Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– А мiж тым у доме было цёмна?
– Апрача пакоя на трэцiм паверсе.
– Што вы яму сказалi?
– Дакладна не памятаю. Я хацеў зайсцi ў дом.
– Чаго?
– Паглядзець, што там адбываецца. Але ён заступiў мне дарогу. Тады я пачаў тлумачыць, што нейкая жанчына крычала праз акно, клiкала ратаваць яе.
– Ён сумеўся?
– Ён змрочна глядзеў на мяне i моўчкi стараўся ўсiм сваiм корпусам выпхнуць мяне з дзвярэй.
– А потым?
– А потым ён нешта буркнуў. Я не зусiм разабраў. Адным словам, нешта накшталт таго, што я трызню або
– Што менавiта?
– "Не марнуйце часу, Луi!"
– I што?
– Тады ён штурхнуў мяне, але я не паддаўся, i ён ударыў мяне кулаком проста ў твар. I я апынуўся на вулiцы перад замкнёнымi дзвярыма.
– На трэцiм паверсе па-ранейшаму гарэла святло?
– Не.
– Аўтамабiль не вярнуўся?
– Не... А цяпер, можа, нам варта было б схадзiць туды?
– Нам? Вы гатовы суправаджаць мяне?
Гэты кантраст памiж жаноцкай кволасцю флейтыста i яго безразважнай рашучасцю адначасна i смяшыў, i кранаў.
– Хiба не мне з'ездзiлi па фiзiяномii?! Дык вось, я падаю скаргу.
– Што ж, ваша права.
– Але было б найлепш, каб мы пайшлi туды неадкладна. Як вы думаеце?
– Якi, вы сказалi, нумар дома?
– Семнаццаць-бiс.
Мэгрэ звёў бровы: адрас яму нешта цьмяна прыгадаў. Ён дастаў з палiцы адну з папак, вычытаў нейкае прозвiшча i яшчэ больш схмурнеў.
У той вечар Мэгрэ быў у мундзiры. Гэта быў, можна сказаць, першы мундзiр у яго жыццi. За некалькi дзён да таго, пра што будзе расказана ў сувязi з вiзiтам каранаванай асобы, усе службоўцы палiцыi абавязаны былi з'яўляцца на працу ў поўнай параднай форме - у любую хвiлiну любы з iх мог быць далучаны да кола афiцыйных асоб.
Яго новенькi прарызiнены плашч быў копiяй плашча Жустэна Мiнара.
– Пайшлi! Калi будуць пытацца мяне, Лякер, скажыце, што я хутка вярнуся.
Мэгрэ быў трошкi ўсхваляваны. Прозвiшча, якое ён толькi што вычытаў у папцы, было такое iнтрыгуючае, што яму стала не па сабе.
Яму, сакратару камiсарыята, было дваццаць шэсць гадоў, i мiнула ўсяго пяць месяцаў, як ён ажанiўся. За чатыры гады, што ён праслужыў у палiцыi, яму прыходзiлася выконваць самыя сцiплыя абавязкi, пачаўшы з дзяжурстваў на дарогах, потым на вакзалах, затым у буйных крамах; толькi з год таму ён быў назначаны на пасаду сакратара ў камiсарыяце квартала Сэн-Жорж.
А ва ўсiм квартале самае шаноўнае прозвiшча было, безумоўна, прозвiшча ўласнiкаў дома 17-бiс па вулiцы Шапталь.
Жандро-Бальтазар. Фiрма па продажу кавы "Бальтазар". Гэтае прозвiшча, выведзенае вялiзнымi бурымi лiтарамi, красавалася на ўсiх станцыях метро. А фургоны гандлёвага дома "Бальтазар", запрэжаныя чацвёркай выдатных бiцюгоў у раскошнай збруi, з'яўлялiся як бы неад'емнай рысай аблiчча Парыжа.
Сам Мэгрэ з задавальненнем пiў каву "Бальтазар". А калi iшоў па авеню Опера, то нiколi не прамiнаў выпадку падыхаць цудоўным водарам падсмажаных зярнятак кавы, якi даносiўся з вiтрын крамаў фiрмы "Бальтазар".
Ноч была светлая i золкая. На спадзiстай вулiцы - нi душы, нiводнага фiякра паблiзу. Мэгрэ ў тыя гады быў амаль гэткi ж хударлявы, як i ягоны спадарожнiк-флейтыст, i калi яны крочылi поруч па вулiцы, iх можна было прыняць за двух падлеткаў.
– Спадзяюся, вы не "пад мухай"?
– Я ўвогуле не п'ю. Лекар забаранiў.
– Вы ўпэўнены, што бачылi, як расчынiлася акно?
– Абсалютна ўпэўнены.
Мэгрэ ўпершыню так спяшаўся - ляцеў як на крылах. Дагэтуль ён толькi суправаджаў свайго шэфа месье Лё Брэ, самага свецкага ва ўсiм Парыжы камiсара, у паасобных выездах палiцыi на месца здарэння i чатыры разы для ўстанаўлення факта адзюльтэра.
Вулiца Шапталь была гэткая ж пустынная, як i вулiца Лярошфуко. Нiводзiн агеньчык не свяцiўся ў асабняку Жандро-Бальтазараў, адным з найлепшых асабнякоў квартала.
– Вы казалi, што ля дома стаяў аўтамабiль.
– Не зусiм ля дома. Хвiлiначку... Во, якраз вось тут.
Сапраўды, не зусiм ля дома. Трошкi прамiнуўшы яго. Мэгрэ, галава якога была набiта апошнiмi тэарэтычнымi выкладкамi адносна паказанняў сведак, запалiўшы васковую запалку, нагнуўся над брусчаткай.
– Вось бачыце!
– пераможна ўсклiкнуў музыкант, паказваючы пальцам на вялiкую масляную пляму.
– Пайшлi. Хоць я i не зусiм упэўнены, што раблю правiльна, дазваляючы вам iсцi са мной.
– Дык мяне ж ударылi!
I ўсё ж на душы ў Мэгрэ было трывожна. Паднiмаючы руку да кнопкi званка, ён адчуў, як зашчымела сэрца, i стаў прыпамiнаць, на якi артыкул закона ён можа зараз спаслацца. Ордэра ён не меў. Апроч таго, цяпер глыбокая ноч. Цi мог ён абгрунтаваць матывы свайго ўрывання, калi адзiным рэчавым доказам злачынства быў распухлы нос флейтыста?
Як i флейтысту, яму давялося пазванiць тройчы, але грукаць нагой у дзверы ён не стаў. Нарэшце з-за дзвярэй пачуўся голас:
– Хто там?
– Палiцыя!
– не зусiм упэўнена адказаў Мэгрэ.
– Адну хвiлiну, калi ласка. Пайду вазьму ключ.
У парадным шчоўкнула. У асабняку загарэлася святло. Прайшло яшчэ некалькi доўгiх хвiлiн чакання.
– Гэта ён, - пацвердзiў музыкант, пазнаўшы голас.
Нарэшце звякнуў ланцужок, стукнула засаўка, i перад iмi ўзнiк заспаны твар, i позiрк, слiзгануўшы па Мэгрэ, упёрся ў Жустэна Мiнара.
– Злавiлi-такi яго!
– прамовiў мужчына.
– Ён што, зноў недзе прыняўся за свае жартачкi?
– Дазвольце зайсцi?
– Калi вы лiчыце, што гэта неабходна. Я толькi папрашу вас не шумець, каб не ўзняць увесь дом на ногi. Прашу сюды.
Злева, над трыма мармуровымi прыступкамi, паблiсквалi зашклёныя двухстворкавыя дзверы, якiя вялi ў хол з калонамi. Упершыню ў жыццi Мэгрэ трапiў у дом, пышнасць i велiчнасць якога нагадвала рэзiдэнцыю па меншай меры мiнiстра.
– Вас завуць Луi?
– Адкуль вы ведаеце?
Усё ж Луi расчынiў дзверы, але не ў салон, а ў пакой для слуг. Быў ён напаўраздзеты. Наспех надзетыя штаны, белая начная кашуля з чырвонай вышыўкай на каўняры, - здавалася, ён толькi што вылез з ложка.