Уліс з Прускі
Шрифт:
— Каля Рудаўца дрэў няма, голае поле — дык і блудзіць пачаў.
Кузёмка цёр рукі, шумна на іх дыхаў і пасміхаўся. Усмешка ў яго была нейкая незразумелая: прыдуркаватая і хітраватая адначасова.
— Проста-такі аблуда на мяне найшла. Ой-ёй-ёй! А чаму гэта здарылася — ведаеце?
Зразумела, прысутныя не ведалі. Адкуль ім было ведаць, што і чаму здарылася з падарожным.
— А таму, што, ідучы ля крыжа, у пачатку вёскі, забыў перахрысціцца! Вось яно і здарылася! Малюся Богу, а сам, аднака, не ведаю, дзе я, за снегам нічога не відна,
— Хто водзіць? — напалохана ўзняла бровы Марыля, але расказчык нават не пачуў яе пытання.
— А ў кустах нехта так жаласна-жаласна скавыча. У алёс завяла. Чую — пад нагамі чвякае.
— Нячыстая сіла? — насцярожыўся Кірыла.
— Яна! — пацвердзіў Кузёмка. — У мяне, паверце, магерка на галаве паднялася!
Што-што, а пагаварыць Кузёмка любіў, і часам цяжка было нават даўмецца, праўду ён гаворыць ці крыху фантазіруе. Паводле яго апавяданняў, свет здаваўся загадкавым і пагрозлівым. Кожны момант толькі і чакай бяды ці непрыемнасцей.
Пакуль ён расказваў, гаспадыня ўсё накрывала калядны стол.
— Кузёмка, ты, таго, падсаджвайся, калі ласка, да стала, — запрасіў Кірыла.
Госць сеў.
Калядны стол павінен налічваць не менш, як дванаццаць страў. Усё лепшае! І хлеб на Каляды выпякаўся з веянага жыта і прасеянай мукі. Пасля свят гэты хлеб хавалі для дзяцей — давалі ім потым па лустачцы, як ласунак. Скаромнага на Каляду не ядуць. Пост. Калі трэба засмажыць якую страву, ужывалі алей. Алей быў свой, бо ў кожнай гаспадарцы сеялі і лён, і каноплі.
Пачалі з капусты з грыбамі. Елі і хвалілі. Затым гаспадыня падала буракі з алеем ды цыбулю, смажаную рыбу, потым піражкі з капустаю, аўсяны кісель, аладкі, некалькі талерак узвару з сушаных груш і яблык. Апошняй стравай была куцця з падсалоджаным макавым малаком.
— А добра, людкове, сядзець у сваёй хаце, — сказала Марыля. — Каляда на тое і свята, што хоць пад'ясі ўволю.
— Каб заўжды так, то няблага было б, — пагадзіўся з нявесткай Кірыла.
Ад лучыны адваліўся вугалёк і зашыпеў у вадзе.
— Дай, Божа, заўтра тожа, — лоўка ўставіў слова Кузёмка, які засяроджана і ўдумліва смакаваў кожную з падаваемых Марыляю страў.
Дзіўны чалавек! Ніхто напэўна не ведаў, адкуль ён родам. Казалі, што з Вайской — так называлася вёска кіламетраў за дзесяць ад Прускі. Яшчэ казалі, што быццам бы Кузёмку, калі быў яшчэ малады, здрадзіла дзяўчына — Параска з двара пана Бяльчынскага. Пасля гэтага ён шмат хварэў, нават у беспрытомнасці знаходзіўся. Думалі, што з яго ўжо нічога не будзе, але чалавек ачуняў. Праўда, стаў нейкім іншым, непазнавальным. Як бы які зрух у ім адбыўся. Зрэшты, падрабязнасцей ніхто не ведаў. Прывыклі: ходзіць Кузёмка па свеце… Часам хто пашкадуе бедака — з харчу што дасць, сарочку чыстую, Кузёмка, трэба сказаць, надта любіў сарочкі мяняць, каб заўжды чыстыя былі. Бо як-ніяк — лічыў сябе кавалерам.
Прачнулася Барбарка, падала голас з калыскі.
— Тоня,
— Есці просіць, — усміхнуўся Кузёмка.
— Зараз пакармлю.
Звычайна зайшоўшы пад восень ці зімою ў вёску, Кузёмка шукаў, дзе сядзяць кудзельніцы. Не надта крыўдзіўся, калі ў хату не пускалі (здаралася і такое). Але часцей за ўсё пускалі, чакалі ад яго навін. Кузёмка — газета з нагамі. Усё ён ведае. І цяпер, у Кужалёў, Кузёмка чакаў моманту, калі ў яго пра нешта спытаюць.
— Дык што новага на гэтым свеце чуваць? — першы азваўся Міхаль, як бы адчуваючы стоенае Кузёмкава жаданне.
Госць, не задумваючыся, адказаў:
— Што новага? Канец свету ідзе. Страшны суд. Кажуць, на дваццатым стагоддзі ўсё і скончыцца.
— Дык ты казаў пра гэта. Той раз. Добра нашых прускаўцаў напалохаў!
— Як напалохаў? Чым? — як бы сумеўся Кузёмка.
— Ну, што вось дваццатае стагоддзе пачалося…
Дзівак хваравіта паморшчыўся, нібы нешта забалела ў яго ўнутры, абвёў прысутных усмешлівым прабачальным позіркам (дарую вам, маўляў, ваша невуцтва, людзі) і пачаў тлумачыць:
— Стагоддзе — гэта сто год. Круглая мера часу, разумець трэба! — ён падняў угару палец. — Пасля гэтага будзе ўжо нешта зусім іншае…
У гаворку ўмяшаўся Кірыла:
— Але вось цыганы на што ўжо павандравалі па свеце, усяго пабачылі, а такога не гавораць, не чуў я ад іх…
— Цыганы-ы… — насмешліва прамовіла Марыля. — Знайшлі каго слухаць — злодзеі!..
— А ім, каб ты ведала, дазволена красці,— прыпальваючы ад лучыны цыгарку, сказаў Міхаль.
— Хто гэта ім дазволіў?
— Хто? Як яшчэ Хрыста распіналі, дык падышоў да катаў гэтых цыган, украў цвік і неўзаметку схаваў за шчаку. Таму Бог дазволіў цыганам красці.
Усе павесялелі… Марыля пачала ўкладваць малую ў калыску.
Кузёмка ізноў вярнуўся да распачатай гаворкі:
— Аднака, пра цыганоў гэта не сур'ёзная размова… У Пісанні ўсё сказана. Прыйдзе Анціхрыст, лютаваць будзе.
— Няўжо?! — жахнулася гаспадыня.
— Адкуль жа ён прыйдзе? — пацікавіўся Кірыла.
— З затачэння, з-пад зямлі яго Бог выпусціць. Пакуль што ён там — за сямю пячацямі.
Кузёмка гаварыў з такой пераконлівасцю, як быццам ён сам быў гам, дзе сядзіць Антыхрыст, і бачыў усё на свае вочы.
— Каб як палепшыць чалавека — вось добра было б, — устрапянуўся дзівак.
— Не палепшыш, — скрушна матлянуў галавой Кірыла.
Усе задумаліся. Пры агульным маўчанні Міхаль падняўся
і пачаў апранацца.
— Куды ты? — занепакоілася Марыля. — Не пераймайся ўжо так.
— Хачу на неба глянуць.
І выйшаў, пра нешта думаючы.
Марыля ведала, што яго трывожыць, — Ясё…
Над Прускай, на фоне далёкіх зорак, свяціла поўня, узнімаючыся ўсё вышэй і вышэй над заснежанымі карчамі. Месячнае святло срэбрам клалася на саламяныя дахі хат, лазовыя агароджы, уснежаную зямлю. Пахла начным ветрам і холадам.