Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
— Памятаеш, ты мне абяцаў лямпачку з ліхтара дастаць? — раптам сказала Галка.
— Лямпачку? — перапытаў я. — Калі ласка. Бяжым?
— Бяжым.
Мы памчаліся на скрут галавы. Задыхаўшыся, мы беглі да паркавай брамы. На шчасце, нікога ў гэты час паблізу не аказалася.
Я пачаў караскацца на слуп. Галка стаяла ўнізе і ціхенька павісквала ад страху.
На вяршыні слупа я зняў плафон, адкруціў лямпачку, зноў паставіў плафон на месца і хутка, на адных нагах, саслізнуў долу.
Галка
— Я баюся. Бяжым.
І мы зноў памчаліся па вуліцы.
Але нават тады, калі я бягу, думкі не пакідаюць у спакоі маю галаву. Вы хочаце ведаць, пра што я думаў?
Я думаў пра тое, што лямпачкі я, здаралася, выкручваў і раней. Але ніколі я не мог уявіць, што буду займацца такой справай удваіх з Галкай. З Галкай Наважылавай — самай узорнай, самай актыўнай дзяўчынкай ва ўсёй нашай школе.
Сёмка стаіць як леў
Першынство дружыны па футболе разыгрывалася паміж пятымі, шостымі і сёмымі класамі. Гулялі па алімпійскай сістэме, з выбываннем. Наша каманда атрымлівала перамогу за перамогай.
Я гуляў няблага. Я і сам здзіўляўся, адкуль у мяне з’явілася такая хуткасць, як я навучыўся біць аднолькава моцна і правай і левай нагой.
Выдатна ішла каманда і майго былога класа.
У фінале мы павінны былі сустрэцца ў вырашальным матчы. Ён быў прызначаны на заўтра.
А сёння на пераменцы прыбег Мішка Зайцаў — рот да вушэй — і хіхікае.
— Хлопцы, у 6 “А” паніка. Колька Ігнатаў адмаўляецца стаяць у варотах. Кажа, я баюся Карабухіна.
— Мяне? — ажывіўся я.
— Так, а калі Колька не будзе стаяць у варотах, перамога нам забяспечана.
Усе хорам загарланілі: “Ура!” Адзін я не радаваўся. Колька заўсёды быў баязлівы. Каб яму больш храбрасці, ён мог бы стаць добрым варатаром. Цікава, хто заменіць Кольку?
На наступнай пераменцы той жа Мішка ледзь не лопаўся з рогату.
— Вой, хлопцы, трымайце мяне! Ведаеце, хто ў іх будзе стаяць у варотах? Сёмка Паперна.
Усе зарагаталі, нават я ўсміхнуўся. У нашай камандзе Сёмка быў вечным запасным. Зрэдку гуляў у абароне, гуляў, праўда, настырна, але нечага яму не хапала. А ў варотах я Сёмку ні разу не бачыў.
— А ведаеце, чаму яны яго паставілі? — душыўся ад смеху Мішка. — Таму што ён твой сябар. — Мішка, ухмыляючыся, паглядзеў на мяне. — І добра ведае ўсе твае звычкі.
І Мішка зноў заліўся рогатам.
Увечары мне не хацелася ісці на двор. Я ведаў, што абавязкова сустрэну там Сёмку. А што я скажу яму?
Але ўсё-такі я спусціўся ў двор. І, канешне, адразу натрапіў на Сёмку.
— Прывітанне, — сказаў Сёмка.
— Прывітанне.
Мы парукаліся.
— Як маешся? — спытаў Сёмка.
— Нічога, — сказаў я.
Потым мы замаўчалі. Я падкалупнуў нагой каменьчык. Каменьчык пляснуўся метраў за дванаццаць, амаль у самай сцяны суседняга дома. Сёмка уважліва прасачыў за яго палётам.
— Слухай, — я пачухаў нос, — навошта ты згадзіўся стаць у вароты. Ты ж… не здолееш.
— Здолею, — цвёрда сказаў Сёмка. — Я стаяў у варотах улетку, калі быў у піянерскім лагеры.
– І колькі прапусціў?
— Пяць, — усміхнуўся Сёмка, — але мы выйгралі. Было 7:5 на нашу карысць.
Я падумаў: няблага, што хоць раз ён стаяў у варотах.
— Слухай, — сказаў Сёмка, — заўтра будзем гуляць сумленна.
— Канешне, — кіўнуў я.
— Забудзем, што мы сябры.
— Забудзем, — паўтарыў я.
— Ты бі як мага мацней, — сказаў Сёмка.
— Добра, я буду біць штосілы. Я табе абяцаю.
— Добра, — Сёмка ўсміхнуўся. — Да заўтра.
— Бывай, Сёма. — Я таксама ўсміхнуўся. — Да заўтра.
Такога матча яшчэ не памятала гісторыя школьнага спорту. Дзесяткі балельшчыкаў стоўпіліся ля белай рысы, за якой пачыналася поле стадыёна. Полем яго можна было назваць толькі ўмоўна, таму што на ім не расло ні травінкі.
Матч пачаўся шалёнымі атакамі нашай каманды. Мы літаральна прыціснулі мой былы клас да варот.
Я, потым Мішка Зайцаў, Толька Дашкевіч з пяці метраў расстрэльвалі вароты, у якіх другі раз у жыцці стаяў Сёмка. Але Сёмка рабіў немагчымае. Ён кідаўся ў ногі, перахопліваў перадачы, клаўся на мяч…
Падбадзёраныя тым, што іх вароты непрабіўныя, хлопцы з майго былога класа сталі ўсё часцей урывацца на нашу штрафную пляцоўку. Мне даводзілася адыходзіць у абарону. Але гола ўсё не было.
— Што творыцца з Сёмкам? — пыталіся ў мяне таварышы ў перапынку.
— Не ведаю, — сказаў я. — Ён другі раз у жыцці стаіць у варотах.
— Яму трэба біць вышэй, — сказаў Зайцаў. — Ён маленькі і высокія мячы не возьме.
Я падумаў пра гэта, — кіўнуў я. І я ўявіў, як мы забём гол у вароты Сёмкі, і мне стала шкада Сёмку і ўсіх таварышаў. Чаму так атрымоўваецца, што я раблю ўсё навыварат?! І зараз вось гуляю супраць сваіх. Жах нейкі.
І вось другі тайм. Я прарываюся па сваім краі, навешваю мяч на штрафную. Там яго перахоплівае Мішка і б’е ў верхні кут. Сёмка кончыкамі пальцаў дастае да мяча, мяч удараецца ў штангу, і абаронцы адбіваюць яго далей ад сваіх варот.
“Ледзь-ледзь вышэй, — думаю я, — і Сёмка не возьме”.
Я абводжу аднаго абаронцу, другога, б’ю, але мяч трапляе ў твар Лёньку Аляксандраву, які кідаецца мне напярэймы.
Балельшчыкі рагочуць. Таварышы з майго былога класа свішчуць. Яны думаюць, што я знарок заляпіў па Лёнькавай фізіяноміі. А ў мяне выпадкова выйшла. Я зусім не хацеў, ён сам наляцеў на мяч.