Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Са здароўем, з сiлай да яе вярталася разуменне прыгожага, замiлаванне хараством. Калi яе вывелi першы раз у сад, яна глянула на яблынi з рэдкiмi пладамi i, як дзiця, засмяялася ад радасцi. Там, у бальнiцы, i гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вулiцы, яна глядзела на маладыя лiпы, каштаны, i сэрца яе поўнiлася здаровай, незнаёмай цi даўно забытай радасцю. Яна ўсмiхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.
Праўда, калi машына павярнула на вулiцу, на якой мала што змянiлася з таго часу i якую яна ведала лепш, чым любую другую вулiцу, Зося замерла - куды ён вязе? Але прамiнулi завулак, да болю блiзкi, - i яна зноў супакоiлася.
Шыковiч
– Кiрыла Васiльевiч?
– спытала яна ў Машы.
– Вiдаць, правы яму аддалi - лысiна блiшчыць, што намаслены блiнец, пажартаваў Яраш.
– На яго фiзiяномii - усе яго пачуццi.
Зося вылезла з машыны i першая працягнула Шыковiчу руку.
Ён асцярожна сцiснуў яе тонкiя, сухiя, гарачыя пальцы i доўга не выпускаў iх - разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цiкавасцю. Яго прыемна ўразiла, што твар яе зусiм не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хiба што адбiлася ў вачах, вялiкiх, блакiтных, залiшне выразных, як ва ўсiх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй i ў адзiнай глыбокай маршчыне на высокiм белым iлбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусцiла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравiкi, пакамечанае ў бальнiчных капцёрках просценькае плацце i... засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыi гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлiвасць, але заўсёды з iншай прычыны. Бадай нiколi ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як i ад таго, што лекары i камiсii аглядалi i мацалi яе хворае цела. I вось - амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкi, пакамечаны парусiнавы касцюм.
Яна ўзняла вочы, усмiхнулася i спытала:
– Аддалi вам правы?
– О!
– здзiвiўся Шыковiч.
– Вам ужо расказалi? Аддалi, але замянiлi, чэрцi, талон. Аднак вiншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыццi паставiць помнiк. Праўда?
– кiўнуў ён на Яраша, якi зачыняў машыну на ключ.
Яна, Зося, i Маша адказалi яму аднолькавымi ўсмешкамi любвi да чарадзея. А сам чарадзей сярдзiта нахмурыўся:
– Пайшлi. Ад Кiрылы Васiльевiча вы пачуеце яшчэ нямала казак.
– Чакай, - спынiў яго Шыковiч.
– Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, - ён жартаўлiва падставiў ёй локаць.
I яна, на здзiўленне Машы, даволi грацыёзна абаперлася на яго руку i пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з iм. Па бальнiчным садзе яна так упэўнена не хадзiла яшчэ. Маша зiрнула на Антона Кузьмiча. Той кiўнуў галавой задаволена i, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: "Вось што мы здольны зрабiць з вамi".
На пляцоўцы другога паверха Кiрыла спынiўся, дастаў з кiшэнi тонкi ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосi.
Усе ўбачылi, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.
– Адчыняйце.
Яна павярнулася i доўга не магла пацэлiць у замочную шчылiну.
Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчынiлiся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калiдорчык, павярнула налева i спынiлася ў шырокiх дзвярах, аслепленая бляскам мэблi, эстампаў на сценах, агнём букета, зiхаценнем бутэлькi шампанскага, пералiвамi яблык, груш, вiнаграду, торта i яшчэ многага iншага, чым быў устаўлены нiзкi стол на тонкiх ножках.
Убачыла ўсё гэта Зося, i яе зноў апанаваў страх, можа, апошнi. Яна азiрнулася i як бы паклiкала на дапамогу:
– Антон Кузьмiч!
Яраш прайшоў мiма яе i, нi на каго не гледзячы,
– Ну, ну... без усяго... без здзiўлення. Пасля, пасля... Усё гэта ваша. Жывiце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе... За наваселле, Маша!
– Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкi, яны меладычна зазвiнелi. Падняў бутэльку з шампанскiм.
– Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць!
– Шыковiч любiў эфекты.
Яны, усе трое, замiтусiлiся каля стала, на нейкi мiг, вiдаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая i аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступiла ўперад, сапраўды як сляпая, выставiўшы перад сабой рукi. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукi на шырокiя грудзi яго, зазiрнула знiзу ў вочы i раптам прытулiлася тварам да сэрца яго i... бязгучна зарыдала. Ён зусiм збянтэжыўся. Не ведаў, што рабiць. Шырока расставiў рукi, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялiкай разгубленасцi паўтараў:
– Не трэба... Не трэба... Што вы... Калi ласка... Зося... Соф'я Сцяпанаўна!..
Маша ўмiг злётала на кухню i вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковiч кiўнуў ёй: "Не трэба. Не чапайце", - i асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскiм.
22
Машы падабалася гэтая гульня - сустракацца па чарзе то з адным, то з другiм. Яе калегi, напэўна, вельмi здзiвiлiся б, каб даведалiся, што яна, Маша Лiтвiн, сур'ёзная, разважлiвая, акуратная, сумленная i не такая юная ўжо дваццаць тры гады, - здольная на гэткiя жарты. Ды i не такая красуня, каб так млелi хлопцы. Сама яна таксама лiчыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымi плаццямi i прычоскамi, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць "векавухай" (так у iх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылi яе прыгажосць, адкрылi для сябе, а самае галоўнае - для яе самой. Яна асаблiва адчула гэта на канцэрце i пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклiкаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлiвых, але ўсё-такi найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрылiла яе. Яна была ўдзячна i Славiку, i Тарасу. Яны былi розныя, вельмi непадобныя, але шмат у чым дапаўнялi адзiн аднаго. Каб сплавiць iх характары, рысы i звычкi ў адно, то вельмi можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такi наблiжаўся б да яе iдэалу.
Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампанii сваiх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзiр, трымаўся неяк збоку, тон задавалi смяшлiвы Косця i не вельмi гаманкi, але надзвычай дасцiпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькi ён глыбейшы i разумнейшы за Славiка, як многа ведае - так многа, што ёй зрабiлася боязна. Ён расказваў сур'ёзна, але цiкава. Ён да ўсяго ставiўся з цяжкаватай сур'ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, якi ўмеў павесялiцца i пажартаваць. А Славiк, наадварот, падабаўся ёй за несур'ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. I за iронiю.
З усяго ён смяяўся. Разыдзецца - не дае лiтасцi нiкому: нi бацьку, нi сястры, нi сябрам, нi нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, iронiя злосная, да другiх - бяскрыўдна-паблажлiвая. Адну мацi, прыкмецiла Маша, ён нiколi не чапаў. Можа, таму Маша i даравала яму гэтыя насмешкi з усiх, нават з Яраша.
З Тарасам было цiкава, са Славiкам - весела.
На трэцiм цi чацвёртым спатканнi Тарас нарэшце пацалаваў яе, i яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славiка; яна з цiкавасцю чакала ўсе вечары калi ж ён адважыцца?