Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Шрифт:
З узнятай лапай чарапаха апусцiлася ў ваду".
– Не трацячы нi хвiлiны, бегчы ў Краiну Дурняў!
– закрычаў Карабас Барабас, паспешлiва засоўваючы канец барады ў кiшэню, хапаючы шапку i лiхтар.
– Я сяду на беразе сажалкi. Я буду ласкава ўсмiхацца. Я буду прасiць i малiць жаб, апалонiкаў, вадзяных жукоў, каб яны прасiлi чарапаху... Я абяцаю iм паўтара мiльёна самых тлустых мух... Я буду рыдаць, як адзiнокая карова, стагнаць, як хворая курыца, плакаць, як кракадзiл. Я стану на каленi перад самым маленькiм
– У гэты час, разумееш, Бурацiна, - расказваў П'еро, седзячы пад мiмозай на прэлых лiстах, - мне так стала цiкава, што я ўвесь высунуўся з-за фiранкi.
Сiньёр Карабас Барабас убачыў мяне.
– Ты падслухоўваеш, нягоднiк!
– i ён рынуўся, каб схапiць мяне i кiнуць у агонь, але зноў заблытаўся ў сваёй барадзе i са страшэнным грукатам, перакульваючы крэслы, расцягнуўся на падлозе.
Не памятаю, як я апынуўся за акном, як пералез цераз плот. У цемры шумеў вецер i хвастаў дождж.
Над маёй галавой чорная хмара асвятлiлася маланкай, i за дзесяць крокаў ззаду я ўбачыў Карабаса Барабаса i прадаўца п'явак, якiя беглi за мною. Я падумаў: "Загiнуў", - спатыкнуўся, упаў на нешта мяккае i цёплае, схапiўся за чыесьцi вушы...
Гэта быў шэры заяц. Ён са страху заверашчаў, высока падскочыў, але я моцна трымаў яго за вушы, i мы памчалiся ў цемры цераз палi, вiнаграднiкi, агароды.
Калi заяц стамляўся i садзiўся, пакрыўджана жуючы раздвоенай губой, я цалаваў яго ў лобiк.
– Ну, калi ласка, ну яшчэ трошкi праскачам, шэранькi...
Заяц уздыхаў, i зноў мы iмчалiся невядома куды - то ўправа, то ўлева...
Калi хмары разагнала i ўзышоў месяц, я ўбачыў пад гарою гарадок з пахiленымi ў розныя бакi званiцамi.
Па дарозе да горада беглi Карабас Барабас i прадавец п'явак.
Заяц сказаў: "Эхе-хе, вось яно, заечае шчасце! Яны iдуць у Горад Дурняў, каб наняць палiцэйскiх сабак. Гатова, мы прапалi".
Заяц зусiм абвяў. Уткнуўся носам у лапкi i апусцiў вушы. Я прасiў, я плакаў, я нават кланяўся яму ў ногi. Заяц не варушыўся.
Але калi з горада выскачылi галопам два курносыя бульдогi з чорнымi павязкамi на правых лапах, заяц дробна задрыжаў усёй скурай, - я ледзь паспеў ускочыць на яго верхам, i ён даў шалёнага драла па лесе...
Астатняе ты сам бачыў, Бурацiна.
П'еро скончыў расказ, i Бурацiна спытаў яго асцярожна:
– А ў якiм доме, у якiм пакоi пад лесвiцай знаходзяцца дзверцы, што адмыкае ключык?
– Карабас Барабас не паспеў расказаць пра гэта... Ах, цi не ўсё роўна нам, - ключык на дне возера... Мы нiколi не ўбачым шчасця...
– А гэта ты бачыў?
– крыкнуў яму ў вуха Бурацiна. I, выцягнуўшы з кiшэнi ключык, пакруцiў iм перад носам П'еро.
– Вось ён!
Бурацiна i П'еро прыходзяць да Мальвiны, але iм адразу ж прыходзiцца ўцякаць разам з Мальвiнай i пудзелем Артамонам
Калi сонца ўзнялося над скалiстай горнай вяршыняй, Бурацiна i П'еро вылезлi з-пад куста i пабеглi цераз поле, па якiм учора ўночы кажан звёў Бурацiна з дома дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi ў Краiну Дурняў.
На П'еро смешна было глядзець, - так ён спяшаўся хутчэй убачыць Мальвiну.
– Паслухай, - пытаўся ён праз кожныя пятнаццаць секунд, - Бурацiна, а што, яна будзе рада мне?
– А я адкуль ведаю...
Праз пятнаццаць секунд зноў:
– Паслухай, Бурацiна, а раптам яна не будзе рада?
– А я адкуль ведаю.
Нарэшце яны ўбачылi белы домiк з намаляванымi на аканiцах сонцам, месяцам i зоркамi.
З комiна ўзнiмаўся дымок. Вышэй яго плыло невялiкае воблака, падобнае на кашэчую галаву.
Пудзель Артамон сядзеў на ганку i час ад часу гыркаў на гэтае воблака.
Бурацiна не вельмi хацелася вяртацца да дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi. Але ён быў галодны i яшчэ здалёку пацягнуў носам пах паранага малака.
– Калi дзяўчынка зноў надумаецца нас выхоўваць, нап'ёмся малака, - i нiзавошта я тут не застануся.
У гэты час Мальвiна выйшла з домiка. У адной руцэ яна трымала фарфоравы кафейнiк, у другой - кошык з пячэннем.
Вочы ў яе ўсё яшчэ былi заплаканыя, - яна была ўпэўнена, што пацукi выцягнулi Бурацiна з каморкi i з'елi.
Толькi яна села за лялечны стол на пясчанай дарожцы, - блакiтныя кветкi загайдалiся, матылькi ўзнялiся над iмi, як белыя i жоўтыя лiсты, i з'явiлiся Бурацiна i П'еро.
Мальвiна так шырока расплюшчыла вочы, што абодва драўляныя хлопчыкi маглi б свабодна туды скочыць.
П'еро, убачыўшы Мальвiну, пачаў мармытаць словы - такiя няскладныя i неразумныя, што мы iх тут не прыводзiм.
Бурацiна сказаў як быццам нiчога i не было:
– Вось я яго прывёў, - выхоўвайце...
Мальвiна нарэшце зразумела, што гэта не сон.
– Ах, якое шчасце!
– прашаптала яна, але адразу ж дадала дарослым голасам: - Хлопчыкi, iдзiце зараз жа мыцца i чысцiць зубы. Артамон, правядзi хлопчыкаў да студнi.
– Ты бачыў, - прабурчаў Бурацiна, - у яе бзiк у галаве - мыцца, чысцiць зубы. Каго хочаш са свету зжыве чысцiнёй...
Усё ж яны памылiся. Артамон кутасiкам на канцы хваста пачысцiў iм куртачкi...
Селi за стол. Бурацiна аплятаў яду за абедзве шчакi.
П'еро нават не адкусiў нi кавалачка пiрожнага; ён глядзеў на Мальвiну так, нiбы яна была зроблена з мiндальнага цеста.
Ёй гэта нарэшце надакучыла.
– Ну, - сказала яна яму, - што вы такое ўбачылi ў мяне на твары? Снедайце, калi ласка, спакойна.