За волю
Шрифт:
Гэнай ранiцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмнiка паведамiў пра сьмерць беларускага пiсьменьнiка Шпака. Палiцыя ня выключвала магчымасьцi, што на яго нехта напаў i забiў... Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Цi гэта магчыма, што ён?.. А калi так, дык i ў яе нячыстыя рукi. Сказала, што балiць галава й пакiнула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабiць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставiць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.
Перад дзьвярмi вялiзнай залi тэатру лёгкi ветрык забаўляўся сьцягамi трох народаў: Беларусi, Злучаных Штатаў i Канады. А ўнутры, над сцэнай вiсеў чорнай iстужкай абрамаваны мастацкi партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пiсьменьнiка. З бакоў яго - пахiленыя, з чорнымi iстужкамi, бел-чырвона-белыя сьцягi. Над партрэтам вялiкiмi лiтарамi напiс: Слава Змагару за Волю! I пад нiзом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!
Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзiлi сьвятароў, прадстаўнiкоў канадыйскiх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнiчных i беларускiх
Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi была расплянаваная на тры днi, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай i галоўнай. Зацiкаўленьне забойствам Шпака павялiчыла лiк удзельнiкаў. Вера сядзела ў трэцiм радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай i меў рабiць гутарку пра адыйшоўшага пiсьменьнiка. Далi яму гэтую нагоду таму, што так шмат i такi доўгi час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусi. Нiк Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкi жарт расказаць. Вера зiрнула на яго няпрыязнымi вачмi i маўчала.
Яе зносiны з Алесем апынулiся на пункце разрыву. Рэдка сустракалiся нават на працы. Адсутнiчала ня толькi ранейшая iнтымнасьць. Вера адчувала, што Алесь падазраваў яе ў нейкай шкоднай сувязi зь людзьмi, што замардавалi Шпака. Яна не асьмельвалася глянуць у напоўненыя рашчараваньнем, горыччу i дакорам дзяцюковы вочы. Часта дзяўчына жадала, каб ён зьвярнуўся да яе з простым пытаньнем, але ён гэтага не зрабiў. Якiя яго намеры? Няпэўнасьць i падазрэньне з боку каханага чалавека пагражала небясьпекай. Колькi разоў ужо была амаль гатовай выспавядацца перад iм, ды на рашучы крок так i не адважылася. Алесь запрасiў яе на галоўную ўрачыстасьць сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкi. Пэўне-ж, меў на гэта прычыны. Вера не адважылася адмовiцца. Магчыма, Алесь i спадзяваўся, што дзяўчына прыйдзе да яго сама, адкрыецца, грахi свае назаве. Сканфужаная, Вера баялася зрабiць хвальшывы крок. Капшун маўчаў ад часу сьмерцi Шпака. Ягонае маўчаньне мела адыёзны характар. Дзяўчына была пэўная, што за ёй наглядалi. I проста самая сьведамасьць таго, што яна нейкiм чынам спрычынiлася да сьмерцi пiсьменьнiка, агарчала жыцьцё. Што рабiць? Напружаньне ўзрастала. Каб паставiць усё на добры шлях, трэба нешта зрабiць. Але што?
Калi на сцэне пачыналася праграма, дзяўчына яшчэ больш пачынала турбавацца. Цяпер ужо шкадавала, што сюды прыйшла. Калi-б пастанавiла, знайшла-бы нейкую прычыну, каб адмовiцца. Чаго-ж яна сюды зьявiлася? Каб адхiлiць падазрэньне? Наадварот: яна непатрэбна выстаўляе сябе на небясьпеку.
Нейкi афiцыяльны госьць прамаўляў да прысутных, выражаў спачуваньне з прычыны сьмерцi Шпака. Гаварыў мiнiстар грамадзянства, чыталi тэлеграмы. Ужо вызначылi кiрунак: амаль кажны атакаваў расейска-бальшавiцкую маскоўскую кансьпiрацыю, што ўжо замахнулася, каб адабраць вольнасьць усiм дэмакратычным дзяржавам у сьвеце, намагаецца разбурыць хрысьцiянскую маральнасьць вольнага сьвету й гэтак далей. Вера прыгадала, што ўжо недзе чытала нешта падобнае. Цi забойства Шпака толькi змусiла прамоўцаў ужо цi раз паўтаранае пра гэтак званую небясьпеку з Масквы разьдзьмухаць у шырэйшым маштабе?
– разважала Вера.
Яна завайстрыла сваю ўвагу, калi на сцэну выйшаў Алесь. Ня ведала ягоных аратарскiх здольнасьцяў, хоць ужо даўно пераканалася, што ён дасканала валодаў ангельскай мовай. Спакойна агледзеўшы залю, Якiмовiч пачаў роўным голасам.
– Дзякую за вялiкi гонар, што зрабiлi мне, даўшы нагоду прамаўляць да гэтай сустрэчы. I ўзрастае смутак i боль, калi ўсьведамляю тое, што стаю тут, перад вамi, замiж вялiкага сына вялiкага народу, на магiле якога яшчэ не асела сьвежая зямля; чалавека, за страту якога, я пэўны, кажны з нас носiць балючую рану ў сэрцы сваiм.
У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялiкiм балбатуном-палiтыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымi нюансамi iнтанацыi, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьцi з пашанай да таго, пра каго гаварыў.
– Антон Шпак, - няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае!
– упаў ахвярай у нашым доўгiм i зацятым змаганьнi супраць маскоўскiх захопнiкаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнiкам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехi ў журналiстыцы цi мастацкай лiтаратуры, а спрабую кiнуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьцi й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькi апошнiх гадоў зблiзiлi нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, цi адну гадзiну праводзiлi разам. Мала было ў нас праблемаў, якiх супольна мы не абмяркоўвалi. Колькi часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калi наракаў на свой нялёгкi лёс. А трэба вам ведаць, што матар'яльна быў ён вельмi бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фiзычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фiзычнай слабасьцi. Польскiя вязьнiцы й савецкiя канцлягеры падарвалi, мабыць, ягоныя сiлы. I ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў i адбiваўся. Я зьдзiўляўся зь ягонай духовай велiчы, стойкай самадысцыплiны, неабмежаванай адданасьцi сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьцi й час. Антон Шпак стаiць перад намi як памяркоўны й сьцiплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялiкадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолi; ён-жа й чалавек цяжкой i няспыннай працы. Усё, што зрабiў для нашага й iншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялiкай i чыстай маралi, хрысьцiянскай любовi да блiжняга, вялiкай веры ў Бога, якi, як верыў наш вялiкi духам суродзiч, - возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз
У гэтым месцы прысутныя ўзнагародзiлi Алеся гулкiмi воплескамi. Ён уважна зiрнуў на Веру, якая ўжо надта нiякавата адчувала сябе ў гэтым месцы й часе, прадбачачы, што найбольш небясьпечнае для яе яшчэ наперадзе. А Алесь прадаўжаў гаварыць.
– Антон Шпак быў i астаўся з намi таму, што пасееныя iм зернi ўскалосяцца вялiкiм плодным ураджаем для нас i наступных пакаленьняў. Шпак быў мысьлiцелем, прарокам i генэралам. Голас ягоны далятаў ува ўсе куткi сьвету, дзе жывуць нашыя суродзiчы, ён прабiваў зялезную заслону й бiчаваў катаў i забойцаў, мадэрных варвараў. Голас ягоны не даваў супакою маскоўскiм паразiтам i мясцовым цiвуном у iхных мяккiх крэслах у скалянiзаванай Беларусi. Шпака цанiлi слабыя, што патрабавалi помачы, яго на падтрымку клiкалi адважныя i непакорныя, любiлi яго ўсе змагары за волю й шчасьце кажнага чалавека на зямлi. Тут-жа за мяжой агенты калянiяльнае маскоўскае iмпэрыi намагалiся зьвесьцi Антона Шпака з выбранага iм шляху, вычарпаць ягоныя сiлы рознымi iнтрыгамi i правакацыямi, бамбiлi яго няспынным патокам атрутнай прапаганды. Але пiсьменьнiк iгнараваў бальшавiцкiя паклёпы, iнтрыгi, змагаўся з правакацыямi. Ён натхняў i баранiў сваiх i хоць ужо нямоглы фiзычна, ён, як i раней, астаўся непахiсным духова. Калi ворагi ясна ўбачылi, што Шпаку нiяк ня змогуць адабраць ягонага голасу, яны яго замардавалi. Я хачу падчыркнуць, што ў мяне няма сумлеву адносна таго, хто пiсьменьнiка забiў. Сьледзтва прадаўжаецца. Я цалкам перакананы, што час нас апраўдае i вiноўнiкаў забойства Шпака пасадзяць на лаву падсудных. Няхай ня будзе для вас неспадзеўкай тое, што скажу далей. Мы даўно пазналi мэтады дзейнасьцi нашых ворагаў. Таму й цяпер я магу залажыцца з вамi на сваё ўсё матар'яльнае багацьце, што вось тут мiж нас прысутнiчаюць людзi, якiя бралi ўдзел у плянаваньнi забойства нашага выдатнага суродзiча.
Алесь спынiўся, павольна аглядаў залю. Гэта, як выглядала, быў iм прадуманы тактычны ход. Вера пабляднела. Ейная нявыгада павялiчылася яшчэ, калi бачыла, што Нiк Лок уважна пазiрае на яе. У адным iз заднiх крэслаў чалавек iз зморшчаным тварам неспакойна паварушыўся, рука ягоная сьцiскала люльку на калене.
"Што зь iм?
– думалi некаторыя.
– Цi ён думае выклiкаць каго па прозьвiшчах?"
– I таму дазвольце мне, паважаныя спадарынi й спадары, сказаць гэтым людзям некалькi слоў.
Алесь iзноў крыху затрымаўся i пасьля прадаўжаў павышаным, голасам, з адыёзнай ноткай пагарды:
– Ад часу, калi Каiн забiў Абэля, людзi, на працягу стагодзьдзяў, прызвычаiлiся, што з розных прычынаў рука аднаго чалавека падымаецца на iншага. Аднак нiколi ў гiсторыi колькасьць забойстваў ня вырасла да цяперашнiх маштабаў, нiколi ня былi яны так удала плянаваныя i зарганiзаваныя дый нiколi не рабiлiся з матываў так нiзкiх i нiкчэмных. Сатана з Крамля заўзяўся, каб забiць ня менш, як душу чалавека. Каб гэта асягнуць, ён мусiў паняволiць сотнi мiльёнаў. Мы ня маем дакладнага лiку ахвяраў, але ведаем, што некаторыя меншыя народы ўжо Маскоўшчына зусiм вынiшчыла. I яна сяньня, як нiколi, прадаўжае працэс вынiшчэньня людзей шляхам так званай клясавай барацьбы ды ў канцлягерах Сiбiры. У самай савецкай iмпэрыi ня трэба чакаць да 1984-га году, бо жахлiвы лад, якi прадугледзеў Джордж Орвэл, там даўно ўжо iснуе.