Уліс з Прускі
Шрифт:
— Гэтак ты, хлопец, нас падушыш, — незадаволена прабубніла Хомчыха.
— Нічога! — адмахнуўся Трахімка і зацягнуўся яшчэ глыбей.
Прапанаваў закурыць брату, але Цімоша адмоўна пакруціў галавой. Трахімка і Цімоша — поўная супрацьлегласць, хоць і ад адной маці, былой панскай пакаёўкі. Выдаў яе некалі пан Падгурскі за свайго гаёвага Дармідонта, але не доўга за ім пажыла. Памерла, пакінуўшы яму двух сыноў — Трахіма і Цімошу. Трахімка нарадзіўся неўзабаве пасля вяселля. Калі яго хрысцілі, дык бацюшку, казалі, у царкве мову адняло, слова не мог выгаварыць — заікаючыся, макнуў дзіця ў купель і вярнуў куме: «На, трымай…» Такі выпадак у вачах прускаўцаў прадказваў
Цімоша быў іншы. Ён з самага пачатку здаваўся не то хваравітым, не то ленаватым. З малых год яго зняважліва, хоць і не без падстаў, дражнілі Серуном. Аднойчы бацька неасцярожна назваў яго гэтак пры аднавяскоўцах — і прыкрая мянушка замацавалася за Цімошам…
Пасля смерці першай жонкі Дармідонт узяў вясковую дзяўчыну з Зінькоў — маладую, чырванашчокую Алену Гезаву. Яна і сядзела сёння на попрадках.
Не вымаючы з зубоў цыгарэты, Трахімка ад Волькі перакінуўся на цельпукаватую Грушу Чапёрку, а Міхаль Тупчык — вось табе і сарамлівы! — падлабуньваўся да Гапкі Грудкі, што прытэпала ажно з Выгнанкі. Міхаль няўклюдны, а Трахімку смеласці не пазычаць. Але і Груша хоць не ганарлівая, але і не такая, каб адразу паддацца.
— О, які цваны!
— А што? — прытварыўся Трахімка.
— Не чапай, а то кепска будзе! Бессаромнік…
Трахімка заўсміхаўся і паказаў пальцам у куток.
— Бачыш, як павук муху абняў ды смокча. Не дае спуску!..
На Трахімавым твары адбіўся вясёла-цынічны выраз.
Усе, хто пачуў, зарагаталі і паглядзелі ў той куток, куды паказаў дасціпны Трахімка, аднак ніякай мухі не ўбачылі, бо было цёмна. Разам з усімі звонка засмяялася і Алена — мачыха, паказаўшы белыя зубы.
— Ты надта шмат жартуеш, Трахім! — заўважыў гаспадар.
— А што? — ухмыльнуўся Трахімка. — Плакаць?
Васіль устаў, запаліў яшчэ адзін каганец, стала святлей.
Ля парога сціпла перамінаўся з адной нагі на другую Гамон, не здымаючы з галавы шапкі.
— А Май там чаго стаіць? — кінуў вокам на яго Трахіма.
— Я не Май, я Гамемнан.
Гамон — сын аднаго з братоў Гальяшоў, што жылі на самым канцы Прускі.
— Дык не саромся, Гамемнан!
Айцец Глеб даў яму пры нараджэнні, глянуўшы ў святцы, імя Агамемнан, але яно аказалася цяжкім для прускаўскага вымаўлення, і вяскоўцы перарабілі яго на Гамон. А можа, яшчэ і таму, што ён дрэнна вымаўляў «р». Гаварыў Гамон неяк у нос — зразумець яго было не проста, але хто прывык, той разумеў. Гэта быў худы хлапчына, са скрыўленай шыяй і спакутаваным выглядам, як быццам яго толькі што дасталі з пяцелькі, на якой ён вісеў. Прыўзнятыя лініі броваў надавалі яго абліччу выраз пастаяннага здзіўлення. Гамон кожнага году ніяк не мог дачакацца вясны (сям'я галадала) і нецярпліва прыспешваў час: «Ой, людкове, калі ўжо той май прыйдзе?» За гэта атрымаў мянушку — Май. Але калі называлі Маем, крыўдзіўся.
Жанчыны і дзяўчаты ціснулі нагамі на понажы, раскручвалі калаўроты з такім імпэтам, што спіцы зліваліся ў адзін суцэльны круг.
Лявонка ўпотай прыглядаўся да Ганны, але тая сарамліва хавалася за сваёй кудзеляй. Каханне, як вядома, узбуйняе любую дробязь і прымушае соладка хвалявацца сэрца. Гэта быў мясцовы тып прыгажуні: стройная дзявочая пастава, сама чарнявая. У тоўстай, перакінутай цераз плячо касе — чырвоны каснічок. І губы таксама ярка-чырвоныя, як ягады дзікага глогу. Ён бачыў, як шэрыя прамяністыя вочы Ганны ззялі іскрынкамі задзірыстай усмешкі, калі яна кідала позірк на каго-небудзь з гасцей. На шыі і на грудзях цьмяна зіхцелі
Лявонка, як і ўсе ў яго ўзросце, адчуваў у сваім целе з'яўленне дарослай сілы і прыліў новых, незнаёмых да гэтага жаданняў. «Ці здагадваецца пра гэта яна? Мусіць, не. Яна думае пра нешта сваё… Нашто ёй я?..»
— Бач, кавалерыцца Марылін сын, — гаварыла Хомчыха суседцы Апрасцы, пераходзячы на шэпт, каб не пачулі маладыя.
— На вялікую навуку, кажуць, пайшоў…
Жанчыны, як звычайна, абмяркоўвалі, хто каму больш падыходзіць па характары і матэрыяльных запатрабаваннях.
— Добрая дзеўка ў Васіліхі паднялася, тварык чысценькі.
— Мусіць, будзе браць…
— Васіліха добрага прымака хоча мець…
Вуркатанне калаўротаў парушыла песня.
Пачала Ганніна сяброўка Гэлька Відэрка:
Зялёная вішня з-пад кораня выйшла…Падцягнулі Прузына Відэрка і іншыя кабеты. Сумная песня, але праўдзівая…
У Лявонкі дару спеваў не было, затое ён любіў слухаць, як спяваюць. Песні краналі сэрца.
Не аддай мяне, маці, дзе я не прывычна…— Дзеўкі замуж хочуць! — рагатнуў Трахімка, калі даспявалі песню.
— А што? — азвалася Хрысціна Рапацюк, не адрываючыся ад калаўрота. Яна прывалаклася з ім ажно з Выгнанкі і начаваць, мусіць, будзе ў каго са знаёмых.
— А ці ўмееш ты хоць кросны ткаць? — спытаў Трахіма.
— Многа ты хочаш — каб і кросны ткаць!
Цяпер ужо рагаталі над Трахімкам.
«Зялёную вішню» змянілі «Тры крынічанькі», «Ой, за лесам…», потым яшчэ і яшчэ — традыцыйны прускаўскі рэпертуар.
Не прамінулі і гэтую: Малады хлопец, Я цябе даўно знаю, Ты мяне любіш — Я пасагу не маю…Лявонка кінуў погляд на Ганну — дзяўчына прала, апусціўшы вейкі, узіралася ў кудзелю і, здаецца, не звяртала ўвагі на песню.
— Гармоні няма, каб падыграць! — пашкадаваў Трахімка, выняўшы з рота цыгарку.
— І бубна! — у тон брату дадаў Цімоша.
Пасля песень пераходзілі да казак і розных здарэнняў, паслухаць якія любілі ўсе. Хомчыха ведала іх асабліва шмат. І ўсё, пра што б яна ні расказвала, здаралася з ёй самой.
— Было гэта гадоў з дваццаць таму, вясной. Ужо цёпла было. Іду гэта я басанож з Зінькоў (з суседняй вёскі, адкуль Хомчыха родам). Спяшаюся, бо цямнець пачало, а месяц яшчэ не ўзышоў. Пачала ўжо агінаць могліцы — тым бокам, што пад гарою, ад ракі. Хоць і прывыкла да гэтай дарогі, а страшнавата. І сапраўды, гляджу на пагорак — стаіць!
— Хто — стаіць? — пусціўшы хмару дыму, запытаў Васіль.
Спыніліся калаўроты. Усе ўважліва слухалі, што ж было далей.
— Нейкі мужчына… Можа, думаю, мой Назар страчае? Ажно не. Прыгожы такі. Хто б гэта мог быць? Углядаюся, ці не пазнаёміцца хоча. Але я ж, думаю, замужам. «Чаму босая ідзеш?» — пытаецца. «Дык зямля цёплая», — гавару. «А без хусткі?» Памацала галаву — завязвала, здаецца, хустку, дзе ж яна? А ён гэтак глядзіць на мяне і кажа: «А сама чаму голая?» А людкове мае, а як глянула на сябе, так і войкнула — голая!