Закрываўленае сонца
Шрифт:
I апроч гэнай васьмёхлiтарнай мянушкi цi вядаў хто як завецца чалавек. Казалi, што пасьля першай "каляяжыхi" Манька ў iншых паноў i падпанкаў хаты прыбiрала, а пасьля на станцыю прыбiлася. Ад няпамятных, здаецца, часоў, была яна гэтта пад рукою, так яна так як гэна абшмулянае крэсла ў чакальнi, цi той рыначны плот, ля якога каней прывязвалi. Як той бяздомны цюцька, што iснаваў, здаецца, каб на яго тукнуць-гукнуць, гэтак i Манька. Казалi, што быццам некалi чатыры клясы прабэкала-прамэкала. Кажнаму на сустрэчу шырака рот адчыняла, ласкавае якое слова пачуць хацела, а зь яе сьмяялiся, у найлепшым выпадку зь лiтасьцю пазiралi.
Пайшла
Натура Маньчына, як у сук уляпiў, да новых парадкаў пасавала. Думаць зусiм ня трэба было, усё прасьцюсенька й ясна. Поўнымi вялiкiмi грудзьмi чэрпала дзеўка паветра "асвабаждзеньня". Казалi людзi, каторыя ведалi, што Манька напралом у авангард адданых Сталiну "трудзяшчыхся" улiлася, ды ў сажалцы сталiнскай "народнай улады" як павярткая-крутая рыбка плёхалася. Iншыя-ж асалоду дэталяў смакавалi й цьвердзiлi, што працэс Маньчынага ўлiцьця ў Сосаву калатушку не такiм прасьцюсенькiм быў. Аблюбавалi, быццам, сваецкiя жаўнеры Маньчын мякiш. Ня перабольшвалi, мусiць, языкi людзкiя. Вядома-ж было, што Манька нiколi кавалера ня мела. Як-жа тады ей напярэймы гэнаму жыватворчаму "вызвольнаму" духу нi пайсьцi? Дый цi толькi духу?
Калi першыя кантаватасьцi "вызваленьня" абгладзiлiся, калi народ пачаў найясьнейшую пад сонцам ды найбольш сьветлую сталiнскую канстытуцыю практыкаваць, за выбарамi ў "народны сход западнай Бiларусii" прыйшла чарга на выбары ў гэтак званы "савет дзiпутатаў трудзяшчыхся беларускай савецкай сацыялiсьцiчаскай распублiкi". Побач зь iншымi партрэтамi й плякатамi, каторыя абляпiлi гацкiя платы й сьцены, зьявiўся круглы месяц Манькi Пiрапечкi. Напiс на плякаце заклiкаў: "Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў рабочых i сялян, камунiстаў i беспартыйных. Марыя Iванаўна Кукiшка, кандыдат ад акругi х..."
Шматлiкiя людзi ўпяршыню даведалiся прозьвiшча "выдатнейшага чалавека, перадавога прадстаўнiка" Манькi Пiрапечкi. Мястэчкавыя жартаўнiкi ад зьдзiўленьня раты разявiлi. Ненадоўга. Новыя пераказы пра Маньчын прагрэс у "выдатнейшыя людзi" пачалi майстраваць. А дзеўка, як i цяпер, далей чысьцiла вагоны, лiчыла цягнiкi, шырака разяўляла дурнаватай усьмешкай рот.
– А што ты, Манька, загародзiш нам, цi што?
– усьмiхнулася Дуня.
– Ды што вы мне, каб я загараджвала, хы-хы-хы, - разрагаталася дзеўка.
– Чаму-ж ты, Манька, такую работу робiш? Цябе-ж вунь у начальнiкi выбiруць, - жартаваў Янук.
– Таварыш Сталiн сказаў работаць, работаць i работаць, - ёмка адрэзала дзяўчына.
– А ён так сказаў?
– пытаўся далей Янук.
– А ну канечна сказаў, чудак ты, хы-хы-хы.
– А ты, гэта самае, там была й чула?
– Ды разьвi нада было быць? Як савецкае начальства гаворыць, што сказаў, так палагаiцца верыць, што дзiсьцьвiцiльна сказаў. Ну нi так?
Мякiш абапёрся на мятлу й шэрыя вочы пазiралi на юнакоў проста й наiўна.
– А што таварыш Сталiн сказаў работаць?
– цягнуў
– Ну як што... Эгэ!
– усклiкнула Манька, - ты, сапляты, што гэта зь мяне кепiкi ўзяўся строiць? Ды я цябе, такую тваю...
Маньчын язык пачаў вярнуць прынесеныя маскоўскiя брыдоты. Сiпаты голас трос грудзi й здавалася, што неўзабаве мятла рынецца на Янукову галаву.
– Ну пiрастань, Манька, пiрастань, - намагалася суняць дзеўку Дуня. Скажу нам лепi, цi цябе ў дзiпутаты выбiруць.
– Канечна выбiруць, - без запыну адказала Пiрапечка.
– А хто табе казаў, што выбiруць?
– Ды як гэта хто? Сам таварыш Саладуха казаў, от хто.
Месяц зазьзяў трыюмфальным поглядам. Упэўненасьць гэтай дзеўкi нагадвала наiўна-дзiцяннае "мама казала, от хто".
– Дык ты мусiць тады проста ад падмятаньня паняй будзеш, як у дзiпутаты пападзеш, - кпiў Янук.
– Якой такой паняй?! Ты гэта што, ня чуў куды паноў вунь вязуць? Тамака яны ў тых вагонах выюць, iдзi паглядзi, - кiўнула дзеўка галавой у той бок, адкуль кагадзе юнакi ўцяклi. Твар ейны ўзгарэўся, спакойныя вочы заiскрылiся, ды ўсхадзiлiся вялiкiя грiдзi. Здавалася, што неўзабаве мякiш гэты, што тросься з паднечаньня як дрыгва, кiнецца на тых ненавiсных, выючых паноў. Жорсткая рэакцыя, што ажывiла гэту тушную й павольную асобу, мела асаблiвы камiчны выгляд.
– А гэта там у тых вагонах паны сiдзяць?
– падмiргнуўшы Януку, цягнула Маньку за язык Дуня.
– Няўжо-ж хто, - адказала дзеўка.
– А якiя гэта паны?
– пытаўся Янук.
– Ды чорт iх ведаiць якiя. Пасабiралi, панiмаiця, гэта барахло з маёнткаў, фальваркаў, адаўсюду...
– А калi iх iх пазьбiралi? Доўга так стаяць?
– Да ўжо нядзелю, верна, iлi болi, - адказала сiпатае альта.
– А есьцi iм даюць? Чаго яны выюць?
– Да я нi знаю. Верна нi даюць, да i нiкаво нi падпускаюць блiзка. I пускай здыхаюць, нашто iм есьцi...
– Дзецi там таксама ёсьцiка?
– спытаў Янук.
– Верна ёсьцiка, - неахвотна ўжо буркнуў "выдатны чалавек".
– Ды сказала я табе, есьлi хочаш узнаць дык пайдзi сам туды, а мяне нi спрашывай. Накога чорта яны мне...
– Нi распытвайся ты яе, - таўханула Янука Дуня.
– Ня вiдзiш, што злуецца? Iдзём замарудзiлi, позна ўжо.
Янук зiрнуў на пульхную дзеўку, памяркаваў, што, мусiць, больш ужо зь яе ня выпампуеш, ды рушыў побач Дунi. Бокам абыйшлi вакзал i накiравалiся на галоўную вулiцу. Ужо шарэла й электрычныя лямпачкi на слупох зiхацелi млявым сьвятлом. Мароз адзываўся пад нагамi храбусткой скарынкай пачарнеўшага сьнегу й цяў коньчыкi вушэй, канцавiны рук i ног. Янук угледзеўся ў сустрэчную лямпу й здавалася яму, што кашаль-чханьне далёкае электрастанцыi, чутнае праз навакольны гоман, хлiпала на дроцiку лямпы. Доўгая канцэнтрацыя на сьвятле сьветчыла адно, што хлапец дзесьцi далёка думкамi блудзiў.
Енк у вагонах... i мiлы, знаёмы тварык... кастлявыя, сiнiя рукi... i блiзкi галасок... спагада й розум... Што гэта й адкуль? Недзе яно вязалася разам. I Янук прыгадаў. Раптоўна спынiўся й Дуню моцна за рукi таргануў.
– Дуня, ведаеш што?
– Ну што?
Янук маўчаў i шырокiмi, ледзь прытомнымi вачмi пазiраў у дзяўчынiны пытальныя васiлькi.
– Кажы што. Нi трасi мяне, гавары!
– Гэта самае... от што прыпомнiў я... Знаiш, хто тамака пэўня ў тых вагонах сядзiць?