Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
Я нават раззлаваўся: такой аслінай упартасці я яшчэ не бачыў.
Дождж ужо ліў па-сапраўднаму. Мне нацякала за шыварат. Трэба было ратавацца.
Я выбег са свайго ўкрыцця, выскачыў за вароты і наткнуўся на Галку.
— Ты чаго тут? — раптам спытаў я.
— А ты чаго? — сярдзіта адказала яна.
— Гуляю, — сказаў я і стаў насвістваць.
Я таксама гуляю, — са злосцю кінула яна і павярнулася да мяне спінай.
Я разгубіўся.
— Слухай, але ж ідзе дождж.
Галка маўчала.
— Ты
Галка маўчала і не варушылася.
— Надзень плашч, — нечакана для сябе прапанаваў я, зняў плашч і накінуў ёй на плечы.
— А ты як? — Галка павярнулася да мяне і глядзела ўжо не так сярдзіта.
— Я? — сказаў я. — Я люблю навальніцу ў пачатку мая.
— Але зараз красавік, — усміхнулася Галка.
— А я люблю і ў красавіку, — весела адказаў я.
Цяпер на Галчыным твары замест усмешкі з’явілася маркота.
— Ты чымсьці засмучана? — спытаў я. — Што-небудзь здарылася.
Яна пахітала галавой. Я зразумеў, што калі зараз скажу, што гэта я той самы хлопчык з 6 “Б”, які кладзе ў кішэнь яе паліто палымяныя лісты, што з-за мяне яна тырчыць тут і мокне пад праліўным дажджом, — калі я зараз ёй усё гэта скажу, яна не паверыць.
Дождж нечакана перастаў. Маланкі яшчэ крыху пашыпелі, як напаленае вуголле, на якое плюхнулі вады, і сцішыліся.
— Хадзем, сказаў я. — Дождж перастаў.
Галка зняла мой плашч, страсянула з яго дажджавыя кроплі і працягнула мне.
— Дзякуй.
— Ну што вы, сеньёра, для мяне гэта пусцяковіна, драбяза, — раскланяўся я. — Хочаце я для вас дастану зорку? Не хочаце? Тады я залезу на слуп, выкручу лямпачку і падару вам.
— Гэта будзе хуліганства, — строга сказала Галка.
Я сцяміў, што менавіта ў такія моманты людзі праглынаюць язык.
— Вось ты разумееш, для чаго мы вучымся? — пыталася Галка, калі мы ішлі па вуліцы.
Я паціснуў плячыма.
— Каб, калі вырасцем, прыносіць больш карысці людзям, — настаўленча сказала Галка. — Кім ты хочаш быць, калі вырасцеш?
— Не ведаю, — сказаў я. — Напэўна, клоунам.
— А я хачу стаць касманаўткай, — усміхнулася Галка.
— Ты — касманаўткай? — Я быў уражаны.
— Я вельмі люблю зоркі, - ціха сказала Галка. — Я хацела б пабываць на ўсіх зорках… Да пабачэння, я ўжо дома. Дзякуй табе за плашч.
Тут яна нешта ўспомніла і зноў пазмрачнела.
Назаўтра Галка не адыходзіла ад вешалкі. І мне ніяк не ўдавалася дабрацца да яе паліто. Але пасля трэцяга ўрока яе на хвілінку паклікала важатая Кіра, і я паклаў у кішэнь вогненна-пунсовага, ужо сухога паліто новы ліст.
Даруй мне, але я не змог прыйсці. У мяне захварэла мама. Я выклікаў урача і бегаў па лекі ў аптэку. Ты, напэўна, чакала мяне? Учора была жахлівая навальніца. Я прымчаўся, калі яна кончылася, але цябе не сустрэў.
Хлопчык з 6 “Б”
Галчына радасная фізіяномія на наступнай пераменцы распавяла мне, што ліст яна прачытала і вельмі ўсцешана.
На некаторы час я развязаўся з асабістымі справамі, і можна было заняцца грамадскімі.
Па ўсіх паказчыках мой цяперашні клас ішоў добра, але не было ў яго цімураўскай працы. А без цімураўскай працы першага месца нам не відаць. Так і сказаў Віцька Мелюх, наш старшыня рады атрада.
Кожную пераменку мы прыдумвалі, над кім бы ўзяць шэфства. Усіх суседніх дзядоў і бабулек ужо разабралі іншыя класы.
— А калі зноў пайсці да Красоўскага, — прапанаваў Віцька.
— Я ж быў у яго, — зашумеў Віцька Зайцаў, - такога шкоднага старэчу пашукаць толькі трэба. Я да яго: “Давайце мы возьмем над вамі шэфства”. А ён мне: “Вон адсюль, злодзей”. Ён падумаў, што яблыкі я ў яго хачу сцягнуць. Не, да яго ніяк не варта ісці.
— А можа, паспрабуем? — вяла прапанаваў Мелюх.
— Бескарысна, — адказаў Зайцаў.
— А калі Карабухіна паслаць? — умяшаўся ў размову Толька Дашкевіч. — Ён хлопец вясёлы, любога загаворыць. А так — што рабіць? Без цімураўскай працы нам першага месца не відаць.
Я акурат у гэты час спісваў практыкаванне і краем вуха чуў усё, што казалі хлопцы. Калі назвалі маё прозвішча, я прыўзняў галаву.
— Не здолее Карабухін, — лена працягнуў Мелюх, — нічога ў яго не атрымаецца.
— Атрымаецца, — нечакана для сябе сказаў я. — Давайце адрас вашага дзядулі. Заўтра ж ён будзе тут.
Мы з Чапаем ляцім у атаку
Пасля ўрокаў за мной увязаўся даўгалыгі Мішка Зайцаў.
— Дык ты пойдзеш да гэтага дзеда? — спытаў Мішка.
— Пайду, а што?
— Я табе не раю. — Мішка чакальна маўчаў.
Я ведаў, што ён зараз сам усё раскажа, і не задаваў яму больш пытанняў.
— У яго сабака ў двары — ваўкадаў, - выпаліў Мішка.
Я з цікавасцю слухаў.
— А дома на сценцы вісіць двухстволка, вось, — запалохваў мяне Мішка.
— Я іду да яго як афіцыйны прадстаўнік, а не па яблыкі лезу. Тым больш што яблыкаў цяпер няма, — адрэзаў я.
— А ён не разбіраецца, — гарачыўся Мішка. — Ён адразу спускае з ланцуга сабаку і бяжыць у дом па двухстволку.
Я абдумваю пачутае. Мішка зразумеў, што я вагаюся, і вырашыў мяне дабіць:
— Я цябе папярэджваю. Укусіць цябе шалёны сабака, месяц будуць калоць.
Мішка рашыў, што я ўжо раскайваюся, і павярнуў да сябе дамоў.
— Ты ведаеш, куды ўколы ад шаленства робяць? — крыкнуў ён ужо здалёк.