Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мiтусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасцi, чым само свята. Ён, гаспадар, любiў у такiя днi аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як iдзе гандаль? Але яму нiколi не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзiў, а больш ездзiў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзiўна супакоiла. Ён залажыў рукi за спiну, згорбiўся больш звычайнага i рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, i
Убачыўшы людзей з пакупкамi, ён успомнiў, як жонка сказала днi два назад нiбыта жартам, а магчыма, i з крыўдай:
"Даўно ты, Сеня, падарункаў мне нiякiх не рабiў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года".
Сямёну Парфёнавiчу раптам захацелася быць добрым, i ён пайшоў ва ўнiвермаг.
Людзей - не прабiцца. Ён успомнiў, што паслаў ужо два пiсьмы ў Дзяржплан рэспублiкi з просьбай асiгнаваць сродкi на будаўнiцтва другой унiверсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
"Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, - зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвiлiну мусiў прызнаць: - Пабудуюць. Цяпер лёгка". Усё, што будзе рабiцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкiм.
Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася.
Дырэктар скардзiўся:
– Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
– Парайце, што купiць у падарунак жонцы.
– Сямён Парфёнавiч!
– з дакорам зазначыў дырэктар.
– Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць?
"Падхалiм", - падумаў Гукан i строга адказаў:
– Я гэтага не люблю.
Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара.
– Што б вы хацелi?
– спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце.
"Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну", - усё больш i больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:
– Далiбог, не ведаю. На ваш густ.
– Колькi год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:
– Пенсiённы век.
У чароўных вачах тавараведкi скокнулi чорцiкi:
– Ёсць цудоўныя шалi. Ёсць венгерскiя кофтачкi.
Гукану хацелася спытаць: "А на прылаўках яны ў вас ёсць?" Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.
– Давайце шаль. Давайце кофтачку.
– Вось гэта муж!
– аднагалосна ўхвалiлi ўсе тры жанчыны, якiя прысутнiчалi ў кабiнеце, хоць на самiх iх былi найлепшыя iмпартныя кофтачкi, такiя, якiх яго жонка бадай што нiколi не насiла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там нi здарылася, а ён такi добры чалавек быў i ёсць.
На плошчы каля пажарнай, дзе
– Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архiтэктар. З наступаючым Новым годам.
– Дзякую. Вас таксама.
– Мне захацелася сказаць вам, што праект, якi я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленiнградзе атрымаў першую прэмiю.
– Вiншую вас.
– Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хвалiць, а пасля столькi валаводзiць i... адхiлiць...
– Тут ужо не мая вiна. Вашы калегi...
– Не валiце з хворай галавы...
Гукан спынiўся, уражаны нахабнасцю i дзёрзкасцю маладога архiтэктара.
– Малады чалавек! Не забывайце!..
– Я нiчога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагi да людзей i да праектаў. Выселкi забудоўваюцца дрэнна, - хлопец адсалютаваў левай рукой i пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы i чакала.
Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае - пра яго далейшы лёс - не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпiзод. Хiба не званiлi яму раней, не пагражалi, не пiсалi ананiмных пiсьмаў з самымi страшнымi пажаданнямi? Ён не звяртаў на iх увагi. Часам толькi паказваў у гаркоме, у абкоме i як бы выхваляўся: "Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нiкому з вас не прыйшло нiводнага такога пiсьма".
Але выхадка гэтага творцы ў такi дзень!..
"З Новым годам павiншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцiлi вас. Ох, распусцiлi!"
Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую вiну (ён не лiчыў яе такой цяжкай, як лiчыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваiмi заслугамi, ваеннымi, пасляваеннымi. I раптам гэты тып, недапечаны архiтэктар, замахваецца на апошнiя заслугi - у адбудове горада. "Выселкi забудоўваюцца дрэнна". "Саплякi! Папрацуйце вы столькi, колькi папрацаваў Гукан".
Сямён Парфёнавiч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, i цяжка ўздыхнуў.
Можна было iсцi дадому - рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьцi зрабiлася страшна iсцi ў пустую кватэру цi, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такiх размоў у свой службовы кабiнет, у якiм ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна i ўпэўнена.
Рабочы дзень быў кароткi - напярэдаднi выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзiны. Аднак работнiкi разыходзiлiся. Праўда, убачыўшы старшыню, многiя збянтэжылiся, вярнулiся. Гукан умеў трымаць дысцыплiну, i яго баялiся. Ён не помнiў, каб калi-небудзь вось так разыходзiлiся. Гэта яго таксама спалохала. "Няўжо пранюхалi? Трэба сабраць усiх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну i павiншаваць з наступаючым". I тут жа падумаў, што выйдзе так, як павiншавалi яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збiраць супрацоўнiкаў. Яго ашаламiла, што няма сакратаркi. I пустата ў прыёмнай - нiводнай жывой душы. "Гэты пiсака мог раззванiць па горадзе раней, чым прынята рашэнне", - падумаў ён пра Шыковiча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца.