Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
– Вам вядома, куды яна накiравалася?
– Чалавек пытаўся, як праехаць у Парыж праз Лiзьё i Эўрэ.
– Тэлефануйце ў палiцыю i жандармерыю Лiзьё, Эўрэ, Манту, Сэн-Жэрмэна... Папярэдзьце Парыж, каб сачылi за ўсiмi ўездамi ў горад, асаблiва ў раёне Маё...
– Машыну трэба спынiць?
– Але, i арыштаваць вадзiцеля! У вас ёсць яго апiсанне?
– Гаспадар гаража кажа, што ён даволi высокага росту, сярэднiх гадоў, у светлым элегантным гарнiтуры...
– Загад у сiле: тэлефанаваць мне ў Вiстрэам,
– Прабачце, хутка сем гадзiн... Пасля сямi тэлефоннай сувязi з Вiстрэамам няма... Хiба што вы звернецеся да мэра...
– Чаму?
– Таму што яго нумар першы i ноччу ў яго прамая сувязь з Канам.
– Пасадзiце каго-небудзь на камутатар. Калi папросяць мэра, трэба праслухаць размову... У вас ёсць машына?
– Але, малалiтражка.
– Ну й хопiць, каб даехаць да мяне з паведамленнем... Я па-ранейшаму ў "Марацкiм прытулку".
У шынку капiтан Дэлькур асмелiўся спытацца ў Мэгрэ:
– Гэта вы забойцу ловiце?
– Не ведаю!
Людзi ў шынку не маглi зразумець, чаму Мэгрэ, яшчэ ўчора такi сардэчны i просты, здаваўся цяпер далёкiм ад iх i нават злым.
Ён выйшаў, нiчога не растлумачыўшы. Вецер усё больш хваляваў мора. На мосце, якi дрыжаў пад нацiскам буры, камiсару прыйшлося шчыльна зашпiлiцца.
Каля Жарысавага дома ён спынiўся i пасля некаторых ваганняў зазiрнуў у замок. У глыбiнi калiдора ён убачыў зашклёныя дзверы кухнi. Гарэла святло. Нехта хадзiў памiж плiтою i сталом.
Мэгрэ пазванiў. Жулi замерла са сподачкам у руках, пасля паставiла яго на стол i выйшла з кухнi да дзвярэй.
– Хто там?
– спытала яна з трывогаю.
– Камiсар Мэгрэ!
Жулi адчынiла, прапусцiла яго. Яна нервавалася, увесь час азiралася, вочы ў яе былi чырвоныя ад слёз.
– Уваходзьце... Я рада, што вы прыйшлi. Ведалi б вы, як мне страшна ў гэтым доме адной! Мусiць, я тут не застануся...
Мэгрэ ўвайшоў у кухню, як звычайна старанна прыбраную.
На стале, засланым белай цыратаю, стаялi толькi кубак i талерка з хлебам i маслам. Ад рондаля на плiце iшоў салодкi пах.
– Какава?
– спытаўся Мэгрэ.
– Не хочацца гатаваць сабе адной... Вось абыходжуся кубкам какавы...
– Не звяртайце на мяне ўвагi... Ешце...
Спачатку яна саромелася, пасля, рашыўшыся, налiла ў кубак какавы i пачала ўмачаць у яе вялiкiя кавалкi намазанага маслам хлеба, якi ела потым з лыжкi, апусцiўшы застылыя вочы.
– Ваш брат яшчэ не прыходзiў?
– Не! Нiчога не разумею... Толькi што хадзiла ў порт, думала сустрэць яго там. Маракi, калi iм няма чаго рабiць, заўсёды бадзяюцца ў порце...
– Вы ведалi, што ваш брат сябруе з мэрам?
Жулi кiнула на камiсара разгублены позiрк.
– Што вы хочаце сказаць?
– Цяпер яны гуляюць у шашкi ў мэравым доме.
Дзяўчына падумала, што яе разыгрываюць, але калi Мэгрэ запэўнiў яе, што гэта чыстая праўда, яна сумелася яшчэ больш.
– Не разумею...
– Чаму?
– Таму што мэр не такi ўжо просты з людзьмi... А галоўнае, я ведаю, як ён не любiць Луi. Колькi разоў чапляўся да яго! Хацеў нават пазбавiць пасведчання на права жыхарства...
– А з капiтанам Жарысам?
– Што?
– Пан Гранмэзон сябраваў з капiтанам?
– Як з усiмi! Здароўкаецца за руку. Жартуе... Дадае колькi слоў пра надвор'е - але гэта ўсё. Iншы раз, я ўжо вам казала, ён браў майго гаспадара на паляванне... Але толькi каб не быць аднаму...
– Вы яшчэ не атрымалi лiст ад натарыуса?
– Атрымала! Ён паведамляе, што я адзiная спадчыннiца... Што б гэта ўсё магло значыць? Праўда, што дом застаецца мне?
– I трыста тысяч франкаў таксама!
Амаль нерухомая, яна машынальна працягвала есцi, пасля, круцячы галавою, вымавiла:
– Гэта немагчыма... Недарэчнасць нейкая... Я ж вам кажу: у капiтана нiколi не было такiх грошай!
– Дзе яго звычайнае месца?.. Ён вячэраў на кухнi?
– Там, дзе вы седзiце, у плеценым крэсле.
– Вы елi разам?
– Звычайна... Хiба што час ад часу я iшла зiрнуць на плiту i падаць што-небудзь... За вячэраю ён любiў чытаць газету, iншы раз уголас...
Мэгрэ быў не надта чуллiвы. I ўсё ж такi яго ўсхваляваў iдылiчны спакой, у якiм ён цяпер сябе адчуваў. Здавалася, што гадзiннiк цiкаў надзвычай марудна. Водблiск святла ад меднага маятнiка адбiваўся на сцяне. I гэты салодкi пах какавы... Пры кожным руху Мэгрэ плеценае крэсла прыемна паскрыпвала - як i тады, пэўна, калi ў iм сядзеў капiтан Жарыс...
Жулi было страшна адной у гэтым доме. Але яна не рашалася пакiнуць яго. I камiсар разумеў, што нешта трымала яе ў гэтых сценах - не адпускала, бадай, звычка... Яна ўстала i пайшла да дзвярэй. Мэгрэ сачыў за ёю вачыма. Жулi ўпусцiла ў кухню белую кошку, якая падышла да мiскi з малаком каля печы.
– Бедная Мiну!
– сказала дзяўчына.
– Гаспадар так любiў яе... Сядзела пасля вячэры ў яго на каленях, пакуль ён не iшоў спаць...
Якi глыбокi спакой - у iм адчувалася нават нейкая пагроза... Спакой цяжкi i напружаны...
– Вы напраўду нiчога не хочаце мне сказаць, Жулi?
Яна дапытлiва глянула на яго.
– Я думаю, што вось-вось адкрыю праўду... Любое ваша слова дапаможа мне... Вось чаму я i пытаюся, цi не хочаце вы расказаць мне што-небудзь...
– Клянуся вам...
– Пра капiтана Жарыса...
– Нiчога!
– Пра вашага брата...
– Нiчога... Клянуся вам...
– Пра чалавека, якi, пэўна, быў у гэтых мясцiнах i якога вы не ведаеце...
– Не разумею...
Яна ўсё ела кавалкi хлеба, якiя плавалi ў жоўтай ад масла какаве - Мэгрэ i глядзець на гэтакую ежу было непрыемна.