Уліс з Прускі
Шрифт:
— Сеяць маеш? — не ўцярпеў Кірыла.
— А што, не бачыш хіба?
У яго постаці было нешта ад драпежнага шуляка — так у Прусцы называлі невялікую птушку — адну з разнавіднасцей пароды каршуноў. Ад яе сцераглі куранят.
— Ён і не перахрысціцца ніколі,— ціха заўважыла Марыля.
У гарачым прысаку паспела бульба. Спечаная ў полі, у восеньскім вогнішчы, — што магло быць за яе смачней! Кужалі паселі палуднаваць.
— У шапцы сееш… Гэта, таго, нядобра… — не вытрымаў Кірыла, зірнуўшы ў бок Яся, які праходзіў міма Кужалёў з сявенькай.
— Сею, як хачу, — маё дзела. А табе скажу, што буду скардзіцца
Для Кужалёў гэта было поўнай нечаканасцю.
Гаворачы пра характар прускаўцаў, трэба адзначыць адну прыметлівую, хоць не вельмі сімпатычную рысу. Самі прускаўцы называлі яе самаедствам, маючы на ўвазе сваю схільнасць да пастаянных сварак, бясконцых судовых працэсаў, суцяжніцтва, якія, здаралася, цягнуліся гадамі і дзесяцігоддзямі. Праўда, знаўцы гэтага характару да апошняга часу не перастаюць спрачацца: ці гэтая рыса спрадвеку была прыроджанай уласцівасцю прускаўскай натуры ці набыта па часе, па меры маёмаснага размежавання, якое, на жаль, у многім сапсавала чалавечы характар. Фактам, аднак, застаецца тое, што прускаўцы не забывалі былых крыўд. А крыўд, вядома, хапала, асабліва паміж суседзямі,— то мяжу абарэ адзін аднаму, то свіння на чужы падворак залезе, то карова шкоды наробіць, то нават курыца…
— На каго? — запытаў Кірыла, пачуўшы суседаву пагрозу.
— На цябе, на сына твайго! — Ясё прытрымаў каня.
— За што?
— А хіба не бачыш, як ён мяжу абрэзаў?
Прадчуваючы нядобрае, Кірыла спрабаваў супакоіць суседа.
— Ясё, гэта, павер мне, таго, здалося табе!
— Я вас ведаю: сёння абаралі, заўтра абкосіце!
— Дык там жа цэлы рад бульбы быў. Павінен я яго выараць ці не? — развёў рукамі Міхаль.
— А нашто ты мяжу чапаеш?!
Тут ужо Кірыла зноў не вытрымаў:
— Якую мяжу? Чалавеча, пратры вочы!
Людзі навокал паднялі галовы ад зямлі, сталі ўслухоўвацца ў спрэчку суседзяў.
Ясё пашырыў абсяг абвінавачванняў:
— А чые куры па панадворку бегаюць! — Ён ніяк не мог супакоіцца, прыпамінаў нешта такое, чаго ніколі не было.
Густыя, апушчаныя данізу Ясевы вусы натапырыліся, надаючы твару злосны і недаверлівы выгляд. Губы пабялелі.
— Ведаю вас! Твой дзед некалі нам залом у жыце зрабіў!
— Што ты плявузгаеш! Гад ты, таго, печаны! — разгараўся Кірыла. — Шкада, вілок не ўзяў — я б цябе праткнуў! Нягоднік!
— Людзі! Мяне тут забіць хочуць! — загаласіў Ясё, звяртаючыся да ўсіх, хто працаваў у полі, і бесперастанку пачаў сыпаць праклёны: — Каб цябе пакруціла! Каб ты ад дактароў не вылазіў! Каб цябе падняло і апусціла! Каб ты кавалка хлеба не бачыў!
Запас благіх пажаданняў у Яся быў такі багаты, што Лявонка, каб і хацеў, дык усяго б не запомніў.
Тут не стрымаўся і Міхаль.
— А бадай ты ценем па вадзе прайшоў! Ну і сусед трапіў! — са скрухай, нібы сам сабе, ціха пажаліўся ён і дадаў: — Жур пракляты!
Але Ясё пачуў, хоць сказаў Міхаль і ціха. Гэта была яго вясковая мянушка, вельмі для Яся абразлівая, хоць ніхто не помніў і не мог сказаць, як яна да яго прыстала.
— Ну, пачакай! — Ясё памахаў пальцам і злосна выцяў каня. — Но-о-о!..
На тым і разышліся. «Ведае, што творыць зло, але творыць, — думаў Кірыла, — нават задавальненне ад гэтага мае. Можа, ён і сапраўды, таго, нашчадак той лютвы? Людзі тыя быццам бы і сапраўды вылучаліся лютасцю,
…Поўныя мяшкі мужчыны клалі на воз, і Міхаль адвозіў іх дадому, ссыпаў у склеп, вяртаўся назад.
— Ой-ёй-ёй, што ж гэта будзе? — бедавала Марыля, думаючы аб той пагрозе, што прагучала ў Ясевых словах. — Паскудны чалавек, зайздрослівы і прагавіты надта.
— Нічога, Бог не выдасць, свіння не з'есць, — супакоіў яе Кірыла. — І ты, Міхалка, — павярнуўся да сына, — таго, махні на яго рукою! Злая душа! Нарадзіўся такім.
Лявонка зірнуў на суседа, і Кірыла пераняў яго позірк:
— Не любіць яго ніхто. Эх, і суседа Бог паслаў — хоць ты плот ад яго стаў!..
К вечару ўсё навокал аціхла, устанавілася нейкая асаблівая цішыня, якая бывае асенняй парой. Цямнела. Людзі вярталіся з поля, думаючы, як адпачыць і што рабіць заўтра. Паклаўшы на воз мяхі з бульбай, накіраваліся дадому і Кужалі. У іх у дадатак яшчэ і клопат пра Камянец, куды неўзабаве меўся ехаць Лявонка. Дома Тоня сустракала іх гарачымі праснакамі, якія толькі што дастала з печы.
Марыля пахваліла дачку:
— Ой, Тонечка, дык ты ж лепш пячэш, чым я!
Фядорка з Барбаркай ужо спалі. Высыпаўшы бульбу ў склеп, прыйшлі ў хату мужчыны. Яшчэ адзін дзень быў пражыты.
III
Наступная раніца, можна сказаць, на ўсё жыццё засталася ў Лявонкавай памяці. Дзед Кірыла яшчэ звечара падмазаў восі, паклаў паміж драбінамі кельню з бярэмам саломы, каб было на чым мякчэй сядзець, — падрыхтаваўся да дарогі. Выехалі, як толькі пачало світаць. Праводзілі бацькі — Міхаль з Марыляю. Міхаль запрог Орліка, пад'ехаў да веснічак, Марыля паклала ў торбачку кавалак сала, хлеб, бутэльку малака, заткнутую драўляным коркам. Як і кожная маці, яна шкадавала сына. Лявонка апрануў новую ясёнку з даматканага сукна, абуў юхтовыя боты. Думку пра боты Кірыла падаў яшчэ вясной:
— Калі Лявонка ў Камянцы вучыцца будзе, то трэба яму чобаты справіць, не чакаючы, калі да вянца ісці.
Боты ў Прусцы звычайна спраўлялі хлопцу пад вяселле, калі ён станавіўся «кавалерам». Летам жа прускаўцы, як і іх суседзі ў іншых навакольных вёсках, увогуле не мелі звычаю насіць які-небудзь абутак. Хадзілі босыя. Глыбокай восенню і зімой абувалі пасталы — так тут называлі лапці. Плялі іх з ліпавага лыку. Кірыла рабіў гэта выдатна і лічыў пасталы лёгкім і зручным абуткам. Атрымліваліся яны ў яго вельмі, як тут казалі, зацнымі — гэта значыць зграбнымі. Карысталіся імі ўсе — мужчыны і жанчыны, хлопцы і дзяўчаты. Вядома, для мястэчка, якім быў Камянец, лепш падыходзілі боты — у іх чалавек адчуваў сябе больш салідна і ўпэўнена. Боты выйшлі на славу — дабрэнныя, з высокімі бліскучымі халявамі, амаль як у Кузёмкі.
Яшчэ звечара Марыля нагрэла вады, і Лявонка добра памыўся ў драўляным карыце.
— Ой-ёй! Як жа ты будзеш там адзін! — бедавала маці.
Лявонка маўчаў. Яго дробны тварык пасур'ёзнеў і як бы завастрыўся, на нешта нацэліўшыся. Не вытрымалі, прачнуліся і прыліпні да шыбін Тоня з Фядоркаю — глядзелі на браціка, які выпраўляўся ў горад на вучобу.
— Таго! Мамо! — чуюцца іх тонкія пісклявыя галасы.
— Дзедо! Купіце абаранка, — сарамліва папрасіла Тоня.
— Блазнота! — нібы просячы прабачыць малых, сказала Марыля.