Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
Шрифт:
Гэты напышлiвы тон прыгнятаў Тэрэзу. Ёй хацелася папрасiць Бернара гаварыць прасцей.
– Для нашай сям'i вельмi важна, каб усе лiчылi, што я абсалютна ўпэўнены ў тваёй невiнаватасцi. Трэба, каб усе думалi, што жывём мы з табой у поўнай згодзе. Разам з тым, я хачу як мага больш надзейна засцерагчы сябе...
– Я наводжу на цябе страх, Бернар?
Ён прамармытаў:
– Страх? Не. Жудасць!
– I потым: Паслухай, больш да гэтага я вяртацца не хачу. Таму трэба ўсё вырашыць раз i назаўсёды. Заўтра ж мы паедзем адгэтуль i будзем жыць у нашым доме. Мне надакучыла гэтая твая глухая цётка. Снеданне, абед i вячэру табе будзе падаваць жонка Бальёна ў тваю спальню. Ва ўсе астатнiя пакоi заходзiць табе забараняецца. Хадзiць па лесе можаш колькi захочаш. У нядзелю
– А Мары?
– Заўтра Мары разам з нянькай паедзе ў Сэн-Клер, а потым мая мацi павязе яе на поўдзень нiбыта на лячэнне. Спадзяюся, ты i не разлiчвала, што табе пакiнуць дачку. Яе таксама трэба схаваць ад небяспекi. У выпадку маёй смерцi да яе пяройдзе ўся спадчына... Дык чаму ж пасля мужа не прыбраць i дачку?
Тэрэза ўскочыла з месца i ледзьве стрымала крык:
– Няўжо ты думаеш, што я зрабiла гэта, каб захапiць твае сосны?..
З тысячы патаемных вытокаў яе ўчынку гэты дурань не ўбачыў нiводнага i прыдумаў сабе самую ганебную прычыну.
– Ну вядома, прычынай усяго былi сосны. А што ж яшчэ? Я шукаў метадам выключэння. Цi, можа, у цябе ёсць якi-небудзь другi матыў?.. Урэшце, усё гэта нiякага значэння ўжо не мае i зусiм не цiкавiць мяне. Ты для мяне цяпер нiшто. Праўда, адзiнае, што яшчэ ў цябе застаецца - гэта маё прозвiшча... Праз некалькi месяцаў, калi ўсе пераканаюцца, што ў нас мiр i згода, i Анна выйдзе замуж за маладога Дэгiлема... Дарэчы, ты хоць ведаеш, што Дэгiлемы папрасiлi адкласцi вяселле? Яны хочуць яшчэ падумаць... Словам, калi ўсё гэта ўладзiцца, я змагу, нарэшце, пераехаць у Сэн-Клер, а ты... Ты застанешся тут... Мы скажам, што ў цябе неўрастэнiя цi што-небудзь такое...
– Вар'яцтва, напрыклад.
– Не, гэта магло б некалi пашкодзiць Мары. Прыдумаем што-небудзь прыстойнае... Вось так, дарагая!
Тэрэза шэпча:
– У Аржалузе... да самай смерцi...
Яна падышла да акна i адчынiла яго. У гэты момант Бернар святкаваў сваю перамогу над гэтай жанчынай: ён заўсёды крыху пабойваўся яе, адчуваў сябе прыгнечаным i зняважаным. Але сёння - ён яе ўладар! Няхай зразумее, што ён, яго сям'я, усе пагарджаюць ёю! Бернар ганарыўся сваёй стрыманасцю. Нездарма мацi столькi разоў паўтарала ўсiм, што ён - святы чалавек. Уся сям'я была ў захапленнi ад яго высакароднасцi. I ўпершыню ў жыццi адчуваў ён велiч сваёй душы. Калi ён ляжаў у клiнiцы i яму асцярожна намякнулi, што жонка збiралася яго атруцiць, трэба было бачыць, з якою жалезнай вытрымкай выслухаў ён такую страшную навiну. Мiж тым, гэта не каштавала яму нiякiх намаганняў: хiба чым узрушыш чалавека, няздольнага нi кахаць, нi ненавiдзець!.. У душы Бернара не было месца моцным пачуццям, тады ён адчуў толькi жывёльную радасць, што ўцёк ад смяротнай небяспекi. Так адчувае сябе чалавек, якому раптам сказалi, што шмат гадоў, сам таго не ведаючы, ён жыў плячо ў плячо з вар'ятам... Але ў гэты вечар Бернар пачуў у сабе моц, упэўненасць i быў поўным гаспадаром становiшча. Ён любаваўся сабой i думаў, што нiякiя цяжкасцi не могуць зламаць такога цвярозага, прамога i разважлiвага чалавека, як ён. Нават пасля ўсiх сваiх бедаў i пакут ён, як i раней, гатоў сцвярджаць, што людзi бываюць няшчаснымi толькi па сваёй вiне. Вунь якая драма адбылася з iм! I што ж: адолеў, як адолеў бы i любую другую справу. А людзi бадай што i ведаць нiчога не будуць. Усё прыстойна... Нiкому i ў галаву не прыйдзе шкадаваць яго (ён не хацеў, каб яго шкадавалi). Нiчога страшнага i зняважлiвага ў тым няма, што ажанiўся з пачварай, тым больш калi ў рэшце рэшт утаймаваў яе. У жыццi халасцяка ёсць свае перавагi. А сустрэча твар у твар са смерцю зноў вярнула яму цiкавасць да соснаў, палявання, аўтамабiля, смачнай яды, добрага вiна, - словам, да жыцця...
У зняменнi стаяла Тэрэза ля акна. У цемры ледзь-ледзь бачылася светлая стужка пясчанай сцяжынкi; вецер даносiў пах хрызантэм; а крыху воддаль вiднелася чорная сцяна дубоў, якiя сабою засланялi сасновы бор; начное паветра было напоена смалiстым водарам; Тэрэза ведала, што лес, нiбы варожае нябачнае войска, з усiх бакоў акружае маёнтак. Гэтыя дрэвы - яе панурыя вартавыя (Тэрэзе здаецца, што яны пасылаюць ёй сваю прыглушаную скаргу) - будуць бачыць, як мучыцца яна тут у доўгiя зiмы, як знемагае ад спёкi ў летнiя днi... I наканавана гэтым векавым волатам быць сведкамi яе пакутлiвай агонii... Тэрэза зачынiла акно i падышла да Бернара.
– Ты што, збiраешся сiлай мяне тут утрымаць?
– Называй гэта як сабе хочаш, але ведай: адгэтуль ты выйдзеш толькi ў кайданах.
– Не трэба перабольшваць. Я ж цябе ведаю: не такi ты ўжо злосны... Няўжо ты захочаш, каб на тваю сям'ю ўпала такая ганьба? Хiба можна тут у чым сумнявацца...
Бернар, чый сухi розум яшчэ задоўга да гэтай размовы ўсё абдумаў, усё ўзважыў, растлумачыў ёй, што паехаць адсюль - значыла б прызнаць сябе вiнаватай. У такiм выпадку ганебную пляму з сям'i можна будзе вывесцi толькi адным спосабам: адсекчы заразную частку цела, адрачыся ад злачынкi перад усiмi людзьмi.
– I ўявi сабе: якраз гэта мая мацi i хацела спачатку зрабiць. Мы нават былi вырашылi не ўмешвацца ў справы суда, i ты атрымала б сваё... I толькi клопат пра будучыню Мары i Анны... зрэшты, гэта зрабiць яшчэ не позна. Так што падумай, не спяшайся. Да заўтра!
Цiха, нiбы самой сабе, Тэрэза сказала:
– У мяне яшчэ ёсць бацька.
– Бацька? Але ж ён цалкам згадзiўся з намi. У яго сваё жыццё. Яму трэба зберагчы сваю палiтычную кар'еру, свой прэстыж у партыi. Ён толькi i думае пра тое, каб патушыць гэты пажар, заглушыць гэты скандал, чаго б гэта нi каштавала. Успомнi, колькi ён зрабiў для цябе. Гэта ж дзякуючы яму следства вялося абы-як, на скорую руку. Спадзяюся, ён сказаў табе сваё слова на гэты конт. Хiба не так?
Бернар ужо не павышаў голасу i быў амаль што ветлiвы. I не таму, што шкадаваў Тэрэзу. Гэтая жанчына, здавалася, ужо не дыхала: яна была зламаная, i заняла нарэшце сваё месца. Усё ў парадку. Бернар з гордасцю пра сябе падумаў, што другi чалавек на яго месцы наўрад цi вытрымаў бы такi ўдар. Памыляцца можа кожны. I ўсе памылiлiся наконт Тэрэзы... Нават яго мацi, якая звычайна разбiралася ў людзях. А ва ўсiм вiнавата беспрынцыповасць. Людзi не хочуць разумець небяспекi ад той адукацыi, якую атрымала Тэрэза. Яна - пачвара, што тут гаварыць! Але, калi б яна верыла ў Бога... Страх - вось дзе крынiца мудрасцi i пакорлiвасцi. Так меркаваў Бернар. А яшчэ ён думаў пра тое, як жыхары ваколiц, такiя сквапныя да плётак i скандалаў, будуць расчараваны, калi ўбачаць яго з Тэрэзай у нядзелю ў царкве. Няхай бы хутчэй прыйшла нядзеля, каб паглядзець на гэтыя фiзiяномii!.. А справядлiвае пакаранне ад гэтага нiчога не страцiць... Ён падняў лямпу, i святло ўпала на Тэрэзiны плечы.
– Ты яшчэ не iдзеш да сябе ў спальню?
Тэрэза, здавалася, не пачула гэтых слоў. Бернар выйшаў, пакiнуўшы яе ў цемры. Каля лесвiцы скурчыўшыся сядзела цётка Клара. Адчуўшы на сабе яе заклапочаны позiрк, Бернар напружана ўсмiхнуўся i, узяўшы старую пад руку, дапамог ёй падняцца. Але тая ўпiралася, нiбы стары, адданы сабака, якi не хоча адыходзiць ад пасцелi свайго гаспадара-нябожчыка. Бернар паставiў лямпу на падлогу i пачаў тлумачыць, што Тэрэзе ўжо лепш, але ёй хочацца пабыць трохi адной:
– Вы ж ведаеце яе капрызы.
Ого, цётка iх ведала: колькi разоў на сваё няшчасце заходзiла яна да Тэрэзы акурат у той момант, калi ёй хацелася пабыць адной! Варта было толькi адчынiць дзверы, як яна пачынала адчуваць сябе няпрошаным госцем.
Старая праз сiлу ўстала i, абапiраючыся на моцную Бернараву руку, паплялася ў свой пакой. Услед за ёй зайшоў Бернар, клапатлiва запалiў свечку на стале, пацалаваў цётку ў лоб i выйшаў. Старая не адзодзiла ад яго вачэй. Яна не магла пачуць, але выдатна ўмела чытаць твары людзей. Яна пачакала, пакуль Бернар выйшаў, i цiхенька адчынiла дзверы... Не, ён яшчэ на лесвiцы... Палiць... Старая хуценька вяртаецца. Ногi дрыжаць, дыханне перахапiла, няма сiлы скiнуць з сябе адзежу... Так яна i кладзецца i ляжыць з расплюшчанымi вачыма.