Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
Галка выпрацоўвае характар
Афанасій Міхайлавіч прыйшоў да нас у госці, як і абяцаў, і распавёў столькі цікавага, што таварышы былі ў захапленні. А потым мы сталі хадзіць да яго па чарзе, дапамагалі па гаспадарцы. Мяне ён сустракаў як старога сябра: “Дзякуй табе, Валерый, з такімі добрымі хлопцамі і дзяўчаткамі пазнаёміў”.
Пасля таго як мой цяперашні клас узяў шэфства над чапаеўцам, мы адразу ж абышлі мой былы клас і ўпэўнена цалялі на першае
Мае былыя аднакласнікі абураліся. Лёнька Аляксандраў гразіўся пабіць пакалаціць мяне. А найдабрэйшая Светка Нікіціна сказала, што такой подласці яна ад мяне не чакала.
Вось лухта атрымоўваецца, дзівіўся я. Самі са скуры вылузваліся, каб мяне паправіць і перарабіць, а тут, калі я перакаваўся, на мяне ж і накінуліся.
Толькі Галку Наважылаву гэта зусім не цікавіла. Кожную пераменку яна бегла ў раздзявальню і рылася ў кішэнях свайго паліто, шукала новы ліст і не знаходзіла. Таму што я не ведаў, пра што ёй пісаць.
Па-ранейшаму, хоць я і быў ужо ў іншым класе, да мяне прыходзіла Іра. Яна адчыняла дзверы і зазвычай пыталася6
— Як твая глаукома?
— Трохі коле, — вохаў я.
— Можа, выклікаць “хуткую”? — На Ірыных вуснах з’яўлялася ўсмешка.
— Ды не, не варта, — падумаўшы, гаварыў я.
І мы рагаталі, разгортвалі падручнікі і пачыналі займацца.
Іра вельмі многа ведала. Іншым разам мне здавалася, што яна ведае столькі, колькі нашы настаўнікі.
Іра расказвала мне пра вялікіх навукоўцаў, пра тое, як яны здзяйснялі свае адкрыцці і як, не страшачыся смерці, працавалі і працавалі. А некаторыя ведалі, што хутка памруць, ведалі, што смяротна хворыя, і ўсё роўна сядзелі ўдзень і ўначы ў лабараторыях.
Маім любімым навукоўцам стаў Альберт Эйнштэйн. Можа, таму, што ён быў яшчэ і вясёлым чалавекам. Якія ён зрабіў адкрыцці, Іра растлумачыць не здолела, але сказала: “Эйнштэйн — найвялікшы фізік XX стагоддзя”.
Але самым дзіўным было тое, што я выправіў свае двойкі. Адна за адной я расправіўся з імі. І было гэта не вельмі цяжка. Канешне, Іра на мяне моцна насядала. Але ўсё-такі гэта я выправіў двойкі, а не яна.
Аднак сёння ў мяне быў выгляд чалавека, што згубіў латарэйны білет, які выйграў “Волгу”. Папросту кажучы, я быў не ў сваёй талерцы.
— Ты вельмі няўважлівы, — сказала Іра. — Так нельга вучыць урокі.
— Паслухай, — перабіў я Іру, — калі дзяўчынка закахалася ў хлопчыка, а ён не, то што рабіць?
Ірын твар густа пачырванеў. Пад маім позіркам яна апусціла галаву.
— Не ведаю, — ціха сказала яна.
— У цябе няма вопыту? — спытаў я.
— У мяне няма вопыту, — гэтак жа ціха адказала Іра.
Я пачаў расходжваць па пакоі. Мне заўсёды лягчэй думалася, калі я рухаўся, размахваў рукамі, нават размаўляў сам з сабой.
— Я пайду. — Іра ўстала і склала кніжкі. — Усё роўна сёння не пазаймаемся.
— Да пабачэння, — сказаў я, і Іра пайшла.
Што ж прыдумаць? Я паваліўся на тахту. Калі Іра, якая ведае ўсё на свеце, гэтага не ведае, то што рабіць?
Больш я не мог марочыць галаву Галцы. Мне часам рабілася яе шкада. Спярша я хацеў ёй адпомсціць, а тут заварылася такая каша, — як яе аднаму рассёрбаць?
Нарэшце я наважыўся. Я ўзяў асадку і напісаў новы ліст. Ён быў самым кароткім і самым жвавым.
Я рашыў табе ўсё расказаць. Прыходзь у наш клас у 8 гадзін вечара.
Хлопчык з 6 “Б”
А палове восьмай я прашмыгнуў паўз цётку Шуру, якая брынкала ключамі, у 6 “Б”.
У класе была незвычайная цішыня. Ніхто не бегаў па партах, не ляпаў вечкамі. Парты адпачывалі ад нас, вучняў. У іх была мёртвая гадзіна.
Дзверы зарыпалі, і ўвайшла Галка. Святла я не запальваў, і таму мяне яна не бачыла.
— Тут ёсць хто-небудзь? — спытала Галка, і ў яе затрымцеў голас.
— Гэта я, — сказаў я і падышоў да выключальніка. Святло заліло клас, парты прачнуліся, і Галка ўскрыкнула:
— Карабухін, што ты тут робіш?
— Гэта я пісаў табе лісты, — выпаліў я.
Галка зажмурыла вочы, яна не хацела верыць.
— Гэта я, я засоўваў іх у кішэнь твайго паліто. Я чакаў цябе тады, у парку.
— Навошта ты гэта рабіў? — нарэшце спытала Галка.
— Я думаў, што ўсе таварышы і ты да мяне дрэнна ставіцеся. Мне проста сумна было без усіх вас. І мне хацелася, каб вы зразумелі, які я быў.
Ох, і люблю я прамаўляць маналогі, быццам яне Валерка Карабухін, а артыст Смактуноўскі ў ролі Гамлета.
У гэта момант дзверы адчыніла цётка Шура.
— Што вы тут, паўночнікі, святло паліце? вы ведаеце, колькі на новыя грошы кілават каштуе? Цэлых чатыры капейкі.
Цётка Шура жартам замахнулася на нас шчоткай. Спрытна ўхіліўшыся, мы пабеглі па калідоры.
Калі мы выскачылі са школы, Галка ўжо рагатала. Яна трасянула косамі і спытала:
— Гэта была прыгода? Я вельмі люблю прыгоды.
— Гэта драбяза, — хмыкнуў я. — Са мной бывалі сапраўдныя прыгоды. Хочаш, раскажу?
— А я адразу здагадалася, што гэта ты мне напісаў. Памятаеш, калі ты прыйшоў у парк? Ой, і навальніца была… Каб не твой плашч…
Я разявіў рот ад здзіўлення. Я думаў, што абвёў Галку вакол пальца, а яна, аказваецца, усё ведала! Ды не, гэта яна зараз прытвараецца, што ўсё ведала. Чаго б яна тады здзіўлялася, застаўшы мяне ў класе?..
А Галка ўсё гаварыла, і голас у яе быў не такі, як на сходах і на ўсялякіх разборах, а нармальны, чалавечы, і нават прыемны.