Уліс з Прускі
Шрифт:
У цэнтры гэтага раю стаяў пабудаваны з бярвення дом з ганкам, абвітым дзікім вінаградам. Сонца хілілася на захад, і яго ўжо аслабелыя праменні мякка адлюстроўваліся ў аконным шкле. «А тут можна жыць» — падумаў прускавец, і пачуў звон ланцуга — першы звярнуў увагу на з'яўленне незнаёмага сабака. Лявонка спыніўся і ўбачыў, як з хлява выйшаў рослы мужчына ў ссунутым на патыліцу капелюшы, рабочым камбінезоне, скураных, заляпаных граззю ботах. За ім паказаўся другі — больш сталага веку, каржакаваты, некалі, відаць, вельмі дужы, з худым абветраным тварам,
— Гуд монінг!
— Хэло! — адказаў старэйшы.
Ён падышоў першы і падаў руку далонню ўверх. З выгляду гэта быў бадзёры і моцны, упэўнены ў сабе чалавек, як і многія ў гэтай краіне. Войлачны капялюш насунуты на лоб. З-пад ссівелых броваў з цікавасцю пазіралі шэрыя, запалыя вочы.
— Лявон Кужаль.
— Лівінь? — здзіўлена перапытаў чалавек, перайначыўшы прозвішча на ўкраінскі лад. — Грыцько, — прадставіўся ён, яшчэ раз моцна паціснуўшы Лявонкаву руку, — Бузук. Тут мяне называюць — містэр Грыц. — Ён стаяў перад Лявонкам і пазіраў яму проста ў вочы. — А гэта мой сын Іван.
— Я так і падумаў,— прызнаўся госць.
Ля хлява стаяў яшчэ адзін чалавек — негр у выцвілай на сонцы кашулі і штанах, якія віселі на шлейках, перакінутых цераз шырокія плечы. Твар яго, чорны аж сіні, ільсніўся ў прыветнай усмешцы.
«Работнік у іх, відаць, ужо ёсць, — падумаў прускавец, убачыўшы негра, — паспелі ўжо ўзяць…»
— Адкуль ты будзеш, хлопча? — запытаў Грыцько.
— З Беларусі.
— З Білорусі?
— Ну, так, Гродзенскай губерні, з-пад Брэста. Я па аб'яве, праз біржу працы.
— Тю-ю-ю! — Грыцько ажно прысвіснуў і яшчэ раз агледзеў госця. — Ось воно шчо…
Яны і сапраўды давалі аб'яву — яшчэ ў мінулым годзе, і з таго часу нават і надзею страцілі — узялі негра. Але што той негр? Грыцько быў ім незадаволены.
— З Білорусі, кажаш? А мы, браце, карпатаросы! — у голасе гаспадара пачуўся гонар. — Мелані! — гукнуў ён. — Дай чалавеку паесці. З дарогі ён…
У дзвярным праёме паказалася жанчына і з цікавасцю паглядала на Лявонку вялікімі, як слівы, чорнымі вачыма.
— Добры дзень! — павіталася яна.
— Добры дзень!
На ёй была доўгая спадніца і прыталеная жакетка, на галаве — шэрая выцвілая хустачка.
«Гаспадыня! — здагадаўся Лявонка. — Малання, значыць».
Жанчына запрасіла ў хату, наліла кубак малака, адрэзала лусту белага хлеба. Ён агледзеўся. У хаце наслана драўляная падлога. На сцяне вісела люстра, побач з ім — газнічка з бліскучым металічным адлюстравальнікам. На падаконніках стаялі вазоны з геранню, якая цвіла пышнымі чырвонымі кветкамі. Госць памыў рукі, сеў за стол…
Умовы абмяркоўвалі на двары, калі Лявонка падсілкаваўся і выйшаў з хаты. Містэр Грыц філасофскі зазначыў, што чалавек можа і павінен абыходзіцца ў жыцці ўласнымі сіламі, аднак
Сышліся, даляр за суткі. Суткі — гэта ад відна да відна. «Не шмат, — падумаў новы работнік, — калі ад відна да відна».
— Даляр у дзень на поўным утрыманні,— сказаў Грыцько і дадаў: — Гэта да лістапада. Зімою буду плаціць менш.
Слухаючы яго, можна было падумаць, што ён жорсткі і бессардэчны, але Лявонку ён чамусьці спадабаўся.
— Спаць пастаялі яму ў павільёне! — сказаў Грыцько, звяртаючыся да сына. Павільёнам ён называў прыбудаваную да хаты веранду.
«Ну, вось, трапіў я ў парабкі,— ужо засынаючы, падумаў прускавец, — а батрачы хлеб, кажуць, сабачы».
Гэткім чынам ён уладкаваўся сезонным рабочым.
Назаўтра першы ўстаў Грыцько і адразу ж пачаў завіхацца ля печы. Развёў агонь, паставіў на пліту чыгун з вадой і пабудзіў сына. Нявестка (Мелані была Іванава жонка) яшчэ спала. Спаласнуўшы вёдры гарачай вадой, бацька і сын збіраліся, мяркуючы па усім, даіць кароў. Не жадаючы адставаць ад гаспадароў, падняўся і Лявонка. Перакінуўшы цераз плячо ручнічок, выйшаў у двор, спаласнуў з рукамыйніка рукі, твар.
— Гуд монінг! — згледзеў яго Іван.
— Гуд монінг!
— Гуд монінг! — азваўся і Грыцько, выходзячы з вядром на ганак. — Ты ўжо на нагах?
— Беларусы рана прачынаюцца! Як жаўранкі,— пажартаваў Лявонка.
— Добра, калі так! — пахваліў гаспадар. — Ты, пакуль снедаць, агледзься, дзе жыцьмеш. А мы кароў падоім.
Бацька з сынам, ціха бразгаючы вёдрамі, накіраваліся ў кароўнік, што стаяў у канцы двара з загонам для жывёлы. Праз пару хвілін пачулася, як у вёдры зацурчэла малако. І цурчэла доўга. Гэта былі, як потым ён даведаўся, дойныя каровы галандскага тыпу, малака давалі шмат.
Лявонка прайшоўся па двары. З бліжэйшага хлевушка пачуўся храп. «Той негр! — здагадаўся хлопец. — Спіць яшчэ, мусіць…» Каля дзвярэй хадзілі куры, не звяртаючы на прускаўца ніякай увагі, быццам яго і не было. «Нават куры незалежна сябе трымаюць». Далей за хлевушком, у якім задаваў храпака негр, знаходзілася канюшня, паветка для калёс і сельскагаспадарчых машын, майстэрня.
Мелані ўстала толькі пасля таго, як каровы былі падоены і мужчыны прынеслі ў хату поўныя вёдры малака. Нягледзячы на гэта, яна аказалася ўвішнай гаспадыняй: неўзабаве было гатова і снеданне.
Лявонка прыбраў пасцель.
— Уставай, Букер! — пачулася ад хлевушка. — Хопіць спаць! — Гэта гаспадар будзіў работніка-негра.
Снедаць рыхтаваліся ў невялікім задышку, які называўся сталоўкай, і знаходзіўся побач з кухняй. Трапіць туды прускавец нават і не спадзяваўся. Няўжо пасадзяць побач з сабою батрака? Паклікалі. Ён быў гэтым нават узрушаны. Здзівіў стол: гаспадыня напякла аладак, насмажыла яечні, наварыла аўсянай кашы. Перад тым, як есці, маліліся, пастаўшы вакол стала.
«Набожныя, — падумаў Лявонка, шэпчучы разам з усімі словы малітвы, — нашым прускаўцам далёка да іх».