Уліс з Прускі
Шрифт:
— Ну, надта ўжо так не кажы, — Нохім пяшчотна дакрануўся да жончынай рукі.— Я ж у цябе таксама напалавіну ліцвін.
Малка яшчэ больш завойкала.
— Але ж і з яго боку тое самае, — сказаў, падумаўшы, Кірыла, маючы на ўвазе зяця, але яшчэ не ведаючы, хто ён такі.
— Вось, я ёй і кажу, цяпер не той час… — падтрымаў яго Нохім.
— А якія халы яна ўмела пячы! — усхліпвала Малка. — Ой, не перанясу, не перанясу… — у яе словах гучалі гора і роспач.
— А хто ён? — пацікавіўся госць. — Калі так, дык, відаць,
— Сын Залатоўскага з Замастоў! Можа, чуў?
— Вядома, чуў! Але ж яго, таго, заўсёды залатаром звалі. Дык, можа, паспеў шляхціцам стаць? Здараецца і такое…
— Шляхта? — скрывілася Малка. — Пхе! Ён бедны, як сакол. Адно слова — залатар.
Сапраўды, Залатоўскія жылі даволі бедна, нічым асабліва не вылучаліся, і як ён мог прывабіць прыгажуню Лейку, ніхто не ведаў.
— Яна, таго, зацяжарала, ці што? — з уласцівай яму наіўнасцю і прастадушнасцю спытаў Кірыла.
— Ой, што вы, Кірыла! — замахала рукамі Малка. — Такое скажаце… Гэтага толькі не хапала, ой-ой-ой…
— Казалі пра яго, я сам чуў, што ён дэмакрат… — разлучна і крыху як бы загадкава сказаў Нохім. — Адным словам, асляпіў ён яе. Маладая…
Кірыла з Лявонкам не ведалі, хто такія дэмакраты, але спытаць не адважыліся.
— А-а-а! Пачакайце, успомніў! — недарэчы ўзрадаваўся Кірыла. — Дык я яго знаю — гэта Іван. — Затым, як бы сам з сабою разважаючы, пачасаўшы патыліцу, дадаў: — Хлопец відны, рослы, кучаравы. Ды і вясёлы! Як прыйдзе на кірмаш…
Малка перабіла яго:
— Ой, не дай Бог, калі пра ўсё дазнаецца рабін! — падзялілася апасеннямі Малка.
— А то ён не ведае… — махнуў рукой Нохім.
Кірыла выказаў сваё меркаванне:
— А можа, вашай дзяціне якраз і ўсміхнецца шчасце?! А то што б яна тут рабіла — селядцы прадавала?
Нохім перавёў размову на другое:
— Ты лепш мне скажы, пане муй, як там у Прусцы мой швагер?
Прускаўскі карчмар Мордка Вінаград даводзіўся Нохіму родзічам.
— Жыў, здароў.
— Гандлюе?
— Дзіва што!
Лявонка з цікавасцю глядзеў на незнаёмых людзей, да якіх яны з дзедам прыехалі.
— Ну, то зайдзіце пагрэцца?
— Дзякуй, няма часу.
— А куды ж гэта вы так спяшаецеся?
— Ды вось такая справа — унука ў вучылішча прывёз.
— О-о-о! Справа добрая! — пахваліў Нохім, і разам з жонкай падаліся ў хату.
Кірыла ад'ехаў у глыб двара і, не распрагаючы каня, паставіў воз у дальнім кутку, прымацаваўшы лейцы да плота. На галаву каню павесіў торбу з сечкай, перамешанай з аўсом. Лявонка прыхапіў з сабой паперу, чарніла і ручку, якія склаў у торбачку яшчэ ўчора звечара, і разам з дзедам рушылі насустрач невядомаму.
З хвіліну якую пастаялі каля стаўпа — гэтага старажытнага збудавання, падзівіліся яго магутнасці.
— Сажняў дваццаць будзе, не менш! — з павагай заўважыў Кірыла.
Доўга аглядаць помнік не мелі часу і амаль адразу,
— Што, баішся? — усміхнуўся дзед.
— Саромеюся…
— Саромеюцца, калі баяцца. Няма чаго саромецца.
Пры ўваходзе сустрэла нейкая цётка з мятлою ў руках — вартаўніца ці прыбіральшчыца.
— Вам да каго?
— Да начальства, — суха адказаў Кірыла.
— Паступаць? — выпытвала яна нейкім хрыплым, як здалося Лявонку, голасам.
— Яго, таго, павінны ўжо былі залічыць яшчэ з лета, — растлумачыў Кірыла.
Цётка кінула погляд на Лявонку.
— Самога Васіля Іванавіча няма, ідзіце да інспектара! — параіла яна і паказала на дзверы ў глыбіні калідора.
Тут нават у Кірылы ногі сталі нейкімі непаслухмянымі, аднак, што зробіш, трэба было ісці. Ён асцярожна «панукаў» у дзверы і, не дачакаўшыся адказу, прачыніў іх і разам з унукам прасунуўся ў пакой. Інспектар — малады чалавек з глыбокімі залысінамі — сядзеў у плеценым крэсле, унурыўшыся ў паперы. Апрануты ён быў у зялёны сурдут вайсковага крою. (Як потым аказалася, гэта быў настаўнік рускай мовы і літаратуры.) Калі ён разагнуўся, Лявонка ўбачыў мноства блішчастых гузікаў на грудзях і жываце. Спрабаваў іх палічыць, але гэта ў яго чамусьці не атрымлівалася. Відаць, ад хвалявання. Інспектар спытаў, адкуль яны і па якой справе. Лявонка набраў у грудзі паветра і адчуў, што яму заняло мову, — ні слова не мог вымавіць.
— А дакументы аб заканчэнні пачатковай школы ёсць?
Кірыла падаў пасведчанне.
Інспектар паглядзеў на Лявонку:
— Пяцёркі!..
— Таго, в-выдатнік, — пацвердзіў Кірыла.
Пасля гэтага Лявонка крыху пасмялеў. Інспектар пасміхнуўся неяк аднымі вачыма, агледзеў хлопчыка, потым адшукаў спіс тых, каго павінны былі залічыць на казённы кошт.
— Прозвішча?
— Кужаль, — адказаў за Лявонку дзед.
— А вы пачакайце ў калідоры! — загадаў інспектар.
Кірыла нехаця выйшаў.
— Імя?
— Лявон.
— Лявон… Гэта ты ў Прусцы сваёй Лявон. Сапраўднае тваё імя Лявонцій! Запомні.
Потым з шуфляды дастаў ліст паперы.
— Пішы заяву! На імя дырэктара народнага вучылішча. — І пачаў дыктаваць. Потым узяў напісанае Лявонкам, пакруціў у руках — Што ж, граматыку ведаеш. А як арыфметыку?
Экзамен па арыфметыцы праводзіў другі настаўнік. Давялося рашаць задачку. Лявонка са страхам сачыў, як натапырваліся настаўніцкія вусы і ўздрыгвала рудаватая бародка. Аднак задачка была з такіх, якія яны разглядалі ў школе.