Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
Шрифт:
Што ж, Бернар быў адукаваным чалавекам. I стаяў ён, бадай, вышэй за сваё асяроддзе. Тэрэза магла павiншаваць сябе: яе муж - "чалавек, з якiм хоць можна пагаварыць...". Так думала яна, пакуль не пазнаёмiлася з Жанам Азеведа.
А здарылася гэта тою восеньскай парою, калi начная прахалода трымаецца ўсю ранiцу, а пасля снедання, як бы нi свяцiла сонца, падымаецца лёгкi туман прадвеснiк яшчэ няскорага змяркання. Ужо ляцелi першыя вехiры, i Бернар прыходзiў дамоў толькi вечарам. Праўда, у той дзень ён-такi адважыўся i паехаў да доктара ў Бардо.
"Мне тады нiчога не хацелася, - думае Тэрэза.
– Выйшла на дарогу трохi прайсцiся: цяжарнай жанчыне карысна хадзiць пехатой. У лес старалася не заходзiць, бо там гэтыя паляўнiчыя: асцерагайся, спыняйся на кожным кроку, падавай сiгнал свiстам i чакай, пакуль табе дазволяць iсцi далей. А бывае, што ў адказ пачуеш працяжны свiст, значыць, у дубняк апусцiлася чарада вехiроў i трэба затаiцца i цiхенька стаяць... Потым я вярнулася, падрамала трохi ў гасцiнай. Вакол тупала цётка Клара са сваiмi бясконцымi расказамi пра кухню i ферму. Я, бадай, не звяртала нiякай увагi на гэтую векавуху,
Потым зайшоў Бальён. Назаўтра ён ад'язджаў у Сэн-Клер, i яму трэба было атрымаць усе распараджэннi. Цётка склала спiс даручэнняў i разам з iм перадала старому слузе кiпу рэцэптаў для хворых з Аржалузы: "Перш-наперш вы зойдзеце ў аптэку, каб Даркэ паспеў падрыхтаваць усе лякарствы да вашага ад'езду".
Першая сустрэча з Жанам... Хочацца ўспомнiць кожную дробязь... Сама не ведаю, чаму я пайшла да таго будана, дзе некалi ў час летнiх вакацый мы бывалi з Аннай i дзе, як я ўжо цяпер ведала, яна сустракалася з гэтым Азеведа. Не, я пайшла туды зусiм не дзеля таго, каб пабачыць месца, з якiм звязана столькi светлых успамiнаў. Проста хвоi ў тым баку так разраслiся, што там ужо немагчыма было паляваць на вехiроў i можна было не баяцца, што перашкодзiш паляўнiчым. Ды i будан ужо быў непрыдатны для палявання: лес шчыльна абступiў яго, засланiў далягляд. Каб толькi не забыць: кастрычнiцкае сонца яшчэ добра прыгравала; я стамiлася iсцi па пяску; не давалi спакою мухi... А як цяжка мне было несцi свой жывот! Я так марыла пасядзець на старой трухлявай лаўцы ў будане! Калi я адчынiла дзверы, то твар у твар сутыкнулася з маладым чалавекам без галаўнога ўбору. Я адразу пазнала Жана Азеведа i спачатку падумала, што перашкодзiла яго любоўнаму спатканню: надта ж ён выглядаў збянтэжана. Але дзiўная рэч - як толькi я хацела пайсцi, ён стаў угаворваць мяне: "Ну, што вы, мадам, калi ласка, праходзьце, вы мне зусiм не перашкодзiлi". Чаму ён тады спытаўся, цi вiдно знадворку, што робiцца ў будане?.. Я зайшла i была страшэнна здзiўлена, што, акрамя Жана, у будане нiкога няма. Можа, пастушка вышмыгнула праз другi выхад? Але ж нi адна галiнка не трэснула, пакуль мы стаялi ля ўваходу. Ён таксама пазнаў мяне i першы загаварыў пра Анну. Я села, ён стаяў - у той самай позе, як на фатаграфii. Я разглядала яго лёгкую кашулю i спрабавала адгадаць, дзе тое месца на грудзях, якое я праткнула на здымку шпiлькай; я глядзела на яго з цiкавасцю, але без хвалявання. I мiжволi прыгадалiся словы Анны: "Я прыцiскаю сваю руку туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве "апошняй дазволенай ласкай"...). Цi быў ён прыгожы? Высокi, цудоўны лоб, аксамiцiстыя вочы, уласцiвыя яго племенi, паўнаватыя шчокi i прышчыкi - прыкмета ўсхваляванай крывi ў юнакоў яго ўзросту. Асаблiва непрыемна было адчуваць яго мяккую, вiльготную далонь, якую ён яшчэ паспеў выцерцi хустачкай. Але вочы i гарачы позiрк былi прыгожыя. Мне спадабаўся i яго вялiкi, трохi разяўлены рот, дзе бялелi моцныя вострыя зубы, - здавалася, ён вось-вось высуне язык, як малады сабака ў спёку.
А я сама? Што ж, я трымалася так, як i належыць чалавеку з сям'i Дэскейру: гаварыла пагардлiва, рэзка i абвiнавацiла яго: "Ты ж унёс смуту i разлад у такую паважаную сям'ю..." Ах, якое непрытворнае было яго здзiўленне - гэты хлапец шчыра разрагатаўся: "Як? Дык вы лiчыце, што я хачу ажанiцца з Аннай? Вы думаеце, што я замахнуўся на яе гонар?" Я атарапела, i мне адразу стала ясна, якая бездань аддзяляе Анну ад гэтага раўнадушнага юнака. Ён актыўна абараняўся: "Як можна ўстаяць перад чароўнасцю такой дзяўчыны? Але ж пагуляць нiкому не забаронена. I якраз таму, што тут i гаворкi пра шлюб быць не магло, гэтая гульня мне здавалася бяскрыўднай. Я, вядома, толькi рабiў выгляд, што падзяляю намеры Анны..." I калi я высакамерна спынiла яго, ён горача запярэчыў, што сама Анна можа засведчыць яго прыстойнасць - далёка ён нiколi не заходзiў, i, урэшце, мадмуазэль дэ ля Траў павiнна быць удзячнай яму за тыя хвiлiны сапраўднай страсцi - хутчэй за ўсё адзiныя, якiя адпушчаны ёй у гэтым сумным, змрочным жыццi. "Вы кажаце, што яна пакутуе, але паверце мне: такiя пакуты - гэта самае лепшае, чаго яна можа чакаць ад свайго лёсу. Я многа чуў пра вас i ўпэўнены, што вам гэта можна сказаць, бо вы непадобныя на тутэйшых мяшчан. Што чакае гэтую дзяўчыну? Нуда i гiбенне ў якiм-небудзь старым доме Сэн-Клера! У гэтае невясёлае падарожжа па жыццi я даў ёй з сабой запас пачуццяў, мараў, успамiнаў, якiя, магчыма, выратуюць яе ад адчаю цi, ва ўсякiм разе - ад атуплення". Нешта я не прыпомню, цi раззлавала мяне гэтая прэтэнцыёзнасць, гэтая самаўпэўненасць?.. А можа, наадварот - спадабалася... Праўду кажучы, ён гаварыў так хутка, што я ледзьве паспявала разумець яго. Потым я ўсё ж прывыкла да яго шматслоўя. "Паслухайце, мадам! Няўжо вы сапраўды лiчыце, што я хацеў гэтага шлюбу? Мне - кiнуць якар у гэтым пяску або ўзяць на сябе такую абузу i везцi гэтае дзяўчо ў Парыж? Я, безумоўна, зберагу ў памяцi цудоўны вобраз Анны. I ў тую хвiлiну, калi вы засталi мяне тут, у будане, я якраз думаў пра яе... Але, мадам, хiба можна спутаць самому сабе ногi, прыкаваць сябе да аднаго месца. Кожнае iмгненне павiнна прыносiць сваю асаблiвую радасць, адметную ад усяго таго, што ты ўжо меў". Спалучэнне гэтай
Ён папытаўся ў мяне, цi чытала я кнiгу Рэнэ Базэна* "Жыццё айца Фуко". У адказ я неяк няшчыра, ненатуральна засмяялася. I тады ён сказаў, што гэтая кнiга ашаламiла яго. "Жыць у небяспецы, у самым глыбокiм сэнсе гэтага слова, дадаў ён, - гэта, бадай, i азначае, што чалавек не так шукае, як ужо знайшоў свайго Бога i iдзе па шляхах боскiх..." Ён быў на вяршынi шчасця ад "Жыцiя мiстыкаў", скардзiўся, што ў яго неўтаймаваны характар i ён толькi таму не можа пайсцi ўслед за мiстыкамi, што "колькi сябе помнiць, нiколi не быў дастаткова чысты для гэтага".
* Рэнэ Базэн (1853-1932) - французскi пiсьменнiк-раманiст. Аўтар раманаў "Усёй душой", "Адзiнокая", "Сёння i заўтра", "Чарнiльная пляма" i iнш. Ф.Марыяк прысвяцiў яму манаграфiю, выдадзеную ў 1931 г.
Гэтая бессаромнасць, гэтая лёгкасць, з якой ён паказваў усё сваё нутро якое ж усё гэта было новае ў параўнаннi з нашай правiнцыяльнай скрытнасцю i замоўчваннем усяго, што датычылася ўласнай натуры. Усе размовы i плёткi ў Сэн-Клеры iдуць толькi вакол таго, што наверсе, перад вачыма, а сэрцы там нiколi не адкрываюцца... Ну што я, урэшце, ведаю пра Бернара? Намалявала сабе карыкатуру, а можа, у iм хаваецца штосьцi куды больш значнае, важнае?..
Жан гаварыў, а я маўчала i слухала. На язык прыходзiлi толькi збiтыя, шэрыя фразы з нашых бесталковых сямейных спрэчак. Падобна да таго, як у нас у ландах вазы робяць "па каляiне", гэта значыць, з дастаткова шырокiм ходам, каб колы пападалi ў наезджаную каляiну, так i мае думкi да гэтага дня iшлi "па каляiне" майго бацькi i свёкра.
Жан крочыў побач. Як цяпер бачу я гэтую расшпiленую кашулю, што прыкрывала яшчэ зусiм хлапечыя грудзi i моцную шыю... Цi цягнула мяне да яго? Ды не, беражы Бог! Але мне ўпершыню сустрэўся чалавек, якi самым галоўным у жыццi лiчыў работу мозга, разумовую працу. Увесь час ён гаварыў пра сваiх парыжскiх настаўнiкаў, сяброў, прыводзiў iх думкi, расказваў пра кнiгi - лiчыць яго нейкiм вундэркiндам я, бадай, не магла: ён уваходзiў у кагорту тых выбраных людзей, хто, па яго словах, "жыве па-сапраўднаму". Адна за адной сыпалiся на мяне цытаты, iмёны, i Жан нават не дапускаў, што я магу iх не ведаць. А я i выгляду не падавала, што чую ўсё гэта ўпершыню.
Калi за павароткай паказалiся жытнёвыя палеткi i ўскраiны Аржалузы, я мiжвольна ўсклiкнула: "Як? Ужо?.." Даўно ўжо прайшло жнiво. Над панурым малаўрадлiвым полем вiлiся сiнiя клубы дыму: сёння тут палiлi пустазелле. Уздоўж дарогi, нiбы паток разлiтага малака, плыў статак авечак...
Тут Жану трэба было паварочваць i цераз поле iсцi дамоў у Вiльмiжа. Я сказала, што правяду яго: "Усё, што я сёння пачула - гэта так цiкава..." Але раптам мы абое зразумелi, што больш гаварыць няма пра што. Iсцi па ржышчы мне было цяжка: нават у сандалях калола ў ногi. Мне здалося, што яму захацелася хутчэй застацца аднаму i цалкам аддацца сваiм думкам. Я нагадала яму, што мы так i не пагаварылi пра Анну. "Мы не свабодныя ў выбары тэм для размоў, ды, вiдаць, i думак. Iнакш нам трэба было б прыняць метады i правiлы мiстыкаў, амаль з выклiкам адказаў ён.
– Такiя людзi, як мы, заўсёды плывуць з вадой па цячэннi..."
Мы дамовiлiся спаткацца яшчэ раз, каб разам падумаць, што рабiць з Аннай. Ён гаварыў рассеяна i раптам, не слухаючы мяне, нахiлiўся i з дзiцячай радасцю паказаў мне баравiк, панюхаў аго i дакрануўся губамi да шапачкi.
VII
Бернар сядзеў на ганку i чакаў. Вось у вячэрнiм змроку з'явiлася постаць Тэрэзы. "Паслухай, у мяне нiчога не знайшлi! Нiчога!
– радасна закрычаў ён. I хто мог падумаць, што ў мяне малакроўе! Гэта ў мяне, з маiмi бiцэпсамi i мускулатурай! Але што зробiш: па знешнасцi нiчога не ўгадаеш. Вазьмуся за лячэнне. Буду прымаць каплi Фаўлера* - яны з мыш'яком. Галоўнае цяпер апетыт..."
* Томас Фаўлер (1736-1801) - ангельскi лекар. Яго iмя дадзена "каплям Фаўлера", якiя рэкамендуюць пры нервовых захворваннях i адсутнасцi апетыту.
Тэрэза ўспамiнала, што спакойна выслухала ўсё гэта: не раздражняў яе нават i занудлiвы тон Бернара. Яна як быццам не чула мужавых слоў, бо душой i целам ужо была прывязана да другога свету, свету людзей, якiя прагнуць жыцця, iмкнуцца ў iм разабрацца, усё спасцiгнуць, зразумець i стаць, як паўтараў Жан, "самымi сабой".
Калi за сталом Тэрэза нарэшце загаварыла пра сустрэчу з Жанам, Бернар захваляваўся: "Як? I ты маўчыш? Ну, ты зусiм у мяне дзiвачка! Ну як? Што вы з iм вырашылi?"