Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
— Я быў у Белавежскай пушчы, — сказаў Сашка Акулік, — і бачыў там жывых зуброў. Я нітрохі іх не баяўся і нават карміў і гладзіў самых маленькіх. — Тут вочы ў Сашкі па-здрадніцку міргнулі.
— А я лазіла па Каўказскіх гарах, — сказала Лена Кубліцкая, — яны такія высокія, што параходы на моры падобныя на чаек. Праўда, праўда.
— А ў мяне на спінінг трапіўся шчупак, — прыняўся выдумляць Мішка Зайцаў, - ён быў такі вялізны, што я не мог яго выцягнуць. А потым, слова гонару, шчупак пацягнуў маю лодку па рацэ. Я шмат кіламетраў праехаў, як на водных лыжах, за рыбінай,
Барыс Міхайлавіч паспрабаваў быў перабіць гэты роўны, як дожджык, гул успамінаў, але ў яго нічога не атрымалася. Тады Барыс Міхайлавіч крыкнуў:
— Ціха, сябры, вы яшчэ ў школе.
Мы ведалі, што мы яшчэ ў школе. Але ўрокі ўжо скончыліся, і можна было нарэшце пашумець удосталь.
Барыс Міхайлавіч паспрабаваў яшчэ раз крыкнуць: “Ціха, сябры!”, але шум не ўлёгся. Тады важаты махнуў на нас рукой і выйшаў з класа. Ён, мабыць, добра памятаў сваё дзяцінства і памятаў, якімі бываюць школьнікі, а таму не стаў нам перашкаджаць. Добра, калі дарослыя памятаюць сваё дзяцінства. Мы такіх адразу пазнаём і любім па- сапраўднаму.
А ўспаміны аб прыгодах не спыняліся. Толькі я ціха сядзеў і не ўлазіў у размову. І калі таварышы ахрыплымі галасамі дасказвалі апошнія ўспаміны, я спытаў:
— А хто адной сярнічкай можа запаліць вогнішча?
Дожджык успамінаў скончыўся. Таварышы сталі пазіраць адно на аднаго, а хто і напраўду можа запаліць вогнішча адной запалкай? Аказваецца, на Месяц лягчэй злятаць, чым вогнішча адной сярнічкай запаліць.
— А ты ўмееш? — х’едліва спытаў Мішка Зайцаў.
— Лёгка, — усміхнуўся я.
— Хлусіць ты ўмееш, — скрывіў грымасу Мішка.
І ўсе засмяяліся. Ім спадабалася Мішкаў дурнаваты жарт. А на мяне зусім перасталі звяртаць увагу.
Я запхнуў кніжкі ў сумку і рушыў дамоў. Два класы супраць мяне. А я ні ў чым не вінаваты. Проста так усё атрымліваецца, што я вінаваты.
Каля ўвахода ў парк я заўважыў Галку Наважылаву. Яна прагульвалася туды-сюды і пазірала на ліхтар. Калі яна ўбачыла мяне, то вельмі ўзрадавалася. Ці мне так здалося?
— Што ты змрочны сёння? — спытала яна.
Я паглядзеў ёй у вочы і раптам, немаведама чаму, усё расказаў. Што на мяне ўз’еўся 6 “Б”, як некалі 6 “А”, і цяпер я не ведаю, куды падацца.
— На Месяц? Але там няма атмасферы.
Галка моўчкі выслухала маю скрушную гаворку.
— А можа, ты да нас вернешся? — ціха сказала яна.
Я скрывіўся.
— Два дні засталося, усё роўна.
Мы пайшлі па вуліцы.
— Ты бываў калі-небудзь на Белым возеры? — спытала Галка.
— Не, а што гэта за возера?
— Цудоўнае! — Галка нават прыцмокнула вуснамі. — Там сосны да самай вады падыходзяць, а пляжы якія — адзін пясочак. І дно — суцэльны пясочак. І маліны там колькі! Мы туды пойдзем у паход.
— Я, мусіць, не пайду, — паныла сказаў я. — Усе мяне ненавідзяць, дык чаго я буду старацца для іх першае месца зарабляць.
— Дарэмна, — сумна сказала Галка. — Але, можа, ты перадумаеш? А?
— Не ведаю, — паціснуў я плячыма. А самому раптам страшэнна захацелася пайсці ў паход да такога цудоўнага возера. І абавязкова — разам з Сёмкам, Галкай ды іншымі таварышамі з 6 “А”.
— Бывай, — сказаў я Галцы каля яе дома.
— Да пабачэння, — Галка працягнула мне руку. Я паціснуў яе. Рука была цвёрдай і моцнай, і гэта мне спадабалася.
Вогнішча паказвае язык
Але я ўсё-ткі пайшоў у паход. Я разважыў так — заняткі скончыліся, я перайшоў у 7-ы клас без пераэкзаменовак (крыкнем дружна “ура”), да таго, як ехаць у піянерскі лагер, заставалася яшчэ два тыдні. А што рабіць у двары, калі таварышы ўсе ідуць у паход?
Пайшоў я з 6 “Б”. Бо менавіта гэты клас я закончыў.
Сябры глядзелі на мяне, быццам не я перад імі стаяў, а шафа нейкая, запырсканая чарнілам.
Ну, ладна, я чалавек не ганарлівы, я проста вельмі хачу ўбачыць Белае возера. Але я яшчэ пакажу вам, на што я здатны. Вось толькі бы нейкага звера сустрэць. Ваўка, напрыклад. Канешне, лепш за ўсё зубра. Тады я паглядзеў бы, як даюць лататы гэтыя храбрацы Мішка Зайцаў ды іншыя. Толькі я б не спасаваў. Сам-насам застаўся б з лахматым і страшным царом пушчы. Не, канешне, і Барыс Міхайлавіч не спалохаўся б. Мы б удваіх засталіся супроць зубра.
А што было б далей, я не паспеў сачыніць, таму што мне крыкнуў Барыс Міхайлавіч:
— Не адставай, Валерый! А то заблукаеш!
…Другі дзень мы прабіраліся па лесе, вылезалі на халмы, звяралі напрамак па компасе і зноў ішлі наперад.
Пачалі мы досыць бадзёра. Настрой ва ўсіх быў, як пасля шостага ўрока, — выдатны. З першых крокаў мы заспявалі. Ведаеце, вось гэтую песню — “Глобус крутится, вертится, словно шар голубой”. Добрая песенька. Я нічога супраць яе не маю. Але калі за плячыма рукзак, а ў ім спальны мяшок, кансервавыя бляшанкі, булкі, хлеб і яшчэ дзесятак розных штуковін, не надта і спяваецца. І хутка таварышы змоўклі.
На другім прывале высветлілася, што Мішка Зайцаў нацёр нагу. Барыс Міхайлавіч сказаў нам узяць у паход стары разношаны абутак. А даўганогі Мішка абуў старыя чаравікі, якія ён насіў, мусіць, гадоў пяць таму. І вось вам вынік: на Мішкавых пятках раздзьмуліся белыя вадзяныя мазалі.
— Ну што ж, — уздыхнуў Барыс Міхайлавіч, — далей ісці нельга. — Ён стаў разглядаць схему маршруту. — Мы зусім недалёка ад ракі, Пціч называецца. — Барыс Міхайлавіч абярнуўся да Мішкі: — Пару кіламетраў пройдзеш?
— Угу, — скрывіўся Мішка.
Пры дапамозе Толькі Дашкевіча ён сяк-так дакічыльгаў да ракі.
На высокім беразе Пцічы, пад залатаствольнымі хвоямі, мы разбілі палатачны лагер. Збегалі скупнуліся, вада была цудоўная і не хацелася вылазіць, але Барыс Міхайлавіч па адным усіх выцягнуў на бераг.
— Прастудзіцеся, чэрці, і не дойдзеце да Белага возера, — шумеў ён.
Адной з умоў спаборніцтваў было — усім прыйсці да возера. Хварэць не дазвалялася.
Увечары доўга не разгаралася вогнішча. Раніцай прайшоў дожджык, і хвораст яшчэ не паспеў высахнуць. Ужл цэлая гара паламаных запалак і два раздзёртых карабкі валяліся каля нашых узмакрэлых дзяжурных. Раптам адзін з іх, Дзімка Чаховіч, звярнуўся да мяне: