Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Шрифт:
– Або рыцынай, або не рыцынай, - праскрыгатаў за акном Багамол.
Тады падрапаны, у сiняках, няшчасны Бурацiна прастагнаў:
– Не трэба рыцыны, я вельмi добра сябе адчуваю.
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi клапатлiва нахiлiлася над iм.
– Бурацiна, прашу цябе - зажмурся, заткнi нос i выпi.
– Не хачу, не хачу, не хачу!..
– Я табе дам драбок цукру!..
У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру.
– Ты яго атрымаеш, калi будзеш мяне
– Адзiн цууууукар дайце...
– Ды зразумей жа, - калi не вып'еш лекаў, ты можаш памерцi...
– Лепш памру, чым пiць рыцыну...
Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам:
– Заткнi нос i глядзi ў столь... Раз, два, тры.
Яна ўлiла рыцыну ў рот Бурацiна, адразу ж сунула яму драбок цукру i пацалавала.
– Вось i ўсё...
Высакародны Артамон, якi любiў усё, што добра канчалася, схапiў зубамi свой хвост, круцiўся пад акном, як вiхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы блiскучых вачэй.
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi хоча выхоўваць Бурацiна
Назаўтра ранiцай Бурацiна прачнуўся вясёлы i здаровы, нiбы нiчога не здарылася.
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi чакала яго ў садзе, седзячы за маленькiм сталом, застаўленым лялечнай пасудай.
Яе твар быў свежа вымыты, на кiрпатым носiку i шчоках - кветкавы пылок.
Чакаючы Бурацiна, яна з прыкрасцю адмахвалася ад надакучлiвых матылькоў:
– Ды ну вас, сапраўды...
Акiнула вачыма драўлянага хлапчука з галавы да ног, зморшчылася. Загадала яму сесцi за стол i налiла ў маленькi кубачак какавы.
Бурацiна сеў за стол, заклаў пад сябе нагу. Мiндальныя пiрожныя ён запiхваў у рот цалкам i глытаў не жуючы.
У вазу з варэннем залез проста пальцамi i з асалодай iх аблiзваў.
Калi дзяўчынка адвярнулася, каб кiнуць некалькi крошак пажылому жужалю, ён схапiў кафейнiк i выпiў усю какаву праз носiк.
Папярхнуўся, разлiў какаву на абрус.
Тады дзяўчынка сказала яму строга:
– Выцягнiце з-пад сябе нагу i апусцiце яе пад стол. Не ежце рукамi, для гэтага ёсць лыжкi i вiдэльцы.
Ад абурэння яна мiргала вейкамi.
– Хто вас выхоўвае, скажыце, калi ласка?
– Калi тата Карла выхоўвае, а калi нiхто.
– Цяпер я займуся вашым выхаваннем, будзьце спакойны.
"Вось дык улiп!" - падумаў Бурацiна.
На траве вакол дома ганяўся пудзель Артамон за маленькiмi птушачкамi. Калi яны садзiлiся на дрэвы, ён задзiраў галаву, падскакваў i брахаў з падвываннем.
"Здорава птушак ганяе", - з зайздрасцю падумаў Бурацiна.
Ад прыстойнага сядзення за сталом у яго па ўсiм целе паўзлi мурашкi.
Нарэшце пакутлiвае снеданне скончылася. Дзяўчынка загадала яму выцерцi з носа какаву. Паправiла складачкi i банцiкi на сукенцы, узяла Бурацiна за руку i павяла ў дом - займацца выхаваннем.
А вясёлы пудзель Артамон гойсаў па траве i брахаў, птушкi,
– Здымiце вашы лахманы, вам дадуць прыстойную куртку i штонiкi, - сказала дзяўчынка.
Чацвёра краўцоў - майстар-адзiночка, пануры рак Шаптала, шэры Дзяцел з чубком, вялiкi жук Рагач i мыш Лiзета - шылi са старых дзявочых сукенак прыгожы хлапчукоўскi касцюм. Шаптала кроiў, Дзяцел дзюбай пратыкаў дзiркi i шыў, Рагач заднiмi нагамi сукаў нiткi, Лiзета iх перагрызала.
Бурацiна было сорамна надзяваць дзявочыя абноскi, але прыйшлося ўсё-такi пераадзецца. Сапучы носам, ён схаваў у кiшэню новай курткi чатыры залатыя манеты.
– Цяпер сядзьце, пакладзiце рукi перад сабой. Не горбiцеся, - сказала дзяўчынка i ўзяла кавалачак крэйды.
– Мы зоймемся арыфметыкай... У вас у кiшэнi два яблыкi...
Бурацiна хiтра падмiргнуў.
– Хлусiце, нiводнага...
– Я кажу, - цярплiва паўтарыла дзяўчынка, - дапусцiм, што ў вас у кiшэнi два яблыкi. Нехта ўзяў у вас адзiн яблык. Колькi ў вас засталося яблыкаў?
– Два.
– Падумайце як след.
Бурацiна зморшчыўся, - гэтак здорава падумаў.
– Два...
– Чаму?
– Я ж не аддам Нехту яблык, хоць ён нават бiцца будзе!
– У вас няма нiякiх здольнасцей да матэматыкi, - з засмучэннем сказала дзяўчынка.
– Зоймемся дыктантам.
Яна ўзняла да столi прыгожанькiя вочы.
– Пiшыце: "А ружа упала на лапу Ажура". Напiсалi? Цяпер прачытайце гэтую чараўнiчую фразу наадварот.
Нам ужо вядома, што Бурацiна нiколi нават не бачыў пяра i чарнiлiцы.
Дзяўчынка сказала: "Пiшыце", - i ён адразу ж сунуў у чарнiлiцу свой нос i страшэнна напалохаўся, калi з носа на паперу ўпала чарнiльная клякса.
Дзяўчынка пляснула рукамi, у яе нават пырснулi слёзы.
– Вы брыдкi свавольнiк, вы павiнны быць пакараны!
Яна высунулася ў акенца.
– Артамон, завядзi Бурацiна ў цёмную каморку.
Высакародны Артамон з'явiўся ў дзвярах, паказваючы белыя зубы. Схапiў Бурацiна за куртачку i, адступаючы задам, пацягнуў у каморку, дзе па кутках у павуцiннi вiселi вялiкiя павукi. Замкнуў яго там, пагыркаў, каб як след напалохаць, i зноў памчаўся за птушкамi.
Дзяўчынка кiнулася на лялечны карункавы ложак i заплакала ад таго, што ёй давялося абысцiся так жорстка з драўляным хлопчыкам. Але калi ўжо ўзялася за выхаванне, справу трэба давесцi да канца.
Бурацiна бурчаў у цёмнай каморцы:
– Вось дурная дзяўчынка... Знайшлася выхавальнiца, падумаеш... У самой фарфоравая галава, тулава, ватай напханае...
У каморцы пачуўся тоненькi скрып, нiбы хтосьцi скрыгатаў дробнымi зубамi:
– Слухай, слухай...
Бурацiна падняў запэцканы ў чарнiла нос i ў цемры распазнаў кажана, якi вiсеў пад столлю ўнiз галавой.