Уліс з Прускі
Шрифт:
Ад нечаканасці ўсе зарагаталі, нават малыя — Тоня з Фядоркай.
— Ну, але, — як бы ў тон яму, згадзіўся Кірыла, — я пан, ты пан, а хто свіней пасвіць будзе?
Ізноў усе засмяяліся.
Пасля картахлянкі прыступілі да самой бульбы, гаворка ж не перапынялася і не мяняла свайго кірунку.
У Міхаля наконт Лявонкавай будучыні былі свае меркаванні:
— Мужыку працаваць трэба — не яго справа навукай займацца. Бяры цэп у рукі, і не трэба вялікай навукі.
— Так то яно так, але трэба, можа, і наперад глядзець, — не пагадзіўся з сынам Кірыла.
— Цяпер вунь пра Амэрыку гавораць, — памаўчаўшы, сказаў Міхаль.
— Пра што? Пра якую яшчэ Амэрыку? —
— Ёсць такая краіна за морам, шмат дзён трэба ехаць, — патлумачыў Міхаль, — але надта багатая і справядлівая. Чалавека не крыўдзяць і кожнаму рады.
Кірыла скептычна хітнуў галавой:
— Нешта не верыцца, каб адзін чалавек не крыўдзіў другога.
— Яно б і тут жыць можна было б, каб зямлі хапала, — падала голас Марыля.
Паступленне Лявонкі ў вучылішча накладвала на сямейнікаў новыя абавязкі. Кірыла добра ведаў пра гэта.
Агонь у каганцы амаль што дагарэў (лучыну папраўлялі і мянялі некалькі разоў), пліта яшчэ свяцілася чырвоным вуголлем.
— Мужчыны, лятайце спаць, заўтра ж на бульбу! — напомніла Марыля.
— Давайце спаць, а то людзі ноч разбяруць! — згадзіўся з ёй Кірыла, але загаманілі малыя — Тоня з Фядоркай, пачуўшы пра заўтрашні выезд на бульбу.
— І мы, і мы! — у адзін голас запішчалі яны.
— Не, дзяўчаткі, вы Барбарку даглядаць будзеце. Яна ж у нас маленькая і адна не застанецца.
Тоня з Фядоркай паапускалі галоўкі.
Маці паглядзела на Тоню:
— На абед рулёў [1] наробіш, малых пакорміш. Глядзі, не пускай Фядорку да калодзежа, а то перасверыцца праз зруб! Вечарам вернецца з пашы карова, адчыніш ёй хлеў. Калі мяне не будзе, падоіш. Але, думаю, паспею. А цяпер кладзіцеся спаць, хай нешта добрае прысніцца.
Праз колькі часу ўсіх іх змарыў першы, самы моцны сон.
ІІ
Назаўтра сабраліся з самай раніцы. У паветры ўжо адчуваўся верасень — восень. Усё навокал аціхла, паспакайнела. Кірыла любіў гэту часіну, ён устаў першы, за ім падхапілася Марыля. Вядома, мужчына гаспадар, але ўсё трымаецца на жанчыне. Жаночае жыццё ў Прусцы, калі падумаць, зусім беспрасветнае, і старыліся тут жанкі без пары. Марыля на старую яшчэ не паказвала. Невысокая, станістая, моцная, але не тоўстая, зведаўшая роды і бясконцасць працы, яна, як заўсёды, выглядала заклапочанай. Сама Марыля з суседняй вёскі — Свішчова. Нават не з Свішчова, а з хутара Салаўца, што стаяў на ўзлессі, паблізу ад вёскі. На хутары, ля бацькі, застаўся малодшы брат Хведар. Міхаль узяў яе не надта маладой, але яна паспела нарадзіць яму сына і трох дачок. Скардзілася на свякроў, пакуль тая жыла. Свякроў быццам бы і не благая была, але даймала нявестку сваімі павучаннямі — і тое не так робіш, і гэта не так. Марыля рэдка смяялася. За ўсё жыццё Лявонка не чуў, каб яна калі-небудзь смяялася. Гэта вось толькі ўчора за вячэрай, калі яна пажартавала пра хлеб з дамешкай з мякіны.
1
Рулі — дзіцячая ежа (малако з пакрышаным хлебам).
— Рана ўсталі,— сказаў Міхаль, таксама паднімаючыся і апранаючы кашулю.
— Хто рана ўстае, таму Бог дае.
У гародчыку цвілі познія кветкі — вяргіні, пасаджаныя Марыляй. Кветкі, акрамя іншага, яшчэ і намёк на тое, што ў сям'і растуць прыгажуні-дочкі.
З-пад паветкі, вітаючы гаспадароў, ласкава заскуголіў, звякнуўшы ланцужком, Курцік. Ведаў, што гаспадары едуць
Паклалі на воз нарыхтаваныя звечара мяшкі і кошыкі, торбачку з харчам, каб на полудзень было што на зуб узяць. Сёлета Кужалі пасадзілі бульбу за Малым Трыбам — так называлася мясціна, куды яны накіроўваліся цяпер па даўно наезджанай палявой дарозе. Зямлі ў Кужалёй было няшмат. Гэта, дарэчы, і навяло на думку паслаць Лявонку вучыцца. Як-ніяк акрамя яго яшчэ тры дачкі — дзе ж набрацца пасагу?.. Той участак, які неўзабаве пасля прыгону перайшоў ад пана да прускаўцаў (выкупіла зямлю казна і сплачвалі потым з працэнтамі — ёй), падзелены на тры полі, а кожнае поле — паміж дварамі. Прускаўцы, як і ўсе ў гэтым краі, трымаліся трохполля. На адным палетку сеялі азімае жыта, на другім — бульбу, а таксама авёс, ячмень, проса, трэцяе поле адпачывала. Зямля тут, на жаль, не тая, пра якую кажуць: аглоблю ўтыркні — воз вырасце. Усё даецца надта нялёгкай працай.
Стараліся выехаць як раней, але прыехалі далёка не першыя. Многія з вяскоўцаў ужо корпаліся ў зямлі, нешта рабілі.
— А ты кажаш — рана ўсталі,— упікнуў сына Кірыла.
Надзелы размеркаваны ў такім прыкладна парадку, як стаялі ў вёсцы хаты. Зямля ля гасцінца належала ўрадніку — тут жа стаяла яго хата. Далей ішлі сялянскія надзелы. Крайні загон — Захара Відэркі. Яго сямейнікі на чале з Прузынай мітусліва церабілі разоры. Сам Захар, цыбаты, як бусел, няспешліва соўгаўся па полі, да нечага прыглядаўся, спыняўся, пра штосьці, відаць, думаў. Зрэшты, цяжка сказаць, пра што можа думаць чалавек, які выйшаў у поле.
— З'явіўся і ён, — падзівілася Марыля.
Захара ў полі рэдка калі і ўбачыш, звычайна жонка адна ўпраўляецца, радня памагае. Муж пастаянна на рацэ. Жыў ён бедна. Нездарма ў Прусцы кажуць: хто палюе і рыбачыць — той хлеба не бачыць. «Замысь таго, каб у поле ехаць, ён на раку пайшоў!» — скардзілася суседзям Прузына. Рыбацтва было ў Захара ў крыві, разам з сынам Оргіем — падлеткам яшчэ — ён цэлыя дні праводзіў на рацэ. Прузыне даводзілася часам насіць ім туды снеданне. Самі, праўда, рыбу не спажывалі, а прадавалі пану Падгурскаму, ці браў прускаўскі карчмар Мордка. Сабе пакідалі часам толькі дробязь. Адначасова Захар лічыўся і царкоўным вартаўніком — жыў непадалёку ад царквы.
— Якая цяпер рыба! — парушыў маўчанне Кірыла. — Восень…
— Э не! — запярэчыў яму Міхаль. — Цяпер шчупак якраз і бярэцца.
Каля Захара, у суседстве, поле Фёдара Тупчыка і яго брата Міхаля. Там яшчэ нікога не было, і не ўяўлялася, дзе тыя гаспадары, што яны робяць.
Далей ішлі Каленікі — трое братоў. Па ўсім відаць, цеснавата было траім на бацькоўскім надзеле. Палоскі — вузкія. Сёлета ў іх тут не бульба, а жыта, якое даўно пакасілі і звезлі з поля. Ржышча пабялела і нават паспела пазелянець ад травы, што дружна кінулася ў рост, нягледзячы на восень. Адзін з братоў, Васіль, казалі, збіраўся ў Амерыку, шыфс-карту і пашпарт ужо вырабіў і брата свайго Рамана цягнуў.
— Рызыкант! — услых падумаў Міхаль.
— За свет людзі едуць, — як бы пачуўшы думкі Міхаля, сказала Марыля.
Праехалі поле Галёнкаў. Таксама браты — Масей і Філафей. Хаты іх у вёсцы адна насупраць другой. Філафей ужо на полі, арэ, сагнуўшыся над плугам. Жонка ззаду, стоячы на каленях, капаецца ў баразне.
Побач з надзелам Кужалёў — зямля Яся Латушкі. Сусед. Яго яшчэ няма. Можа, таму, што бульбу паспеў ужо выбраць, поле ў яго падрыхтавана для азіміны. Воз калыхнула на глыбокай калдобіне.