Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Аднойчы ўвечары, калi пiлi чай, Антон Кузьмiч сказаў спакойна, разважлiва:
– Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесцi. А куды зносiць? Каб угаварыць Кiрылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад пiянерскi лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглi б нават выплацiць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацiлi. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраiх працуем. Валя гатова згадзiцца, Кiрыла ўпёрся...
Вiця i Наташа першыя ўбачылi, як пабялела мацi, прыкусiла губу, i сцялiся, насцярожылiся.
– Бо ў Кiрылы сям'я, дзецi... I ён думае пра iх, - пачала яна цiха, але тут жа сарвалася на крык: - А ў цябе няма сям'i, няма дзяцей!
– Мама!
– паспрабавала спынiць яе Наташка.
– Маўчы, няшчасная!
– цыкнула яна на дачку i выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кiнула мужу: - Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькi з-за iх, - яна паказала пальцам на дзяцей, - я маўчу i цярплю!..
Вiця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнiчай позе, гатовая зноў абаранiць бацьку.
Антон Кузьмiч, не адказваючы жонцы, спынiў сына:
– Збiрайцеся, дзецi, на каток. Сёння i я пайду разамну свае старыя косцi.
Яны любiлi хадзiць з iм на каток. На яго, такога асiлка, усе звярталi ўвагу i любавалiся яго лёгкасцю i спрытам. Яны ганарылiся сваiм бацькам - ён усё ўмее i ўсё робiць дасканала.
Дзецi кiнулiся апранацца. А Галiна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам i, задыхаючыся, прашаптала:
– Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею... Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат?
Раней у хвiлiны такiх успышак ён хапаў яе за рукi, прыцягваў да сябе, цалаваў i... супакойваў... Цяпер ён не мог гэтага зрабiць. Панурыўшыся, як Вiця, ён выйшаў у калiдор шукаць канькi.
Галiна Адамаўна запэўнiла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму i дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабiла яе яшчэ больш падазронай, але i асцярожнай: не даць прычыны.
Пры сваёй рэўнасцi яна, аднак, нiколi не шпiёнiла за мужам, як робяць гэта другiя жонкi. Залiшне лiчыла сябе чыстай i гордай, каб унiжацца да тайнага падглядвання i распытвання.
А тут не вытрымала. Днi праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазванiў Кiрыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклiчнiкi: ыгы, так, не. Быў у iх шматгадовы звычай: сазванiцца ўвечары, сустрэцца на вулiцы i пагуляць. Часам яны выходзiлi з жонкамi, але часцей адны. Раней Галiна нават заахвочвала такiя прагулкi. Але цяпер... Яна здагадалася, што мужчыны дамовiлiся пайсцi туды. Цяпер яна не верыла не толькi мужу, але i Кiрылу... О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькi робiць хiтрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурнiца Валя! Хоць што Валi! Яна проста стала абыякавай да Кiрылы. Сваiм восьмым класам занята больш, чым мужам i ўласнымi дзецьмi. У Валi пры любых акалiчнасцях нiчога не парушыцца, дзецi дарослыя... А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца - не дзеля сябе!
– дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якiх ён, бацька, настройвае супраць яе, мацi.
Яна не спытала, куды ён iдзе. Але як толькi Антон Кузьмiч зачынiў за сабою дзверы, яна хутка накiнула хустку, футра, выскачыла следам, пайшла назiркам.
Яна не памылiлася. Сапраўды, у той вечар яны дамовiлiся наведаць Зосю. Кiрылу хацелася парадаваць жанчыну: вызвалялася месца, у бiблiятэцы рэдакцыi. Зося сама прасiла iх памагчы ёй знайсцi работу. "Толькi не ў атэлье", - цяжкае ўражанне засталося ў яе ад гэтага атэлье.
Яраш i Шыковiч доўга думалi, куды яе ўладзiць. Нарэшце Кiрылу прыйшла гэтая iдэя: самая спакойная работа, па яе здароўю. Калi супрацоўнiкi будуць ведаць, што перажыла iх новая бiблiятэкарка, можна быць упэўненым, што нiхто нiколi i нiчым не расхвалюе яе - людзi добрыя. Але месца
"Бачу, я вам абрыдла, - сказала яна на прафсаюзным сходзе, - чорт з вамi! Але пагляджу, як вы напрацуеце без мяне! Памрэ хто, як пахаваеце!" Сапраўды, у арганiзацыi пахавання, калi здаралася такое няшчасце, Фаня Сямёнаўна была незамянiмым чалавекам. Бiблiятэкарка падала заяву. У рэдакцыi дамовiлiся, што ў навагоднi вечар яе ўрачыста праводзяць на пенсiю. Рэдактар i мясцком расшчодрылiся на каштоўныя падарункi.
Кiрыла расказваў пра камiчныя выпадкi, якiя ўзнiкалi ў часе гэтай "пенсiённай кампанii". Гучна смяяўся сам. Смяшыў Яраша.
Галiна Адамаўна, якая iшла за iмi на пэўнай адлегласцi, не чула, пра што яны гавораць, але чула iх смех, i ён кроiў яе сэрца: iм весела, можа, здзекуюцца з жонак.
Калi яны пайшлi ў дом, яна засталася на вулiцы, бязлюднай, ускраiннай, над самай ракой. I раптам ёй зрабiлася страшна, сорамна, брыдка. Нiколi яна не адчувала сябе такой прынiжанай, растоптанай. Навошта яна прыйшла сюды? Хiба яна можа прымусiць любiць сябе, калi няма ў яго сэрцы гэтага пачуцця? Ды i цi было яно калi?
"Не кахае, сумна яму са мной, сказаў бы шчыра". Слёзы застылi на шчоках, i Галiна Адамаўна выцерла iх калючымi рукавiчкамi. Усе зайздросцiлi яе шчасцю: такi муж! Смешна. Вось яно, яе шчасце. Хацелася гучна i злосна засмяяцца. Але перамагала не злосць, перамагаў жаль, да сябе, да дзяцей, нават да яго, мужа: калi-небудзь схамянецца, ды будзе позна!
Але, будзе позна...
Ён кажа, што ў яе няма элементарнай iнтэлiгентнасцi. Можа быць. Але ў яе ёсць жаночая гордасць! Больш нiчым не ўнiзiць яна сябе - нi падглядваннем, нi iстэрыкай, нi дакорамi, нi просьбамi. Мужна вытрымае ўсё!
"Але дзяцей не аддам! Не!"
Скалелая, разбiтая, яна раптам кiнулася ад дома. Хутчэй прэч адгэтуль, каб нiхто не ўбачыў яе тут.
Але бегчы ёй стала цяжка. Яна задыхалася. Як прыступ астмы; нiчога такога нiколi не было.
Галiна Адамаўна прытулiлася да нейкага паркана, аграбла з карнiзiка снег, набiла iм, пякуча-халодным, рот.
"Цяпер ужо ўсё адно..."
Тарас i Вiця сядзелi на кухнi, адзiн супраць аднаго i нацiралi пастай лыжы з такой стараннасцю i сур'ёзнасцю, быццам чысцiлi зброю перад атакай.
Наташка стаяла, прытулiўшыся плячамi да вушака дзвярэй, i з такой жа сур'ёзнасцю сачыла за iх работай. Доўга сачыла.
– Ты чаму маўчыш, Натка?
– спытаў Тарас.
– У яе голас ламаецца, - адгукнуўся Вiця.
– А ў цябе мазгi...
– Ну, ну, ну, зноў пасварыцеся.
Не, сварыцца iм не хацелася. Апошнi час яны жылi надзiва дружна. I цяпер Вiцю хацелася папрасiць у Наташы прабачэння, калi гэты жарт, нявiнны, як яму здавалася, пакрыўдзiў яе. Хлопец сам здзiўляўся: нiколi раней ён не адчуваў да сястры такой пяшчоты i ўвагi.