Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Чоўны былi ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скiнула басаножкi i хадзiла па мелi. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, i Славiк любаваўся яе прыгожымi каленямi з залатымi кропкамi радзiмак. Ён стаяў на беразе паважны, сцiшаны, з сумачкай у руках i з нейкiм салодкiм страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчылiна i праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлiвыя словы, якiя былi запасены там на ўсе выпадкi i якiмi ён вельмi спрытна ўмеў адгароджвацца i ад сур'ёзнага i ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпiлi б з яго, каб убачылi
Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў.
– Здымай чаравiкi!.. Закасвай свае модныя штаны i лезь у ваду. Так прыемна!
– Мы на лузе пакупаемся. Згода?
– Я без купальнiка.
Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: "Тым лепш". Або пачаў бы "фiласофстваваць": "Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкiнуць сарамлiвасць, як шкодны перажытак мiнулага". А Машы ён не сказаў нi таго, нi другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае iнакшае, зусiм яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохi ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна i злаваў на ўсiх, хто праплываў мiма.
"Якога д'ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулiлася!"
Прыйшла маторка, i хвалi, пацалаваўшы Машыны ногi, пакацiлiся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукi, папраўляючы капу залатых валасоў.
– Паглядзi, якi прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. I лёгкi-лёгкi. Здаецца, можна ўзяць яго на рукi i панесцi. Табе не хочацца падняць яго?
– Не, мне хочацца ўзяць на рукi цябе.
Яна пагразiла пальцам.
– Дамовiлiся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.
А ён зусiм не крыўляўся. Яму сапраўды ў той мiг нясцерпна хацелася падхапiць яе на рукi i панесцi ў невядомую даль, ад людскiх вачэй, дзе б яны маглi застацца адны.
Нарэшце яны атрымалi лодку...
Славiк, паказваючы сваю радасць i сiлу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламi, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку.
– Асцярожна!
– упiкнула Маша, яна сядзела на карме.
– I не туды. Туды, паказала ўверх па цячэнню.
– Я ж сказала, што буду эксплуатаваць.
– А я хацеў да Чорнага мора.
– Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабiлi нашы продкi. Яны былi сапраўднымi рыцарамi. Не тое што ў наш час.
Славiк, не дужа натрэнiраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасцi даволi моцнай плынi ракi. Павольна праплылi зарослыя кустамi чаромхi i калiны абрывы парку, няхiтрыя збудаваннi i дэбаркадэры прыстанi з закапцелымi стомленымi параходзiкамi каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымi таполямi, бялелi новыя дамы.
Маша не толькi любiла горад знутры, яна любiла глядзець на яго адгэтуль, з ракi, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогi, i з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць.
Модная Славiкава сарочка змокла ад поту i пакамячылася. Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў. Расла злосць на сябе: нiколi яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамi. На нейкi момант з'явiлася тое ж пачуццё, што i да Нiны: адпомсцiць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўнiжэнне.
"Вытры пот, дурань!" - весела i лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згiне вечар. Будзе што ўспомнiць. I расказаць. Каму? Цi не расказаць заўтра Соф'i Сцяпанаўне?
– Слава, заспявай што-небудзь.
Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!
– Я пяю толькi п'яны, - прахрыпеў хлопец без усмешкi.
Яна зразумела, што даволi, бо цярпенне яго вычэрпваецца, i закамандавала:
– Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.
Славiк азiрнуўся i "высушыў" левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травянiстую купiну. Ён, закiнуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкi на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапiў на рукi, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што мiма праплывалi другiя лодкi.
Маша далонямi ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спiртамi i эфiрамi далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбiна, выслiзнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымi вачамi Славiк ступiў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнiчай позе, залажыўшы рукi за спiну.
– Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваiмi пацалункамi... пакуль што...
Гэтае "пакуль што" неяк адразу астудзiла разгарачанага i ўзлаванага цяжкiм веславаннем хлопца.
– Пакуль што? А калi можна будзе?
– Нiколi!
Ён весела засмяяўся.
– Нiколi? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкi. Цi твой пальчык. Адзiн. Любы з дваццацi.
Яна таксама не стрымала ўсмешку:
– Блазен! Калi-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкi.
Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:
– Адпiхнi.
Лодка захiсталася. Славiк стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патылiцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць iх. Што за лiха! Нiколi яшчэ яму не хацелася так пацалаваць нiводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многiмi. Яна як бы адгадала яго намер.
– Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. Пасунулася на лавачцы, адхiлiлася ўбок. Але калi лодка, якую круцiла плынь, хiснулася, схапiла яго за руку, падтрымала.
Яна скiравала не ўнiз, а таксама ўверх i веславала лёгка, роўна, спорна. Славiк, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусiм сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсцiць.
Але яна сказала проста, па-сяброўску:
– Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такi настрой!