Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Не.
– Чаму?
– Тваё пытанне наiўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабiлiтаваць Савiча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе i трапiў у час, калi нiчога нельга было зрабiць, калi iшлi арышты, правальвалiся яўкi. Пасля гэтага я прыйшоў бы i паведамiў: мяне хаваў Савiч, якога забiлi падпольшчыкi, а немцы з пашанай пахавалi. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, вiдаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, якi быў час.
– Карацей кажучы,
– Ну пабаяўся, пабаяўся! Калi табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуiраваў горад - не баяўся. Адступаў да Масквы - не баяўся. Мяне паслалi назад у тыл - я не баяўся, не бегаў па камiсiях, як другiя. Нi разу не скакаў з парашутам - скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнiзона. Вадзiў людзей на аперацыi - не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзiць разбiтае падполле, - не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася...
– Не крычы. I не бразгай сваiмi медалямi. Тое, што рабiў ты, рабiлi тысячы, мiльёны... Мы выконвалi свой абавязак.
– Але, я пабаяўся. А другiя не баялiся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерцi ад кулi ворага. А памерцi ад рук сваiх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты нi ў чым не вiнаваты... Ты ўяўляеш? Ты думаў калi-небудзь пра гэта?
– Думаў. I цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф'я Савiч, калi пасля фашысцкага канцлагера трапiла ў Сiбiр.
Паўза. Гучна, з лёгкiм меладычным звонам адбiваў секунды вялiкi медны маятнiк стаячага гадзiннiка. Астматычна дыхаў адзiн з двух, што прысутнiчалi ў кабiнеце.
– Я думаў i бачыў многа разоў, як iшлi на смерць, каб ратаваць таварыша. I я гэта разумеў. А вось такi данос на людзей, якiя ратавалi цябе, - гэтага я зразумець не магу.
– Ну, змаладушнiчаў! Я ж не хаваю. Я напiсаў пра гэта ў тлумачальнай запiсцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гiсторыяй, даказваць... Нiчога ж не змянiлася ў сорак пятым, ты ведаеш.
– Мы перамаглi фашызм, i нiчога не змянiлася?! Для цябе нiчога не змянiлася?
– Цяпер лёгка разважаць.
– Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру...
– Я прашу...
– Чаго там "прашу"! Не iграй святую невiноўнасць. Дрыжаў, як апошнi баязлiвец. Страцiць партызанскую славу, кар'еру - вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыi. Амаль шэсць год пасля дваццатага з'езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другiх? Дзеля чаго, у iмя якой iдэi ты хаваў яе?
– Гэта што, допыт?
– Я не прасiў цябе. Ты прыйшоў сам, каб "раскрыць душу", параiцца.
– Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбiралi справы некаторых з тых, хто пiсаў даносы ў трыццаць
– Мы разбiралi кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялi часам лiбералiзму. Мiж iншым, некаторых з iх браў пад абарону ты. З пазiцый высокага гуманiзму. А Шыковiча хацеў выключыць за ўчынак сына.
– Падбiраеш факты?
– Не. Проста прыгадваю. Факта даволi аднаго. Якiя яшчэ патрэбны факты?
Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкiя крокi.
"Дзын-дзон, дзын-дзон", - дзiўны стук маятнiка ў гадзiннiка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якiя ад удару па-рознаму гучаць.
– Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
– Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькi за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш - разам працаваць.
– Так нават?
– Уявi, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госцi. Не чакай, не прыйду.
– Ясна.
– Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
– Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
– Бывайце.
Тыя ж цяжкiя крокi, гулкiя на паркеце, мяккiя, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулi дзверы. Ляпнулi другiя, з таго боку.
"Бывайце"?
– Гукан не помнiў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвiцы, успомнiў, што так адказаў Тарасаў - на "вы". Гэта яго чамусьцi ўразiла больш, чым уся размова. Ён спынiўся, падставiў успацелую лысiну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкi.
Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такiя справы. На каго цi на што ён мог мець надзею?! Павiнен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калi пазванiў Шыковiчу i папрасiў сустрэцца. Як той, нахабнiк, адказаў!
"Калi ласка, Сямён Парфёнавiч! Заходзьце заўтра пасля дванаццацi ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма".
Здзекаваўся, пiсака няшчасны!
"Ох, распусцiлi вас. Спахопiцеся!" - Ён выходзiў i пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такiя метады кiраўнiцтва.
На першым паверсе яму зрабiлася цяжка дыхаць, нiбы ён спускаўся не ўнiз, а падымаўся высока ўгору. Ён спынiўся каля мiлiцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:
– Гады.
Маладзенькi мiлiцыянер стукнуў абцасамi i бадзёра пацвердзiў:
– Так точна, таварыш Гукан!
Сямён Парфёнавiч выйшаў на вулiцу. Як нiколi, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. I кожны трэцi з мiнакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставалiся два днi.