За волю
Шрифт:
32
Снiкi Джоў быў адным з тых бясколерных людзей, сустрэўшы якога, iм не зацiкавiшся а ня тое, каб зiрнуў ты на яго лiшнi раз. Ён мог лёгка i незаўважна зьнiкнуць-растаяць у гурце. I выглядаў нявiнным, няздольным нiкому нiякае вады замуцiць. I з выгляду цяжкавата было ацанiць ягоны век.
Некалi падчас тутэйшае вялiкае эканамiчнае дэпрэсii ў трыццатых гадох гэты мужчына быў вельмi актыўным, называўся ў камунiстычным жаргоне палявым арганiзатарам. Цяпер Джоў Снiкi працаваў клеркам-ураднiкам у другараднай гасьцiнiцы. Ды гэтая няцiкавая клеркава функцыя ня вычэрпвала яшчэ даволi поўнай фiзычнай энэргii Джова. Уласьнiк гатэлю, каторы сам быў зьвязаны з рознымi чырвонымi франтавымi арганiзацыямi, добра ведаў i iншыя заняткi Снiкi Джова, ранейшыя i цяперашнiя. Бывала, падчас галодных трыццатых, возьмуць камунiсты на прыцэл пэўную тэрыторыю цi варожую палiтычную
На такiх заданьнях Джоў добра набiў сабе руку. У яго хапала вытрымкi, каб пераканаць якiх трэба людзей выканаць адпаведныя заданьнi, а пасьля не бракавала волi й настойлiвасьцi, каб давесьцi тое заданьне да жаданага канца. Дэталёвае й прадуманае плянаваньне, якое мела забясьпечыць посьпех акцыi, было спэцыяльнасьцю Снiкi Джова. Ён-жа даволi добра прыдбаў i тэхнiку ды сакрэты кансьпiрацыi.
Джоў Снiкi меў фiнансавыя ўклады ў некалькiх гэтак званых прагрэсыўных каапэратыўных бiзнэсах, грашмi надта не раськiдаўся, казаў, што пiць i курыць не навучыўся, жыў старым "бабылём". Многа чаго зьмянiлася. Адыйшлi, здаецца, у нябыт часы акцыi на "рабочым фроньце", дзе, як у трыццатых галодных гадох, ужывалася часта грубая сiла. Рэдка калi, як раней, плыла зьверху "баявая партыйная накачка", калi дзе грунт пад нагамi ў акцыi гарэў. Што-ж да кансьпiрацыi, дык яна мела, як казалi ў шэрагах "прагрэсывiстаў", сваю "закалку" i выпрабаваныя хамелеонскiя прыёмы. Праўда, калi Гузэнка выдаў у Аттаве гняздо савецкiх патрыётаў-шпiёнаў, тады былi павылазiлi наверх усялякiя буржуазныя гарлапаны, трэба было хвост падцiснуць. Цяпер-жа? Лiчыце, што тыя ранейшыя жорны для Джова малоць перасталi, бо акцыяў вялiкага маштабу няма. Праўда, рабiлi апошнiмi гадамi сёе-тое, як, прыкладна, праводзiлi сталiнскую кампанiю - "забаранiць атамную бомбу" (гэта тады, пакуль бальшавiком яшчэ не ўдалося ўкрасьцi ад Амэрыканцаў атамныя сакрэты), або кампанiю "за мiр" у сувязi з прыездам "чырвонага дыякана" Джансана з Кантэрбэры, каб выступiць на шматтысячным мiтынгу канадыйскага кангрэсу "за мiр". Ды ўсё гэта - дрэнь.
У сваёй працы для партыi Джоў радзей кiраваўся iдэёвымi матывамi чымся фiнансавым прыбыткам, або спадзяваньнем большае ўзнагароды ў будучынi, калi й Канада станецца "дэмакратычнай i сацыялiстычнай савецкай рэспублiкай". Адным словам, вы маглi-б назваць Джова зусiм практычным камунiстам. Уласьнiк гатэлю нiколi не адмаўляў Джову, калi ён хацеў на пэўны час адлучыцца "па задачы".
Аднаго дня нечакана Снiкi Джова наведаў ягоны стары супрацоўнiк Капшун, ды напрасiўся, каб пагаварыць зь iм сам-насам у якiм заднiм пакоi. Джоў адразу спанатрыў, што наклёўваецца нешта важнае.
– Маю адну задачу i патрабую тваёй помачы. Сядай, - пачаў Капшун, усеўшыся на канапе. Выцягнуў люльку й пачаў напiхаць яе табакай.
– Я адразу, так сказаць, пра галоўнае. Дык вось, ёсьць чалавек, якога нам трэба неяк пераканаць, каб ён спынiў тое, што цяпер робiць. З прычынаў нашай будучай акцыi памiж Канадцаў i фашыстоўскiх ДП, гэтаму чалавеку трэба адабраць голас. Безь яго кiраўнiцтва змоўкне ўся фашыстоўская какафонiя. Што яшчэ важна дык гэта тое, што да голасу гэтага чалавека прыслухоўваюцца i некаторыя канадзкiя палiтыкi i капiталiстычныя падпальшчыкi вайны ды другiя рэваншысты супраць Савецкага Саюзу. Група беларускiх фашыстоўскiх дыпiсаў iдзе за iм сьледам. Ён - ня толькi iхны лiдар, але й натхненьне. Бачыш, ён ёсьць пiсьменьнiк i не такi пошлы. Магу табе сказаць, - прадаўжаў Капшун, задымiўшы табакай пакой, - што я адносна гэтага чалавека ўжо спрабаваў iншыя мэтады. Два разы мне ўдалося пазбавiць яго працы - першы раз выкiнулi з рэстарану, дзе пасуду мыў, а другi раз з гасьцiнiцы. Потым мы забясьпечвалi яго ўсякiм матар'ялам ад Мiхайлава. Ён ад нас меў выразныя сыгналы, каб перастаў хулiць на савецкую радзiму i не памагаў ейным ворагам тут за рубяжом. I нiчога на яго не падзеяла. Упартая сволач, прадаўжае сваё. А чалавек гэты вельмi працавiты, многа пiша. Зараз, мяркую, каб яму рот закрыць, мы павiнны ўжыць больш радыкальныя меры.
– Пра каго ты гаворыш?
– спытаўся Джоў.
– Антона Шпака. Чуў пра такога?
– Не магу сказаць, што ня чуў.
– Зацiкаўлены?
– Солё?
– Ага.
– Магу спрабаваць.
– Добра. Я спадзяваўся, што згодзiшся. Цяпер-жа
– Было-б куды прасьцей, - запярэчыў Джоў.
– Разумею, але мы ня можам, прынамсi зараз... Так што няма выбару. Астаецца адно: пабяседаваць з гэтым фашыстам, - падмацаваўшы адпаведнай аплявухай, каб добра слухаў, панiмаеш, - адным словам напалохаць яго так, каб больш рота не адкрываў. Кажу, што можаш яму даць так называемыя фiзiчаскiя аргументы, але толькi касьцей не паламаць i не пакалечыць. Ён, як чую, слабая лягушка, дык супрацiву ня дасьць. Пойдзе. Згода?
– Спрабую. За адпаведную выручку.
– Выручка будзе. Добра, цяпер пра дэталi.
Капшун апiсаў выгляд Шпака так, як чуў пра яго ад Веры. Нацiск палажыў на тое, што пiсьменьнiк ранiцай любiць вудачку закiнуць на рэчцы i таму ёсьць магчымасьць аднаму рыбаку пагутарыць зь iншым. Надзвычайна! Джоў усьмiхнуўся й кiўнуў галавою. А як-жа! Тут можна было-б лыжку той прыказачнай солi на рану, для гумару... Яму падабалася такое заданьне.
– Сьпяшацца няма чаго, - раiў Капшун.
– Прыгледзься чалавеку здалёк, але каб на цябе нiхто ўвагi не зьвярнуў. Ты ведаеш пра яго даволi ўжо ад мяне, а там сам глядзi як выгадней.
– Окэй. Калi стары сволач пачне адбiвацца, або клiкаць каго на помач, дык што мне рабiць?
– Дзе там ён, здыхляк нiкчэмны, пачне. Зрэшты, ужывай сваю галаву.
Джоў прыабяцаў узяцца за гэнае заданьне ўжо назаўтра, а Капшуну аж палягчэла, што галоўнага працiўнiка прыбярэ з дарогi.
33
Антон Шпак глядзеў на здымкi тае вялiкае рыбы, што вiселi над камiнкам у галоўнай залi рэсорту i яму пачынала дакараць амбiтнае самалюбства рыбалова. Калi рыба такой вялiчынi была запраўды злоўленая ў рацэ Пома раней дык, з помаччу Бога, ён, Антон Шпак, - не абы якi рыбак, - можа i цяпер падобную цацу злавiць. I ў працы, i ў адпачынку Шпак трымаўся мэтодаў. Разважаў, што каб добрую рыбiну злавiць, трэба перш грунтоўна перачасаць рэчку, разьведаць праўдападобныя i магчымыя сховiшчы вялiкае фарэлi. Кажнае ранiцы цi на захад сонца ён аддаваў даволi часу расплянаванаму дасьледваньню ракi.
Iдучы ўнiз, зь цячэньнем ракi, пiсьменьнiк прыйшоў да вялiкай дугi. У локцi ракi вада абмывала кучу валуноў i дробнага каменьня. Рукаво ракi тут пашыралася, хуткая плынь падмывала супрацьлеглы бераг. Крыху далей, у карэньнях дрэваў, вада звальняла ход. Быццам ногi вялiзных павукоў, карэньне дрэваў упiвалася ў пацямнелую плынь вады. Шпак меркаваў, што якраз там магло быць iдэальнае сховiшча для рыбы. Варта спрабаваць туды адну цi другую прынаду падпусьцiць. I доступ iз супрацьлеглага боку ракi быццам на заказ. Праўда, была адна небясьпека. Калi якая большая цаца, зачэпленая на кручок, пачне рабiць дывэрсiйныя ходы, можа заблытаць жылку за карэньне. Тады, - як канадыйскiя рыбакi кажуць, гут бай Чарлi, - страцiш i кручок, i рыбiну. Шпак добра ведаў рэакцыю рыбы, асаблiва хуткае, як маланкi, фарэлi, з балючым кручком у роце.
Шпак выбраў плоскi валун, добра расьсеўся й закiнуў кручок зь вялiкiм чарвяком на плынь. Прынада ўпала блiжэй таго нагледжанага месца й шпаркi струмень аднёс яе на мель. Пiсьменьнiк выцягнуў жылку з кручком i цяпер закiнуў далей. У першы дзень ранiцай злавiў паўтузiна вясёлкавых фарэляў. Найбольшы важыў менш кiляграму. Дрэнь. Рыбацкая iнтуiцыя падказвала, што тут павiнна быць шмат большая рыба. Трэба зноў спрабаваць. З гэтага стратэгiчнага месца вельмi лёгка было закiдваць вуду i таму Шпак цi раз быў рашчараваны, калi знайходзiў тут якога iнашага рыбака. Вялiзныя дрэвы па абодвух бакох ракi схавалi цябе, здаецца, ад цывiлiзаванага сьвету. Надзвычайная дзiкасць нагадвала яму Налiбокi цi Белавежу, - пушчы iм крыху зьведаныя. Шпак нават забаўляўся ўяўленьнем, што ён не за акiянам, а дзесьцi дома мiж свае цудоўнае прыроды. Перашкаджаў уяўленьню рэзкi голас люна-нурца, адсутнiчала клекатаньне бусла.
Аднае ранiцы пасьля лёгкага, амаль паўгадзiннага падарожжа ад Пайн Рыдж, Шпак рыхтаваўся на сваiм стратэгiчным месцы закiдаць вуду i марыў, што шчасьце ў выглядзе вялiзнага прыгажуна на кручку ягоным якраз зьявiцца сяньня. Абавязкава сяньня. Сонейка ўжо выглядала з-за кроны суседняга дуба, гарлапанiла весела птушыная грамада а булькатаньне вады ў рацэ дапаўняла раньнюю сымфонiю.
Павязло. Вясёлкавая фарэль, прыгажун, больш кiляграма. На пачатак нядрэнна. Задаволены пiсьменьнiк паволi зачапiў на кручок другога чарвяка, рука спрактыкаваным рухам закiнула яго цераз галоўны хрыбет цячэньня вады, падпусьцiла прынаду аж пад той бераг, дзе, - угадваў рыбак, - павiнны быць большыя цацы.