзята падхопліваў шэрасць і выносіў яе далей. Архітэктурная калона прыхілілася, легла на сцяну палаца, нібы з-за знямогі вырашыла задрамаць.
Рудавалосы хлопец хутка пакінуў звязанае з рызыкай месца. Ён прайшоў праз дарогу, паміж пакінутымі аўтамабілямі, і падышоў да вакзала. Хлопец з трывогай зайшоў унутр будынка. Тонкі пласт сухога парашка з бетону і цэглы, быў паўсюль. На падлозе хаатычна ляжалі сумкі і чамаданы рознай велічыні. Разбітая люстра ляжала там жа, толькі ў цэнтры. Паміж першым і другім паверхам, на лесвічнай пляцоўцы, бязрукая скульптура Леніна, чыя правая рука вялікімі кавалкамі разляцелася па прыступках. Усе кіёскі, крамкі, заставаліся такімі, як да знікнення жыхароў. Вецер разносіў пыл ад незашклёнага акна з боку чыгункі да выхаду ў горад і па іншых памяшканнях. Мікалай паглядзеў уверх. Дах будынка быў у маленькіх дзірках, над галавой праглядалася чыстае блакітнае неба. Хлопец дакладна ведаў, дзе яго чакае папяровая карта з найбліжэйшымі вялікімі гарадамі, з мяжуючымі суседнімі краінамі. Ён хутка накіраваўся туды. У кіёску, сярод газет і часопісаў, акуратна ляжала рознакаляровая дарожная карта яго роднага горада і карта ўсёй краіны. Як толькі хлопец узяў у рукі невялікі вертыкальна складзены кавалак тоўстай паперы, ён зноў падумаў пра Паліну. Прадставіў яе мілы твар, прыгожую ўсмешку, як пры яго вяртанні, яна будзе рада яго адважнаму подзвігу. Затым, прыемныя думкі адпудзіў звонкі стук. Нібы хтосьці выпусціў тонкую жалезную пасудзіну на мармуровую падлогу. Сэрца зноў забілася хутчэй. Хлопец насцярожыўся, прыжмурыўся, агледзеўся. Побач нікога. Мікалай схаваў карту пад адзеннем у вобласці грудзей, пасля памяняў тканкавую маску на твары і павольным крокам стаў рухацца да цэнтральных дзвярэй вакзала. Як раптам, у лёгкім скуголенні ветру прагучаў цвёрды скрыгат. За спіной пачуўся дрыготкі гук. Мікалай развярнуўся і накіраваў пісталет на чалавечую скульптуру, на галаве якой, сядзела маленькае, крылатае, чырвонае стварэнне. Незразумелая, бязперая жывёла моцна ўчапілася зубамі ў помнік і гучна згрызала цвёрды матэрыял. Хлопец уважліва разглядаў раней нябачаную жыўнасць, якая больш нагадвала яму кажан, чым нешта іншае. Яркая афарбоўка быццам паказвала на небяспеку. У гэты ж момант ля параднага ўваходу гучна закрычала іншая істота, ды так, што хлопец на пару секунд аглух. Ціха загуло ў вушах. Мікалай ад нечаканасці стрэліў у скульптуру. Чырвоная пляма ўзляцела і рэзка схавалася ў бушуючай буры. Тады ж, хлопец павярнуўся на звонкі крык і ўбачыў недалёка ад сябе бледны высокі сілуэт, які хаваўся ў бескантрольным дробным пяску. Па невыразнай цені сілуэту можна было падумаць, што Мікалай сустрэў чалавека, гарадскога жыхара. Але з-за моцнага знаёмага крыку, які прыносіў жах, Мікалай не сумняваўся, што перад ім быў вораг. Для яго гэта была чарговая сустрэча з істотай. Пасля двух начэй, калі рэзка памянялася жыццё горада, хлопец пачаў сустракаць іх. Зараз жа істота не падыходзіла да Мікалая, а сам хлопец нерухома стаяў з выцягнутымі рукамі, якія трымалі баявую зброю. Ён не змог дакладна разгледзець мігатлівы цень у пясчанай буры, але ўяўляў ужо знаёмае непрыемнае аблічча істоты. Дзе на гладкай блакітнай скуры былі белыя ўзоры, як тонкія крывыя лініі, якія перапляталіся ў знакі. Пры ціхім надвор'і твар істоты быў чыстым і ледзь вільготным. На круглявай галаве не было валасоў, а на белым фоне вочнага яблыка толькі маленькі сіні круг. Цёмна-шэрыя вусны. Злёгку згладжаныя абрысы носа і вушэй. Істота насіла вільготнае патрапанае чалавечае адзенне.
Мікалай успомніў усе непрыемныя сустрэчы з істотай. Ад адной, ад самай трагічнай, з'явіліся халодныя дрыжыкі, якія прабегліся па ўсім яго дужым целе. Вочы хлопца злёгку напоўніліся вадой і смуткам. Цэліўшы ў галаву, ён адразу ж стрэліў. Затым зрабіў яшчэ два стрэлы ў бок істоты. Мікалай выпусціў усе тры кулі ў худое цела цёмнага сілуэту. І калі ля ўваходу заставаўся стаяць толькі ён, тады хлопец паспяшаўся пазбавіцца ад глыбокіх усхваляваных пачуццяў. Ён зняў чорную пальчатку і выцер вочы, затым роўна задыхаў. Шаптаў: «Гэта была істота, не чалавек…істота…я ўсё правільна зрабіў і ў гэты раз… Цяпер трэба данесці карту!» Хлопец хутка выйшаў з вакзала. На хаду, ён правёў сур'ёзным позіркам тое месца, дзе стаяў сілуэт. Ля ўваходу нікога не было. Цяпер для хлопца галоўным было хутчэй вярнуцца ў свой прытулак. Абабягшы палац культуры, Мікалай чуў далёкія крыкі істот, якія даносіліся з боку вакзала. Ён не рабіў ніякіх прыпынкаў, бег, спяшаўся, моцна сціскаў пісталет. Бура супраціўлялася, ішла ў супрацьход, нібы змагалася з ім, забірала сілы. Калі Мікалай падышоў да дзвярэй, за якой яго чакалі Паліна і Яша, ён не спяшаўся націскаць на кнопку. Хлопец прыжмурыўся счырванелымі вачыма, скрозь мокрыя рудыя вейкі ён выглядваў істоту. Ён не жадаў, каб у яго новы дом уварваліся чужыя. Дрэнная бачнасць не сказала яму ні слова, ён націснуў на кнопку каля дзвярэй і цвёрдым голасам вымавіў:
– Адчыняй!
Дзверы адчыніліся. Напалоханы Мікалай ускочыў у памяшканне, трасучы пыльнай вопраткай, сарваў маску з твару.
– Як ты? У цябе атрымалася? – паспяшалася з пытаннямі Паліна.
Хлопец моўчкі выцягнуў правую руку, не падпускаў да сябе дзяўчыну. Ён хацеў аддыхацца, перш чым нешта сказаць. Спачатку Мікалай паглядзеў на Яшу, які рады быў яго вяртанню. Потым зірнуў на Паліну, на яе прыгажосць. Убачыў: як доўгія чорныя кучаравыя валасы прыгожа ляглі на плечы, як яны атачалі сабой яе мілы белы тварык; як хвалююча бегалі цёмныя вочы; як пяшчотна варушыліся яе пухленькія ружовыя вусны.
– Ты ў парадку? – спытала дзяўчына.
– Так. Добра… Я знайшоў карту. Зараз… – сказаў Мікалай і зняў з сябе брудную вопратку, працягнуў дзяўчыне карту. – Вось. Вось што нам трэба.
– Выдатна! Прабач, але я ў цябе тут знайшла шмат чыстага адзення і вырашыла пераапрануцца ў зручнае. Ці не занадта вяліка на мне сядзіць. Яшу падабаецца. Ты ж не будзеш пярэчыць? Дарэчы, адкуль у цябе столькі ваеннага адзення?
– Табе пасуе, – з усмешкай адказаў ён, – Тут, непадалёк была крама з вайсковым адзеннем. Вось я вырашыў на ўсялякі выпадак узяць з запасам. Я зараз прыбяру пыльныя рэчы, а ты пакуль разгарні карту.
Паліна з азартам раскінула паперу на стале. Вадзіла тонкімі пальцамі па жоўтых лініях дарог, шукала вачамі патрэбны маршрут.
Святло замігацела, задрыжала вельмі хутка, біла па вачах. А праз хвіліну згасла, затым праз секунду зноў уключылася, але ўжо без асаблівых адрозненняў. Гэта крыху напружыла і прымусіла задумацца, асабліва Мікалая, які стаў уяўляць свой план не гледзячы ў карту. Ён у задуменнасці падышоў да дзяўчыны, зладжваў у галаве няпросты паход. Паліна зірнула на яго занадта сур'ёзны твар і спытала:
– Мікалай, як усё прайшло, як ты схадзіў? Ты, дарэчы, хутка вярнуўся…
– Хутка, але не спакойна. Будынкі руйнуюцца на вачах. Пачвары нейкія лётаюць, якіх я яшчэ не бачыў. Потым, наткнуўся на істоту і атакаваў яе першым. Але мне было нескладана дастаць карту. Я і больш складаныя вырашаў праблемы.
– Істота?! – ціха, з нейкай горыччу сказала Паліна.
Унутры дзяўчыны ўзнік неспакой і страх, яна баялася сустрэць нябачаную істоту. Яна не магла ўявіць сабе яе сапраўдны вобраз, затое з лёгкасцю ўяўляла і прыдумляла сабе ўсякае.