Уліс з Прускі
Шрифт:
Гасцінец — звычайная, хоць, вядома, і вельмі старажытная прасёлачная дарога, аздобленая па абодва бакі бярозамі, вербамі, асіннікам. Зімою, хоць якая завіруха, — ніхто не заблудзіцца. З цягам часу, парадкуючы гасцінец, — гэта адбылося ўжо ў дваццатыя гады, пасля Першай сусветнай вайны, калі прускаўцы вярнуліся з бежанства, з Расіі,— пасадзілі яшчэ і вішні, купіўшы дрэўцы ў пана Бяльчынскага, маёнтак якога знаходзіўся ў Вайской.
Ад гасцінца, калі ехаць у Камянец, то па левую руку, якраз насупраць карчмы, і адгаліноўваецца прускаўская вуліца. З аднаго боку стаяць сялянскія хаты, за якімі зелянеюць сады і гароды, з другога — прыгуменні, клуні, дзе складваюцца на зіму збожжа і сена. Другім канцом — вёска выходзіць на шырокую аселіцу, якая служыць выганам, дзе пасвяцца свінні, куры, гусі і іншая жыўнасць. Вуліца нешырокая —
Калі выйсці за гумны, ці за клуні, як тут кажуць, там — месца вышэйшае, узгорак, дык у які бок ні павернешся — на даляглядзе ўбачыш поле, а за ім лес. Далей, на паўночны захад, пачыналася старадаўняя Белавежская пушча, з якой, ажыўляючы ўсё наваколле, выплывала і песціла на шырокай лагчыне свае празрыстыя хвалі прыгажуня Лосьна. Каціла іх, уздоўж камянецкага гасцінца, у Буг. Не абмінала яна і Прускі, уносячы ў жыццё і побыт яе жыхароў шмат цікавага і разнастайнага.
Пры ўваходзе ў вёску, з абодвух канцоў, узвышаліся характэрныя для мясцовых паселішчаў вялікія дубовыя крыжы, перавязаныя белымі ручнікамі, упрыгожаныя засохлымі кветкамі…
Прускаўцы не пазбаўлены былі, як ужо згадвалася, своеасаблівага гонару і нават пачуцця некаторай як бы вышэйшасці: вёску сваю называлі не вёскай, а сялом, хоць усяго ў той Прусцы налічвалася хат трыццаць, не болей. А як жа! Была царква, невялічкая (таксама недалёка ад гасцінца) карчма, у якой сядзеў Мордка Вінаград, была нават школка — царкоўнапрыходская, пад апекай папа. Ураднік таксама свой! Двары ўсе абнесены шчыльнай сцяной штыкетаў, так што не толькі парася, але і курыца не выйдзе. І абавязкова перад вокнамі, што выходзяць на вуліцу, — ёсць у хаце дзеўка ці няма — гародчык з кветкамі: ружамі, півонямі, жоўтымі вяргінямі, мятай, а ў кутку — стромкімі атожылкамі шпарагусу.
Словам, паселішча мела шмат свайго, асаблівага, непаўторнага. «Свой феномен», — як любіў гаварыць мясцовы памешчык пан Караль Падгурскі, хоць такіх сёл у гэтым краі насыпана густа. Суседнія вёскі — Выгнанка, Зінькі, Бабічы, Алешкавічы, Трасцяніца, Ліпна, Бучамле, Сухаволле, Свішчова, Царкоўнікі, Перкавічы, Вайская, Кашчэнікі і іншыя — недалёка, побач, можна сказаць, у межах якіх-небудзь пяці-шасці кіламетраў, а людзі ў іх па-свойму жывуць, з уласнымі традыцыямі.
Што ні вёска, то свой свет — жыццё, побыт, звычаі, норавы. Хіба што хаты аднолькавыя — нізенькія, крытыя саломай, з маленькімі вокнамі, гліняным долам. Большасць з іх трухлявыя — пырні дручком і наскрозь праколеш. Асобныя дык нават ужо зусім набок пахіліліся, трэба было б падперці іх, а то, баяўся стараста Мітрафан Давыдзюк, не дай Бог, каторая возьме ды і абернецца, але ў гаспадароў неяк усё рукі не даходзілі.
Прускаўцы верылі, што ў кожнай хаце ёсць свой жыхар — дамавік, бо хто, як не ён, звычайна падбухторвае сямейнікаў да сваркі. Чаго-чаго, а сварак хапала. Былі нават своеасаблівыя дуэты, што, мяркуючы па ўсім, склаліся даўно і ўжо нават не маглі змясціцца ў сценах свайго жытла — выходзілі на падворак, на вуліцу, так што было чутно нават на другім канцы вёскі.
— Ціятр! — жартавала ўся вёска.
Любілі прускаўцы птушак, якія, відаць, адчувалі іх прыязныя адносіны і сяліліся, дзе толькі маглі,— пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, на дрэвах вілі гнёзды вераб'і, у дуплах кватаравалі шпакі. Рэдка на чыёй клуні не было буслоў.
— Каб не ўгнявіць бусла, унучак, — гаварыў Лявонку дзед Кірыла, — а то ён тады вёску падпаліць можа. Выхапіць з начлежнага вогнішча галавешку і кіне яе на хату. І пабяжыць агонь ад сядзібы да сядзібы. Згарым.
Буслоў паважалі. Не дай Бог, буслы самі выкінуць з гнязда малое — тады не мінуць недароду, а то і голаду.
Вось так і пазіралі прускаўцы на свет. З выгляду гэта былі, не ў прыклад іх продкам — велетам, людзі сярэдняга росту, каржакаватыя, міралюбівыя і дабрадушныя. Прысутнічала ў іх норавах славянская мяккасць. Камянецкі стоўп, які здаўна стаяў у Камянцы, нікому не пагражаў і быў чыста абарончым збудаваннем. Асілкі трапляліся рэдка. На памяці Лявонкі адзін толькі і застаўся — Марка Замагільны (ён і сапраўды жыў на хутары за могліцамі), які аднойчы, матлянуўшы доўгім падолам сваёй палатнянай сарочкі, вырваў з хаты Масея Галёнкі бервяно і разагнаў ім п'яных, калі тыя ўсчалі паміж сабой бойку. Назаўтра, праўда, Марка падняў хату за вугал і ўставіў бервяно на месца, але падагнаць яго як трэба ўсё ж
Затое жыццястойкасці, трываласці, фізічнай і маральнай, хапала, здаецца, усім. Тыя, хто іх ведаў, знаходзілі, што характару прускаўцаў уласцівы некаторая рахманасць, нерашучасць, замаруджанасць у руху, але разам з тым і ўпартасць. Суседзі адзначалі гасціннасць прускаўцаў: на стол ставілася ўсё, што было ў каморы. Праўда, бывала, гаварылі пра гасціннасць неяк і двухсэнсоўна, пасміхаючыся і ўспамінаючы пры гэтым Рамана-мельніка, які ўмеў напаіць плойму гасцей адной чацвярцінкай, якую тут называлі кручком. Не радзей, як раз у год, да яго з'язджаліся родзічы — сваты з Лускалаў, швагер з Выгнанкі, яшчэ той-сёй. І раз'язджаліся звычайна задаволеныя і на падпітку — голасна смяяліся і спявалі вясёлыя песні. «Гэта яны спяваюць ад радасці, што ўбачыліся. Радня ж!» — тлумачыла Марыля — Лявонкава маці.
Ні кніг, ні граматных у Прусцы не было спрадвеку, за выключэннем хіба што мясцовага бацюшкі, айца Глеба, і настаўніка Тамаша Шпронькі. Школка адкрылася нядаўна, але сяляне не зусім ахвотна (па розных прычынах) аддавалі туды сваіх дзяцей. Прускаўцы прывыклі мірыцца з жыццём: як ёсць, так і добра. Не чуваць было пра нейкіх выдатных асоб адсюль, а калі такія і знаходзіліся, дык шукалі сабе жыццёвага прымянення і долі не на радзіме, а ў суседзяў.
Што ўмелі прускаўцы — гэта цярпець. Тут ім, мусіць, не было роўных. Цярпенню вучыла іх навакольная прырода, у якой з нязменнай паслядоўнасцю паўтараўся гадавы кругаварот: зіма саступала месца вясне, вясна пераходзіла ў лета, лета — у восень, якая заканчвалася халоднаю, завейнаю зімою. Тут усяму быў свой час: пасля ночы наступаў світанак, а за днём надыходзілі вечар, ноч. Кожны нараджаўся, жыў, паміраў. Разам з тым я не рызыкнуў бы папракнуць іх у душэўнай вяласці. Упартасць і настойлівасць у барацьбе за жыццёвае існаванне рабіла іх людзьмі моцнымі і трывалымі. Нягледзячы на сваю закінутасць і даўнюю адлучанасць ад гісторыі, жылі яны адкрыта, умелі размаўляць з зорамі і сусветам, чуць, як расце трава і шэпчацца з берагам вада, давяралі прыродзе (хоць часам яна і палохала моцнымі маразамі ці бурамі-наваламі) і разумелі яе мову. Прыроднае ўлонне адказвала ўзаемнасцю — аберагала іх. Словам, прускаўцы знаходзіліся, нават, можа, не адчуваючы гэтага, у той згодзе і адзінстве з прыродай, якія былі абавязковай умовай іх зямнога існавання. Нутраная спалучанасць з зямлёй, вадой і небам, зладжанасць з усім навакольным жыццём нарадзіла ў іх падсвядомае адчуванне нязмушанай неабходнасці сваёй прысутнасці ў свеце…
Звычайна Лявонка ўсё пачутае расказваў дома. Ён і цяпер паімчаўся дадому — пераказаць Кузёмкаву навіну бацькам, сямейнікам. Міхаль і Марыля да расказаў Кузёмкі (ён заходзіў да Кужалёў даволі часта) ставіліся без асаблівага даверу, але слухаць — слухалі, бо цікава было. Сядзіба Кужалёў якраз пасярэдзіне вёскі: хата — па адзін бок вуліцы, бліжэй да гарода; клуня з прыбудовамі, хлявом для скаціны, невялічкім склепам для бульбы — па другі. Хата нізкая, скасабочаная ад старасці, крытая саломай, з маленькімі падслепаватымі вокнамі. Збіраліся ставіць новую. У двары ў пяску капаліся дзеці — васьмігадовая Тоня і чатырохгадовая Фядорка. Лявонка не стаў каля іх затрымлівацца — адразу ступіў на ганак. Зрэшты, ганка пры хаце, можна сказаць, і не было — замест яго ляжаў стары камень ад жорнаў з дзіркай пасярэдзіне і адбітым краем.
Пад кожным дахам — свой сямейны свет, свае думкі, жаданні, мары. Бацькі былі дома. Маці, адвярнуўшыся да сцяны, карміла грудзьмі маленькую Барбарку. Пасярод хаты, на круку, убітым у бэльку, вісела калыска. Месца ля сцен займалі драўляныя ложкі, засланыя даматканымі посцілкамі, сумна пабліскваў абраз на покуці, аздоблены высахлымі валошкамі і вышытым ручніком: спакутаваны, нямоглы Ісус Хрыстос, якога анёлы збіраюцца ўзнесці на неба. У кутку — калаўрот.
Бацька распальваў каганец, жаўтаватыя водсветы агню гладзілі яго непаголены, стомлены твар. Востра пахла асенняя лаза: дзед Кірыла, седзячы на столаку (так тут называлі невысокія стульчакі, што стаялі ля печы ці ля парога), падплятаў кошык. Барада і вусы яго зараслі сівымі валасамі і ад гэтага мелі нейкі шэры колер. Цяжкія, шырокія плечы, здаецца, прыгіналі гэтага чалавека да зямлі. Жылістыя рукі ўвішна снавалі паміж рабрынамі кошыка, замацоўваючы вакол іх гнуткія лазіны.