Чтение онлайн

на главную

Жанры

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:
ДАДОМУ Вяртаюць халады душу дадому Пад столь, дзе ад калыскі цень жывы. Дзе, стому не даверыўшы нікому, Сон падрамаць плыве на паплавы. Дзе аніпадлеглы духу злому Сумуе па лістах на Пакравы. Князь Хатнік — костка ў горле духу злому — Грамнічных траў набраў у рукавы. Бадзёрай памяць робяць халады. Ёй даспадобы разамлець ад спёкі, Золь смокча соты дроў з сырой грады. Асеў з грахамі асачысты стог. Маўчаць у задуменнасці аблокі. Ці словы маміны, што ўчуцьме Бог?
АДХІНУЦЬ НЕБАКРАЙ... У каменяломнях мазгоў Думка блукаць пачынае Упоцемку без ліхтара. А сцені паганскіх багоў Даплываюць у заўтра чаўнамі, Падахвочваючы штукара Адхінуць небакрай. Каб адчуць халадэчу спрадвечча I глыбіню цішыні. Толькі пякучы адчай Звар'яцелай зоркі трапеча Беспрабудна ў бяспаМяцця На далані...
ПАЛЫНОВЫЯ САНЕТЫ
* * * Усё жыццё, як дзень адзін, прайшло. Усё, што мучыла і хвалявала, Перагарэла, ўціхлася трывала. З цямніцы цені выйшлі на святло. Таіць свой позірк перастала зло. Змяя спакусы прыхавала джала. Старацца лёсу засталося мала. І паскупела ў шчодрасці кубло. Спагады палахлівыя галіны Дрыжаць і ахінаюць цішыню. Даўно паразумеліся правіны. Смялее страх, як цёмнае пытанне. Ды падстаўляе радасць даланю Пад лівень сонечны на развітанне. * * * Магіла —
прагавітае вакно,
З якога цемра з крыўдай пазірае. I раіць адпачыць зямля сырая, Дзе жаль намацвае ў прадонні дно. Каго прымаць, магіле ўсё адно. Яна — як сенцы ціхай хаты з краю, Дзе свой адчай надзея дакарае, Спавітая ў нябеснае радно.
Пакуль дарэмна даганяеш дні, Самотная цябе чакае й цяміць, Што немагчыма абмінуць яе, Што сэнс жывы ў халоднай глыбіні, Што над грудком нямым сівее памяць, Што кожнаму свайго вакна стае. * * * Руіны – напаміны даўніны, З якой даўнеем яваю і снамі. Руіны нас былых заўсёды з намі. Маўчаць, аглухлыя ад гаманы. Мы, і ў гурме забытыя, адны Руінімся згарбела курганамі. Начэюць нашы мроі груганамі, Што прыляцелі з золкай стараны. У крылаў забыцця хапае прагі. У крылаў памяці слабее ўзмах. Сябе ахвотна паўтараюць сагі. Віною прысягае грэх нявінны. Старэюць, гледзячы на новы гмах, За вечнасць маладзейшыя руіны. * * * Не ад самоты пасівеў палын, Яго сівое полымя спаліла. Гаркоты неразведзеная сіла Настоіць сум завоблачных далін. Вяртае палыновы пах з чужын На сцежку, што сляды хадзіць вучыла, Дзе вербіна нагнулася пахіла, Каб цень паслаць знямозе на спачын. Сівеюць валуны і завірухі. Сівеюць Млечны і нявечны шлях. Сівыя крушні крушацца ад скрухі. Міжволі далячынь гарчыць пакорай. Абнашчаны ўсяго зямнога прах Галінкай палыноваю бадзёрай. * * * Вярнуць у незабытае сябе, Забыцца на трымценне, на пакуты. Пазнаць нанова кожны гук пачуты. І быць абдзеленым на той дзяльбе, Дзе доля дзеліць зерне на сяўбе. Глынуць саманадзеянай атруты. Так захмялець, каб траўнем здаўся люты, І недавер даверыць варажбе. Але вяртанне кпіць з сябе самога. Чаканне зачакалася дарма. Сустрэць блуканца выбегла дарога, Ды заблудзіла ў сне за небасхілам. І ты адчуеш, што цябе няма Там, дзе туман астыў салодкім пылам. * * * Як гэты свет, як і сябе, хутчэй Прыдумаў кожны сам сваё каханне. Адчуўшы шэпту цёмнае дыханне, Бяссонніцу спакушаных вачэй. Страх замятаецца завеяй вей. Грахі замольвае замілаванне, Бяжыць, сябе не помнячы, спатканне, I нецярпенне цвеліць салавей. У пагасціны запрашаюць высі. I кожны жарсць, як у далонях жар, Нясе, не баючыся анячыся, Сябе растрачваючы без астатку. Урэшце тужыць сцюжа, чахне сквар. I можна зноў ашуквацца. Спачатку. * * * І на зямлю, і ў сціхлую душу Прыходзяць халады гаспадарамі Пацешыцца халоднымі дарамі, Перахапіць дыханне скавышу. Плач завірухі ў цішыні ўвушшу Не моўкне роспачнымі вечарамі. Азябшы, рэха крадзецца дварамі Пакрыўдзіцца сабе, як спарышу. Цяплей спяшацца думкам на радзіму. Смялей на белы свет глядзець імгле. Падперці неба не цярпіцца дыму. І святы йдуць марознаю хадою. І трызніць лугам сена на стале. І пахне снег багатай Калядою. * * * Ікона ў хаце мела кут святы, Была заступніцай і гаспадыняй. Як выступаў зімой на сценах іней, Кунежыла дыханнем мілаты. Ад першай да апошняе вярсты Вяла душу далінай і пустыняй. Над дамавінай – ненажэрнай скрыняй – Нябачна зводзіла малітве ксты. І давялося адхіснуцца ценю. Імгненне, што дазволена было Убачыцца нясквапнаму натхненню, Адбілася, нібы на плашчаніцы. І глянула нястомнае святло, Каб летуценне выбавіць з пляніцы. * * * Сказаць мне слоў апошніх не змагла. Я не пачуў, што гаварылі вочы. А ў мамы позірк быў такі сірочы. І шыбы сталі з матавага шкла. І хату ўсю завалакла імгла. І толькі чуўся ў садзе гвалт сарочы. Прыйшлі, як і суседкі, тыя ночы, З якімі доўга гутарку вяла. Была хвароба прыжывалкай ціхай, А не было каму падаць вады. Быў вецер злы, агонь у печы з пыхай. Смялела немач, немата панела. Як некалі сустрэнемся, тады Перапытаю, што сказаць хацела. * * * Прыходзіла Вялічка на сяло З чырвоным яйкам, з белатварым сырам. І сцежку, паднядзеленую жвірам, Світанне лугам за руку вяло. Іграла сонца, ажывала тло. Свянцонка пахла злагадаю, змірам. І ўсім малечым вачанятам шчырым Прысмакаў досыць на стале было. Расло святло, надзея ўваскрасала. З душы ўцякалі недавер і змрок. І песняў валачобнікам хапала. І сніўся падарожжу сон далёкі. І адвячорак позніўся знарок. Ішлі па небе продкі, як аблокі. * * * Стаў весялейшы і святлейшы хлеў – Лысоня ацялілася. Як свята, Падзею гэту святкавала хата. Малодзіва гарачы снег бялеў. Мароз і той змяніў на літасць гнеў. Спяшала хлеб у печ садзіць лапата. Бычок на свет глядзеў дзівакавата, Ці з радасці, ці з роспачы мычэў. І доўга ўсмешкі ўсцешныя не гаслі. Чакала кошка Найда малака. Вячэралі смачнейшым сенам яслі. Цыбуля плакала асірацела. Турботаў гаманкая талака З гаспадарамі разам маладзела. * * * Радня – працяг твайго зямнога дня. Маліся, каб не скора вечарэла, Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла, Каб ля цябе не зябла дабрыня. Ваўком завые злосці ваўчаня, Зірне чужая зайздрасць анямела. Каб дрэва радаводнае шумела, Таіць карэнне мусіць глыбіня. Рыдлёўка далакопава ў знямозе Жвір сыпле раўнадушнай даланёй На сон, што йдзе па незямной дарозе. Трывожна кожнай верачы прыкмеце, Расстаўшыся з апошняю раднёй, Адчуеш, як сцюдзёна ў гэтым свеце. * * * Паэзія – хвароба ўсіх вякоў. Паэзія – служанка й каралева. Лірычных слёз рашучая залева Астудзіць стому босых ступакоў. Сцяжыны ўмуражэлыя радкоў Бягуць пад засень ранішняга дрэва, Дзе яблык падала Адаму Ева, Дзе спяць сляды Пегасавых падкоў. Што з вулічнай звязаўся, як вяльможа, Паэт сябе й паэзію кляне, Ды слабіну сваю не пераможа. Ад славы камянеюць вершаробы. Зірні наўкол – валун пры валуне. Жыццё ад смутку гіне без хваробы. * * * І зразумееш на чужых вятрах, Што толькі дома ты і быў адзіны. Цяпер, як гук забытае лаціны, Наводзіш на сябе самога страх. Жывеш ужо ні дома, ні ў гасцях, Узгадваючы родныя мясціны, Адкуль прыходзяць чорныя вясціны. Там засяляюць могілкі прасцяг. Пра ўсё, што мелася ў жыцці адбыцца, Лёс напісаў калісьці на пяску. Даўно пісьмёны змыла навальніца. Адзін туды зрабіўся шлях кароткі, Дзе, на спачын прылёгшы неўзнаку, Цябе цярплівыя чакаюць продкі. * * * I ўсе былі табой і не табой. Адна ты разумела адмыслова, Што цяжка паўтарыцца слова ў слова I нельга цень свой засланіць сабой. Я чуў твой голас цёмнаю парой, Я сустракаў твой позірк выпадкова. I ў кожнай не табе абавязкова Шукаў не абяцаны мне спакой. Мне б толькі ў поўні выпытаць сакрэты. Мне б ведаць, што мой сон не існаваў, Не верыць, што чакаеш не мяне ты, Пакуль марудна ліставей гартаю. Цябе, што сам сабе наканаваў, Ужо, напэўна, так і не спаткаю. * * * Жыццё пылінку вечнасці сваёй Пазычыць пад настрой, але адразу Цярпець прымусіць крыўду і абразу, Вярнуць пазыку хочучы з ліхвой. Хвароба ходзіць лекаркай глухой, Пра што ні запытай, не дасць адказу. І ў злой залеве не знайшоўшы лазу, Стаяцьмеш пад дзюраваю страхой. Пакора працавітая, нямая Спяшаецца ў гасподу небыцця. У доўг зямля жывое ўсё трымае. Трасецца над адсоткамі мяняла. Нябожчыка хаваюць ад жыцця, Каб больш яно свой доўг не спаганяла. * * * Звінеў, як посуд, местачковы люд, Хто йшоў, хто бег, нібы ўхапіўшы жару. Мястэчка не бывае без базару, Дзе клопат счэша ўсім бакі, як склюд. I прадаваўся тут і цуд і ўпуд. Хапала воку рознага тавару. Вяртаўся адзінец дадому ўпару. I на фунты шчадрэў скупечьі пуд. Як снег, рублі навенькія хрумсцелі. Нясмела пазяхалі Медзякі. Як морква-каратЭлька, карацёлі Дні ў маладзіц, якія прадавалі Усмешкі лета з лёгкае рукі I цяжка безбацькоўцаў гадавалі. * * * Былі сярпы вясёлыя ў жніва. Як Млечны Шлях, іржысцілася ніва. І туманоў старых начное сніва Разгадвалася раніцай знава. Хацела быць зялёнаю трава. А быльнягова ўжо сівела грыва. І перапёлку слухала раўніва Жняя жыгучая, што крапіва. Усмак нагасцяваўшыся ў прылецці, Далёкае ад страт зямных і звад, Глядзела неба, як жыруюць клеці. Сноп, жніўнай песняю падперазаны, І пузацеў, і вусацеў, як сват, Ад рупатлівай ласкі і пашаны. * * * На згадку палыновы свой санет, Унучка Дамінічка дарагая, Пішу табе. I ўсмешка дагарае, I карацее сцежка ў гэты свет. Пачаў баяцца сноў і ўсіх прыкмет, Пакуль цікуе самая благая. Хай дамавік твой страх аберагае, Каб воўк не наступіў табе на след. Мне маладзіць душу твой выгук: дзедзя! За шчырасцю старэць няма калі. Бо старасць пешкі йдзе, а клопат едзе. Цяжэе за спіной з гадамі клунак. Ды затрымацца трэба на зямлі, Калі паслала неба падарунак. * * * А мне й дагэтуль кожнаю зімой Чуваць ахрыплы голас крыгалому, Бо ён не хоча даручыць нікому Вясціну, што настрой сагрэе мой. Трашчыць сарока п’янаю кумой. Праталінам таіць няўзмогу стому. Сцяжынка сохне з гора, збегшы з дому, Бяжыць і дзівіцца сабе самой. Як хмары, крыгі крышацца сцюдзёна. Як буталь, б’ецца крумкачовы крум. У пеўня чуб, нібыта ў маладзёна. Хутчэй разводдзю хочацца разліцца. Плячмі здранцвелымі варушыць рум. Рака зіму трымае, як капліца. * * * У прыцемкаў настрой паволі чах. Свой плач згубіла за лугамі каня. Бянтэжылася першае спатканне Ў гародаў местачковых на вачах. У стрыманым алешніку ў карчах Ныў салавей, што позніцца змярканне. Туман падняўся ў даўняе блуканне. I смела чырванеў юначы страх. Не ведалі, куды ім дзецца, рукі. I вусны сіверылі, як ралля. I сэрца прыглушыць не ўмела грукі. А ўсё здавалася, што цемры мала. Халоднае між голага галля На ростанях расстанне сумавала. * * * Сарачыны — моўчкі сррак дзён Над аселішчам душа блукала, I гукала родных, і шукала, Ці застаўся дзе ад працы плён. Каня гэтак ліху наўздагон Над гняздом прастуджанымканала. Гэта ўсё на небе дасканала, На зямлі адметны толькі скон. Сорак птушак з выраю вясною Будзе прылятаць на Саракі. I душа з крылатай гаманою, Можа, вернецца на пагасціны. А пакуль што болей не з рукі Поўніць жалем даўнія мясціны. * * * І ад сябе паціху адстаю, Памалу смешным сам сабе раблюся. Ды ад скаромнай подумкі ў спакусе Яшчэ, як дол настылы, адтаю. Мне маладую не дагнаць рую. З самым сабой сагнацца не бяруся, І з зайздрасцю пулятай не ў хаўрусе Таймую неразборлівасць сваю. Я адстаю, як адстае гадзіннік. Мне цяжка быць самым сабой, былым. Мой новы страх дрыжыць, як той асіннік. Жарсць сватае маю світанак шэры. Я ўжо цяпер, як беспрытульны дым, Перад якім пазачынялі дзверы. * * * Мне сумна, як самотнаму ваўку. Распальваю камін. З агнём жартую. I незабытна ўепамінаю тую, Што не збылася на маім Еяку. Дзівосы толькі сняцца дзіваку. Ён носіць торбу выгады пустую. I сам сябе ратунак не ўратуе. I трэба роўна йсці ў труну цвіку. Падміргвае, як змоўца, таямніча Агонь, пакліканы з былых вякоў. I кліча й кліча слічнае аблічча З тых дзён, што ўжо не вернуцца ніколі. У смутка не бывае двайнікоў. Самотніку не вырвацца з няволі. * * * Палае жарсцю стрыманы агмень. Маўчыць лянота, ўцёкшы ад знямогі. У шыбу б’ецца маладзік двухрогі – Ён хоча свой сагрэць халодны цень. Вітае цемру першую пламень. Яна прысела ля агню з дарогі. Ахвотна абабіўшы ўсе парогі, Субожыўся і замаўкае дзень. Спачыць каля бацькоўскага агменю Душа аднойчы хоча як нідзе, Удзячная свячэнню й прызначэнню. І хата – маладая маладзіца – За пазухай агмень схаваўшы, йдзе За небасхіл спакою пакланіцца. * * * А тут набытае пакінем тут. Там давядзецца ўсё пачаць нанова. А ці спатрэбіцца там нават слова, Каб абжываць незразумелы кут. Глухога бытавання марны хлуд Рос палынова, сціснуў валунова. А там, відаць, няўлоўная выснова Цяжэй гнясціме воблакам пакут. Таму туды раней за нас матулі Ідуць, каб зноў вучыць сваіх малых, Каб там на іх нядобра не зірнулі. Мы там прыдбаем звычкі незямныя, Набудзем іншы зрок ды іншы слых, Сябе забудзем, а душа заные. * * * Бацькоўскі стол у хаце гаспадар. Сям’ю гуртуе ды гасцей частуе. І, наліваючы сыту густую, Салодзіць хмель, як шчодры вінадар. Свой у святкоў і ў будняў каляндар. І стол спагадай гонар іх ратуе. Калі няўедна голад залютуе, Аплаткай поўня ляжа на алтар. Алтар стала, настольнікам засланы, У хаце, як у стомленай царкве, Прыручаны набожна да пашаны. Сядзіць тут, галаву падпёршы, доля. І столь, як неба, над сталом плыве, Пакуль галосіць і пяе застолле. * * * Зазелянелі даўнія лугі. Конь засмяяўся смехам непадкутым. Шлях развінуўся разарваным путам. І араллёй паснедалі плугі. Рака свае пазнала берагі. Дуб ацалелы высіцца магутам. Нядоўга йскрынцы рахавацца з трутам. Марнее даль ад смагі і смугі. Усё, што запавешчана вякамі, Чакае спадкаемцу, каб яму Зрабіліся чужынцы сваякамі І крэўнікі халодна ачужэлі. Сноп на таку не дзякуе вязьму. Зярнятку цёпла ў спадчыннай пасцелі. * * * У блізкім небе спавядаўся дым. Гады, як недасушаныя дровы, Гарэлі, каб мякчэў агонь суровы І грэўся лёс пры вогнішчы рудым. Мароз адно свой гонар цешыў тым, Што зводзіліся цэлыя дубровы, Каб чым было чарніць завеям бровы, Раіцца іскрам – пчолам залатым. Пусцеюць і дрывотні, і павеці. Гамонку лісця ўспамінаюць пні. Сцюдзёна ў хаце дзён і зябка ў свеце. І мулка ў берагах прысталай плыні. І ўсё душа чакае цеплыні. І прысак, як сумёт, паціху стыне. * * * І яблыкамі б’е паклоны сад. Сад у гадах, і з радасцю ратая Скупой зямлі яе дары вяртае, Кунегай зорак поўнячы пагляд. Сад – як сям’я, дзе не бывае звад. І толькі згода, шчырасцю святая, Над душамі зялёнымі світае. І на куце спакой сядзіць, як сват. Сад, кшчоны скразнякамі й перунамі, У лес, дзе ўся паганская радня, Вяртаецца і снамі, і лістамі, Што ўсім чытае яблынька лясная. А ўночы вышыня, як птушаня, На далані у саду засынае. * * * Да роднага парога на паклон Ідуць усе парогі і сцяжыны. Яны хутчэй спяшаюцца з чужыны, Як у спякоту статак на паўдзён. На ім добраславенне і заклён, На ім сякеры след і след птушыны, Цень ад даёнкі і ад дамавіны. Яго пераступае звон і сон. Не абмінае навіна благая – Нібы нясе ў прыгоршчах вугалі. Яму высокі ганак прысягае. Сябе шукае згубленае ўчора. І плечы разгарнуць няма калі. Парог згарбеў ад радасці і гора. * * * Усё жыццё – туга па тым жыцці, Якое пачыналася з калыскі, Дзе космас быў, як курасаднік, блізкі, Дзе льга было адказ на ўсё знайсці. І на куце сядзелася куцці. І смачна елася крупеня з міскі. І цёплы дотык туманковай пыскі Ішоў услед за ценем па лісці. Смех недагнаных дзён гучыць далёка, Як шаргунок вясельны пад дугой. І першую слязу не помніць вока. Адгадцы хочацца здзівіць загадку. Жыццё з жыццём мяняецца тугой. Душа чакае ўсё пачаць спачатку. * * * Як цёплы дождж ідзе па ярыне, Тады здаецца, што хмурынкай стала І мае ў небе клопату нямала, Прыслужваючы маладой вясне. Калі імгла лашчыны ахіне, Здаецца, стала раніцай і дбала Зноў завіхаецца, як і бывала, Пакуль Купалка дрэмле ў баразне. І не хапае голасу зязюлі. І не хапае коласу святла. І вушы слова добрага не чулі. Прыгаслі вочы, як і дні, таксама. І гэты свет у спадчыну дала І закацілася, як сонца, Мама.
Поделиться:
Популярные книги

Кукловод

Злобин Михаил
2. О чем молчат могилы
Фантастика:
боевая фантастика
8.50
рейтинг книги
Кукловод

Идущий в тени 8

Амврелий Марк
8. Идущий в тени
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Идущий в тени 8

Кодекс Охотника. Книга XVIII

Винокуров Юрий
18. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVIII

Возмездие

Злобин Михаил
4. О чем молчат могилы
Фантастика:
фэнтези
7.47
рейтинг книги
Возмездие

Царь поневоле. Том 1

Распопов Дмитрий Викторович
4. Фараон
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Царь поневоле. Том 1

Идеальный мир для Лекаря 15

Сапфир Олег
15. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 15

Генерал-адмирал. Тетралогия

Злотников Роман Валерьевич
Генерал-адмирал
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Генерал-адмирал. Тетралогия

Энфис 2

Кронос Александр
2. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 2

Школа Семи Камней

Жгулёв Пётр Николаевич
10. Real-Rpg
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Школа Семи Камней

Девяностые приближаются

Иванов Дмитрий
3. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.33
рейтинг книги
Девяностые приближаются

Идеальный мир для Лекаря 11

Сапфир Олег
11. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 11

Сердце Дракона. Том 9

Клеванский Кирилл Сергеевич
9. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.69
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 9

Имперец. Том 1 и Том 2

Романов Михаил Яковлевич
1. Имперец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Имперец. Том 1 и Том 2

Сердце Дракона. Двадцатый том. Часть 2

Клеванский Кирилл Сергеевич
Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Двадцатый том. Часть 2