Уліс з Прускі
Шрифт:
— Што я чуў! — з парога пачаў Лявонка. — Кузёмка казаў…
Ад нечаканасці ўсе павярнуліся да яго. Хлопец выглядаў узрушаным, вочы блішчэлі, з-пад казырка выбілася непакорлівая пасмачка чорных, як смоль, валасоў.
— Кузёмка? — перапытаў Кірыла. — А чаму ён да нас не зайшоў? Звычайна ж заходзіць, некуды спяшаўся, не іначай…
Лявонка перавёў дыханне:
— Ён там сказаў!..
— Што ж там ён сказаў? — пацікавіўся Міхаль, пераглянуўшыся з бацькам.
— Што ўжо дваццатае стагоддзе пачалося! — выпаліў узбуджаны Лявонка.
У хаце ўсталявалася маўчанне. Ніхто не ведаў, што гэтая навіна азначае і як да яе ставіцца.
Першая занепакоілася Марыля:
— Ой-ёй! Што ж гэта будзе?
Гэта была яшчэ не старая
— Не хвалюйся! — па-філасофску зазначыў Кірыла. — Час жа павінен неяк ісці. Што будзе, тое і будзе…
— Што людзям, тое і нам, — зазначыў пасля некаторага маўчання Міхаль. Ён, па праўдзе кажучы, не надта верыў, што ў гэтым свеце нешта можа змяніцца, тым больш да лепшага.
Усе прыціхлы Чутно было, як кіпіць бульба ў чыгунку і паныла гудзе чмель, бездапаможна тыкаючыся ў шыбу.
Маўчанне парушыў Кірыла:
— Я адно ведаю, што свет за апошні час не той стаў. Хіба забылі, які сёлета град быў! Я колькі жыву, а такога не прыпомню.
— Ураднікавых авечак градам паглуміла, — пацвердзіў Міхаль.
Тое, пра што напомніў Кірыла, здарылася на жніво, у канцы ліпеня. Гарачыня стаяла такая, што хоць ты ў склеп лезь ці на ток кладзіся. Але дзе той склеп і дзе той ток — усе былі ў полі, жалі, абліваючыся потам, са скрухай паглядалі на сонца і ніяк не маглі дачакацца полудня.
Нарэшце ўсё ж такі дачакаліся і, калі цень скараціўся да двух крокаў, пасядалі ў цяньку пад ляшкамі — перадыхнуць ды перакусіць, чым Бог паслаў. «Ну і гарачыня! Напэўна, навальніца будзе, — добра, што снапы павязалі ды ляшкі паставіць управіліся», — падумаў тады Кірыла. На бела-шэрыя хмаркі, што заблішчэлі над галавой, ля сонца, ніхто не звярнуў увагі, такімі бяскрыўднымі яны здаваліся. Трывога ўсчалася толькі тады, калі з захаду павольна пачало наплываць, набліжацца нейкае няпэўнае цёмна-свінцовае цемрыва, палохаючы яшчэ сцішаным, але пагрозлівым вуркатаннем далёкага грому. Зрэшты, гэта было больш падобна не на гром, а хутчэй на стогн: хмара стагнала, бы нешта жывое. Асабліва занепакоіліся, замітусіліся тыя, хто яшчэ не паспеў сабраць снапы ў ляшкі. Неўзабаве хмара, не такая і вялікая напачатку, завалакла паўнеба і амаль упрытык наблізілася да самага сонца. Уражанне нават было такое, што з'явілася яна не з-за далягляду, а апусцілася на зямлю аднекуль з вышыні, з-за сонца. Раптоўна і моцна ўдарыў, як быццам недзе зусім побач, сухі, але аглушальны па моцы пошчак грому, і адразу ж пасыпаўся буйны, краплісты дождж, а потым да яго далучыўся град — спярша невялікі, дробны, а затым усё большы і большы і, нарэшце, як курыныя яйкі ці нават яблыкі. Чорная хвіля павісла над прускаўскім наваколлем. На хмары як бы хто сядзеў, малаціў зямлю градам, страшыў маланкамі і ў дадатак апусціў адтуль доўгі, пакручасты хобат, які на хаду звіваўся і раскалыхваўся, як слуп дыму, быццам кагосьці лавіў ці хацеў пастрашыць. Потым ад хобата аддзяліліся дадатковыя прысоскі і, дасягнуўшы зямлі, пачалі бурыць, шкуматаць і паднімаць у паветра ўсё, што трапляла ў поле іх прыцягнення.
Так ліло і так шугаў град, што здавалася, быццам раскалолася неба. Жанцы пахаваліся ў ляшкі. Жудасна было назіраць, як гэтае халоднае, ледзяное каменне абрынулася з неба, ламаючы і прыбіваючы дадолу нязжатае і бездапаможнае жыта, усцілаючы яго белым зімнім покрывам. Чутно было, як у вёсцы закрычалі куры і завыў ураднікаў сабака. Пахаладнела. Людзі разгубіліся — не ведалі, што рабіць: заставацца ў полі ці бегчы ў вёску. Першая апомнілася Марыля, кінулася дадому, яе непакоіла — што там? Падворак выглядаў не зусім звычайна. Град раставаў і станавіўся шэрым. З падворка ў агарод плылі дажджавыя ручайкі. Свіння з парасятамі схавалася ў хлеў,
Праліўся з чыгунка і засквірчэў на агні кіпень; бульба, відаць, ужо добра ўварылася, і Кужалі збіраліся вячэраць. Гаспадыня дастала чыгунок з печы і паставіла на стол, побач — міску салёных агуркоў. Пара з чыгунка густым воблакам шуганула пад столь, агарнуўшы прысутных. Скрозь пару відаць было, што верхнія бульбінкі падгарэлі — іх тут называлі «асмалкамі».
— Можа, спачатку картахлянкі пахлёбаеце? — не то спытала, не то загадала Марыля.
— Давай картахлянку, — згадзіўся Міхаль.
Картахлянка — саленаватая вада, у якой варылася бульба.
— А дзяўчаты дзе? Клічце дзяўчат!
У Кужалёў чацвёра дзяцей: Лявонка — старэйшы сын і тры дачкі: Тоня, Фядорка і маленькая Барбарка — яшчэ ў калысцы. Лявонка выбег за парог, гукнуў, і адразу ж з'явіліся малыя — Тоня з Фядоркай. У абедзвюх на шыі чырванелі пацеркі, нанізаныя з ягад рабіны.
— Мыйце рукі і сядайце за стол! У пяску капаліся…
Праз некалькі хвілін уся сямейка была ў зборы. Кірыла сеў на чале стала — на покуці, набожна склаў рукі і прачытаў «Ойча наш», потым адгарнуў настольнік, якім была накрыта вялікая, як тут казалі, булка жытняга хлеба, узяў яе ў рукі, пяшчотна прыціснуў да грудзей і пачаў ашчадна наразаць шырокія скібы, кладучы перад кожным.
Міхаль з Марыляй перахрысціліся на абраз і таксама селі. Дзеці адразу пацягнуліся за хлебам.
— Хлеб есці не спяшайцеся! — напомніў Кірыла.
Ён уважліва сачыў, каб, не дай Бог, крошка якая не ўпала на падлогу. Тады яе шукалі і, знайшоўшы, хрысціліся, як бы просячы прабачэння за гэткі грэх.
— О, каб такі хлеб ды на круглы год, было б няблага! — заўважыў Кірыла.
— Нічога, калі і мякіны крыху дамяшаем — здаравей! — пажартавала Марыля, і ўсе засмяяліся.
Каб хлеба атрымлівалася больш, у муку дабаўлялі не толькі мякіну, але і лебяду, якую для гэтага сушылі і малолі, а часам нават і сасновую кару. Але і такога хлеба не хапала. У пераджніўны час заставаліся толькі высеўкі — рэшткі ад прасеянай праз рэшата мукі, якая ішла на хлеб. Гэта было проста вотруб'е з мякінаю ды асцюкамі.
— Падай, сынок, дзеду лыжку, — падказала Лявонку маці,— а то забываеш…
Лявонка падаў, і Кірылу падумалася, што вось ужо і падлеткам стаў яго ўнук, — выцягнуўся, і голас агрубеў. Елі моўчкі, строга па чарзе апускаючы лыжкі ў чыгунок з картаплянай пахлёбкай. Марылю радаваў добры апетыт сямейнікаў, асабліва дзяцей.
— Еш, Лявонка! А то хутка паедзеш ад нас, між чужых людзей будзеш…
Гэта была даўняя мара, каб Лявонка паступіў у народнае вучылішча (такое было ў Камянцы) ды, калі пашанцуе, вывучыўся на настаўніка. Асабліва настойваў Кірыла. Ён ужо заплаціў бацюшку паўрубля за метрыку, адвёз патрэбныя паперы і даведаўся, калі трэба з'явіцца на экзамен. Вярнуўшыся дадому, радасна абвясціў: «Прашэнне прынялі. Цяпер — як на экзамене сябе пакажа». Марыля падтрымала свёкра: «Дзіва што — выдатнік!» Настаўнік Фама Фаміч хваліў Лявонаў: «Талковы ў вас хлопец. Галава не на вошы. Такому вучыцца трэба!..» Кужалі — ні сама Марыля, ні Кірыла з Міхалём — не ўмелі ні чытаць, ні пісаць і моўчкі пакутавалі ад гэтага. Калі трэба было распісацца, ставілі крыжыкі.
Кірыла, хлёбаючы картахлянку, паглядзеў на ўнука:
— Хай, таго, вучыцца. Можа, калі-небудзь хлеб будзе есці з навукі. Вунь Зміцер Зуб з Бабіч, кажуць, ужо там. — Счакаўшы крыху і як бы падумаўшы пра нешта, дадаў: — Без навукі цяпер, брат, жыццё засмокча так, што толькі шапка на паверхні застанецца…
Марыля падтрымала яго:
— Хай хоць адзін з Кужалёў у людзі выйдзе!
Міхаль увесь час неяк сумна пасміхаўся, а потым, адклаўшы ўбок лыжку, сказаў:
— А раптам панам будзе?!