Уліс з Прускі
Шрифт:
— Найшла пра што казаць! — як бы абараніў унука Кірыла. — Можа, яму гэта не цікава…
Усе паблажліва засмяяліся.
— Ганна — хаўрусніца твая. Вы, відаць, у змове! — словы Марылі адносіліся да Тоні.— Рана яму яшчэ пра дзяўчат думаць, хай з навукай управіцца. Раскажы лепш, сынок, што там у Камянцы!
— У Камянцы газавы ліхтар стаіць — ноччу светла, як і ўдзень, — адазваўся госць.
— А нашто ноччу святло? На тое і ноч, каб цёмна было! — падзівіўся Міхаль.
— А як злодзеі? Пры святле красці не пойдуць! —
Усе моўчкі пагадзіліся з яго думкай.
— Ой, марудна цячэ ў вас жыццё! — як ужо гарадскі чалавек заўважыў Лявонка.
— Гэта табе пасля Камянца так здаецца, а мы прывыклі,— пасміхнуўся Міхаль.
— Не-е, мяняецца свет. Як ні кажы, а ўсё неяк інакш стала! — аспрэчыў сына Кірыла.
— Пра што гэта вы, таго? — не зразумела свёкра нявестка.
— Мяняецца, кажу, свет, — паўтарыў Кірыла, — толькі я пакуль што не магу ўцяміць, у які бок… Некалі былі людзі здаровыя — усю зіму хадзілі з голай грудзінай і нічога! А цяпер… Не ўспее вецер павеяць, а ўжо хворы.
Марыля ўздыхнула:
— Усё ад Бога. А як там твае гаспадары, сынок? Кажуць, што падлогу яны самі не мыюць, а наймаюць Прузыну з Замастоў?
— Што ж ты хочаш — местачкоўцы, — пракаўтнуўшы бульбіну, адазваўся Міхаль.
— Ходзіць Прузына, і я часам дапамагаю.
— Ты ім, кажуць, і печы паліш? — працягвала дапытвацца Марыля, нераўнадушная да лёсу сына.
— Палю, калі скажуць! У шабас. І ваду нашу…
— Чалавек вучыцца быць сярод людзей, — па-філасофску зазначыў Кірыла.
— Людзі яны не благія, — запэўніў унук, — але дома ўсё ж такі вальней сябе пачуваеш. — Памаўчаўшы, дадаў: — У іх свой клопат, наша іх не цікавіць. Толькі дзядзька Нохім часам распытвае.
— Жыды — разумныя! — пацвердзіла сынавы словы Марыля, як бы яна ўсё ведала.
Так, па традыцыі, прускаўцы называлі мясцовых яўрэяў, зразумела, не ўкладваючы ў гэтае слова ні кроплі якога-небудзь адмоўнага ці крыўдлівага сэнсу.
— Хітрыя, мужыка ўраз надуюць… — засмяяўся Міхаль.
— А ты не паддавайся! — у тон яму пажартаваў Кірыла.
— У суботу ляжаць ажно да захаду сонца. Вера ў іх такая, — працягваў Лявонка.
— Я пра гэта чула! А абедаць хоць устаюць? — пыталася Марыля.
— Чаму ж не?! У духоўцы смажаная курыца чакае.
— Ого!
— Ад звычаяў сваіх не адступаюць. Пані Малка, купляючы на базары яйкі, абавязкова пытаецца, калі іх знесла курыца. Калі ў суботу, то звычайна адмаўляецца.
— Сказана ж, таго, не чалавек дзеля суботы, субота дзеля чалавека, — паказаў сваю дасведчанасць Кірыла, але яго, напэўна, ніхто не зразумеў.
— Глядзі, з жыдамі жывеш — каб веры іх не пераняў,— у голасе Міхаля прагучала засцярога.
Кірыла, пагладзіўшы бараду, сказаў:
— Заходзіў я ў Камянцы ў іх царкву — пуста, адны сцены, не так, як у нас.
— У нашай царкве прыгожа! — падтрымала яго Марыля.
— Хто
— Есць! Але нават калі і ёсць, дык сёння людзі яго не надта баяцца. У Камянцы, я ўжо расказваў вам, Лейка — Нохімава дачка — з праваслаўным пабраліся, і нічога. Хоць усе былі супраць — і бацькі, і рабін.
— Гэта — праўда! — пацвердзіў унук.
— Дык жа ўцяклі некуды! Не проста гак… — напомніла Марыля.
— Знайшліся! У Берасці,— заспакоіў Лявонка.
Прускаўцы казалі не Брэст, а Берасць.
— Прысутныя ажывіліся.
— Знайшліся-такі? — па-жаночы ўзрадавалася Марыля.
— У кравецкай майстэрні працуюць! І ён, і яна…
— Не прападуць! — упэўнена сказаў Кірыла. — Свет, як ні кажыце, літасцівы да чалавека…
Назаўтра Міхаль з сынам, як толькі пачало світаць, падаліся ў клуню, на ток, малаціць жыта. Кірыла, яшчэ раней за іх, пайшоў даваць корм жывёле. Лявонка хуценька памыўся, апрануўся, рады, што хоць у нечым зможа дапамагчы бацьку.
— Ён яшчэ малы, не ўмее! — пашкадавала сына Марыля.
— Навучыцца! Хутчэй управімся, а то мышы паядуць.
У сялянскай клуні — свой свет, тут заўсёды цікава, у любую пару года. Нават пах нейкі асаблівы, прыемны. Пахне збожжам. Летам тут вяліся ластаўкі. Ляпілі пад дахам гнёзды, а на паветра, на прастор, выляталі праз дзіркі, якія свіціліся ў страсе. Зімой — цішыня. Паветра — чыстае, свежае, настоенае на пахах збажыны і сена, — прыемна казыча ноздры.
Малацьбіты разаслалі на таку пару снапоў і пабралі ў рукі цапы. Міхаль узяў звычайны цэп, сыну даў меншы, лягчэйшы, паказаў, як трэба з ім упраўляцца.
— Вось так, вось так! Цапільна да канца не апускай!
Дзверы ў клуню зачынены, але вецер дзьме ў падваротню. Міхаль сабраў некалькі кулёў саломы і заткнуў падваротню, каб памочніку было цяплей. Кволы — яшчэ, не дай Бог, прастудзіцца. Пачалася работа. Міхаль — добры малацьбіт, біў цэпам, ажно трашчала салома, Лявонку махаць гэтай прыладай было цяжэй, але стараўся не адставаць. Бацька паддаў ахвоты. Толькі чуваць: бах-бах, ба-бах!.. Абмалочаныя снапы акуратна вытрасалі, бралі з застаронка новыя. Хутка давялося распранаць світкі. Лявонкаў чуб прыліп да лба.
— Вунь да цябе сябар прыйшоў. Адпачні.
У дзвярах стаяў Павал Гальяш. Яго пухлы хлапечы твар свяціўся радаснай усмешкай. Сябрукі як-ніяк. У прускаўскай школе разам вучыліся.
— Дзядзьку Міхаль, дайце я крыху паб'ю!
— Умееш?
— А што тут умець?
— Ха-ха! — засмяяўся Міхаль. — У аднаго запыталі, ці ўмееш чытаць, дык ён адказваў: «Можа, і ўмею, не спрабаваў».
Хлопцы таксама засмяяліся на яго жарт.
— Не, я ўмею!
І абодва застукалі цапамі. Добра ўмарыўшыся, зрабілі перапынак.