За волю
Шрифт:
Тымчасам Алесь прадаўжаў:
– Мне здавалася, што гэтыя чэрцi пакiнуць нас у супакоi, што будуць прадаўжаць душыць i мардаваць тых, каторыя ў iхных д'ябальскiх лапах. Ажно не. Выглядае, што яны спакойна ня могуць мардаваць i вынiшчаць мiльёны нявiнных людзей, калi ведаюць, што некаторыя з вызначаных iмi ахвяраў высьлiзнулiся зь iхных, закрываўленых нявiннай крывёй, пальцаў, што яны трапiлi ў вольны сьвет ды расказваюць вялiкую iжахлiвую праўду пра найбольшы сатанiнскi рэжым, што пагражае ўсяму вольнаму сьвету.
– Мы-ж ёсьць вялiкай перашкодай на iхным шляху да панаваньня ўва ўсiм сьвеце. Перш за ўсё Голiкаў i ягоныя "ребята", пасьля вайны, старалiся нас палавiць, ганялiся, палявалi на нас па цэлай Эўропе.
Вера не пераставала дзiвiцца. Алесь зусiм зьмянiўся, яна нiколi яго такiм ня бачыла. Вось ужо, вiдаць, накiпела ў сэрцы ягоным. Бесьперапынна плыла хваля пагрозаў i пракляцьцяў на адрас нябачнага адсюль ворага. Ён, Алесь, вiдаць, забыўся ў сваiм пачуцьцёвым парываньнi, пад поўнай уладай нянавiсьцi да няпрысутнага тут ворага, што ягоная дзяўчына, якую кахаў, была гэтта пры iм.
– Так, вялiкi дзень расплаты прыйдзе. Будзе мiжнародны суд над злачынцамi, большы за Нюрнбэргскi, паняволеныя i пакрыўджаныя спагоняць сваё. А iх, злачынцаў, не на сухiх асiнах будуць вешаць. Не, я не пра нябесны страшны боскi суд гавару, а пра той, што адбудзецца тут на зямлi яшчэ пры нашым жыцьцi.
Алесь змоўк, пазiраў у вакно.
– Але-ж я загаварыўся. Усхадзiўся, узбушаваўся, усьпенiўся. Балiць, ведаеш... Дык знаеш што? Скончым, пойдзем павячэраем.
Вера ўстала i моўчкi пайшла за iм.
31
Падарозе з працы Алесь выцягнуў канвэрт iз сваёй паштовай скрыначкi, што пры дзьвярох у залi ўнiзу будынку. Танная папера шэрага колеру, у правым верхнiм куце канвэрту - тры савецкiя паштовыя маркi а пасярод акуратна выведзены лацiнскiм альфабэтам ягоны адрас. З задняга боку канвэрту - адрас ягонае маткi. Кроў хлынула ў скронi, Алесь дрыжэў. Што тут у яго ў руках? Колькi ён яе сьнiў, колькi малiўся за яе, ахвярную, разумную i гаротную матку, якая яго некалi натхнiла, перад якой вялiкую вiну чуў за тое, што яе там, у варожым прыгоне, пакiнуў... Ад часу, як яе пакiнуў, ня меў магчымасьцi даведацца цi яна здаровая, як жыве i дзе знаходзiцца. Але чаму яна рызыкуе з гэтым лiстом да яго? Цi-ж яна забылася, што сувязi з замежжам, нават калi там i радня твая, ёсьць злачынам паводле савецкага права? I самае найважнейшае: адкуль яна ўзяла ягоны адрас?
Павольна, як ачмурэлы, iшоў Алесь наверх па сходах. Нават не памятаў, калi адчынiў у сваю кватэру дзьверы. Паволi палажыў канвэрт на стол, выняў з халадзiльнiка пляшку пiва Молсан. Усё тое адбывалася марудна. I зрок дзяцюкоў цэлы час на канвэрце, быццам ён набiраўся адвагi, каб сустрэць той уструс, якi прынясе яму тое, што неўзабаве прачытае. Калi нарэшце дрыжачай рукой узяў нож, разрэзаў канвэрт i пачаў чытаць дрэнным чарнiлам напiсаныя на сшыткавай, у клетачкi, паперы няроўныя радкi, зьмест даходзiў да яго быццам з другога сьвету, з магiлы. Матка пiсала:
Мой дарагi сынок Алесь!
Зь вялiкай радасьцяй дазналася, што ты жывеш i добрае здароўе ў цябе. Часта малiлася за цябе. Здавалася, што цябе страцiла. Добрыя людзi памаглi мне знайсьцi цябе, Алеська мой дарагi. Цяпер я надта дзякую за гэта Богу. Слава Яму! Ты далёка ад мяне, але радасьць у мяне вялiкая, што ты жывеш i я знайшла цябе. Ад таго часу, як ты пакiнуў, у вёсцы многа чаго зьмянiлася. Многа людзей, каторых ты знаў, ужо няма ў жывых. Некаторыя загiнулi ў вайне з нашым агульным ворагам - германскiмi фашыстамi. (Тут матка назвала людзей, каторыя загiнулi, ажанiлiся цi пакiнулi вёску).
Дзякуючы вялiкiм клопатам нашай добрай камунiсьцiчаскай парцii i ўрада, я цяперака добра жыву, так як жылi гарбачы й кароткiя некалi. Помнiш? (Алесь памятаў дзьве шматдзетныя сям'i, каторыя пры польскай акупацыi былi вечна ў галечы, цешылiся, калi бульбiна была. Пры бальшавiкох iм не палепшала). Мой дарагi сынок! Я цябе вельмi люблю, - пiсала далей матка.
– Ты так далёка ад мяне, але я буду Богу малiцца, каб Ён цябе нiдзе ў крыўду ня даў i каб ты здаровы быў i сваю матку помнiў. Я ня маю болей навiнаў, ну дык i канчаю. Прашу, напiшы да мяне, сынок, як жывеш i што ў цябе новага. Да цябе зь любоўю, твая матка Алена.
Гэная атака на яго, якую зьмясьцiла гадзюка-завяртанка, ды вось ад маткi лiст - гэта ўсё некiм скаардынавана. Матцы далi адрас. Нават стыль пiсьма ейнага, - ведаў матку Алесь добра, - чужы. Яна нiколi не сказала-б "загiнулi ў вайне супраць нашага агульнага ворага - фашыстаў", або "дзякуючы вялiкiм клопатам нашай добрай камунiсьцiчаскай парцii i ўраду". Гэта ўзята з простай прапагандовай брахнi савецкiх палiтрукоў.
I матка ягоная ня з тых, каторая непатрэбна выстаўляла-бы каго зь сям'i цi блiзкай прынамсi раднi на небясьпеку. А якая тут была патрэба пiсаць да яго, Алеся, каторы аж за акiянам? Магчыма, як пiша яна, ня ведала цi жыве сын, пэўне-ж i аплакала была яго, мяркуючы, што можа загiнуў. Але-ж вось прынесьлi ёй радасную вестку, што, значыцца, сынок жыве i адрас далi. Узрадавалася, можа й ня верыла, пэўне-ж распытвала пра сынка, ды можа нiчога больш i не сказалi ёй, беднай i адзiнотнай! Адно загадалi лiст напiсаць, i дагледзелi, каб там i "савецкая радзiма" i "родная партыя" былi ў добрым сьвятле згаданыя!
Што Алесь мае цяпер рабiць? Цi выслаць ёй, гаротнай, якiя харчы цi вопратку? А калi што й вышлеш, дык хто гарантуе, што паразiты "роднапартыйныя" не ўкрадуць i не спажывуць? Цяпер яна паўстала перад сынам у поўнай сваёй каханай мацярынскай велiчы, ейныя мазольныя i парэпаныя далонi рук выцягнутыя да яго праз акiян: "Сынок дарагi, мiлы мой! Люблю цябе! Трымайся! Бог з табой!"
Камяк сьлiны цi чаго там засеў у Алесевым горле. Першы раз на працягу многiх гадоў ён страцiў сваю, так цяжка некалi выпакутаваную кантролю пачуцьцяў. Некуды зьнiк той вартавы iнтэлектуал, сьлёзы засьцiлi вочы. Што цяпер? Для бясьпекi маткi замоўкнуць, спаралiжаваць сябе, далучыцца да тых "тараканоў у саладусе", каторыя ўжо дарабiлiся ў гэтай вялiзнай i багатай краiне ды ўжо "вачуюць тэлевiжан"? Не! Маскоўскi мядзьведзь свае ахвяры на волю ўсёроўна ня пусьцiць.
Няма нiдзе, мабыць, формулы для разьвязкi такой сытуацыi, у каторай Алесь апынуўся. Зiрнеце: з гэтага боку сонца зьзяе, людзi штодня завiхаюцца каля сваiх заданьняў, працаў, абавязкаў, што прадназначыў iм iхны лёс i Стварыцель. I бальшыня гэтых верыць, што на сьвеце ёсьць справядлiвасьць, таксама як i рацыянальнасьць, i мiласэрнасьць, i любоў... З таго боку балянс страцiўся кагадзе на карысьць пекла. Яно над усiм i ўсюды дамiнуе. Людзi зрабiлiся рабамi, паўзунамi, нават i тыя зь iх, што некалi лётаць маглi. Цяпер усе яны поўзаюць, душацца, цiснуцца, i лiжуць чэрцям спаскуджаныя азадкi. А ўсёроўна няма для iх нiдзе й нiякай любовi, нi лiтасьцi, нi спагады, нi спачуваньня, бо ненасытны Молах-тытан мадэрны патрабуе бязьмежнага лiку ахвяраў i таму растаптаў iх, у вечную краiну нянавiсьцi й гвалту зацягнуў, ды на самага Бога замахнуўся.