Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Месье Жандро-Бальтазар дома?
– Каторы? Бацька цi сын?
– Бацька.
– Месье Фелiсьен яшчэ не вярнуўся. Што да месье Рышара, сына, то ён, мабыць, даўно спiць. Мо з паўгадзiны таму гэты п'янiца...
Луi быў рослы, плячысты мужчына гадоў пад пяцьдзесят. Падбародак яго быў выгалены да сiнявы, над вачыма з вельмi цёмнымi зрэнкамi навiслi невераемна густыя чорныя бровы.
Мэгрэ зглытнуў слiну i рашуча, нiбы кiдаўся ў вiр, прамовiў:
– Я хацеў бы пагаварыць з месье Рышарам.
– Загадаеце
– Будзьце ласкавы.
– Пакажыце, калi ласка, вашы паперы.
Мэгрэ працягнуў сваё пасведчанне, выдадзенае палiцэйскай прэфектурай.
– Вы даўно працуеце ў нашым квартале?
– Дзесяць месяцаў.
– Служыце ў камiсарыяце Сэн-Жорж?
– Так.
– Значыць, вы знаёмы з месье Лё Брэ?
– Гэта мой начальнiк.
Тады Луi з уяўнай абыякавасцю, якая кепска маскавала пагрозу, прамовiў:
– Я таксама знаёмы з iм. Я маю гонар абслугоўваць яго, калi ён прыходзiць сюды снедаць цi абедаць.
Ён счакаў некалькi секунд, гледзячы ўбок.
– Вы ўсё яшчэ хочаце, каб я разбудзiў месье Рышара?
– Хачу.
– У вас ёсць ордэр?
– Няма.
– Цудоўна. Будзьце ласкавы пачакаць.
Ён падышоў да ўнутранай, у глыбiнi сцяны, шафы, дэманстратыўна дастаў адтуль накрахмаленую манiшку, каўнер, чорны гальштук. Затым апрануў мундзiр, якi вiсеў там жа, i выйшаў.
У пакоi стаяў толькi адзiн стул. Нi Мэгрэ, нi Жустэн Мiнар не селi. Асабняк патанаў у цiшынi i цемры. Усё выглядала неяк вельмi велiчна i хвалююча.
Двойчы Мэгрэ вымаў гадзiннiк з кiшэнi жылета. Прайшло дваццаць хвiлiн, перш чым Луi, усё гэткi ж стрыманы i афiцыйны, паказаўся зноў.
– Прашу за мной.
Мiнар таксама памкнуўся ўслед за Мэгрэ, але дварэцкi спынiў яго:
– Не вы. Хiба толькi, калi вы таксама з палiцыi.
Нейкае незвычайнае пачуццё ахапiла Мэгрэ. Яму здалося здраднiцтвам пакiнуць тут бездапаможнага флейтыста аднаго. Пакой для слуг, аблiцаваны цёмнымi панелямi, на момант здаўся яму цямнiцай, i ён выразна ўявiў сабе, як дварэцкi з сiнiм падбародкам вяртаецца сюды i з лютасцю накiдваецца на сваю ахвяру.
Услед за Луi ён прайшоў праз хол з калонамi, i затым падымаўся па лесвiцы, усланай цёмна-чырвонай дывановай дарожкай.
Уздоўж лесвiцы гарэла толькi некалькi лямпачак, якiя цьмяна асвятлялi прыступкi i сцены. Дзверы, што выходзiлi на пляцоўку другога паверха, былi расчынены. У iх праёме стаяў мужчына ў халаце.
– Мне сказалi, што вы жадаеце пагаварыць са мной? Праходзьце, калi ласка. Пакiньце нас, Луi.
Пакой, сцены якога былi абшыты скурай i ў якiм пахла гаванскiмi сiгарамi i невядомай Мэгрэ парфумай, служыў адначасова i гасцiнай i кабiнетам. Яшчэ адны дзверы, якiя былi прыадчынены, вялi ў спальню, дзе пад балдахiнам вiдаць быў рассцелены ложак.
З-пад халата Рышара Жандро-Бальтазара выглядвала пiжама, на босых нагах саф'янавыя пантофлi.
Яму было гадоў трыццаць. Смуглявы твар яго здаўся б зусiм звычайным, калi б не крывы нос.
– Луi сказаў мне, што вы служыце ў нашым квартальным камiсарыяце?
Ён адчынiў па-майстэрску аздобленую шкатулку з цыгарэтамi, працягнуў яе Мэгрэ, але той адмовiўся.
– Вы не палiце?
– Толькi люльку.
– Не прапаноўваю вам запалiць, бо не выношу паху люлечнага тытуню. Мяркую, перш чым прыйсцi сюды, вы папярэдзiлi майго сябра Лё Брэ?
– Не.
– Вось як! Прашу прабачэння, калi я не дужа дасведчаны ў палiцэйскiх парадках. Лё Брэ часты госць у гэтым доме, але, прызнацца, зусiм не як палiцэйскi камiсар. Дарэчы, ён так непадобны на палiцэйскага! Выдатны чалавек, i жонка ў яго чароўная. Але вернемся да справы. Якая гэта зараз гадзiна?
Ён зрабiў выгляд, што нiяк не знойдзе гадзiннiк, i Мэгрэ дастаў з кiшэнi сваю пасярэбраную цыбулiну.
– Дзве гадзiны дваццаць пяць хвiлiн.
– А гэтай парой года днець пачынае, здаецца, гадзiн у пяць, праўда? Я ведаю, бо часам мне выпадае прагульвацца конна па дзю Буа. Мне ўяўлялася, што хатнi спакой грамадзян ад захаду да ўсходу сонца недатыкальны.
– Несумненна, але...
– Заўважце, я нагадаў пра гэта толькi для таго, каб i вы не забывалi пра iснаванне законаў. Вы зусiм малады i, вiдаць, яшчэ нявопытны. Вам пашчасцiла, што вы трапiлi да сябра вашага шэфа. Урэшце, спадзяюся, у вас дастаткова падстаў для таго, каб такiм парадкам, як зараз, урывацца ў дом. Луi ў агульных рысах растлумачыў мне, у чым справа. Вiдаць, асоба, якую ён выштурхнуў за дзверы, даволi небяспечная? Нават у такiм выпадку, дружа мой, вы павiнны былi ўсё ж дачакацца ранку, як вы думаеце? Сядайце, калi ласка.
Сам ён не сеў, а мерна захадзiў па пакоi, пыхкаючы дымам эгiпецкай цыгарэты з пазалочаным муштуком.
– А цяпер, калi я даў вам гэты невялiчкi ўрок, якi вы заслужылi, скажыце, што вас цiкавiць?
– Хто займае пакой над вамi, другое акно злева?
– Выбачайце?
– Прашу прабачэння. Вядома, вы не абавязаны адказваць мне, прынамсi, зараз.
– Абавязаны?..
– у вялiкiм здзiўленнi перапытаў Рышар.
Кроў кiнулася ў твар Мэгрэ, вушы запунцавелi.
– Гэтай ноччу ў пакоi над вамi нехта страляў.
– Выбачайце... Выбачайце... Вы не трызнiце, спадзяюся?
"Народныя гуляннi, маўляў, гэта, канешне, прычына, але цi не перабралi вы часам?"
На лесвiцы пачулiся крокi. Дзверы не былi зачынены, i Мэгрэ ўбачыў новую постаць, якая вырысавалася на пляцоўцы, постаць, якая, здавалася, сышла з вокладкi моднага часопiса. Мужчына быў у фраку, палярыне i цылiндры. Ён быў худы i стары, а яго тонкiя вусы з ускiнутымi ўгору кончыкамi былi вiдочна нафарбаваны.
Ён спынiўся ў парозе, нерашуча, здзiўлена, неяк нават баязлiва.