Салярыс
Шрифт:
— Ах ты, нявiнны хлопча…
Гэтыя словы ўзрушылi мяне. Але зiрнуўшы на Снаўта, я зразумеў, што ён не жартуе. Я ўбачыў яго быццам упершыню. На шэрым твары ў глыбокiх маршчынах застыла пакута, ён быў падобны на цяжкахворага чалавека.
— Чаму ты так гаворыш? — спытаўся я здзiўлена.
— Таму, што гiсторыя гэта трагiчная. Не, не, — хуценька дадаў ён, калi заўважыў, што я хачу яго перапынiць, — ты па-ранейшаму нiчога не разумееш. Вядома, ты можаш пакутаваць, нават лiчыць сябе забытым, але… гэта не сама страшнае.
— Што ты кажаш! — з’едлiва выгукнуў я.
— Цешу сябе тым, што ты не верыш. Тое, што адбылося, можа быць страшным, але страшней за ўсё тое, што…
— Не разумею… — прамовiў я.
Я i на самай справе нiчога не разумеў. Снаўт пакiваў галавой.
— Нармальны чалавек… — працягваў ён. — Што такое нармальны чалавек? Чалавек, якi не ўтварыў нiчога страшнага? I нават нiколi пра гэта не падумаў? А што, калi ён не падумаў, але ў яго падсвядомасцi дзесяць або трыццаць гадоў таму толькi мiльганула гэта? Мо ён забыўся, не баяўся, бо ведаў, што нiколi не зробiць нiчога дрэннага. Так, а зараз уявi сабе, што раптам, сярод белага дня, у асяродку iншых людзей, ты сустракаеш ГЭТА наяве, прыкутае да цябе, незнiшчальнае, што тады? Што маеш рабiць тады?
Я маўчаў.
— Станцыя, — прамовiў ён цiха. — Маеш тады Станцыю Салярыс.
— Але… што гэта ўрэшце можа быць? — спытаўся я нерашуча. — Вы ж з Сарторыусам не злачынцы…
— Ты ж псiхолаг, Кельвiн! — нецярплiва перапынiў ён мяне. — Каму хоць раз у жыццi не снiўся такi сон, не з’яўляўся такi прывiд? Возьмем… фетышыста, якi закахаўся, скажам, у шматок бруднай бялiзны. Рызыкуючы жыццём, метадам пагроз i просьбаў ён здабывае свой бясцэнны вычварны шматок. Забаўна, праўда? Ён i брыдзiцца прадмета свайго iмкнення, i гатоў з-за яго розум страцiць. I нават жыццё гатовы аддаць дзеля яго, як Рамэо дзеля Джульеты… Такое часам здараецца. Але ты, вiдаць, разумееш, што бываюць i такiя рэчы… такiя сiтуацыi… якiя нiхто не захоча мець наяве, пра якiя можна толькi падумаць, i то пад час ап’янення, падзення, вар’яцтва — называй гэта як хочаш. I слова становiцца целам. Вось i ўсё.
— Вось… i ўсё, — бязглузда паўтарыў я драўляным голасам. У мяне шумела ў галаве. — А Станцыя? Пры чым тут Станцыя?
— Ты што, прытвараешся? — прамовiў Снаўт i ўперыў на мяне свой позiрк. — Я ж увесь час кажу пра Салярыс, толькi пра Салярыс i нi пра што iншае. Я не вiнаваты, што ўсё так рэзка адрознiваецца ад тваiх спадзяванняў. Зрэшты, ты дастаткова перажыў, каб хоць выслухаць мяне да канца. Мы выпраўляемся ў космас, гатовыя да ўсяго, гэта значыць да адзiноты, да барацьбы, да пакут i смерцi. З-за сцiпласцi мы не гаворым пра гэта ўслых, але часам думаем пра сваю вялiкасць. А на самай справе, на самай справе гэтага мала, i наша падрыхтаванасць — толькi поза. Мы зусiм не хочам заваёўваць космас, мы хочам проста пашырыць да яго абсягаў Зямлю. На адных планетах павiнны быць пустынi накшталт Сахары, на другiх — iльды, як на полюсе, альбо джунглi, як у бразiльскiх тропiках. Мы гуманныя i высакародныя, не хочам заваёўваць iншыя расы, мы толькi iмкнёмся перадаць iм нашы дасягненнi i ўзамен атрымаць iх спадчыну. Мы лiчым сябе рыцарамi Святога Кантакту. Гэта другая хлусня. Мы не шукаем нiкога, акрамя чалавека. Нам не патрэбны iншы сусвет. Нам патрэбна наша адлюстраванне. Мы не ведаем, што рабiць з iншым сусветам. Нам хапае i аднаго, мы i так у iм задыхаемся. Мы хочам знайсцi свой уласны, iдэалiзаваны вобраз: планеты з цывiлiзацыямi, якiя больш дасканалыя, чым наша, альбо сусветы нашага прымiтыўнага мiнулага. Мiж iншым, з таго боку ёсць нешта, што мы не прымаем, ад чаго абараняемся, а тым часам з Зямлi прывезлi не толькi крыштальную дабрачыннасць, не толькi iдэал гераiчнага Чалавека! Мы прыляцелi сюды такiмi, якiя мы на самай справе; а калi iншы бок паказвае нам нашу рэальную iснасць тую частку праўды пра нас, якую мы хаваем, — мы не можам з гэтым змiрыцца!
— Ну i што? — спытаўся я, цярплiва выслухаўшы яго.
— Тое, што мы хацелi: кантакт з iншай цывiлiзацыяй. Вось ён, гэты кантакт! Павялiчаная як пад мiкраскопам наша страшэнная брыдота, наша фiглярства i сорам!!!
Голас Снаўта ажно трапятаў ад злосцi.
— Значыць, ты лiчыш, што гэта… Акiян? Што гэта ён? Але навошта? Зараз я менш за ўсё цiкаўлюся механiзмам дзеяння, але хай Бог крые, навошта?! Няўжо ты ўсур’ёз лiчыш, што ён забаўляецца з намi?! Альбо карае нас?! Гэта ж сапраўднае чарнакнiжжа! Планета, якую заваяваў нейкi д’ябал-велiкан, i вось зараз ён, зыходзячы са свайго д’ябальскага адчування гумару, падкiдвае сябрам навуковай экспедыцыi гэткiя брыдоты! Сама сапраўдны iдыятызм. Няўжо ты сам верыш у гэта?!
— Гэты д’ябал не такi дурны, — працадзiў Снаўт праз зубы.
Я здзiўлена паглядзеў на яго. Урэшце ў яго маглi не вытрымаць нервы, падумаў я, нават калi тое, што адбываецца на Станцыi, нельга вытлумачыць вар’яцтвам. Рэактыўны псiхоз?.. — прамiльгнула ў мяне думка, калi Снаўт пачаў цiхенька смяяцца.
— Зноў ставiш мне дыягназ? Не спяшайся. Па сутнасцi ты сутыкнуўся з гэтым у такой лёгкай форме, што нiчога не зразумеў!
— Ага! Д’ябал злiтаваўся з мяне.
Размова пачынала нерваваць.
— Што ты, уласна, хочаш? Каб я сказаў табе, што рыхтуюць супраць нас iкс бiльёнаў кубаметраў метафарычнай плазмы? Магчыма, нiчога.
— Як гэта нiчога? — спытаўся я здзiўлена.
Снаўт па-ранейшаму ўсмiхаўся.
— Ты ж ведаеш: навука займаецца толькi тым, як адбываецца штосьцi, а не тым, чаму адбываецца. Як? Усё пачалося праз восем або дзевяць дзён пасля эксперыменту з апраменьваннем рэнтгенам. Магчыма, Акiян адказаў на наша апраменьванне нейкiм сваiм, магчыма, прашчупваў прамянямi наш мозг i выводзiў з яго пэўныя псiхiчныя працэсы, так бы мовiць — iнкапалiраваныя.
— Iнкапалiраваныя? Гэта мяне зацiкавiла.
— Так, працэсы, адарваныя ад усяго iншага, замкнутыя ў сабе, сцiснутыя, замураваныя, нейкiя запальныя астраўкi памяцi. Ён палiчыў iх за праект… за рэцэпт… Бо ты ж ведаеш, якое падабенства маюць памiж сабой асiметрычныя крышталi храмасом i тых нуклеiнавых спалучэнняў царабразiдаў, якiя з’яўляюцца асновай працэсаў запамiнання… Спадчынная плазма гэта плазма «запамiнання». Значыць, ён здабыў гэта з нас, зарэгiстраваў, а пасля — сам ведаеш, што было пасля. Але чаму ён гэта зрабiў? О! Ва ўсякiм выпадку не дзеля таго, каб знiшчыць нас. Знiшчыць нас можна значна прасцей. Наогул — з яго тэхналагiчнымi магчымасцямi — ён мог зрабiць усё, што хацеў, напрыклад, замянiць нас двайнiкамi.
— Ага! — выгукнуў я. — Вось чаму ты так спалохаўся мяне тым першым вечарам!
— Так. Зрэшты, — дадаў Снаўт, — магчыма, што ён так i зрабiў. Адкуль ты ведаеш, што я сапраўды тое старое добрае Мышаня, якое прыляцела сюды два гады таму…
Снаўт хiхiкнуў, нiбыта меў асалоду ад маёй разгубленасцi, але адразу ж стаў сур’ёзны.
— Не, не, — прамармытаў ён, — i так хапае ўсяго, аж занадта… Вiдаць, адрозненняў значна больш, але я ведаю адно: i мяне i цябе можна забiць.
— А iх нельга?
— Нават не спрабуй. Страшны малюнак!
— Нiчым?
— Не ведаю. Ва ўсякiм выпадку iх нельга нi атруцiць, нi зарэзаць, нi задушыць…
— А калi атамным раскiдальнiкам прамянёў?
— А ты здолеў бы?
— Не ведаю. Калi лiчыць, што яны не людзi…
— У пэўным сэнсе яны людзi. Суб’ектыўна яны людзi. Яны не разумеюць сэнсу… свайго… паходжання. Ты, вiдаць, заўважыў гэта?
— Так, заўважыў. Але… якi гэта мае выгляд?