Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
Шрифт:
VIII
Пасля таго, як бацькi забралi зламаную Анну дамоў, у Сэн-Клер, Тэрэза амаль да самых родаў жыла ў Аржалузе. Вось калi яна як мае быць спазнала цiшыню тых бясконцых лiстападаўскiх начэй! Пiсьмо, пасланае Жану Азеведа, засталося без адказу. Напэўна, ён вырашыў, што нiчога, акрамя нуды, перапiска з нейкай правiнцыялкай яму не дасць. Да таго ж цяжарная жанчына... А што можа быць прыемнага ў такiм успамiне? Магчыма, цяпер, на адлегласцi, Тэрэза здавалася гэтаму парыжскаму шалапуту прэснай i нецiкавай? Канешне, яму больш даспадобы прытворная вытанчанасць, ускладнёнасць, рысоўка. Але што ён мог зразумець у гэтай падманлiвай прастаце, у гэтым ясным прамым позiрку, у гэтых упэўненых рухах?.. Вiдаць, i яе ён лiчыў здольнай злавiць яго на слове, гатовай усё кiнуць i бегчы за iм. Жан Азеведа асцерагаўся жанчын, якiя занадта хутка здаюцца i складаюць зброю, калi мужчына яшчэ нават не паспеў
Мiж тым Тэрэза iмкнулася зразумець духоўны свет гэтага юнака. Але кнiгi, якiя яна выпiсала з Бардо, здалiся ёй незразумелымi. А Жан быў ад iх у захапленнi!
Марудна iшоў час. Тэрэза жыла, нiчога не робячы. I дарэмна было б угаворваць яе шыць пялёнкi цi распашонкi будучаму дзiцяцi. "Ого! Гэта не для яе..." - з папрокам гаварыла свякроў.
У вёсцы шмат жанчын памiрае пры родах. I Тэрэза да слёз даводзiла сваю цётку, паўтараючы, што i ёй гэтага не вытрымаць, i яна памрэ, як некалi яе мацi. I заўсёды дадавала, што ёй усё роўна: жыць цi памерцi. Якая хлусня! Нiколi ёй так не хацелася жыць, як тады. Ды i Бернар нiколi так не клапацiўся пра яе. "Не, не мяне ён аберагаў, а таго, каго я насiла ў сабе". Дарэмна ён са сваiм жахлiвым мясцовым акцэнтам бубнiў адно i тое: "Вазьмi яшчэ пюрэ... Не еш рыбы... Ты сёння i так ужо многа хадзiла..." Усё гэта пралятала мiма вушэй, бо гэтак клапоцяцца пра наймiчку-кармiцельку, каб у яе было добрае малако. Бернар i яго бацькi бераглi мяне як свяшчэнны сасуд з будучым нашчадкам iх роду. I несумненна, што пры выпадку яны ахвяравалi б мною дзеля гэтага эмбрыёна. Я страцiла адчуванне свайго ўласнага iснавання. Для iх я была ўсяго толькi лазой вiнаграднай: значэнне меў толькi плод, якi выспяваў у маiм лоне.
Вось так у змроку i адзiноце жыла я да канца снежня. Святло ад нашага панурага дома адгароджвала чорная сцяна хваёвага лесу. А тут яшчэ гэтыя бясконцыя асеннiя дажджы!.. Зямля зрабiлася непраходным балотам. Ужо ледзьве можна было праехаць па адзiнай дарозе ў Сэн-Клер. I тады мяне перавезлi ў Бернараў дом. Тут было трохi больш святла, чым у нас, у Аржалузе. Старыя платаны на плошчы ўсё яшчэ змагалiся з ветрам i дажджом за свае апошнiя лiсты...
Цётка Клара не магла жыць у чужым доме i адмовiлася пераехаць разам са мной. Але часта, нават у самую непагадзь, яна прыязджала да мяне ў сваiм старым фаэтоне. Прывозiла мне гасцiнцаў, ласункаў, якiя я так любiла ў дзяцiнстве, i як яна думала, люблю i цяпер: шэрыя жытнiя пампушкi з мёдам, салодкi пiрог пад назвай "фугас" цi "румаджад".
Анну я бачыла толькi за сталом. Яна нiколi са мной не размаўляла. З усiм яна змiрылася, асунулася i неяк адразу страцiла сваю свежасць. Старанна зачасаныя назад валасы адкрывалi непрыгожыя, нiбы з воску, вушы. Iмя маладога Дэгiлема называць пры ёй нiхто не адважваўся. Але мадам дэ ля Траў пераконвала мяне, што хаця Анна яшчэ не дала сваёй згоды на гэты шлюб, цяпер яна ўжо не гаворыць i "не". Ах, як разгадаў яе Жан! Нямнога ж спатрэбiлася часу, каб накiнуць на яе аброць i ўцiхамiрыць!
Бернару стала горш, бо ён зноў пачаў выпiваць перад абедам.
А пра што гаварылi гэтыя людзi вакол мяне? Добра памятаю гэтыя бясконцыя размовы пра кюрэ (мы жылi акурат насупраць яго). Яны нiяк не маглi даўмецца, чаму кюрэ на дзень па чатыры разы праходзiў цераз плошчу, а дамоў вяртаўся нейкай другой дарогай...
Успамiнаючы свае размовы з Жанам Азеведа, Тэрэза цяпер лепш прыглядалася да гэтага яшчэ маладога святара. Ён нiбы цураўся сваiх прыхаджан, i ўсе яны лiчылi яго ганарлiўцам: "Не такi тут патрэбен кюрэ". Ён быў рэдкiм госцем у сям'i дэ ля Траў, але Тэрэза звярнула ўвагу на яго прыгожы высокi лоб i пабеленыя сiвiзной скронi. "Жыве сабе чалавек адзiн: нi сяброў, нi знаёмых. Як жа ён бавiць час у гэтыя доўгiя вечары?.. Чаму выбраў сабе такую дарогу?.." "Ён вельмi дакладна i строга выконвае ўсё, што патрабуецца, - гаварыла мадам дэ ля Траў.
– Штовечар чытае малiтвы, але не хапае яму божага дару. Пра яго не скажаш, што ён надта набожны. А наша дабрачыннае таварыства, ён жа яго зусiм закiнуў". Яна скардзiлася, што кюрэ распусцiў аркестр, створаны папячыцелем таварыства, перастаў вадзiць дзяцей на футбольныя матчы: "Гэта вельмi добра, што ён сядзiць, уткнуўшы нос у свае кнiгi, але ж так нядоўга i прыход упусцiць".
Тэрэза некалькi разоў хадзiла ў царкву, каб паслухаць кюрэ. "Ну, дарагая, што гэта вы сабе ўздумалi? У вашым становiшчы можна i не хадзiць на службу". Пропаведзi святара тычылiся дагматаў, прынцыпаў маралi i былi залiшне агульныя, безаблiчныя. Але Тэрэзу цiкавiлi перапады ў яго голасе, iнтанацыi, яго жэсты i рухi... Часам нейкае слова здавалася ёй асаблiва значным... Ах, можа, ён дапамог бы разабрацца ў заблытаным клубку яе пачуццяў i думак? Ён жа такi непадобны на ўсiх астатнiх... I ён таксама ўспрымае жыццё трагiчна... Да сваёй глыбокай унутранай адзiноты ён дадаў яшчэ i пустыню, якую стварае сутана вакол таго, хто яе апрануў... Якую падтрымку, якое суцяшэнне мог ён знаходзiць у гэтых штодзённых царкоўных абрадах? Тэрэзе захацелася пайсцi на яго службу ў будзённы дзень, калi ў царкве нiкога не бывае, акрамя хлопчыка з хору, а святар, схiлiўшыся над кавалачкам хлеба, мармыча малiтву... Аднак пачэснае сямейства ды i ўсе жыхары гарадка ўспрынялi б гэта як страшэннае дзiвацтва i пачалi б крычаць, што яна кiнулася ў лона хрысцiянства.
Колькi нi адпакутавала Тэрэза ў гэтую пару, але толькi пасля родаў яна па-сапраўднаму зразумела, што не зможа вынесцi такое жыццё. Вонкава гэта нiяк не выяўлялася. Нiякiх сцэн з Бернарам. Да яго бацькоў яна ставiлася з большай павагай, чым ён сам. Але трагедыя ў тым якраз i была, што не знаходзiлася нiякiх падстаў для разрыву i нiчога, здавалася, не можа перашкодзiць гэтаму нуднаму жыццю так цячы да самай смерцi. Калi ў сям'i няма згоды, то для таго, каб адбыўся раскол, патрэбны сутычкi. Аднак Тэрэза амаль не сварылася з Бернарам i яшчэ менш - з яго бацькамi. Iх словы не даходзiлi да яе, i ёй i ў галаву нават не прыйшло б адказаць гэтым людзям. Нябачная сцяна ўстала памiж ёю i iмi. I адны i тыя ж, нават самыя значныя, словы разумелiся па-рознаму. А калi часам у Тэрэзы i вырываўся шчыры крык душы, то ўсе расцэньвалi гэта не iнакш, як яшчэ адзiн капрыз. "Я раблю выгляд, што не чую, - гаварыла мадам дэ ля Траў, - а калi яна настойвае на сваiм, то не надаю нiякага значэння яе крыкам. Хай ведае: у нас такiя выкрунтасы не праходзяць..."
Мiж тым было ў паводзiнах нявесткi тое, што напраўду дапякала свекрывi. Тэрэза з сябе выходзiла (i гэта не заўсёды ўдавалася схаваць), калi сваякi i знаёмыя ахкалi, што маленькая Мары - вылiтая мама: "От ужо дзе дачушка! Ад такой адрачыся нiяк нельга!.." А ў адказ чуўся злосны Тэрэзiн голас: "Ды яна зусiм на мяне непадобная! Паглядзiце, якая яна смуглая, вочы чорныя, як вугалькi. А вось мае фатаграфii - я была бялявая дзяўчынка".
Тэрэза не хацела мець хоць што-небудзь агульнае з гэтай малечай, плоць ад плоцi яе. I ўжо па гарадку пайшлi плёткi, што яна пазбаўлена мацярынскага пачуцця. "Што вы! Тэрэза па-свойму любiць дачку, - паўтарала мадам дэ ля Траў.
– Вядома, ад яе не дачакаешся, каб яна паглядзела, як купаюць малую цi мяняюць пялёнкi. Гэта не ў яе звычаi. Але я сама бачу, як цэлымi вечарамi яна сядзiць над калыскай i ўсё глядзiць, глядзiць, як спiць Мары... Ведаеце, нават палiць перастала... Урэшце, нянька ў нас такая, што кожны пазайздросцiць. Дый наша Анна тут. От ужо з каго будзе мацi! Вось пабачыце!.."
I, праўда, з таго часу, як у доме з'явiлася дзiця, Анна нiбы ажыла. Жанчыну заўжды цягне да калыскi, але Анна была на сёмым небе, калi брала малую на рукi. Каб часцей забаўляцца з Мары, яна нават памiрылася з Тэрэзай. Але як далёка было гэтае прымiрэнне ад iх колiшняй непадробнай, шчырай дружбы!.. Больш за ўсё Анна баялася, што ў Тэрэзы ўзнiкне мацярынская рэўнасць: "Бо малая ведае мяне лепш, чым сваю маму: як убачыць - смяецца, радуецца. Учора Мары была ў мяне на руках, i калi Тэрэза хацела яе забраць, малая расплакалася. Яна больш любiць мяне, i мне нават няёмка перад Тэрэзай..."
Але дарэмна турбавалася Анна. У той перыяд жыцця Тэрэзу нiчога не кранала, нават родная дачка. I людзей, i рэчы, i сваё цела яна ўспрымала як нейкi мiраж, як густы туман, што навiс над яе iстотай. У гэтым небыццi адзiн толькi Бернар быў пачварнай рэчаiснасцю: яго дужая постаць, гугнявы голас, упэўнены тон i бясконцая самазадаволенасць... Пайсцi, уцячы адсюль... Але як?.. I куды?..
Першыя гарачыя днi яшчэ больш прыгняталi Тэрэзу. Аднак нiчога яшчэ не прадракала таго ўчынку, да якога яна ўжо была гатовая. Як прайшоў гэты год? Тэрэза не можа прыгадаць нiякiх канфлiктаў, нiякiх сварак. Успамiнаецца толькi адзiн дзень, калi Бернар здаўся ёй асаблiва брыдкiм i агiдным: было гэта на свята цела гасподняга. Ранiцай Тэрэза глядзела праз шчылiну памiж аканiцамi на хросны ход. Бернар быў, бадай што, адзiны мужчына ў гэтай працэсii. Плошча iмгненна апусцела, нiбы на вулiцу замест традыцыйнага ягняцi выпусцiлi льва. Людзi пахавалiся, каб не здымаць шапак цi не падаць на каленi перад працэсiяй. Але як толькi святочны натоўп мiнаў дом, там зноў адчынялiся дзверы i вокны. Тэрэза пiльна прыглядалася да кюрэ, якi ўзначальваў працэсiю. Iшоў ён амаль што з заплюшчанымi вачыма, трымаючы ў руках сваю дзiўную ношу. Губы яго варушылiся: аб чым малiў ён усявышняга з такiм сумным, пакутлiвым выглядам... А следам важна крочыў Бернар - ён "выконваў свой доўг".