Уліс з Прускі
Шрифт:
— Ну што, што дваццатае? — працягвала Хомчыха, але, убачыўшы, што гаспадары слаба рэагуюць на пачутую навіну, перайшла на другое:
— Чадна ў вас, Марылечка!
— Ой, што зробіш? Хата старая, асела ўся, і печ такая. Я сваім кажу — трэба пра новую думаць.
— А, такі, трэба… Што, унука вучыцца адвёз? — Хомчыха павярнулася да Кірылы.
— У Камянцы ён, — адгукнуўся Кірыла, збіраючыся снедаць.
— Тады, можа, і настаўнікам будзе. Гэта добра! — У голасе Хомчыхі пачулася нейкая ліслівасць і зайздрасць адначасова.
— Хто яго ведае, як там будзе, — уздыхнула Марыля, — яшчэ не хутка тое.
У
— Малеча! — цмокнула ёй у адказ Хомчыха. — Калі ты вырасцеш?
Але Барбарка нічога пэўнага адказаць ёй не магла і толькі выяўляла прыязь усім сваім абліччам. Гэты раз Хомчыха пазычыла два фунты ячменных круп, бо сваіх яшчэ не паспела надраць, і, узрадаваная, пабегла дадому.
«Усё ж такі,— разважаў Кірыла, — праняла нашых прускаўцаў навіна Кузёмкі, усе захваляваліся…»
Сапраўды, пачутую вестку пра дваццатае стагоддзе абмяркоўвала ўся Пруска, але ніхто не ведаў, як яе разумець і як на яе рэагаваць. Уражанне было такое, што прускаўцы некуды безнадзейна спазніліся, і цяпер невядома, як паправіць справу.
Адзіны, хто паставіўся да Кузёмкавай навіны спакойна, нават раўнадушна, быў мясцовы ўраднік. Стараста Мітрафан Давыдзюк данёс урадніку пра яе ў той жа дзень, але Кастантага гэта мала абыходзіла, як і бацюшку — айца Глеба. Адзін і другі, нягледзячы ні на якія нечаканасці, ведалі, што якое б стагоддзе ні стаяла на дварэ, а жыццё ідзе сваім ходам. Прускаўцы здаўна мелі ўласнага паліцэйскага, які жыў у вёсцы. Называлі яго Канстанцін Цярэнцьевіч Дзванарык, па-мясцоваму — Кастанты. Бацька Кастантага асеў тут яшчэ ў часы Мураўёва, пасля паўстання шэсцьдзесят трэцяга года. Ён і ўдзельнічаў у падаўленні гэтага паўстання — у чыне унтэр-афіцэра, за што, можна сказаць, і атрымаў пасаду ўрадніка. Кастанты ад бацькавых традыцый вернасці прастолу не адступаў ні на крок, быў у захапленні ад сваёй паліцэйскай кар'еры і спадзяваўся з цягам часу стаць прыставам. Хата ўрадніка стаяла першай, на самым відным месцы, недалёка ад карчмы, там, дзе вясковая вуліца ўпіраецца ў камянецкі гасцінец. Нават не хата, а дом — з высокім дахам, крыты гонтаю і абведзены вострым частаколам. Паселішча гэтага казённага чалавека было акружана атмасферай нейкай невытлумачальнай павагі і страху. Апошняму ў немалой ступені садзейнічала і вялізная, на ўсю шырыню прускаўскай вуліцы, лужына перад хатаю. У ёй рэзідэнцыя ўрадніка адлюстроўвалася ва ўсёй велічы. Кастанты, трэба сказаць, любіў гэтае тварэнне прыроды і ў часы асабліва шырокага разліву знаходзіў яго нават прыгожым. Летам лужына звычайна высыхала і аб'яўлялася толькі пасля праліўнога дажджу, затое вясной і восенню залягала надоўга, у адпаведнасці з сваімі натуральнымі памерамі. Не проста праехаць праз яе чалавеку з возам. Бывае, як засядзе хто, дык доўга не можа выбавіцца, пакуль не дапамогуць людзі. Па другі бок ураднікавага дома рос сад з высокімі старымі вішнямі, грушамі і яблынямі.
У гэты дом, абмінуўшы лужыну, і накіраваўся Ясё Латушка.
Ураднік толькі што вярнуўся з аб'езду стомлены і злы. Клопатаў яму, трэба сказаць, хапала. Разам з валасным начальствам — пісарам Пацеем — збіралі з сялян-неплацельшчыкаў падаткі, нядоімку. Непрыемная, вядома, справа!
Ясё адчыніў цяжкія дзверы і, ступаючы на насках, увайшоў у сені. А куды, у якія дзверы кіравацца далей, не ведаў.
— Гаспадзін ураднік?
— Хто
— Я-а-а…
Ураднік адчыніў дзверы:
— Ну, што скажаш?
Ясё, трымаючы ў руках шапку, перамінаўся з нагі на нагу, паглядаў на гаспадара, аблічча якога, зрэшты, ён даўно ведаў: перад ім стаяў усё той жа пахмурны, непрыветны чалавек з мясістым чырвоным носам і ямкай на падбародку. На ўраднікавых грудзях, якраз пасярэдзіне, вісеў на доўгай стужцы нейкі вялікі, пацямнелы ад часу ці ад чаго іншага медаль, які яго ўладальнік не паспеў зняць ці, можа, лічыў патрэбным насіць і па-за выкананнем службовых абавязкаў у хатняй абстаноўцы. На лбе чырванеў след, адціснуты фуражкай.
— Мяне ўкрыўдзілі…
— Што здарылася? — ніжняя губа ўрадніка грэбліва адвісла. Стомлены розум яго, як і ўсё цела, быў надта ж цяжкі, павольны і замаруджаны. Кастанты паглядзеў у кут, як бы шукаючы дапамогі. У куце побач з абразамі вісеў партрэт цара, які паспелі ўжо, не разбіраючыся, хто ёсць хто, даволітакі бязлітасна забрудзіць мухі. Не звяртаючы ўвагі на чын, яны дакучалі і самому ўрадніку.
— Можа, хоць вы дапаможаце — надта сусед мяне крыўдзіць, і ніякай управы на яго няма, — Ясё апусціў галаву.
— Хто?
— Кужаль, Міхаль… Абараў!..
Рот урадніка скрывіўся ў іранічнай грымасе:
— Дык ён, здаецца, не з такоўскіх…
— Ой, вы яго не ведаеце! Ён такі!
Наступіла працяглая паўза. Нарэшце ўраднік сказаў:
— Як жа ён мог цябе абараць, калі ён сваю бульбу выбіраў?
— Вось столькі майго заняў,— Ясё развёў перад сабой далоні і паглядзеў на Кастантага, — на добры аршын!
— А да бойкі справа не дайшла?
Ясё адвесіў ніжнюю губу, як бы нешта цямячы:
— Віламі ў мяне запусціў — ледзь ухіліўся!
— М-м-м, — прамычаў ураднік, і не зразумела было, задаволены ён тым, што бойкі не было, ці, наадварот, — шкадуе, што яе не было.
Ясё надаў свайму твару выраз упартасці, адтапыраныя вушы наструніліся яшчэ больш.
— Я ў валасны суд паскарджуся! Я так не ўпушчу! Калі вы не пакараеце…
Ураднік ведаў гэту ўласцівасць мясцовага народнага характару — так званае «самаедства», схільнасць да пастаянных спрэчак, судовых працэсаў, суцяжніцтва.
— Ты што ўдумаў? Мір пазорыць хочаш? Дык калі дазнаецца Варфаламей Цітавіч, ён так цябе з дзярэўні папроць, што я не ведаю, дзе ты ачуцішся! — Кастанты дужа не любіў, калі, як ён казаў, з хаты выносілі смецце.
— А хто такі Варфаламей Цітавіч? — пацікавіўся Ясё.
— Ты што, не чуў пра Варфаламея Цітавіча? Аненкава-малодшага не ведаеш?!
— ?
— Становы прыстаў! З ім шуткі плехі!.. А з Кужалем я пагавару. Ідзі!
Ясю нічога не заставалася, як вяртацца дадому.
Назаўтра ў акно да Кужалёў пастукаў стараста:
— Міхаль! Ураднік кліча!
— Ураднік? — Кірыла паглядзеў на Міхаля. — З падаткамі, здаецца ж, разлічыліся…
— Гэта, відаць, ён, Ясё…
Міхаль апрануўся і накіраваўся да ўраднікавага дома.
Кастанты прымаў наведвальнікаў у службовай палавіне дома. Абышоўшы ўраднікаву прыгажуню-лужыну, Міхаль падняўся на ганак і нясмела пастукаў у дзверы, прадчуваючы нешта нядобрае. Пачуўшы стук, дзверы прачыніў сам гаспадар з тым жа медалём на шыі. Строга паглядзеў на Міхаля. Пазнаў: